Вы тут

Надвор'е: Вецер паўночны, уначы замаразкі


Даўно ў нас на старце другой дэкады мая так холадна не было. Як правіла, у гэты час дзяўчаты ўжо ва ўсю загараюць, а моладзь у шортах «рассякае». Селета па-іншаму... Гэтымі днямі ў начны час будзе нават з мінусам, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pexels.com

Праўда, сёння холад злёгку адпусціў. У гэты дзень умовы надвор’я будуць вызначаць атмасферныя франты, якія ссоўваюцца з паўночнага захаду Еўропы, і будзе паступленне больш цёплай паветранай масы. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Ноччу месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Вецер заходні, паўночна-заходні ўмераны, удзень парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад 2 цяпла да плюс 8 градусаў, удзень — 10–16 цяпла, на поўдні краіны да плюс 20 градусаў. Атмасферны ціск ноччу і раніцай будзе падаць, днём істотна не зменіцца.

А вось у суботу ноччу захаваецца ўплыў атмасферных франтоў, якія ссоўваюцца на Бранскую вобласць, аднак днём умовы надвор’я будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, якая сфарміравана ў халодных паветраных масах паўночных шырот. Чакаецца пераменная воблачнасць. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём пераважна без ападкаў. Вецер паўночна-заходні, паўночны парывісты, удзень на паўночным усходзе месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы стане паніжацца, але будзе кантраснай (ад плюс 1 градуса па паўночным захадзе да 9 цяпла па паўднёвым усходзе краіны). Днём паветра прагрэецца да 10–17 цяпла.

Зусім не майскае надвор’е чакаецца ў нядзелю. У гэтыя суткі метэаўмовы будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём ва ўсходніх раёнах адаб’ецца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі днём ва ўсходніх раёнах краіны месцамі магчымыя невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Вецер паўночны, паўночна-заходні ўмераны, у дзённыя гадзіны па ўсходзе краіны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу 1–5 цяпла, але месцамі па краіне чакаюцца замаразкі да мінус 3 градусаў. Удзень вясновае сонца будзе разаграваць паветра, калі чакаецца тэмпература ад 10 градусаў на ўсходзе, да плюс 18 градусаў на захадзе краіны.

Тым часам

Паніжаны тэмпературны рэжым стрымлівае развіццё большасці сельскагаспадарчых культур. Па апошніх даных на пасевах яравых збожжавых культур назіраецца трэці ліст. Пераважна на захадзе і ў паўднёвай частцы краіны пачалося кушчэнне, месцамі ў аўса і ячменю ідзе закладка коласа. На пазнейшых пасевах назіраюцца ўсходы. У Віцебскай і Гомельскай вобласці на ўчастках, засеяных у канцы красавіка — пачатку мая, ідзе прарастанне збожжа, — адзначылі ў Белгідрамеце.

Паводле інфармацыі спецыялістаў, аграметэаралагічныя ўмовы на тэрыторыі краіны пагоршыліся. Перавага паніжанага тэмпературнага рэжыму ў найбліжэйшы час будзе стрымліваць рост і развіццё большасці сельскагаспадарчых культур, асабліва цеплалюбівых. З-за пагрозы начных замаразкаў у асобных раёнах не выключана верагоднасць пашкоджанняў кветак і завязі пладовых дрэў, а таксама ўсходаў кукурузы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.