Вы тут

Што больш за ўсё пагаршае зрок?


Паўсюднае выкарыстанне гаджэтаў вылілася ў праблемы са зрокам як у дарослых, так і ў дзяцей — блізарукасць маюць 10 % вучняў малодшых класаў, сярод старшакласнікаў іх 25–30 %. Што дапаможа нашым вачам? Пра гэта расказала ўрач-афтальмолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Наталля Мацейка.


— Дбаць пра здароўе дзіцяці і праводзіць прафілактыку для выключэння блізарукасці неабходна з ранняга дзяцінства. Пры моцнай нагрузцы на блізкай адлегласці мышцы вачэй знаходзяцца ў пастаянным напружанні. Гэта стымулюе рост вока ў даўжыню. Ступень блізарукасці прама прапарцыйная даўжыні вока: чым яно даўжэй, тым больш ступень міяпіі, — расказвае афтальмолаг.

Вось што будзе карысна ў прафілактыцы блізарукасці ў дзяцей. У першы год жыцця афтальмолаг павінен агледзець малога тры разы: у першыя тры месяцы, у паўгода і ў год. Агляд у год уключае пашырэнне зрэнкі для вызначэння сапраўднай рэфракцыі. Дзецям з групы рызыкі (блізарукасць у блізкіх сваякоў, пры рэтынапатыі неданошаных і іншае), магчыма, неабходна будзе абследавацца ў акуліста часцей.

Бацькі павінны паклапаціцца, каб пакой дзіцяці быў светлым. Недапушчальна, каб дзіця гуляла з дробнымі прадметамі, малявала ці разглядала карцінкі пры дрэнным асвятленні.

Першыя кніжкі павінны быць з вялікімі і выразнымі карцінкамі для таго, каб не дапускаць перанапружання зроку. З ранняга дзяцінства дзіця павінна прывыкнуць маляваць і пісаць за сталом. Пры гэтым важна сачыць за яго паставай і адлегласцю ад вачэй да стала: яна раўняецца адлегласці ад кісці дзіцяці да локця.

Працоўны стол таксама павінен быць дастаткова асветлены пры дапамозе настольнай лямпы ці свяцільніка.

Малым да трох гадоў не рэкамендуецца глядзець тэлевізар. Дзецям старэйшага ўзросту пажадана на гэты занятак адводзіць не больш як 30 хвілін запар. Адлегласць ад экрана да вачэй павінна раўняцца тром дыяганалям тэлевізара. Гэтыя ж правілы адносяцца і да камп’ютараў.

Немалаважным з’яўляецца рацыянальнае харчаванне, якое ўключае ўвесь комплекс пажыўных рэчываў, неабходных для нармальнага развіцця арганізма. Для прафілактыкі блізарукасці асабліва карысная ежа, якая змяшчае вітаміны А, С і кальцый (малочныя прадукты).

Правілы гігіены зроку

Правільная арганізацыя глядзельнай нагрузкі і адпачынку (гігіена зроку) адыгрывае галоўную ролю ў прафілактыцы блізарукасці ў любым узросце. Выконваючы простыя правілы, можна дабіцца значных вынікаў у прафілактыцы блізарукасці.

  • Чытанне лежачы, асабліва на баку, негатыўна ўплывае на зрок, паколькі ў такім становішчы вочы знаходзяцца на рознай адлегласці ад тэксту.
  • Не рэкамендуецца практыкаваць і чытанне ў транспарце. Падчас руху вачам прыходзіцца пастаянна факусіравацца на новай адлегласці. А гэта вельмі стамляе мышцы вачэй.
  • Для прафілактыкі блізарукасці важна добрае асвятленне ў памяшканні. Рэкамендуецца выкарыстоўваць лямпы дзённага святла, якія імітуюць натуральнае асвятленне. У дрэнна асветленым памяшканні значна зніжаюцца вастрыня зроку і кантрасная адчувальнасць.
  • Рабочы стол таксама павінен быць добра асветлены. Пры выбары лямпы варта звярнуць увагу на яе абажур, які павінен быць конусападобным і непразрыстым. Траплянне прамых прамянёў святла неспрыяльна ўплывае на вочы. У лямпе варта выкарыстоўваць лямпачку магутнасцю ад 60 Вт.
  • Не пажадана глядзець тэлевізар у поўнай цемры. Рэзкі перапад паміж яркім экранам і цёмным пакоем будзе стамляць вочы.
  • Падчас работы за камп’ютарам рэкамендуецца размяшчаць экран крыху вышэй за ўзровень вачэй і на адлегласці 35-40 см. Шрыфт тэксту варта выбіраць 12-14 і маштаб 100 %. Пры наборы тэксту на камп’ютары дробным шрыфтам рэкамендуецца павялічыць маштаб.
  • У зрокавай рабоце патрэбна рабіць перапынкі. Для прафілактыкі блізарукасці іх неабходна рабіць праз кожныя 45–50 хвілін бесперапыннай работы на пяць хвілін. 

Для выключэння прагрэсіравання ўжо наяўнай блізарукасці перыяд бесперапыннай работы варта скараціць да 30–40 хвілін, а перапынак павялічыць да 10 хвілін.

  • Наяўнасць прафесійных шкоднасцяў для органаў зроку (работа за камп’ютарам больш за чатыры гадзіны ў дзень, выкарыстанне ў рабоце дробных прадметаў) патрабуе штогадовага прафілактычнага агляду ў афтальмолага.

Станоўча ўплывае на стан органаў зроку трэніроўка акамадацыі.

— Акамадацыя — гэта працэс, які дазваляе вачам факусіравацца на прадметах, што размешчаны на далёкай і на блізкай адлегласці. Пры моцных глядзельных нагрузках акамадацыйныя мышцы ўвесь час знаходзяцца ў напружанні. Гэта спрыяе развіццю спазмы акамадацыі, што выяўляецца пагаршэннем зроку. Узнікае імітацыя блізарукасці ці яе ўзмацненне. З часам акамадацыйная спазма можа развіцца ў сапраўдную блізарукасць, — кажа Наталля Мацейка.

Існуе некалькі практыкаванняў, якія дазваляюць трэніраваць акамадацыю і спрыяюць прафілактыцы блізарукасці. Гэтыя практыкаванні можна выконваць прама на рабочым месцы. Напрыклад, можна маляваць розныя геаметрычныя фігуры позіркам. Вельмі карысная гімнастыка для вачэй, якую распрацаваў вядомы афтальмолаг прафесар Сяргей Авецісаў. Для дасягнення станоўчых вынікаў гімнастыку трэба выконваць рэгулярна: мінімум двойчы ў дзень па 3-5 хвілін.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не чытаць лежачы і ў транспарце

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».