Вы тут

У ГДУ праходзіць выстава праваслаўнага фотаклуба


Не толькі ўважліва разгледзець фотаздымкі, але і паразважаць над тым, што азначаюць словы «радасць Вялікдня», прапануюць стваральнікі экспазіцыі, якая адкрылася і да 24 мая будзе праходзіць у выставачнай зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. 


Некалькі дзясяткаў фотаграфій прадставілі на суд гледачоў удзельнікі праваслаўнага фотаклуба «Святло душы», які існуе пры гомельскім праваслаўным прыходзе ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». 

Велікодная выстава «Святло праваславія. Радасць Пасхі» не абмежавана ў жанрах. Тут рэпартажы, замалёўкі, пейзажы, нацюрморты... Важна іншае, падкрэслівае куратар выставы, іерэй Павел Седзько: кожны з аўтараў паспрабаваў адказаць на пытанне: у чым радасць Вялікдня асабіста для яго. 

— Як знайсці гэту Велікодную радасць, як яе захаваць у сваім сэрцы, як прымнажаць і падзяляцца ёю з блізкімі — пра гэта думалі фатографы аматары і прафесіяналы.

У сценах Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны выстава праходзіць 18 раз. Кожны раз вернісаж прыцягвае ўвагу студэнцкай аўдыторыі. Не выключана, што ў будучыні многія з сённяшніх гледачоў захочуць паспрабаваць сябе ў фатаграфіі і прадставяць сваё бачанне духоўных тэм. Прарэктар Юрый Нікіцюк адзначае, што супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з Гомельскай епархіяй заўсёды вельмі цеснае і новая выстава — яшчэ адно таму падцверджанне.

Падчас адкрыцця выставы дэкана факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый Станіслава Чарэпку адзначылі архірэйскай граматай — за значны ўнёсак у духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення і плённае супрацоўніцтва з Гомельскай Епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Асаблівую ўрачыстасць вернісажу надала выступленне народнай харавой капэлы «Дзяннiца» пад кіраваннем Мікалая Казлова. Вядомы музычны калектыў ГДУ імя Ф. Скарыны выканаў рэлігійныя творы «Шукайце Бога» і «Людзі, радуйцеся».

Любы твор мастацтва ў нейкім сэнсе — гэта партрэт душы яго стваральніка. Таму варта ўгледзецца ў фотаработы, якія перадаюць складаны духоўны свет чалавека, — адзначыў на адкрыцці выставы архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан:

— Хрыстос Уваскрос — сапраўды Ўваскрос! Словы, якія мы вымаўляем — вельмі важныя для нас — Веруючы чалавек заўсёды жадае падзяліцца радасцю Ўваскрэсення з усімі людзьмі. Гэту радасць, якую ўваскрэслы Хрыстос дае чалавеку, нельга нічым не вымераць. Гэта радасць зыходзіць з глыбіні сэрца чалавека. І яму Бог пасылае сваю благадаць. Важна, каб у сэрцы кожнага чалавека быў мір і благадаць ад Бога. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.