Вы тут

Бе­ла­рус­кія бар­цы і вес­ля­ры за­ва­я­ва­лі алім­пій­скія лі­цэн­зіі


У тра­ды­цый­ным агля­дзе «Звяз­ды» рас­каз­ва­ем ці­ка­выя спар­тыў­ныя на­ві­ны.


Гераіня тыдня. Беларуска Аліна Гарнасько заваявала чатыры медалі на першым этапе сусветнага Кубка выкліку па мастацкай гімнастыцы, які праходзіў у Партугаліі. У практыкаванні з абручом Аліна набрала 33,200 бала, што забяспечыла ёй трэцяе месца. У практыкаванні з мячом Аліне Гарнасько роўных не было, яе «залатая» адзнака — 33,500 бала. Сярэбраны медаль беларуская спартсменка заваявала ў кампазіцыі з булавамі (33,650 бала). Другое месца яна заняла і ў шматборстве. Другі і заключны этапы сусветнага Кубка выкліку па мастацкай гімнастыцы пройдзе ў сярэдзіне ліпеня ў румынскім Клуж-Напаку. Перад ім грацый чакае пяты этап Кубка свету, які з 21 па 23 чэрвеня прыме Мілан.

Героі тыдня. Беларускія спартсмены завяршылі выступленні на сусветным кваліфікацыйным турніры па барацьбе, які з 9 па 12 мая прымаў Стамбул. Пуцёўкі на Алімпіяду-2024 атрымлівалі па тры найлепшыя спартсмены ў кожнай з шасці вагавых катэгорый у вольнай, грэка-рымскай і жаночай барацьбе. Алімпійскія ліцэнзіі на гэтым турніры заваявалі чацвёра беларусаў: барэц вольнага стылю Нюргун Скрабін (да 65 кг), барцы грэка-рымскага стылю Кірыл Маскевіч (да 87 кг) і Павел Глінчук (да 130 кг), а таксама Вераніка Іванова (да 62 кг). Усяго на Алімпіяду кваліфікаваліся 10 нашых барцоў, на красавіцкім еўрапейскім адборы ў Баку ліцэнзіі атрымалі Ірына Курачкіна (да 57 кг), а таксама «вольнікі» Арыян Цютрын (да 57 кг), Магамедхабіб Кадзімагамедаў (да 74 кг), Аляксандр Гуштын (да 97 кг) і Дзяніс Храмянкоў (да 125 кг). Па выніках чэмпіянату свету 2023 года ўдзельнікамі Гульняў у Парыжы сталі Ванэса Каладзінская (да 53 кг) і Абубакар Хаслаханаў (да 97 кг, грэка-рымская).

Ліцэнзіі тыдня. У Сегедзе прайшоў еўрапейскі кваліфікацыйны турнір па веславанні на байдарках і каноэ на Алімпійскія гульні 2024 года. У беларусаў — тры ліцэнзіі. На дыстанцыі 1000 м сярод байдарак-адзіночак перамогу ў вырашальным заездзе заваяваў Алег Юрэня. У фінале каноэ на 200 м найлепшы час паказала 21-гадовая гамяльчанка Юлія Трушкіна. Ангеліна Барданоўская і Вольга Клімава сталі найлепшымі ў заездзе каноэ на 500 м.

Медаль тыдня. Беларус Ягор Варапаеў стаў пераможцам сёмага ў гэтым сезоне турніру серыі Вялікага шлема па дзюдо, які прайшоў у Астане. На спаборніцтвах выступілі 450 спартсменаў з 85 краін. Беларускую каманду прадставілі тры дзюдаісты — Дар'я Канцавая (в/к да 78 кг), Руслан Галавачоў (да 73 кг) і Ягор Варапаеў (да 90 кг). Медаль удалося заваяваць толькі Варапаеву. Гэта ўзнагарода серыі турніраў Вялікага шлема сёлета стала для беларускай каманды першай: раней найлепшым вынікам было пятае месца Дар'і Канцавой на лютаўскіх спаборніцтвах у Парыжы.

Лічба тыдня. Шэсць медалёў заваявалі беларускія спартсмены на чэмпіянаце Еўропы па самба сярод юнакоў і дзяўчат. Сярэбраныя медалі заваявалі Вера Мінчэня (да 54 кг), Дар'я Навіцкая (да 59 кг) і Мар'яна Жукавец (да 80 кг), бронзавымі прызёрамі сталі Крысціна Еўсюк (да 65 кг), Паліна Лук'янчук (звыш 80 кг) і Яўген Клімашэўскі (да 98 кг). Напярэдадні ў Нові-Садзе адбыўся кантынентальны форум па самба сярод юніёраў і юніёрак, дзе беларускія спартсмены таксама выйгралі шэсць узнагарод (усе бронзавыя). 9 і 10 мая Сербія прымала дарослы чэмпіянат Еўропы, з якога беларусы прывезлі 14 медалёў (адзін залаты, шэсць сярэбраных і сем бронзавых). Адзіным з беларускай каманды ўладальнікам залатога медаля стаў Уладзіслаў Бурдзь (да 58 кг).

Каманда тыдня. Юнацкая зборная Беларусі (U-15) стала пераможцам турніру развіцця УЕФА ў Ерэване. У заключным матчы яны абгулялі равеснікаў з Малдовы з вынікам 2:0. У стартавым паядынку беларускія футбалісты перамаглі каманду Кіпра з вынікам 3:1, затым саступілі ў серыі пасляматчавых пенальці гаспадарам спаборніцтваў армянскім футбалістам — 5:6 (асноўны час завяршыўся з лікам 2:2).

Нядаўна турніры развіцця УЕФА адбыліся ў Мінску. Юнацкая зборная Беларусі (U-16) стала пераможцам, апярэдзіўшы каманды Узбекістана, Таджыкістана і Азербайджана. У спаборніцтвах дзяўчат беларускія футбалісткі занялі другое месца, саступіўшы першынство турчанкам.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.