Вы тут

Якое не­бяс­печ­нае за­хвор­ван­не раз­но­сяць мы­шы?


Прыйшла вясна, і дачны сезон адкрыты. Завяршаецца прыборка ў доме і на ўчастку. Аднак мала хто ведае, што тут нас можа падсцерагаць небяспечнае інфекцыйнае захворванне, якое перастала быць для Беларусі экзатычным. Гэта гемарагічная ліхаманка з нырачным сіндромам (ГЛНС). Раней вірусныя гемарагічныя ліхаманкі былі больш распаўсюджаны ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, аднак анамаліі надвор'я, у тым ліку глабальнае пацяпленне, паспрыялі актыўнаму пашырэнню арэала інфекцыі. Дзе існуе небяспека заразіцца і як ад яе засцерагчыся, расказала ўрач-інфекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар'я Петрачук.


— Дар’я Ігараўна, раскажыце, як можна заразіцца гэтай хваробай.

— Гемарагічная ліхаманка з нырачным сіндромам — тыповая заанозная інфекцыя, гэта значыць заразіцца ёй можна толькі ад пазваночных жывёл. А вось рэзервуарам з’яўляюцца мышападобныя грызуны: палявыя і лясныя мышы, пацукі, палёўкі і інш. Перадача інфекцыі ад грызуна да грызуна ажыццяўляецца кляшчамі і блыхамі. Ёсць некалькі шляхоў перадачы ўзбуджальніка ад жывёл да чалавека.

Першы — паветрана-пылавы: пры ўдыханні віруса з высахлымі экскрэментамі, у прыватнасці мачой інфікаваных грызуноў. Для заражэння, дарэчы, дастаткова пяціхвіліннага знаходжання ў памяшканні, дзе знаходзіліся інфікаваныя жывёлы.

Яшчэ адзін шлях — кантактна-бытавы: пры дакрананні да забруджаных узбуджальнікам аб’ектаў навакольнага асяроддзя (пыл, глеба, збожжа, салома, галлё, сена і інш.) і пашкоджаных скурных або слізістых покрываў чалавека.

Магчымы аліментарны шлях — пры ўжыванні інфікаваных выдзяленнямі грызуноў харчовых прадуктаў, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку, напрыклад капусты, яблыкаў ці морквы. Таксама можна заразіцца пры ўжыванні забруджанай вады.

— Што адбываецца з чалавекам пасля заражэння?

— Інкубацыйны перыяд (час ад моманту заражэння да праяўлення сімптомаў хваробы) можа складаць ад аднаго тыдня да паўтара месяца, у сярэднім 21 дзень. Пачынаецца хвароба з агульнай інфекцыйнай інтаксікацыі. Паднімаецца тэмпература да 38-40 °С. Ліхаманкавы перыяд доўжыцца ад аднаго да трох дзён.

Таксама з’яўляюцца выяўленыя дрыжыкі, моцны галаўны боль, болевы сіндром у мышцах, каленных суставах, паясніцы. Магчымыя млоснасць, ваніты, млявасць. Акрамя таго, могуць непакоіць «туман перад вачыма», мільганне мушак, зніжэнне вастрыні зроку, бачанне прадметаў у чырвоным колеры. Часта назіраюцца ацёчнасць і пачырваненне твару, шыі, верхніх аддзелаў грудзей (сімптом капюшона).

Узбуджальнік валодае выяўленай здольнасцю паражаць сценкі сасудаў, што абумоўлівае ачаговыя кровазліцці ва ўнутраных органах з далучэннем гемарагічнага сіндрому. Клінічна ён праяўляецца петэхіяльным сыпам (гэта дробныя кровазліцці) у вобласці тулава, унутранай паверхні плячэй, кровазліццямі ў склеру, кан’юктыву вачэй, сінякамі ў месцах ін’екцый. Яшчэ магчымыя страўнікава-кішачныя, матачныя, насавыя крывацёкі, гематурыя (кроў у мачы).

Аднак галоўны орган-мэта віруса — ныркі, таму ў востры перыяд можа паўстаць рэзкае зніжэнне дыўрэзу аж да анурыі, калі хворы практычна не мочыцца.

Калі пацыент перажыў перыяд разгару хваробы, то з 9-13-га дня ад пачатку захворвання ў выніку фармавання імунітэту паступова пачынаецца выздараўленне.

— Улічваючы, што захворванне такое цяжкае, як яго папярэдзіць?

— Пры прыборцы дачных, дапаможных памяшканняў, гаражоў, скляпоў неабходна надзяваць маску і гумовыя пальчаткі. Прыборка павінна праходзіць толькі вільготным спосабам з ужываннем сродкаў дэзынфекцыі з наступным праветрываннем памяшкання.

Харчовыя прадукты варта захоўваць у металічнай тары, якая шчыльна закрываецца. У час першага наведвання дачы абед лепш узяць з дому. Ваду неабходна ўжываць прывезеную з сабой, кіпячоную або бутыляваную.

Для надзейнага папярэджання заражэння ГЛНС неабходна праводзіць знішчэнне грызуноў усімі даступнымі сродкамі на тэрыторыі дач, садоў, прыватных пабудоў не радзей двух разоў на год, асабліва ў перыяды масавай міграцыі грызуноў у жылыя памяшканні, а гэта красавік-май і верасень-кастрычнік.

Таксама важна выключыць магчымасць пранікнення грызуноў у жылыя памяшканні і гаспадарчыя пабудовы. Для гэтага варта залатаць вентыляцыйныя адтуліны металічнай сеткай і зацэментаваць шчыліны і адтуліны. Старайцеся не захламляць жыллё і дапаможныя памяшканні, дваровыя ўчасткі, своечасова вывозьце бытавое смецце.

У летні перыяд пры наведванні лесу посуд і ежу нельга раскладваць на траве, пнях. Для начлегу варта выбіраць сухія, не зарослыя хмызняком участкі лесу, дзе няма грызуноў. Пазбягаць начлегу ў стагах сена і саломы.

Пры перавозцы і складзіраванні сена, саломы, нарыхтоўцы дроў, пераборцы агародніны абавязкова выкарыстоўвайце маску і гумовыя пальчаткі. Пасля заканчэння работ старанна вымыйце рукі з мылам.

Улічваючы сур’ёзнасць і цяжар захворвання, лячэнне хворых ажыццяўляецца толькі ў стацыянары. Таму пры з’яўленні першых прыкмет хваробы неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Па­гро­за на пры­ся­дзіб­ным участ­ку

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.