Вы тут

У Магілёўскай губерні нарадзіўся расійскі рэдактар і кнігавыдавец Саламон Абрамаў


Імёны пісьменнікаў Аляксея Рэмізава (1877 — 1957) і Максіміліяна Валошына (1877 — 1932), відавочна, назаўжды, пакуль існуе рускае мова, пакуль захоўваецца і развіваецца руская літаратура, застануцца ў гісторыі чалавецтва. З творчай біяграфіяй гэтых яркіх і далёка неардынарных мастацкіх асоб звязаны і лёс нашага земляка — расійскага рэдактара і выдаўца Саламона Абрамавіча Абрамава (1884 — 1957), які нарадзіўся ў Магілёўскай губерні. 


Фота з адкрытых крыніц

Вядома, што Саламон Абрамавіч Абрамаў вучыўся ў камерцыйным вучылішчы ў Гомелі. Затым закончыў філалагічны факультэт Казанскага ўніверсітэта. Варта нагадаць, што з гэтай навучальнай установай звязаны імёны многіх ураджэнцаў Беларусі . Напрыклад, старажытнуюю гісторыю ў Казанскім універсітэце выкладаў ураджэнец Мазырскага павета Іван Вернікоўскі. Заслужаны прафесар універсітэта — ураджэнец Гродзенскай губерні Емяльян Адамюк, доктар медыцыны, афтальмолаг. Выкладаў у Казанскім універсітэце і ўраджэнец Мсціслаўля прафесар Дзмітрый Дубяга, славуты расійскі астраном, а ў 1899 — 1905 гг. — рэктар універсітэта. 

У 1904 годзе Саламон Абрамаў арганізаваў у Кіеве выдавецтва «Рассвет», якое займалася выпускам мастацкіх паштовак. Выдаваў і паштоўкі асветніцкага характару — з партрэтамі пісьменнікаў і кароткімі звесткамі пра іх. Назву выдавецтву дала карціна Вільгельма Катарбінскага (1848 — 1921). Польскі і рускі мастак быў выразным прадстаўніком стыля «мадэрн». Многія яго творы былі адлюстраваннем гістарычнага і фантастычнага жанраў. Катарбінскі ствараў карціны і графіку на міфалагічныя і біблейскія сюжэты. Некаторы час мастак жыў у маёнтку Кольск Мінскай губерні (сучасны Салігорскі раён)... З паштовак з рэпрадукцыямі прац Вільгельма Катарбінскага і пачало дзейнасць выдавецтва «Рассвет». Таксама Саламон Абрамаў надрукаваў паштоўкі з выявамі прац такіх мастакоў, як Барыс Раманоўскі, Абрам Маневіч. Творчасць Абрама Маневіча (1881 — 1942) прыналежная розным краінам і народам — Беларусі, Украіны, ЗША. Нарадзіўся мастак у Мсціслаўлі Магілёўскай губерні. Узыходжанне Маневіча як творцы пачалося з паспяховай выстаўкі ў парыжскай галерэі П. Дзюран — Руэля. Парыжская публіка высока ацаніла працы Маневіча. Сярод прыхільнікаў творчасці аказаўся і А. В. Луначарскі, які на той час жыў у Парыжы. Маневіча заўважыў і Эміль Верхарн... Пасля гэтай падзеі мастак пачаў маляваць у стылі кубізма... У 1922 годзе разам з жонкай і дачкою Маневіч з Мінска выехаў у Лондан, а затым у ЗША. А перад гэтым, у 1919 годзе, на Украіне быў забіты яго сын — камсамольскі актывіст... Сярод аматараў творчасці Абрама Маневіча быў Альберт Эйнштэйн. Кошт некаторых прац Маневіча сёння даходзіць да 200-300 тысяч долараў. 

У 1916 выдавец Саламон Абрамаў пераехаў у Маскву. І там заснаваў выдавецтва «Творчество», якое задумаў як установу па выпуску літаратуры, прысвечанай выяўленчаму мастацтву. Першым выданнем была казка Аляксея Рэмізава «Краіна небывалая», якую надрукавалі на шасці паштоўках. З ілюстрацыяміДзмітрыя Моора (1883 — 1946), якога ўсе добра ведаюць і зараз як аўтара плаката «Ты запісаўся добраахвотнікам?». Выпусціў Абрамаў у выдавецтве «Творчество» і некалькі паэтычных зборнікаў. Сярод іх — і кніга Максіміліяна Валошына «Иверни», а таксама першае выданне зборніка Уладзіслава Хадасевіча «Путём зерна». Выдаў Абрамаў і сем нумароў часопіса «Москва», тры нумары часопіса «Русское искусство»... З перыядычнымі выданнямі, альманахамі Саламона Абрамава супрацоўнічалі такія легенды рускай і савецкай літаратуры, мастатва, як Уладзімір Фаварскі, Леў Бакст, Сяргей Чахонін, Восіп Мандэльштам, Яўген Замяцін і іншыя. 

У 1920-я гады ураджэнец Магілёўскай губерні падрыхтаваў і некалькі кніг па мастацтву для Дзяржвыдата. А яшчэ выпусціў зборнік уласных санэтаў. 

Імя Саламона Абрамава — у летапісе расійскага кніжніцтва, выдавецкай справы ў Расіі, у гісторыі філакартыі. Выявы многіх паштовак, да стварэння якіх мае самае непасрэднае дачыненне наш зямляк, і зараз выкарыстоўваюцца ў розных выданнях, звязаных з летапісам мастацкага жыця, летапісам культуры. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.