Вы тут

Сімвалы нашай незалежнасці


12 мая ўся краіна адзначыць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Менавіта так — з вялікай літары. Так яно і павінна быць, а мы самі, здаецца, толькі цяпер пачынаем разумець, як многа гэтыя сімвалы значаць у жыцці не толькі дзяржавы — кожнага з нас. Бо менавіта яны — пацвярджэнне таго, што мы жывём у незалежнай суверэннай краіне і можам самі, без падказкі аднекуль, вырашаць яе шлях і лёс.

Напярэдадні свята мы спыталіся ў нашых чытачоў, што для іх азначаюць дзяржаўныя сімвалы Беларусі. Кожны гаварыў у нейкай меры пра сваё асабістае, але ж атрымалася — пра ўсю краіну.


«Гэта найважнейшы палітычны, ідэалагічны і сацыяльна-культурны набытак»

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, для кожнай дзяржавы яе найважнейшымі, існымі ў непарыўным трыадзінстве сімваламі з’яўляюцца герб, сцяг і гімн. «Гэта неад’емныя атрыбуты дзяржаўнасці і суверэнітэту, — падкрэсліў дэпутат. — Яны адлюстроўваюць культурны і духоўны стан грамадства, яго традыцыйныя каштоўнасці, светапогляд, адносіны да ўлады. Вывучэнне гісторыі і сутнасці дзяржаўных сімвалаў Беларусі мае велізарнае значэнне для фарміравання пачуцця супольнай нацыянальнай агульнасці. Герб, сцяг, гімн — гэта скарбніца нацыянальнай культуры, адлюстраванне на ўзроўні сімвалаў гісторыі народа і яго дзяржаўнасці. Яны, сімвалы, з’яўляюцца прадметамі нацыянальнага гонару, аб’ектамі адлюстравання патрыятычных пачуццяў. Любоў і павага да Айчыны непарыўна звязаны з правільным выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі. Герб, сцяг, гімн, як афіцыйныя геральдычныя сімвалы, займаюць адметнае месца ў любой дзяржаве. Яны з’яўляюцца спецыфічным адлюстраваннем дзяржаўнай ідэалогіі культуры, падкрэсліваюць міжнародны статус краіны. Дзяржаўныя сімвалы для краіны, якая беражліва захоўвае і шануе сваю гісторыю, цэніць уласныя дасягненні, — гэта найважнейшы палітычны, ідэалагічны і сацыяльна-культурны набытак».

Прыгадваючы кантэкст 1995 года, калі ў выніку рэферэндуму 14 мая беларусы прагаласавалі за новыя Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Ігар Марзалюк нагадаў, што змена, у першую чаргу сцяга, была выклікана тым, што большасць беларусаў, асабліва сталага пакалення, успрымала чырвона-зялёны сцяг сваім, сцягам беларускай дзяржаўнасці, якая рэальна існуе. «Бела-чырвона-белы сцяг застаўся ў памяці беларусаў нядобрым чынам: старэйшае пакаленне адназначна асацыявала яго са знакам здрады і калабарацыі, — канстатаваў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — У людзей наконт гэтага сцяга ўзнікалі дзве сэнсавыя канатацыі: сцяг БНФ і сцяг паліцаяў. Імкненне апеляваць да нечага больш старажытнага ніякага плёну не дало, тым больш што старажытнасці ў гэтым сцягу, у адрозненне ад ранейшага герба, не было. Беларусы галасавалі за чырвона-зялёны сцяг і за змену герба, бо вяртанне да гэтых сімвалаў было вяртаннем і апеляцыяй да той ідэнтычнасці, традыцыі, якую большасць беларусаў лічылі сваёй — рэальнай, роднай».

Доктар гістарычных навук падкрэсліў, што чырвона-зялёны сцяг не з’яўляўся нечым новым. «Упершыню ідэю выкарыстання яго ў якасці нацыянальнага сімвала агучылі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, якія ўваходзілі ў літаратурныя аб’яднанні „Узвышша“ і „Маладняк“, яшчэ ў 1920-х гадах, — расказаў Ігар Марзалюк. — А вось сама ідэя была ўвасоблена ў 1960-х гадах. Самае цікавае, аб тым, што беларускія інтэлектуалы 1920-х гадоў лічылі неабходным выкарыстоўваць зялёны і чырвоны колеры ў якасці нацыянальных фарбаў, пісаў яшчэ ў нацысцкай газеце „Раніца“, што выходзіла ў Берліне, такі далёкі ад апалогіі гэтага сцяга чалавек, як беларускі калабарант і літаратуразнаўца Антон Адамовіч».

Па словах Ігара Марзалюка, усе тыя, хто на рэферэндуме 1995 года галасаваў за сацыяльна арыентаваную эканоміку, хацеў узнаўлення эканамічных, знешнепалітычных і саюзніцкіх сувязяў з суседзямі па былым Савецкім Саюзе, быў за інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй, галасавалі і за чырвона-зялёны сцяг. «Тыя ж, хто галасаваў за бела-чырвона-белы, галасаваў і за прынцыпова іншую мадэль беларускай дзяржаўнасці, — заўважыў ён. — Для іх ідэалам была Беларусь, інтэграваная ў паўночна-атлантычныя структуры, у тым ліку Еўрасаюз і НАТА, Беларусь, варожая Расійскай Федэрацыі, і Беларусь, якая рашуча парывала з савецкім мінулым, у якім яна нібыта бачыла толькі цемру, страх і нічога пазітыўнага».

Парламентарый падкрэсліў: сцяг — гэта больш чым проста палотнішча пэўных колераў. «Гэта сімвалічнае дапаўненне найважнейшых фундаментальных прынцыпаў, вобраз сённяшняга і малюнак будучыні на перспектыву, за які галасавалі людзі, — канкрэтызаваў Ігар Марзалюк. — Таму тыя, хто галасаваў за Аляксандра Лукашэнку, успрымаў яго як нацыянальнага лідара, лічыў, што без інтэграцыі і вяртання гандлёвых і эканамічных сувязяў з традыцыйнымі саюзнікамі, народамі і дзяржавамі, з якімі былі разам у Савецкім Саюзе, немагчыма эфектыўнага, годнага і заможнага жыцця, галасавалі за змяненне дзяржаўнай сімволікі. І, як паказала жыццё, яны мелі рацыю. Мы жывём у разы лепш і не ўцягнуты ў агрэсіўныя войны».

Кажучы пра сэнсы і сімвалы сучаснага Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, які па выніках рэферэндуму 14 мая 1995 года прыйшоў на змену герба «Пагоня», Ігар Марзалюк адзначыў, што герб нашай краіны ўяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. «Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка, — дадаў ён. — Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплецены справа кветкамі канюшыны, злева — кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой, у аснове Дзяржаўнага герба, у два радкі напісаны золатам словы — „Рэспубліка Беларусь“. Зямны шар — знак таго, што Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў. Яднанне Зямлі і Сонца — галоўны знак жыцця. Чырвоная зорка — сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх намераў. У малюнку герба захаваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, любоў да свету. Гэта наш беларускі нацыянальны герб. За ім — плён працы нашых дзядоў і прадзедаў, якія стварылі БССР. Таму мы не саромеемся, а ганарымся пераемнасцю герба Рэспублікі Беларусь з гербам БССР, нашай першай нацыянальнай дзяржавы на савецкай аснове. Мы ганарымся плёнам працы нашых дзядоў і прадзедаў, нашай мужнай беларускай няскоранай нацыяй».

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што сцяг, герб і гімн — гэта тры сімвалы, якія існуюць у непарыўным адзінстве, найважнейшыя знакавыя сімвалы. Гімн, па яго словах, таксама з’яўляецца адным з найважнейшых маркераў дзяржаўнай нацыянальнай тоеснасці. «Са старажытнагрэчаскай гімн перакладаецца як „урачыстая песня“, — паведаміў дэпутат. — Спачатку — у хвалу багоў, а потым — зямлі і дзяржаўнасці. Першы беларускі гімн — „Багародзіца, дзева, радуйся!“ Ён зафіксаваны ў першасным варыянце ў Статуце 1529 года. У аснову гімнаграфіі былі пакладзены творы Кірылы Тураўскага...».

Ігар Марзалюк падзяліўся, што на працягу ўсяго яго дзяцінства Беларускае радыё пачынала і заканчвала свае перадачы з гімнаў БССР і СССР. «Гэтая мелодыка, тэкст успрымаліся як сваё, роднае, як элемент традыцыі навейшай савецкай беларускай сацыялістычнай дзяржаўнасці, невыпадкова ён быў пераняты ў дні сённяшнія, — лічыць гісторык. — Словы нашага велічнага гімна — „Вечна жыві і квітней, Беларусь!“ — сведчаць аб неўміручасці, вечнасці нашай вялікай нацыі і краіны».


«Кожны радок тэксту беларускага гімна зазначае нашы традыцыі, нашы каштоўнасці»

Паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп прызнаецца:

— Для мяне, як для паэта, вельмі важна, каб знакавыя для беларусаў рэчы адлюстроўваліся ў паэтычным слове, і каб гэтаму паэтычнаму слову аддавалася ўвага ў грамадстве. Таму лічу вельмі слушным, што 12 красавіка 2023 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 105, згодна з якім карэкціраваўся Указ ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». Цяпер назва свята замест «Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь» гучыць як «Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь». Гэта значыць, што да візуальных сімвалаў нашай дзяржавы на роўных далучаны той, што выказаны музыкай і паэтычным, родным словам. 

Мне даводзілася самому працаваць над адказнымі тэкстамі накшталт урачыстай песні для работнікаў культуры, якую мы стваралі ў тандэме з кампазітарам Ігарам Лучанком. Я памятаю, як даводзілася ўзважваць кожнае слова, адшліфоўваць кожнае сугучча, намагацца не страціць сэнс, калі паляпшаеш меладычнасць. Магу толькі ўявіць, якіх намаганняў каштавала праца над такім адказным тэкстам, як Дзяржаўны гімн, паважанаму паэту Уладзіміру Карызну. Зрэшты, ён сам не раз пра гэта казаў, як кожнае слова давялося прапускаць праз сэрца. Лічу, што праца ў яго атрымалася, як і належала, знакавая. Бо паэту давялося ж арыентавацца і на папярэднікаў, на словы таго ж Міхася Клімковіча, аўтара тэксту гімна БССР, і на рэаліі сучаснай Беларусі, і думаць пра тое, як гэтыя словы будуць гучаць для нашчадкаў. 

Гімн адразу дае ключ да разумення ментальнасці беларускага народа, яго духоўнага аблічча: «Мы — беларусы, мірныя людзі». Далёка не кожны дзяржаўны гімн у свеце ўтрымлівае такую дэкларацыю міралюбнасці. Я, зразумела, не ведаю гімнаў усіх краін свету, каб параўноўваць, але тыя пераклады, што мне давялося пачуць, часам зусім не мірныя, хутчэй наадварот... Важна, што кожны радок беларускага гімна зазначае нашы традыцыі, нашы каштоўнасці: «Сэрцам адданыя роднай зямлі, шчыра сябруем, сілы гартуем мы ў працавітай, вольнай сям’і». Ёсць тут і любоў да Радзімы, і схільнасць да сяброўства і супольнай стваральнай працы — згадаць хоць бы старадаўні беларускі звычай талакі. Ёсць у нашым гімне і згадкі пра трагічнае мінулае і подзвіг беларускага народа, які «бараніў родны парог»... Цяпер цяжка ўявіць, што цягам столькіх гадоў, з 1995-га да 2002 года, беларускі Дзяржаўны гімн выконваўся без слоў — рэаліі змяніліся, Беларусь стала незалежнай краінай, а тэксту, які б годна адлюстраваў гэтыя змены і задаволіў бы ўсіх, не знаходзілася. Мабыць, не ўсе ўсвядомілі важнасць таго моманту, калі гімн набыў голас! Мне радасна, калі ва ўрачыстых выпадках пад музыку Нестара Сакалоўскага гучыць роднае беларускае слова — нагадваючы ўсім, што яно мае знакавую каштоўнасць для нашай дзяржавы.


«Мы — актыўныя ўдзельнікі свята»

Дырэктар завода ўдастоены права ўзняць сцяг на раённым святкаванні

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь у Пружанах сёлета нададзена дырэктару Пружанскага льнозавода Мікалаю Жогалу.

Фота sb.by

Такога гонару кіраўнік прадпрыемства ўдастоены найперш таму, што па выніках работы ў 2023 годзе завод занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару.

— Той факт, што ўказам Прэзідэнта завод занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару, стаў галоўным падарункам калектыву на 50-гадовы юбілей прадпрыемства, — гаворыць Мікалай Жогал, які дарэчы, узначальвае завод без малога сорак гадоў. — Сёння наш завод з’яўляецца вядучым прадпрыемствам ільнаводчай галіны ў Беларусі. Мы ўзялі на ўзбраенне самыя сучасныя тэхналогіі, з дапамогай якіх запусцілі поўны цыкл атрымання льновалакна. Адзін з найлепшых узораў абсталявання ўстанавілі ў вытворчым цэху, які ўзвялі 13 гадоў таму, а яшчэ набылі высокаэфектыўную тэхніку для палёў. Пералічанае стала магчымым дзякуючы падтрымцы дзяржавы.

— Цяпер Пружанскі льнозавод — адзін з самых вялікіх у краіне, — працягвае Мікалай Сцяпанавіч. — Надзвычай складаную ў сэнсе земляробчай справы культуру мы навучыліся вырошчваць і апрацоўваць на ўзроўні сусветных стандартаў. 

І ўжо не без гонару гаворым пра ўласную школу механізатараў.

Сёння завод стаў адным з важнейшых пастаўшчыкоў сыравіны на Аршанскі льнокамбінат. Летась у Оршу адправілі больш як тысячу тон доўгага валакна, гэта пятая частка сыравіны, якая паступіла на буйнейшы ў свеце льнокамбінат. На гэты год планы не меншыя. Пасяўныя плошчы лёну складаюць амаль тры тысячы гектараў. Завадчане сталі паспяховымі земляробамі. У свой час быў створаны магутны механізаваны атрад, з дапамогай якога вырошчваецца сыравіна для работы завода.

— Самае важнае на любым прадпрыемстве — гэта людзі, — працягвае аповед дырэктар. — Машыны можна набыць, укараніць тэхналогіі, а калектыў трэба вырошчваць гадамі і дзесяцігоддзямі. Вось як у нас: людзі, якія прайшлі ў свой час праз цяжкасці, склалі касцяк калектыву, потым сталі заснавальнікамі ўласнай школы льнаводства. За гады мы вырасцілі ў калектыве прафесіяналаў, якімі варта ганарыцца. Гэта механізатары, загадчыкі лабараторыі, здымшчыкі, сарціроўшчыкі валакна, слесары, інжынеры, бухгалтары, эканамісты. З імі любыя задачы вырашальныя. А яшчэ нашы людзі адрозніваюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Члены калектыву ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых мерапрыемствах патрыятычнага кірунку. Мы ганарымся тым, што прадпрыемства занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару, якая знаходзіцца на плошчы Дзяржаўнага сцяга, і ў гэты раз будзем актыўнымі ўдзельнікамі свята з нагоды Дня дзяржаўных сімвалаў.


«Калі гучыць гімн і падымаецца сцяг — слёзы наварочваюцца»

Асаблівае значэнне дзяржаўныя сімвалы маюць для тых, хто дэманструе іх на ўвесь свет, — для спартсменаў. Выступаць пад нацыянальным сцягам — вялікая адказнасць, бо гэта азначае выступаць за ўсю краіну. Слухаць родны гімн — найвялікшая радасць, бо гімн гучыць толькі ў гонар чэмпіёна. Пра ролю дзяржаўных сімвалаў у жыцці спартсмена расказала Кацярына Карстэн, у чый гонар беларускі гімн двойчы гучаў на Алімпійскіх гульнях:

«Вельмі адказна выступаць на Алімпійскіх гульнях, на чэмпіянатах свету, калі на грудзях у цябе герб, на лодцы — сцяг. Але настолькі ж прыемна і ганарова, стоячы на п’едэстале слухаць свой гімн, спяваць яго і бачыць, як у неба паднімаецца родны сцяг. Пачуццё гонару перапаўняе ў такія моманты. Пачуццё гонару за сваю краіну, за сябе, за тое, што ты зрабіў усё магчымае, каб людзі з самых розных краін свету пачулі беларускі гімн і ўбачылі беларускі сцяг. Эмоцыі зашкальваюць у такія моманты. Гэта вельмі ўрачыста, вельмі эмацыянальна — не параўнаць ні з чым. Пасля асабліва цяжкіх стартаў нярэдка наварочваюцца слёзы, яны самі цякуць. Заўсёды хочацца перамагаць і слухаць свой гімн, але, стоячы на п’едэстале, бачыць свой сцяг злева ці справа, не менш ганарова і ўрачыста. Усяго некалькі хвілін, якія запамінаюцца на ўсё жыццё і матывуюць і далей плённа працаваць на трэніроўках, выкладваючыся на максімум.

Спартсмены з самага пачатку сваёй кар’еры ведаюць і рыхтуюцца да таго, што будуць бараніць сцяг сваёй краіны. Сёння ў многіх спартсменаў забралі магчымасць выступіць пад сваім сцягам. Але людзі прысвячаюць спорту ўсё сваё жыццё, у некаторых магчымасць выступіць на Алімпійскіх гульнях бывае раз у жыцці, таму нельга іх гэтага пазбаўляць. А сцяг мы дома разгорнем, і гімн у іх гонар уключым, і гэта будзе нават больш урачыста, чым недзе за мяжой».


«Паказчыкі нашай самасвядомасці»

Штогод у другую нядзелю мая ў Беларусі адзначаецца Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна. Менавіта са школьнага парога маленькія беларусы пачынаюць знаёмства з сімваламі сваёй краіны, іх сутнасцю і значнасцю. Аб тым, як выхаваць дастойных грамадзян сваёй краіны, расказала настаўнік пачатковых класаў Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Людміла Прыходзька.

Фота Аляксандры Гвоздзевай

— Людміла Мікалаеўна, наколькі дзяржаўныя сімвалы з’яўляюцца для беларусаў неад’емнай часткай нацыянальнай самасвядомасці?

— Лічу, што сімволіка — гэта самае дарагое, што ёсць у кожнага народа. Любы чалавек, які з’яўляецца грамадзянінам сваёй краіны, павінен цаніць сваю дзяржаву, берагчы і паважаць яе сімвалы. Беларусы перажылі наступствы шматлікіх войнаў, узнялі з руін гаспадаркі і вывелі краіну на высокі ўзровень, пабудавалі сваю атамную станцыю і нават паляцелі ў космас пад уласным сцягам. Гэта, бадай, і ёсць паказчык нашай самасвядомасці, адзінства і моцы.

— Ставіцца паважліва да дзяржаўных сімвалаў Беларусі — абавязак толькі нашых суайчыннікаў?

— Не. Кожны чалавек, які прыехаў у госці ў Сінявокую, абраў яе для сабе як пастаяннае месца жыхарства або быў вымушаны пакінуць сваю радзіму і знайшоў прытулак на нашай гасціннай зямлі, павінен паважаць наш сцяг, герб і гімн. І наадварот, калі мы апынемся ў брацкай Расіі ці ў якой іншай краіне, павінны весці сябе дастойна. Гэта правільнае выхаванне.

— Цяпер вы ведзяце да ведаў 21 другакласніка. Калі вашы навучэнцы пачалі знаёмства з дзяржаўнай сімволікай і ў якім фармаце?

— Класічна знаёмства першакласнікаў з сімваламі пачынаецца на першым уроку 1 верасня. Аднак канкрэтна ў нашай установе адукацыі працуе «суботняя школа», дзе дзеткі праходзяць падрыхтоўку перад паступленнем у першы клас. Ужо на гэтым этапе малыя знаёмяцца з гімнам, сцягам і гербам. Дарэчы, элементы герба імкнуся тлумачыць пераважна на беларускай мове. Так і атрымліваецца, што блакітныя кветачкі лёну — «беларускага золата» — гэта наш брэнд і гонар. У замежных гасцей вырабы з гэтай тканіны карыстаюцца вялікай папулярнасцю, бо матэрыял практычны і якасны. Канюшына і спелыя каласы — сімвал дабрабыту і дастатку, моцнага аграпрамысловага комплексу. І, вядома, зямны шар — жаданне жыць у міры і згодзе з усімі краінамі свету.

— Што, на ваш погляд, з’яўляецца важнейшай асаблівасцю беларускага сцяга?

— Арнамент. Гэта надзвычай рэдкая з’ява на сцягах дзяржаў свету. Больш таго, Беларусь адзіная са славянскіх краін мае такую ключавую сімволіку на сваім сцягу. Арнамент указвае на старажытныя карані беларусаў, на традыцыі добрасумленнай працы і строгага парадку. Гэта і ёсць нашы карані, адтуль і пачаўся наш род. Трэба дадаць, што выкарыстаныя чырвоны і зялёны колеры падабраны вельмі арганічна, жыва.

— За тры дзесяцігоддзі педагагічнага стажу вы ўжо вывелі сваю формулу выхавання патрыётаў?

— Можна сказаць і так. Я ўпэўнена, што патрыятызм і любоў да сваёй краіны фарміруюцца з дзяцінства. Мы, педагогі, адыгрываем у гэтым значную ролю. У кожнага з маіх навучэнцаў ёсць імянная «кветка Перамогі», у якой таксама змешчаны наш сцяг. Нядаўна на мерапрыемствах патрыятычнага кірунку я прапанавала замяніць паветраныя шары для дзяцей, якія хутка псуюцца, на папяровыя сцягі. І ведаеце, школьнікі поўнасцю ўсведамляюць, што за прадмет трымаюць у руках, сімвал ніколі не быў кінуты на падлогу або скамечаны. Гімн мае акцябраты спяваюць на памяць з вялікім задавальненнем. Да Дня Дзяржаўных сімвалаў ладзім класныя і інфармацыйныя гадзіны, гульні. Наша школа з’яўляецца маленькай ячэйкай грамадства, у нас ёсць свой гімн і свая сімволіка, нашыўка — герб школы, — якая з’яўляецца абавязковым атрыбутам дзелавога стылю адзення кожнага навучэнца. І так павінна быць у кожнай установе адукацыі, бо павага да сваёй зямлі, свайго народа фарміруецца з дзяцінства.

— Якія, на ваш погляд, радкі з нашага гімна ёміста апісваюць галоўную сутнасць народа?

— «Мы — беларусы, мірныя людзі» — так было заўсёды, і такой пазіцыі мы будзем прытрымлівацца надалей. Асаблівы сэнс гэта выказванне набывае ў той сітуацыі, якая склалася вакол нашай краіны. Мы памятаем, якую цану заплацілі мільёны абаронцаў Айчыны, каб сёння мы маглі расціць дзяцей, працаваць, жыць шчасліва і спакойна пад мірным небам.

— Дзякуй за размову. 

Падрыхтавалі Вераніка КАНЮТА, Людміла ІВАНОВА, Святлана ЯСКЕВІЧ, Валерыя СЦЯЦКО, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.