Вы тут

Ад ма­гут­ных ка­ра­нёў да яр­кай кве­це­ні га­лі­нак...


Працоўныя дынастыі ў Беларусі — добрая традыцыя. Вось творчыя дынастыі — справа больш рэдкая, бо і таленавітыя творцы нараджаюцца не так часта, а ў таленавітых творцаў не так часта нараджаюцца дзеці, здольныя заняць у гісторыі мастацтва месца побач са славутымі бацькамі.


Выхаваць таленавітае дзіця — вельмі складана! Колькі мы ведаем трагедый, калі амбіцыйныя бацькі ўпарта выхоўвалі вундэркінда, а ён не вытрымліваў нагрузкі... Здараецца, людзі, якія дасягнулі поспеху ў прафесіі, не разумеюць, калі іх дзіця выбірае іншы шлях. Згадаць Адама Рыгоравіча Багдановіча, таленавітага этнографа і педагога, які гэтак паблажліва ставіўся да спроб сына Максіма пісаць на «правінцыйнай» беларускай мове... Зноў жа няпроста таленавітаму дзіцяці «выйсці з ценю» славутых бацькоў. Але сем’і, дзе побач — таленты розных пакаленняў, дзе пануе творчая атмасфера і ўзаемная падтрымка, у Беларусі былі і ёсць. Давайце з нагоды Міжнароднага дня сям’і іх прыгадаем.

Архітэктары Левіны

Сям'я Левіных.

Сёння творчай майстэрняй легендарнага архітэктара Леаніда Левіна кіруе яго дачка, вядомы архітэктар Галіна Левіна. Тое, што многія з работ бацькі і дачкі звязаныя з тэмай Вялікай Айчыннай вайны і генацыду, вытлумачальна. Як успамінае Галіна Леанідаўна, «у памяці бацькі заўсёды была карціна, калі ён разам з братам бег з Мінска падчас бамбёжак — з жанчынамі ўсёй вялікай сям’і Левіных: з маці, бабулямі, цёткамі, сястрычкамі». Калі ствараўся мемарыяльны комплекс у Хатыні, Леанід Левін браў маленькую Галіну ў ліцейку, дзе адлівалі дошкі і тэксты, заўсёды вазіў з сабой і ў Хатынь. А над комплексам «Дзецям — ахвярам вайны» ў вёсцы Чырвоны Бераг на Жлобіншчыне бацька і дачка працавалі разам, Галіна была ў складзе творчай групы. Яна сцвярджае: «Я люблю сваю сямейную гісторыю. Акрамя ўвагі і клопату, якія дарылі мне бацькі, гэта былі ўзаемаадносіны паміж дарослымі і маленькім, але ўжо паважаным чалавекам. Думаю, іх павага сфарміравала мой характар, паўплывала на здольнасць выбудоўваць узаемаадносіны з людзьмі ў будучым. Вядома, бацькі, абодва архітэктары, былі адданыя сваёй працы. У нашай сям’і заўсёды было разуменне, наколькі для чалавека важная яго справа. Бацька, акрамя стварэння вядомых мемарыялаў і помнікаў, узначальваў майстэрню па забудове цэнтра Мінска ў 80-я гады, працаваў над мноствам іншых аб’ектаў. Мама, Наталля Афанасьева, была архітэктарам Мінскага планетарыя ў парку Горкага, займалася генпланам Мінска. І цяпер яна з разуменнем і павагай ставіцца да маёй працы».

Сёння Галіна Левіна, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, працягвае справу свайго бацькі. Як прыклад — Алея Праведнікаў народаў свету, мемарыял у Бабруйску, які адкрылі ў 2005 годзе, калі Леаніда Левіна, што пачаў працаваць над гэтым праектам, ужо не было ў жывых, але дачка давяла да завяршэння праект. І цяпер значыцца, што аўтар мемарыяльнага знака — архітэктар Галіна Левіна, кансультант — архітэктар Леанід Левін.

Так, універсальных рэцэптаў, як выхаваць талент, няма, але з гісторый нашых герояў можна зрабіць выснову: нішто не заменіць асабістага прыкладу бацькоў. Іх апантанасць сваёй працай, любоў да прафесіі не могуць не паўплываць, тым больш калі дзіця не выштурхоўваюць за дзверы, каб не перашкаджала, а, наадварот, далучаюць да ўсяго, што цікава самім. Няхай жа і ў вашых сем’ях, шаноўныя чытачы, пануюць узаемная падтрымка і настрой да сумеснай творчасці.

Аладавы: кампазітар, мастацтвазнаўца, архітэктар

Сям'я Аладавых.

Не заўсёды прадстаўнікі творчай дынастыі рэалізоўваюцца ў адной галіне мастацтва... Прыклад таму — сям'я Аладавых. Мабыць, гэта адзіны прыклад, калі ў Мінску вуліца названая адразу ў гонар цэлай сям'і — бо ў ёй столькі выбітных прадстаўнікоў! Родапачынальнік дынастыі, кампазітар Мікалай Аладаў, з піцерскіх дваран, меў сваяцтва з кампазітарам Аляксандрам Глазуновым. Са сваёй будучай жонкай Аладаў пазнаёміўся, калі прыехаў у Беларусь працаваць у музычным тэхнікуме і ў 1928-м адправіўся ў фальклорную экспедыцыю. Заехалі з Язэпам Лёсікам да вясковых настаўнікаў у Парычах, што на Гомельшчыне... Там пазнаёміліся з іх дачкой Аленай, гожай і энергічнай выпускніцай Белдзяржуніверсітэта. Для Аладава гэта было каханне на ўсё жыццё.

Мікалай Аладаў стаў адным з арганізатараў і рэктараў беларускай кансерваторыі, Алена Аладава — дырэктарам сённяшняга Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі... У Мікалая і Алены Аладавых нарадзілася трое дзяцей: Вальмен, Гельмір і Радаслава. Незвычайныя імёны прыдумаў сябар сям'і, музыказнавец Юльян Дрэйзін, знаўца старажытных моў. Гельмір скончыў ГІТІС, стаў акцёрам. Радаслава — прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, музыказнаўца. А Вальмен Аладаў закончыў Маскоўскі архітэктурны інстытут, доўгі час узначальваў праектны інстытут «Белгіпрагандаль», доктар навук. Менавіта па ягон праектах пабудаваны спартыўны комплекс у Раўбічах, надзвычай наватарскі ў той час будынак Камароўскага рынку, універсамы «Цэнтральны», «Фрунзенскі», «Серабранка». Гэта далёка не ўсе таленавітыя прадстаўнікі сям'і. Калісьці ў Санкт-Пецярбургу сваякі Мікалая Аладава стварылі «малое кола Аладавых», цяпер кажуць пра «вялікае кола Аладавых», якое сягае да праўнукаў кампазітара. У дынастыі ёсць фізікі, рэстаўратары, мастакі, музыкі. Вынік не дзіўны. Радаслава Аладава так успамінае пра сваё выхаванне: «Бацькі былі закончанымі працаголікамі, людзьмі, да кроплі адданымі сваёй справе. 

Я прывыкла ў дзяцінстве прачынацца — а з-за адвечнай цеснаты мой ложак стаяў у нагах бацькоўскага — ад размоў на прафесійныя тэмы, абмеркаванняў тых або іншых службовых сітуацый. Маім выхаваннем займаліся «ўсім светам»?— у доме жыло шмат народу: абедзве маміны сястры з дзецьмі, асірацелая падчас вайны татава пляменніца, студэнтка Ганна, якая была на правах дачкі. Апроч таго, гасцявалі сябры братоў, Вальмена і Гельміра, нейкі час знаходзіліся дзеці маскоўскіх сяброў маіх бацькоў, якія сталі студэнтамі мінскіх ВНУ...»

Акцёры Уладамірскія

Дынастыя Уладамірскіх:  Уладзімір Уладамірскі з жонкай  Кацярынай, Барыс Уладамірскі,  яго жонка Галіна, сын Аляксандр.

Калі я шукала ў архіве нешта цікавае пра легендарнага акцёра Купалаўскага тэатра Уладзіміра Уладамірскага, чый юбілей якраз святкаваўся, трапіла на яго ліст 1941 года: Уладамірскі, які са сваёй трупай апынуўся ў эвакуацыі, пакутліва шукаў сям'ю, якая засталася ў Мінску: «Сын — Борис Владимирович Владомирский-Малейко, студент театрального уч-ща, и мою жену арт-ку Екатерину Васильевну Замешину-Малейко». Барысу з маці давялося перажыць жахі акупацыі, сядзець пад бомбамі па некалькі дзён у выкапаных ямах. Але пасля вызвалення сям'я сустрэлася... Бацька і сын выйшлі на адну сцэну, захапляючы сваёй ігрой гледачоў. Але на гэтым выпрабаванні не скончыліся. У 1950-м па даносе Барыс за неасцярожныя словы быў арыштаваны, трапіў у лагеры... Яго маладая жонка, актрыса Галіна, у будучым рэжысёр Купалаўскага тэатра, нейкім цудам, пры падтрымцы тытулаванага свёкра, дабралася на спатканне да мужа ў сібірскі лагер. 

І гэта прайшло... Сям'я ўз'ядналася. І хутка на рэпетыцыі казкі «Лапці-самаскокі» ў Купалаўскім тэатры, якую ставіла Галіна Уладамірская, танчыў маленькі Саша, сын Галіны і Барыса. Ён таксама стане артыстам, будзе служыць у Рускім тэатры імя Горкага. Тры пакаленні акцёраў Уладамірскіх упрыгожылі беларускую сцэну і назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю тэатра.

Скульптары Гумілеўскія

Сям'я Гумілеўскіх.

Помнікі Кірыле Тураўскаму ў Гомелі, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні, Максіму Багдановічу ў Ялце, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку каля Мінскай ратушы, Янку Купалу ў Маскве, алея бюстаў у Нясвіжы, кампазіцыя «Балет» каля Вялікага тэатра Беларусі, трыпціх «Сказ аб Нясвіжы», які знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі... Усе гэтыя вядомыя аб'екты зроблены двума суаўтарамі, двума таленавітымі скульптарамі, бацькам і сынам Львом і Сяргеем Гумілеўскімі. У бацькі і сына прайшла не адна сумесная выстава, нават майстэрня ў іх мелася адна на дваіх. Сумесная выстава сямейнага тандэма «А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю» ў музеі Максіма Багдановіча адбылася, калі Леў Гумілеўскі-старэйшы ўжо сышоў з жыцця. Радок Багдановіча, які даў назву выставе, выказвае сутнасць творчасці абодвух скульптараў: любоў да роднай зямлі, пашану да яе гісторыі. У адной са сваіх апошніх гутарак, калі яго спыталі, ці хацеў ён, каб сын пайшоў па бацькавых слядах, Леў Гумілеўскі адказаў: «Дзеці рэдка слухаюць бацькоў, як ні тлумач, што добра, а што — не. Мой сын не выключэнне. У скульптуры Сяргей пайшоў сваім шляхам. Але ж менавіта я прыцягнуў яго да мастацтва. Ён бачыў, што я дзень у дзень хадзіў у майстэрню, круглыя суткі ляпіў і не заўважаў падзей, што адбываліся тады ў грамадстве. Я жыў і жыву мастацтвам. Мой працоўны настрой прывабіў яго». Сяргей Гумілеўскі, у сваю чаргу, падкрэсліваў: «Па шэрагу прычын мы з бацькам над многімі праектамі працуем разам, тым больш праца ў адной майстэрні гэта прадугледжвае. Але я заўважаю, што почырк у скульптуры ў мяне свой. Гэта прыкметна па многіх дэталях. Нашы працы адрозніваюцца, і я ўпэўнены, што так павінна быць. Бо ў кожнага аўтара сваё адчуванне формы, прасторы і часу».

Карызны: паэт, кампазітар, музыка

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры паэт Уладзімір Карызна, адзін з аўтараў беларускага Дзяржаўнага гімна, не змог атрымаць музычную адукацыю, хоць быў надзвычай адораны: «Самастойна засвоіў музычную грамату. Магу напісаць акампанемент, а мелодыю, аркестроўку выконваюць прафесіяналы. Памятаю, як падчас вучобы на трэцім курсе філфака БДУ свой музычны твор паказаў беларускаму кампазітару прафесару Анатолю Багатырову. Уважліва ён паслухаў яго і параіў мне паступаць вучыцца ў кансерваторыю». Затое сын паэта, таксама Уладзімір, у 1990-м закончыў кансерваторыю па класе кампазіцыі Яўгена Глебава. І шмат песень стварыў на словы бацькі, напрыклад «Белая яблыня», «На азёрах сініх», «Думай, чалавек», «Жураўліны досвітак», «Таемнасць цішыні» «Большасць маіх вакальна-харавых, песенных твораў напісана на вершы майго бацькі, Уладзіміра Карызны. Гэта чалавек, які вельмі дасканала адчувае слова, якое потым добра кладзецца на музыку. Бо не кожны верш можа стаць песняй, не кожная фраза, сказ кладуцца на музыку», — сцвярджае Уладзімір Карызна-малодшы. Застаецца згадаць, што ўнукі паэта, Іван і Анастасія, таксама звязалі лёс з музыкай, сталі музыкантамі. Іван праславіўся як віртуоз-віяланчэліст, выйграў не адзін міжнародны конкурс.

Паэт Уладзімір Карызна.

Кампазітар Уладзімір Карызна.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».