Эпіцэнтрам святкавання 9 Мая ў беларускай сталіцы ўжо каторы год з’яўляецца плошча Перамогі. Людзі ўсіх узростаў, з сем’ямі, імкнуліся да велічнага манумента, каб аддаць даніну павагі тым, хто ў маі 1945-года здабыў найгалоўнейшую каштоўнасць для ўсяго чалавецтва — МІР.
У чаканні кіраўніка дзяржавы, які, нягледзячы на шчыльны графік, заўсёды ў гэты дзень прымае ўдзел у адной з найгалоўнейшых урачыстасцяў краіны, карэспандэнты «Звязды» пагутарылі з гасцямі мерапрыемства з нагоды 79-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Як падкрэсліў міністр абароны Віктар Хрэнін, у Беларусі — міралюбівая палітыка, і наша краіна нікому не пагражае. Аб гэтым не раз гаварыў наш Прэзідэнт, аб гэтым паведамлялася на Усебеларускім народным сходзе. «Не імкнемся захопліваць нейкія землі, — дадаў кіраўнік абароннага ведамства. — Мы жадаем жыць у сябе спакойна, гадаваць сваіх дзяцей. Тое, што сёння адбываецца, можна так назваць: нашчадкі пераможаных кінулі выклік нашчадкам пераможцаў. Жадаюць узяць рэванш. У іх нічога не атрымаецца. Няхай вучаць гісторыю. Мы будзем, як патрабуе гэтага Галоўнакамандуючы, дакладна, упэўнена захоўваць і захоўваць сваё. А калі трэба, дадзім сур’ёзны адпор усім, хто замахнецца на нашу зямлю. Таму не хвалюйцеся. Як сказаў Прэзідэнт, усе павінны рабіць сваю справу».
Герой Беларусі Марына Васілеўская прызналася, што 9 Мая для яе праходзіць за слязамі на вачах. «Мы ведаем, якой цаной нам дасталася Перамогі, таму нізкі паклон ветэранам, савецкім салдатам, нашым дзядам, прадзедам, — падкрэсліла касманаўт. — Мы ўсе будзем памятаць гэтую пакутніцкую Перамогу. З іншага боку, гэта свята радасці. Наш свет — за шчаслівую будучыню, усмешкі і радасць нашых бацькоў і дзяцей. Са свайго боку мы павінны цаніць і берагчы мір, бо жыццё чалавека вельмі далікатнае і мір можна разбурыць за адну секунду».
Ад сваіх бабулі і дзядулі Марына Васілеўская чула шмат жахаў пра вайну. Нягледзячы на тое, што акупацыю яны засталі ў дзіцячым узросце, гэтага хапіла, каб назаўжды ўсвядоміць, што вайна — гэта самае жудаснае, што можа быць у жыцці. «Дзядуля ўспамінаў, як на яго вачах расстралялі сястру яго маці разам з дачкой, — расказала яна. — Дзядуля, калі гэта ўспамінаў, вельмі хваляваўся і плакаў. Мы будзем памятаць аб подзвігах нашых продкаў і цаніць усё, што маем».
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч звярнуў увагу на тое, што ў сучасных умовах берагчы памяць аб тых падзеях няпроста. «Нашы ворагі робяць усё, каб сцерці памяць, — патлумачыў дэпутат. — Кожны дзень вядуцца спробы забраць у нас гісторыю: пачынаючы ад работы з моладдзю, заканчваючы мільёнамі долараў у прапаганду чужой, ілжывай гісторыі. Нас хацелі прымусіць забыцца, не памятаць ці, напрыклад, мы часта чулі заклікі святкаваць 9 Мая ціха і незаўважна, дзе-небудзь за вуглом. Як толькі мы б на гэта пайшлі, можна казаць аб тым, што будучыні ў краіны няма. Прыклад — суседнія краіны. Усе, хто адмовіліся ад савецкай мінуўшчыны, усе, хто адмовіўся ад сваёй гісторыі, адкаціліся назад мінімум на сто гадоў таму».
Алег Гайдукевіч расказаў, што яго дзядуля — ветэран вайны, партызан, які пасля вайны змагаўся з бандэраўцамі і былымі паліцаямі. «Маёй сям’і не раскажаш казкі пра добрых паліцаяў, — заўважыў ён. — Мой дзед рыхтаваўся да 9 Мая заўсёды загадзя. За тыдзень ён чакаў, калі яго запросяць выступіць у школе. Ён вельмі хацеў гэтага, я памятаю. Ён даставаў парадны ветэранскі кіцель, медалі. Ён радаваўся тут, на святой плошчы Перамогі гэтаму вялікаму святу. Я бачыў гэта дзіцем. І як я зараз магу святкаваць ціха, калі мой дзед святкаваў і ганарыўся гэтым? Дзякуй богу, мы працягваем традыцыю святкавання. Нашы дзяды і прадзеды глядзяць і ўсміхаюцца, а ва Украіне дзяды глядзяць і плачуць з неба, калі бачаць, як здрадзілі ўсяму, што было. І ў Малдове, іншых краінах постсавецкай прасторы плачуць, дзе плюнулі на гісторыю. Плачуць з нябёсаў, а ў нас усміхаюцца. І гэта дарагога каштуе».
Па словах старшыні Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай, Дзень Перамогі — гэта не проста свята, гэта вельмі вялікае свята. «Самае галоўнае для мяне і маёй сям’і, — удакладніла яна. — У Беларусі няма ні адной сям’і, якую б не закранула гэта вайна, каб нехта са сваякоў не ваяваў, не загінуў. Пакуль жывая наша памяць, пакуль мы перадаём яе з пакалення ў пакаленне, на нашай зямлі нічога не павінна адбыцца. Асабліва для жанчын гэта важна. Бо калі жанчына гаворыць аб міры, у яе ўсмешка на твары. Калі жанчына гаворыць аб вайне, яна адпраўляе туды сваіх мужа, сыноў, і гэта страшныя рэчы. Дай Бог, каб наша 9 Мая заўсёды было мірным і мы святкавалі яго па-сапраўднаму, а не так, як у той жа Літве, калі людзі хочуць ускласці кветкі да помнікаў воінам-вызваліцелям, а ім не дазваляюць гэта зрабіць. Гэта, напэўна, самае страшнае, што можа адбыцца. На нашай зямлі такога дакладна быць не можа».
Заснавальнік дабрачыннага фонду імя А. Талая, грамадскі дзеяч Аляксей Талай прызнаўся, што ў Дзень Перамогі адчувае гонар, вялікую радасць і адначасова смутак аб загінуўлых. «Дзень Перамогі — шматграннае і самае важнае свята для беларусаў, таму што яно дазволіла застацца і жыць на планеце Зямля, — падкрэсліў ён. — Калі Чырвоная Армія вызваляла землі, людзі сустракалі і плакалі, не маглі паверыць, што землі, вызваленыя ад акупантаў, фашыстаў, людзей з чалавеканенавісніцкай ідэалогіяй».
Аляксей Талай падкрэсліў, што вялікае свята адзначаецца ўсёй краінай, Саюзнай дзяржавай. «Мы бачылі і радаваліся, як кіраўнік дзяржавы са сваімі сябрамі і паплечнікамі быў на Краснай плошчы ў Маскве і назіраў за святочным парадам, а цяпер мы тут, у Мінску, беларусы, чакаем свайго Прэзідэнта, каб сказаць важныя словы аб тым, што ніхто не забыты, нішто не забыта, — адзначыў ён. — Пакаленне сучасных беларусаў мае сілу і рашучасць адстойваць далей інтарэсы Беларусі. Нам хопіць сілы справіцца ў гэты няпросты час. І вядома ж, мы ўсе разумеем, што часы вельмі няпростыя, важныя, і на УНС Прэзідэнт пра гэта казаў, што куды ўжо бліжэй да эскалацыі, калі гаворка ідзе аб ужыванні ядзернай зброі. І мы пра гэта гаворым адкрыта, што ніякіх тут не будзе магчымасцяў прыйсці і за лічаныя тыдні прайсці Беларусь. Мы маем планы па адбіцці любой агрэсіі. І з нашай арміі, нашымі саюзнікамі мы з усім справімся».
Для першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама Надзеі Лазарэвіч Дзень Перамогі з’яўляецца асаблівым. Яна мела шчасце з першых вуснаў чуць аб гэтых падзеях ад свайго прадзеда Кірыла Сямёнавіча Бурдзя. «Ён дайшоў да Берліна, быў на Эльбе, быў кантужаны, вярнуўся, дзякуй Богу, дахаты, выхоўваў чацвярых дзяцей, — расказала яна. — У нашай сям’і вельмі ганарацца ім. Памятаю яго старэнькага, і калі ён расказваў пра тыя жудасныя хвіліны, заўсёды плакаў. Мае бабуля і дзядуля дзецьмі засталі вайну, жылі ў партызанскай вёсцы. Расказвалі, што самае дарагое аддавалі нашым партызанам, нашым воінам і заўсёды казалі: самае галоўнае, каб не было вайны».
Надзея Лазарэвіч падкрэсліла, што беларусы адносяцца з глыбокай павагай, гонарам да нашых пераможцаў, ветэранаў. «Для нас гэты глыбокае свята, свята нашай Перамогі, свята, якое сведчыць, што мы можам усё, калі згуртуемся, — лічыць яна. — Калі нашу зямлю захочуць пакрыўдзіць, мы абавязкова станем на яе абарону. І ў нас ёсць добры прыклад — ветэраны, якія дзякуй Богу, яшчэ жывыя. Маючы зносіны з імі, мы разумеем, наколькі важна любіць сваю Радзіму. Мы вельмі ўдзячныя ім за мірнае неба, за тое, што наша краіна, наша зямля развіваецца, квітнее. Вельмі важна захаваць гэтую гісторыю, перадаць яе будучым пакаленням. Будзем памятаць — у нас абавязкова будзе добрая будучыня».
Ветэраны — галоўныя героі свята — хоць і не ў вялікай колькасці, але прысутнічалі падчас ўрачыстасці. Нешматслоўныя, але вельмі шчаслівыя, што дачакаліся чарговай гадавіны Перамогі, удзячныя за тое, што пра іх не забываюць.
Ветэрану Леаніду Яроміну было 13 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ён, як і многія яго равеснікі, не мог знаходзіцца ў баку і пайшоў у партызанскі атрад імя Кутузава 100-й брыгады імя Кірава, якая дзейнічала ў Старадарожскім і Любанскім раёнах. «Дня Перамогі мы чакалі чатыры гады, і дачакаліся, — узгадвае ён. — У гэты святы дзень я хачу сказаць моладзі: каб яна любіла сваю Радзіму, сінявокую Беларусь. Гэтая Радзіма — адзіная, іншай не дадзена. Яе не толькі трэба любіць, яе трэба абараняць».
«Усе цяпер кажуць аб міры, — канстатаваў жыхар блакаднага Ленінграда Анатоль Валасевіч. — А ці ўсведамляюць, што гэта сапраўды самае каштоўнае? Фраза, якую мы заўсёды паўтаралі — каб не было вайны — цяпер вельмі актуальная».
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.