Вы тут

«Чалавек выпраўляе планету...»


Як правіла, фантастычная тэма ў творчасці таго ці іншага літаратара пачынаецца з яго захопленага вывучэння навукі, з жадання папулярызаваць навуковыя веды, раскрываць шырокаму колу чытачоў тыя ці іншыя гіпотэзы ў планетарным развіцці. Такім самым падаецца і творчы лёс журналіста і пісьменніка Ігара Іванавіча Адабашава (1919 — 1993). Яго франтавое жыццё звязана і з нашай Беларуссю, Віцебшчынай. 


Фота з адкрытых крыніц

На самым пачатку Вялікай Айчыннай Ігар Адабашаў, якога прызвалі ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію ў снежні 1939 года, пасля заканчэння Харкаўскага машынабудаўнічага інстытута, — намеснік палітрука ў 30-м аўтатранспартным палку. Такіх вайсковых часцей ў Заходняй Асобай ваеннай акрузе, з якой сфарміраваўся Заходні фронт, было ў 1941-м усяго тры. Яны ўсе дыслацыраваліся ў Мінскай вобласці. 15-ы і 32-гі — у Старых Дарогах. А 30-ы — у Барысаве. З пачаткам вайны іх задачай з’яўлялася перакідка рэзервовых дывізій да месца баявых дзеянняў. Можна толькі ўяўляць, якім былі абставіны ў чэрвені 1941 года на Міншчыне. 30-ы аўтатранспартны выконваў вызначаную задачу для перакідкі 24-й стралковай дывізіі. У полк уваходзілі 240 машын ЗІС-5 і 625 машын ГАЗ-АА. 24-я дывізія, якая знаходзілася ў Маладзечна, павінна была на пяты дзень вайны прыбыць у Гродна. Аднак 25-га чэрвеня яна ўступіла ў бой у раёне Ліды. Утрымлівала гэты рубеж да 29 чэрвеня. Немцы акружылі вайсковае злучэнне. Да сярэдзіны ліпеня дывізія выйшла з акружэння... Аўтатранспарт, якога катастрафічна не хапала, патрэбен быў, каб дастаўляць прадукты,боезапасы, вывозіць параненых... Фашысцкая авіяцыя знішчала тэхніку, дзе б толькі яна не з’яўлялася. У такім вось пекле Ігару Адабашаву пашчасціла выжыць...

Была ў пісьменніка і іншая сустрэча з Беларуссю, ужо ў час вызвалення. Тады Ігар Адабашаў служыў ў аўтарамонтным батальёне 3-га Беларускага фронта... 

Пасля Вялікай айчыннай вайны Ігар Іванавіч жыў і працаваў у Вільнюсе. Быў дырэктарам завода ў Вільнюсе. Паступова заняўся журналістыкай. Хаця вытокі літаратурнай творчасці І. Адабашава — яшчэ ў даваенным часе. У 1938 годзе ў газеце «Харьковский рабочий» ён надрукаваў навукова-фантастычнае апавяданне «Завод-аўтамат». У вільнюскі перыяд жыцця літаратару ўдалося надрукаваць у перакладзе на літоўскую мову дзве кнігі — зборнік апавяданняў «Выкраданне М-Р» і аповесць «Цёплая Балтыка». А вось па-руску пабачылі свет толькі два апавяданні ў фармаце так званай «фантастыкі бліжняга прыцэла». Так называлі жанр навуковай фантастыкі, які быў у межах «рэальнай фантастыкі». Творы, якія распрацоўваліся ў гэтым накірунку, былі звязаны з рэчаіснасцю, папулярызавалі дасягненні сучаснай савецкай навукі і тэхнікі. 

У 1959 годзе Ігара Адабашава прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. І ўжо з гэтага часу літаратар і журналіст займаецца напісаннем толькі навукова-папулярных кніг. У 1959 годзе ў выдавецтве «Молодая гвардия» выходзіць кніга І. Адабашава «Чалавек выпраўляе планету». У 1962 годзе свет пабачылі адразу тры яго кнігі — «На краі планеты», «Падземны акіян» і «Розум супраць стыхіі». Наклад апошняй з іх склаў 75 000 экзэмпляраў. Аформіў «Розум супраць стыхіі» вядомы мастак і кніжны графік Усевалад Бродскі (1909 — 1983). Дарэчы, у 1964 годзе пабачыла свет другое, істотна дапоўненае выданне кнігі І. Адабашава «Чалавек выпраўляе планету». 

У 1964 — 1965 гг. Ігар Іванавіч — галоўны рэдактар часопіса «Знание — сила». А ў 1970 — 1987 гады — галоўны рэдактар звышпапулярнага ў савецкі час выдання «За рулём». З-пад пяра заслужанага работніка культуры РСФСР Ігара Адабашава выйшла яшчэ нямала навукова-папулярных кніг. У падзагалоўку адной з іх — «Трагедыя ці гармонія?» — было лаканічнае вызначэнне: «Прырода — машына — чалавек». Пісьменнік і публіцыст у сваіх кнігах імкнуўся ставіць і разглядаць няпростыя пытанні. Прызнацца, нават некаторае шкадаванне ўзнікае, што зараз не перавыдаюцца творы Ігара Адабашава... Відаць, яны яшчэ дапамаглі б адказаць на некаторыя пытанні прагрэса, дапамаглі б, асабліва ў падлеткаў, развіць цікавасць да навукі, што асабліва важна... Адна з кніг Ігара Іванавіча, які пайшоў з жыцця ў 1993 годзе, носіць прыгожую назву — «Сатварэнне гармоніі»... А што да Вялікай Айчыннай вайны, то яе адзнакамі ў лёсе старшага сяржанта 276-га асобнага рамонтна-аднаўленчага батальёна аўтамабіляў (з такой вайсковай часцю прайшоў беларускімі дарогамі пісьменнік і журналіст) Ігара Адабашава засталіся ордэны Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалі «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.»... 

Такі вось лёс, лёс Ігара Адабашава, — штрышок на літаратурна-краязнаўчую карту Беларусі. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».