Вы тут

Сергеенка разам з дэпутатамі наведаў месца масавага пахавання ахвяр генацыду


Тое, што недалёка ад Мінска — у лясным масіве ва ўрочышчы Уручча — у гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў вялікай колькасці знішчалі не толькі ваеннапалонных, але і мірных грамадзян, стала вядома адразу пасля вызвалення Беларусі. Аднак рэальны маштаб трагедыі ўдалося ацаніць літаральна нядаўна, калі Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


За тры гады пошукавых работ у лясным масіве выяўлены 11 ям-магіл з астанкамі, якія належалі ваеннапалонным і цывільным грамадзянам — пераважна дзецям і жанчынам. Работы па ўстанаўленні астатніх брацкіх пахаванняў працягваюцца. Па папярэдніх падліках супрацоўнікаў Генпракуратуры, у лясным масіве ўрочышча Уручча вечным сном спіць каля 100 тысяч чалавек.

У Хатыні — 288 сясцёр. І гэта пакуль не канчаткова

Генеральны пракурор Андрэй Швед расказаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Па яго словах, на цяперашні момант устаноўлена, што лёс Хатыні раздзялілі 288 беларускіх вёсак. Па апошніх звестках, 12 346 населеных пунктаў было знішчана поўнасцю або часткова. І гэта яшчэ не канчатковыя лічбы.

Устанаўліваць факты генацыду беларускага народа дапамагаюць архіўныя дакументы, у тым ліку тыя, якія захоўваюцца ў Расійскай Федэрацыі, паказанні сведак і відавочцаў трагічных падзей. За тры гады, што праводзіцца расследаванне, дапытана і апытана звыш 18 тысяч чалавек, у тым ліку восем тысяч былых вязняў канцлагераў. 

Раскрываючы падрабязнасці трагедыі, якая адбылася ў лясным масіве ўрочышча Уручча, генпракурор паведаміў, што за перыяд пошукавых работ ідэнтыфікаваны тры чырвонаармейцы: грамадзяне Беларусі, Расіі і Узбекістана. Астатнія знойдзеныя медальёны, як гэта часта бывае, не запоўнены. Па спадарожных знаходках, знойдзеных у ямах-магілах, удалося ўстанавіць, што сярод забітых — нямала мірных жыхароў. Усе прадметы, знойдзеныя ў лясным масіве, а таксама ў іншых месцах знішчэння людзей у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, прызнаюцца рэчавымі доказамі і перадаюцца на захоўванне ў музеі краіны — як рэспубліканскага, так і раённага значэння. Астанкі ахвяр генацыду перазахоўваюць ва ўрачыстай абстаноўцы з прыцягненнем духавенства і моладзі.

«Самае страшнае і жудаснае — гэта чалавечыя ахвяры»

Як падзяліўся ў размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка, калі пабываеш на месцы масавага забойства нашых суайчыннікаў у грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны, апаноўваюць складаныя пачуцці. «Боль, спачуванне, з аднаго боку, і нянавісць да тых нелюдзяў, якія гэта рабілі, — удакладніў ён. — З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны фашысцкай Германіяй праводзілася скаардынаваная халаднакроўная палітыка генацыду беларускага народа ва ўсіх яе формах, самых розных формах. Гэта і лагеры смерці, гета, правядзенне карных аперацый, сагнанне нашых грамадзян на прымусовыя работы ў Германію, знішчэнне гарадоў, сёл. Рашэннем урада Савецкага Саюза ў 1942 годзе была створана Надзвычайная дзяржаўная камісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў фашыстаў, вызначэнні шкоды. Яшчэ ішла вайна, а мы ўжо тады думалі, па-першае, аб Перамозе і, па-другое, аб тым, як задакументаваць усе факты, злачынствы на тэрыторыі Савецкага Саюза».

Такія ж камісіі, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, затым былі створаны і ў іншых рэспубліках савецкай краіны, у тым ліку ў БССР. «Вынікі леглі ў аснову абвінавачанняў не толькі вярхоў нацыстаў на Нюрнбергскім працэсе, але і ў цэлым асуджэння нацызму, — нагадаў Ігар Сергеенка. — Фактычна да канца саракавых гадоў гэтая праца была завершана, але ініцыяванае пракуратурай расследаванне крымінальнай справы выкрывае новыя факты масавага забойства нашых суайчыннікаў».

Прыводзячы даныя Генеральнай пракуратуры, Старшыня Палаты прадстаўнікоў акцэнтаваў увагу на тым, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь загінула каля 3 мільёнаў мірных жыхароў і ваеннапалонных, якія знаходзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. «Лёс Хатыні падзяліла 288 вёсак, у некаторыя гады лічылася значна менш, — падкрэсліў ён. — Фактычна ў кожнай вобласці ёсць свая Хатынь: Ала — у Гомельскай, Шунеўка — у Віцебскай, Боркі — у Магілёўскай... Я ўжо не кажу пра тыя лагеры смерці, якія знаходзяцца недалёка ад гэтага месца: Трасцянец пад Мінскам, Масюкоўшчына („Шталаг-352“) і іншыя. Прыкладна 380 тысяч нашых суайчыннікаў былі сагнаны на прымусовыя работы ў Германію. Многія з іх не вярнуліся, загінулі там. Многія страцілі здароўе, вярнуўшыся дадому, аднаўлялі народную гаспадарку».

Кажучы аб эканамічнай шкодзе, якая была нанесена Беларусі акупантамі, Ігар Сергеенка канстатаваў, што было разбурана 209 гарадоў, звыш 11 тысяч сёл і вёсак. «Разбураны прамысловы патэнцыял, сельская гаспадарка, — дадаў спікер. — Па выніках работы Надзвычайнай камісіі была ўстаноўлена лічба — 75 мільярдаў рублёў. Гэта ў цэнах 1941 года, што складала 35 бюджэтаў Беларускай ССР 1940-га, даваеннага, года. Каласальная шкода, якая практычна на 30 гадоў адкінула нашу краіну ў сваім эканамічным развіцці. Але самае страшнае і жудаснае — гэта чалавечыя ахвяры. Гэта забойствы бязвінных, бяззбройных людзей не на полі бою, а вось так — холадна, калі людзей прывозілі сюды і забівалі мэтанакіравана. Проста складана нават падабраць словы, як гэта можна ацаніць і як гэта можна ахарактарызаваць».

Як паведаміў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, расследаванне, распачатае Генеральнай пракуратурай, дазваляе ўстанавіць усе факты масавага забойства нашых грамадзян, пахаванні, дадатковыя факты праз вывучэнне дакументаў і апытанні сведак, якія яшчэ жывыя і ўсё памятаюць. «Зразумела, што, устанаўліваючы факты генацыду беларускага народа, мы асуджаем фашызм ва ўсіх яго праявах, — падкрэсліў ён. — Мы асуджаем і даводзім гэтую інфармацыю да сусветнай грамадскасці, выкрываем новыя факты. Але, напэўна, немалаважным з’яўляецца і тое, што нашы людзі, асабліва маладое пакаленне, якое вырасла ўжо ў такой спакойнай, міралюбівай абстаноўцы, павінна бачыць, ведаць і на такіх прыкладах, і на мастацкіх фільмах, і ў нашай дакументальнай літаратуры, што гэта было, што гэта рабілі, здавалася б, нармальныя людзі. Нармальныя людзі забівалі сотнямі, тысячамі, мільёнамі людзей. Усё гэта складана ўспрымаць нармальнаму чалавеку».

Ігар Сергеенка лічыць, што ў Беларусі прыняты ўсе меры для таго, каб тыя падзеі ніколі не былі сцёртыя з памяці народа. «Пачынаючы з таго, што пытанні захавання гістарычнай праўды, нашай гістарычнай памяці, адлюстраваны ў абноўленай Канстытуцыі, якая прынята на рэферэндуме, — канкрэтызаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Распрацаваны і прыняты ў 2022 годзе Закон „Аб генацыдзе беларускага народа“. Таму ўсе прававыя нормы, якія рэгулююць пытанні ў гэтай сферы і ў адпаведнасці з якімі мы можам ацаніць тыя ці іншыя дзеянні на прадмет стаўлення да генацыду, прыняты. Трэба іх толькі выконваць, прытрымлівацца».

«Нам не пакідалі нават шанцу на адраджэнне»

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалая Бузіна, тым, хто сумняваецца ў неабходнасці правядзення Генеральнай пракуратурай расследавання аб генацыдзе беларускага народа, неабходна прыйсці на гэтае месца. «І яны адразу зразумеюць, што нам рыхтавалі, што перажыла наша краіна, што перажылі нашы людзі, наш народ, — адзначыў ён. — Ёсць вельмі добрая фраза — нішто не забыта. У дадзеным выпадку мы не маем права забыцца пра тое, што адбывалася на нашай зямлі. Мы не маем права забыць гэта перад абліччам нашых продкаў, нашага народа, якога, па-руску кажучы, забівалі, знішчалі і сціралі з твару зямлі. Мы тут на свае вочы бачым, што было падрыхтавана для нас „цывілізаваным Захадам“. Мы не можам і не павінны дапусціць гэтага. Мы абавязаны захаваць сваю краіну, свой народ і забяспечыць наша будучае развіццё».

Па меркаванні дэпутата, такія месцы ў першую чаргу павінна наведваць моладзь. «Яна жыве ў добрых умовах, ніколі не бачыла тых нягод, якія перажылі папярэднія пакаленні, — звярнуў увагу Мікалай Бузін. — Па вялікім рахунку, моладзь пачала забываць, што можа быць дрэнна. Менавіта такія месцы — месцы памяці, месцы сілы — дазваляюць адрадзіць памяць, разуменне таго, што для іх захавала папярэдняе пакаленне. Калі гэта ўбачыць, то, напэўна, не забудзеш на ўсё жыццё».

Як падзяліўся дэпутат, больш за ўсё яго ўразіў маштаб таго, што адбывалася на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Тут насамрэч відаць, што нам была падрыхтавана смерць, нам было падрыхтавана знішчэнне, быць рабамі ў сістэме каардынат еўрапейскіх заваёўнікаў, — падкрэсліў ён. — Забівалі нашу будучыню — забівалі дзяцей і жанчын. А гэта аснова любой нацыі, гэта той базіс, які дазваляе адрадзіцца. Нам не пакідалі нават шанцу на адраджэнне. Нас спрабавалі проста сцерці з зямлі».

У знак павагі і памяці аб бязвінна забітых людзях дэпутаты на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў, супрацоўнікі сакратарыята ўсклалі кветкі да брацкай магілы, дзе пахаваны ахвяры генацыду, якіх заўчасна пазбавілі жыцця ў гэтым лясным масіве. У памяць аб іх на 9-м кіламетры маскоўскай шашы ўстаноўлены абеліск.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.