Вы тут

Жыццё занадта кароткае, каб...


Штодня кожны з нас стаіць перад выбарам: прайсці міма паперкі, якая валяецца пад нагамі, альбо падабраць яе і выкінуць у сметніцу; пахваліць мужа за павешаныя паліцы ці пакрытыкаваць за сто недаробленых спраў; купіць сыну шкодныя «чарвячкі» ў краме ці па-добраму і без істэрык пераканаць яго, што лепш з’есці штосьці больш карыснае... Тым больш калі называюцца тыя хімічныя жэлацінкі «Зомбі мозг».


Фота з адкрытых крыніц

Пасля таго як агучыла пяцігадоваму сыну гэтую назву, ён, што мяне вельмі парадавала, тут жа пагадзіўся на больш карысныя мармеладкі па матывах казкі «Рэпка» беларускай вытворчасці. І потым яшчэ цэлы вечар вельмі эмацыянальна расказваў бабулям па тэлефоне, як мама ўратавала яго ад тых «чарвячкоў». Паўтараў як пад капірку мае словы, што трэба хутчэй вучыцца чытаць, каб не стаць зомбі.

На днях прыяцелька ў сваім блогу выклала фота бляшанкі безалкагольнага энергетычнага напою замежнай вытворчасці. Маўляў, калі ўбачыла, падумала, што гэта жарт. Хто будзе ўліваць у сябе вадкасць пад назвай «Пекла» ды яшчэ з выявай чорта? Напэўна, гэта «крэатыўная ўпакоўка» для атруты: прусакоў ці пацукоў знішчаць. Але не. Загугліла, і аказалася, што гэты энергетык — адзін з самых папулярных напояў Еўропы. Ці вось яшчэ касметыка «Дрэнная лялька». Што яна прапагандуе слоганам «Кідай ты, а не цябе!»? «Словы маюць сілу. Не прадавайце і не набывайце зло. Не давайце месца д’яблу. Нясіце святло. Рэкламуйце любоў», — заклікае блогерка сваіх падпісчыкаў.

Зусім нядаўна я адкрыла для сябе мудрага псіхолага Марыну Таргакаву. Дык вось падчас аднаго са сваіх выступленняў яна таксама казала пра сілу слова. «Шчасце чалавека жыве на кончыку яго языка. Як толькі ў доме пасяляюцца злыя словы, то дом пачынае паступова развальвацца». І наадварот.

Ужо некалькі дзён у мяне не выходзіць з галавы гісторыя адной расіянкі. Жанчына ўступіла ў рэгістр донараў касцявога мозгу ў 2020 годзе. Праз год ёй патэлефанавалі і паведамілі, што камусьці патрабуецца яе дапамога. Маўляў, не спяшайцеся, падумайце, парайцеся са сваякамі і потым скажаце, ці гатовы стаць донарам. Карына ж адразу адказала, што няма чаго тут думаць, трэба ратаваць! У выніку яна здала свае клеткі, а незнаёмцы з Магнітагорска правялі перасадку. І вось год таму рэгістр па ўсеагульнай згодзе арганізаваў іх сустрэчу. Я бачыла ў сеціве яе кавалачак. Абдымкі, слёзы радасці... Гэта было вельмі кранальна. Алена раз за разам паўтарала, звяртаючыся да Карыны: «Калі б не вы, мяне б ужо не было. Калі б не вы, я не трапіла б на выпускны дачкі». Гэта гісторыя — прыклад таго, як лёгка можна зрабіць дабро і выратаваць чыёсьці жыццё. Таму хочацца, каб пра яе даведалася як мага большая колькасць людзей. Каб у большай колькасці людзей быў шанц знайсці свайго донара.

Мае сябры, калі ў іх нарадзілася дачка, захавалі яе ствалавыя клеткі ў банку пупавіннай крыві. «Перасадка ствалавых клетак — пастаянная працэдура ў дзіцячым анкацэнтры, і найчасцей гэта адзіны шанц, — тлумачыць свой выбар Таня, якая ў студэнцтве ездзіла ў вядомы пасёлак Бараўляны, што пад Мінскам, у якасці валанцёркі. — У хворага чалавека ўжо нельга ўзяць яго клеткі на перасадку. Тады шукаюць падыходзячы матэрыял сярод сваякоў. Калі не — сярод незнаёмых донараў. У Беларусі ёсць свой рэгістр донараў касцявога мозгу, але ў ім пакуль што мала матэрыялу. База пачне нармальна працаваць, калі ў ёй будзе мінімум сто тысяч чалавек. Тады шанц знайсці донара ў нашай краіне вырасце ў 2-3 разы. У мяне ёсць знаёмыя, якія нарадзілі трэцяе дзіця, калі першаму спатрэбілася перасадка. На шчасце, сястрычка стала падыходзячым донарам для брата. Калі донар не знаходзіцца ў Беларусі, яго шукаюць за мяжой. Але гэта патрабуе часу і каштуе каля 20 тысяч долараў. Стаць донарам ствалавых клетак не так проста, як крыві. Але гэта бяспечна і не шкодна. Дастаткова звярнуцца ў рэгіянальнае аддзяленне пералівання крыві. Яны ёсць у кожным абласным горадзе».

...Мой сын з маленства задае, на першы погляд, недзіцячыя пытанні: «Што такое дабро? Што такое зло?..» Нядаўна запрасіў мяне пагуляць у піратаў. 

І каб я не змагла адмовіцца, папярэдзіў: «Мама, ты не перажывай, дабро, як заўсёды, пераможа!»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.