Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы хочам міру! Мы не хочам ваяваць!


Пасля ўрачыстасці каля манумента Перамогі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з журналістамі. Супрацоўнікі СМІ пацікавіліся ў беларускага лідара ўражаннямі ад парада, які перад гэтым прайшоў на Краснай плошчы ў Маскве (кіраўнік дзяржавы назіраў за ім з трыбуны), удакладнілі інфармацыю аб праверцы сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі, пацікавіліся яго пазіцыяй наконт таго, што польскі суддзя днямі папрасіў палітычнага прыстанішча ў нашай краіне. Таксама Прэзідэнт расказаў, хто сядзеў побач з ім падчас параду ў Маскве і перадаў беларускаму народу віншаванні з Днём Перамогі ад свайго калегі, Уладзіміра Пуціна. 


«Усё было так, як павінна быць сёння»

Перад тым, як падзяліцца сваімі ўражаннямі ад парада на Краснай плошчы ў Маскве, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што журналісты не першыя, хто задае яму такое пытанне. Уражаннямі нашага лідара ўжо цікавіліся Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. 

«Шчыра і абсалютна сумленна скажу: так, як яны — па духу, па змесце — ніхто не ўмее арганізаваць падобнае мерапрыемства, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта быў парад, не зусім падобны на тыя парады, якія былі. Слухайце, і час зусім іншы. Вы заўважылі, наколькі тонка яны ўлавілі момант і зрабілі тое, што трэба было сёння зрабіць?»

Каменціруючы каментарыі нашых збеглых у інтэрнэце, якія казалі аб тым, што на парадзе не было танкаў і некаторай іншай тэхнікі, беларускі лідар сказаў максімальна дакладна: «А што, з лініі судакранання гэтыя танкі трэба было зняць і на Красную плошчу прыцягнуць? А яшчэ ўдагонку, можа, яшчэ і з Беларусі перакінуць і паказаць гэта? Гэта нікому не патрэбна. Заўсёды, пачынаючы з 1941 года, танкі і байцы з Краснай плошчы ішлі на фронт. Таму ўсё было тонка, разумна, прадумана, у кропку — менавіта так, як трэба сёння. Яны паказалі сваю магутнасць. Калі нехта ўмее думаць і чытаць, заўважылі, што ў канцы яны прыцягнулі „Ярсы“ — стратэгічную баявую зброю. Той, хто ўмее думаць і чытаць, зразумелі: рабяты, давайце жыць дружна, а калі ў кагосьці там мазгі затуманіла — з намі лепш не звязвацца. Усё было так, як павінна быць сёння».

«Мы ні на каго не збіраемся нападаць, але ўсе павінны разумець, што за намі не заржавее»

Каменціруючы адпрацоўку пытанняў прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі, Прэзідэнт прывёў простую, але зразумелую аналогію: для таго, каб аўтамат страляў, яго трэба ўтрымліваць у нармальным стане. «А для таго, каб умець карыстацца аўтаматам і дакладна страляць з яго, трэба трэніравацца», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ядзерная зброя — страшная зброя. «Мы, кіраўніцтва Расіі часта падкрэсліваем: не стратэгічнага характару, — удакладніў ён. — Барані Бог узяцца яшчэ за гэту кнопку. Хоць і тактычная зброя сёння ў шмат разоў больш магутная, чым гэта было ў Хірасіме і Нагасакі. Ад аднаго выбуху загінулі тысячы і тысячы людзей. Гэта страшная зброя. Але для таго, каб прымяніць такую зброю, трэба умець гэта рабіць».

Прэзідэнт паўтарыў, што ў Беларусі гэта трэцяя трэніроўка, у расіян — не злічыць. Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму публічна агучылі інфармацыю аб тым, што праводзіцца такая трэніроўка.

«Вы бачыце, якая абстаноўка, ідзе эскалацыя напружанасці, якая перш за ўсё яна зыходзіць з Украіны, — канстатаваў ён. — Эскалацыя не толькі ва Украіне. На Блізкім Усходзе палыхае. Іран — побач. Далей — у Ціхаакіянскім рэгіёне. Я ўжо казаў: як ніколі мы блізка падышлі да ядзернай катастрофы. Што ў гэтай сітуацыі рабіць? Трэба вучыцца страляць з аўтамата і трымаць порах сухім, у тым ліку і гэтую смяротную зброю». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што для Беларусі і Расіі ядзерная зброя — гэта выключна зброя стрымлівання. «Нам чужога не трэба, Расіі тым больш, — падкрэсліў ён. — У нас ёсць усё, толькі б мы працавалі нармальна і змаглі выкарыстаць тыя багацці, якія ёсць у Расіі і ў нас, для нашага дабра. Калі так будзе — будзе нармальна. Мы хочам міру! Мы не хочам ваяваць! І мы не хочам, каб Украіна была плацдармам для нападзення. Што вы думаеце, толькі на Расію? Ад нас нічога не застанецца! Вось чаму мы разам з Расіяй». 

Па словах Прэзідэнта, Злучаныя Штаты Амерыкі таксама адпрацоўваюць у Еўропе прымяненне ядзернай зброі, у абдымку ходзяць з ядзернымі боегалоўкамі. Аднак робяць гэта непублічна. У прыватнасці, трэніруюць нямецкіх лётчыкаў. 

«Што мы ў гэтай сітуацыі павінны зрабіць? Мы публічна пра гэта заявілі. Хаця гэта робім не першы раз. У нас ёсць самалёты для таго, каб несці ядзерны боепрыпас у выглядзе бомбы. У нас ёсць хлопцы падрыхтаваныя. А што датычыцца ракеты „Іскандэр“, якую перахапіць немагчыма (у нас гэтыя боегалоўкі), яны наогул непаражальныя. Таму мы ім кажам: хлопчыкі, супакойцеся, у нас ёсць усё, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы і паведаміў пра адну з мэт гэтай трэніроўкі: — Мы хацелі паглядзець, а як вядучая ядзерная дзяржава (Расійская Федэрацыя. — „Зв“.) усё гэта рабіць будзе? Мы ж вучымся. А яны малайцы!»

Па словах Прэзідэнта, праверка сродкаў — носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі праходзіць у тры этапы. Спачатку вайскоўцы трэніраваліся падрыхтоўваць боегалоўкі. Цяпер генеральныя штабы сінхранізуюць сваё ўзаемадзеянне. На трэцім этапе плануецца падвесці вынікі праверкі.

«Мы ні на каго не збіраемся нападаць, але ўсе павінны разумець, што за намі не заржавее, — падкрэсліў Галоўнакамандуючы. — І ўсе іх размовы: «У яго ліній няма!»... Абсалютна правільна гавораць. Я далёка не дурань, але ліній няма.

«Дай Бог кожнаму быць у такой свядомасці і рухацца на сваіх нагах»

Журналісты звярнулі ўвагу на вельмі кранальны момант, калі падчас парада ў Маскве Аляксандр Лукашэнка паправіў куртачку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Кацярыне Іванаўне Еўдакімавай, якая сядзела з ім побач. 

«Ветэраны — вельмі чуллівыя людзі, — перакананы Прэзідэнт. — А што датычыцца ветэрана, аб якой я паклапаціўся, гэта, напэўна, норма для мужыка... Гэта чалавек (Кацярына Еўдакімава. — „Зв“.), які ваяваў тут. Пад Баранавічамі яна падстрэліла немца і ўзяла яго ў палон, прыцягнула, выратавалі шмат людзей, вёскі і гэтак далей».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што гэтай жанчыне-ветэрану — 101 год. «Я сядзеў і ўвесь час ёй зайздросціў: на нагах, моцная», — падзяліўся ён. Аляксандр Лукашэнка назваў яе героем-патрыёткай, фактычна нашай жанчынай. «101 год — дай Бог кожнаму, і быць у такой свядомасці, і рухацца на сваіх нагах, — рэзюмаваў ён, падкрэсліўшы, што такі жэст клопату ў адносінах да ветэрана — навука, атрыманая ў вёсцы. — Імкнуўся яе ўцяпліць, каб не замерзла». 

«Калі завербавалі — факты на стол»

Журналісты пацікавіліся пазіцыяй беларускага лідара наконт просьбы польскага суддзі Томаша Шміта, які на днях папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Па словах кіраўніка дзяржавы, інфармацыя аб тым, што быццам беларусы з расіянамі вярбуюць такіх людзей, што гэта нашы агенты, — лухта поўная. «Гэтага чалавека я ўбачыў, толькі калі ён праводзіў прэс-канферэнцыю, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта абсалютна нармальны чалавек». 

Прэзідэнт расказаў, што напярэдадні прэс-канферэнцыі КДБ дакладваў яму аб гэтай сітуацыі. Было даручана праверыць гісторыю гэтага польскага грамадзяніна. «Перш, чым падпісаць, я павінен ведаць, што гэта за чалавек, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Паглядзелі — гэта абсалютна нармальны, патрыятычны паляк. Нідзе калегі пра яго дрэнна не сказалі. Але гэта ўдар пад дых каму? Уладам Польшчы. Вось яны і пачынаюць: здраднік, такі-сякі... Ніякі ён яе здраднік. Але ён рэальна глядзіць на рэчы, параўноўвае Польшчу і Беларусь і робіць высновы. Мы яго папярэдзілі: ты можаш даць прэс-канферэнцыю і іншае (яны ж забілі Чэчуо), глядзі, ты ставіш сябе пад удар».

Аднак польскі суддзя паведаміў, што не баіцца, ён павінен сказаць праўду, што адбываецца ў Польшчы. «І гэта выклікала вельмі шырокі рэзананс», — канстатаваў беларускі лідар. Па яго словах, гэтым пацікавіўся і яго расійскі калега Уладзімір Пуцін.

«Гэта заўважылі ўсе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта пад дых. Таму ім і трэба нешта казаць. Вось яны і кажуць, што мы яго завербавалі. Слухайце, глупства поўнае. Калі завербавалі — факты на стол. Усё проста: пакладзі на стол факты, давядзі сусветнай грамадскасці і перш за ўсё сваім людзям. Гэта патрыятычны, нармальны чалавек. Таму яго заяву, з якой ён звярнуўся да мяне, я абавязкова разгледжу. Давывучым усе пытанні, і абавязкова разгледжу яго заяву». 

Але галоўнае, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, вось у чым: Польшча, Літва і Латвія перакрываюць граніцы з Беларуссю, не пускаюць сюды людзей, запалохваюць сваіх грамадзян тым, што, маўляў, у Беларусі іх схопяць і завярбуюць. «Гэта такая лухта, — заўважыў ён. — Хто ў гэта з вас паверыць? Хто на граніцы хапае людзей і вярбуе? Калі нам трэба завербаваць, сёння ніякіх праблем няма. І нават грошы не трэба плаціць: ідэйных людзей дастаткова, якія нас там праінфармуюць...»

Прэзідэнт расказаў, што папрасіў міліцыянераў забяспечыць ахову Томаша Шміта: «Каб мярзотнікі гэтыя не загубілі чалавека, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Але ён гаворыць: „Я ведаю, на што іду“. Такі мужны мужык. З нармальнай галавой, нармальны чалавек, наколькі я цяпер валодаю інфармацыяй».

Напрыканцы праз журналістаў Аляксандр Лукашэнка перадаў беларускаму народу цёплыя віншаванні з Днём Перамогі ад свайго калегі, Уладзіміра Пуціна. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.