Вы тут

На якую падтрымку могуць разлічваць шматдзетныя сем’і?


У Беларусі больш за 123 тысячы шматдзетных сем’яў. 

Іх колькасць павялічваецца ў краіне апошнія гады, у многім дзякуючы мерам дзяржаўнай падтрымкі. Ільготы і гарантыі такім сем’ям выдзяляюцца ў розных сферах: ад выплаты дапамогі ў сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей да дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве і рэканструкцыі жылля. Ёсць шэраг мер падтрымкі ў Працоўным і Падатковым кодэксе, а таксама пры атрыманні адукацыі. 

Падрабязна пра іх расказалі спецыялісты.

Сацыяльныя гарантыі

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Вольга Васілеўская адзначыла, што ў Беларусі дзейнічае разгалінаваная сістэма дзяржаўных дапамог — усяго 11 відаў. Гэта дапамогі па мацярынстве, сямейныя, па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзяцей.

— Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў дыферэнцыраваны ў залежнасці ад чарговасці нараджэння дзяцей і залежыць ад сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне. На першае дзіця выплачваецца 35% сярэднямесячнай заработнай платы, на сёння гэта 724 рублі. На другога і наступнага дзяцей памер дапамогі павялічаны да 40%, — нагадала Вольга Васілеўская.

Памеры аднаразовай дапамогі, якая выплачваецца пры нараджэнні дзіцяці, таксама дыферэнцыраваны ў залежнасці ад чарговасці нараджэння дзяцей. На першае дзіця маці атрымлівае 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БПМ), на сёння гэта больш за чатыры тысячы рублёў, на другое і наступных — 14 БПМ.

Істотнай падтрымкай беларускіх сем’яў з’яўляецца і дзейная ў Беларусі з 2015 года праграма сямейнага капіталу.

— Праграма дае свае вынікі: павялічваецца нараджэнне ў сем’ях трэціх і наступных дзяцей, — падкрэсліла Вольга Васілеўская. — У Мінску з кожным годам колькасць шматдзетных сем’яў расце, сёння іх больш за 17 тысяч. На 1 студзеня гэтага года памер сямейнага капіталу складае 31 480 рублёў. У Мінску з 2015 года адкрыта больш чым 19 тысяч дэпазітных рахункаў.

Спецыяліст дадала, што сямейны капітал прызначаецца пры нараджэнні трэцяга ці наступных дзяцей, але толькі адзін раз. І ў сям’і ёсць магчымасць скарыстаць яго сродкі па пэўных кірунках: будаўніцтва жылля і паляпшэнне жыллёвых умоў, адукацыя і медыцынскія паслугі. Большасць сем’яў датэрмінова выкарыстоўвае яго для паляпшэння жыллёвых умоў.

Што зменіцца ў сямейным капітале?

З 28 мая бягучага года ўступяць у сілу змяненні, накіраваныя на ўзмацненне сацыяльнай адказнасці сям’і пры датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу. Як патлумачыла Вольга Васілеўская, бываюць выпадкі, калі дзеці ў сем’ях знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У такім выпадку сямейны капітал назначаны не будзе, гэтак жа як не будзе дазволена яго датэрміновае выкарыстанне, пакуль сітуацыя ў сям’і не палепшыцца і статус не будзе зняты.

Акрамя таго, для павышэння сацыяльнай адказнасці прызначэнне сямейнага капіталу стане магчымым толькі пры ўмовах занятасці бацькі ў поўнай сям’і ці аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і. У выпадку прызначэння сямейнага капіталу бацька ў поўнай сям’і ці адзін з бацькоў у няпоўнай павінны быць працаўладкаванымі цягам 6 месяцаў з 12, якія папярэднічаюць прызначэнню сямейнага капіталу, а таксама 12 месяцаў з 24 — пры датэрміновым яго выкарыстанні.

Сродкі сямейнага капіталу для атрымання медыцынскіх паслуг можна будзе скарыстаць па пэўных кірунках толькі у адносінах дзяржаўнай аховы здароўя. У сферы адукацыі аплата за навучанне будзе пералічвацца не наперад за ўвесь перыяд, а толькі за адзін год. Выкарыстанне сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў таксама перагледжана. 

Такая магчымасць будзе давацца сем’ям пры ўмове, што на кожнага члена сям’і прыпадае менш чым 15 метраў (менш чым 10 — у Мінску) жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці. У разлік будзе брацца ўся маёмасць на тэрыторыі краіны, акрамя старых дамоў.

Працоўныя і падатковыя льготы

Шэраг ільгот прадугледжвае заканадаўства для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Працоўны кодэкс устанаўлівае асаблівасці працы жанчын і асоб з сямейнымі абавязкамі, уключаючы такія пытанні, як забарона на прыцягненне жанчын да пэўных відаў цяжкіх работ, да звышурочных работ, рэгуляванне выдзялення водпускаў. У прыватнасці, за першы працоўны год наймальнік абавязаны даць працоўныя водпускі да заканчэння шасці месяцаў работы перад водпускам па цяжарнасці і родах ці пасля яго. Таксама маці, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, і бацькам, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, даецца першачарговае права на водпуск у зручны час.

Шматдзетным сем’ям гарантуюцца падатковыя льготы па асобных кірунках, у прыватнасці льготы па зямельным падатку, падатак на нерухомасць, стаўка па падаходным падатку.

Сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, прадугледжана выплата штогадовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года на кожнага навучэнца ўстаноў сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў памеры 30% БПМ. У 2023 годзе ў Мінску такую дапамогу атрымалі больш чым 33 тысячы непаўналетніх дзяцей.

Дзяржаўную адрасную дапамогу сёння атрымліваюць сем’і з дзецьмі, якія маюць нізкі ўзровень даходу. Гэта матэрыяльная падтрымка ў выглядзе аднаразовай ці штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Таксама ў такіх сем’ях ёсць магчымасць атрымаць бясплатнае харчаванне для дзяцей першых двух гадоў жыцця. 

Для гэтага трэба звярнуцца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы пражывання і прадставіць пакет дакументаў.

Жыллёвае пытанне знята

Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Таццяна Краўчанка засяродзіла ўвагу на вырашэнні жыллёвай праблемы шматдзетных сем’яў. Яна паведаміла, што ў 2006 годзе ў Мінску было дзве тысячы такіх сем’яў, у краіне — 53 тысячы, цяпер жа ў Мінску іх больш за 17 тысяч, а па краіне — больш за 123 тысячы. І нагадала, што ў пачатку 1990-х галоўнай праблемай для шматдзетных сем’яў было жыллё. Праблема паспяхова вырашаецца з 2000 года пасля першага ўказа Прэзідэнта аб выдзяленні льготнага жылля і льготных крэдытаў.

— Вось што азначае палітыка дзяржавы, якая цяпер у нас праводзіцца. Яшчэ тры гады таму ў нашу арганізацыю звярталіся сем’і па вырашэнні праблем жылля. Цяпер ніхто не звяртаецца, бо ў Мінску кожная шматдзетная сям’я цягам года становіцца на ўлік і ёй прапануецца будаўніцтва. Добра, што пытанне па прадастаўленні жылля вырашана, — адзначыла Таццяна Краўчанка.

Ільготны крэдыт на адукацыю

Дзяржаўныя гарантыі па падтрымцы сям’яў з дзецьмі рэалізоўваюцца і сістэмай адукацыі. Як расказала галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч, асаблівай падтрымкай карыстаюцца шматдзетныя сем’і, сем’і, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот, і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Найперш дзяржава прымае шэраг мер для атрымання дзецьмі дашкольнай адукацыі, у тым ліку дзецьмі са шматдзетных і маладых сем’яў. У Беларусі, дарэчы, адзін з самых высокіх сярод краін СНД паказчык па ахопе дзяцей дашкольнай адукацыяй. Доля малых ад года да шасці гадоў, якія яе атрымліваюць, складае амаль 89%. А падрыхтоўкай да навучання ў школе ахоплена 100% дзяцей пяцігадовага ўзросту.

Для забеспячэння даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі прымаецца шэраг мер, найперш гэта будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі. У 2023 годзе іх адкрыта 15, у бягучым годзе запланавана пабудаваць столькі ж. Дзеці, якія не могуць наведваць установы дашкольнай адукацыі, забяспечаны яе атрыманнем дома. На партале Мінадукацыі і сайтах камітэтаў па адукацыі размешчана інфармацыя аб свабодных месцах у дзіцячых дашкольных установах. Арганізаваны падвоз звыш дзевяці тысяч выхаванцаў да ўстаноў дашкольнай адукацыі, у якіх маюцца свабодныя месцы.

Рэалізоўваюцца і іншыя гарантыі, сярод іх — ільготы па аплаце за харчаванне дзяцей, якія атрымліваюць адукацыю на розных узроўнях. Такі від падтрымкі прадугледжаны і для шматдзетных сем’яў. У дзіцячых садках плата за харчаванне зніжаецца на 30% для сем’яў, якія маюць двух дзяцей, што атрымліваюць дашкольную адукацыю. У школах для сем’яў, якія маюць трох і больш дзяцей ці дзяцей-інвалідаў, таксама прадугледжаны льготы па аплаце харчавання.

Дзейнічае і шэраг іншых гарантый для шматдзетных сем’яў. Гэта зніжэнне аплаты за карыстанне падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі на 50%, бясплатны прыём і рэгістрацыя дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў абітурыентаў, ільготы пры паступленні ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Прадугледжаны зніжкі для атрымання адукацыі ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, якія даюцца для асобных катэгорый студэнтаў і навучэнцаў, у тым ліку шматдзетных сем’яў, а таксама атрыманне крэдыту на льготных умовах для аплаты навучання дзяцей, якія атрымліваюць першую вышэйшую адукацыю.

Падчас летняй аздараўленчай кампаніі ў дзяцей са шматдзетных сем’яў ёсць права на паўторнае цягам каляндарнага года атрыманне пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем на тэрмін не менш за 15 дзён, цана якой зменшана за кошт дзяржаўных сродкаў.

Як дадала Алена Вайцяховіч, рэалізоўваецца шэраг мер падтрымкі для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекавання бацькоў. У цяперашні час каля 13 тысяч дзяцей-сірот выхоўваецца ў 7700 замяшчальных сем’ях. Гэта і апякунскія, і прыёмныя сем’і, і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Для іх прадугледжаны штомесячныя грашовыя выплаты на ўтрыманне дзяцей-сірот, а таксама кампенсацыя сродкаў на камунальныя паслугі, якія звязаны з выхаваннем дзяцей. Меры падтрымкі прадугледжаны і для сем’яў, якія ўсынавілі дзяцей. Сёння на выхаванні ўсынавіцеляў знаходзіцца больш за сем тысяч дзяцей.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.