Вы тут

Чым беларусы займаюцца пасля выхаду на пенсію?


У канцы мінулага года Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі правёў спецыяльнае даследаванне сярод пенсіянераў. Аказалася, што 78,6% пенсіянераў задавальняе іх жыццё, незадаволеных —15%, астатнія 6,4% удзельнікаў апытання не змаглі дакладна ацаніць сваё становішча. Але што за гэтымі лічбамі? Вось некалькі гісторый з жыцця нашых пенсіянераў.


Нармальна, калі ты запатрабаваны

— Выхад на пенсію адбыўся праз паўгода пасля смерці жонкі. Прыехаў на лецішча. Там суседкі папрасілі траву пакасіць, дрэвы спілаваць, і я раптам зразумеў, што мне гэта падабаецца. Агідна было толькі, калі адна з жанчын сказала: «Вы — удавец, я — удава, нам трэба трымацца разам». Я любіў сваю жонку, у мяне цудоўныя дзеці і ўнукі, таму я не хачу трымацца за чужую цётку, — дзеліцца Валянцін Сяргеевіч. — Аформіў самазанятасць і пачаў ездзіць па чужых садаводчых таварыствах. Узімку таксама хапае работы: каму — палічку замацаваць, каму — мэблю адрамантаваць. Гэта ў асноўным пажылыя людзі замаўляюць, і нам усім камфортна.

Працую не дзеля грошай — на маю пенсію можна жыць, ёсць нейкі запас, дзеці добра зарабляюць. Мабыць, нашае пакаленне так выхавана, што нармальна мы сябе адчуваем, толькі калі запатрабаваныя. Паўтаруся, у мяне выдатныя адносіны з дзецьмі, а ўнукі ўвогуле мае сябры. Але ж час нашых зносін хочаш не хочаш, а дазіраваны, таму што ў іх работа, вучоба.

Праз паўтара года мне прапанавалі вярнуцца на работу, праўда, не вядучым інжынерам, а звычайным. Не хачу: там змянілася пакаленне. Мы, выхаваныя камсамолам, думалі, як лепш і больш рацыянальна выканаць работу. Цяперашнія думаюць, як лепш сябе прэзентаваць. І потым не хачу адчуваць дыскрымінацыю з-за ўзросту. Мне быў 61 год, калі маладыя калегі мяне і маіх таварышаў абазвалі «антыкварыятам». Бо мы ў свой час, маўляў, не слухалі добрай музыкі, не мелі прыстойнага адзення і чыталі толькі газету «Правда». Адказаў ім: «Гэта наша пакаленне слухала „Бітлз“, насіла першыя джынсы ў СССР і, акрамя газеты „Правда“, захаплялася сапраўднай літаратурай».

Ды і ўвогуле, мне здаецца, аптымальны варыянт працаваць на пенсіі ў тым выпадку, калі хочаш, і столькі, колькі можаш, бо засталіся яшчэ непрачытаныя кнігі, адкладзеныя на потым мары.

Адразу вырашылі: ніякага агарода

— Прызнаюся, лічыла дні да пенсіі — я швачка, таму назапасіліся праблемы з пазваночнікам, шыяй. Але на вытворчасць моладзь ісці не хоча, таму мяне папрасілі яшчэ папрацаваць, прапанавалі лягчэйшае месца. Атрымалася, што я пайшла на пенсію ў 57 гадоў, муж у 60, паспелі да рэформы, — распавядае Галіна Пятроўна. — Да гэтага часу ў нас два гады як было набыта лецішча, але пакуль працавалі, мала што там паспявалі. А на пенсіі муж з сынам і зяцем пачалі рэканструяваць дамок, а я ўсялякім рукадзеллем занялася: чахлы, фіранкі. Адразу вырашылі: ніякага агарода. У нашых бацькоў не было ні кветачкі, ні ягадкі — усё бульба і іншая агародніна. А я развяла кветнік, на дзвюх градках — клубніцы і зеляніна. Зімой ездзілі ў санаторый, у вольны час дапамагалі дзецям па гаспадарцы. Так прайшло тры гады. А аднойчы муж прылёг днём і не прачнуўся: сэрца адмовіла.

Пахавала свайго Васіля... Праз дзень ездзіла на могілкі. Дом закінула. Прыязджалі дзеці, прывозілі ежу, проста прымушалі паесці. Не ведалі, як мяне з дэпрэсіі выцягнуць... А потым прыехала свацця, якая таксама ўжо ўдава. Раскамандавалася: уставай, давай у кватэры прыбяром! На стрыжку мяне запісала. Увогуле, добра мяне страсянула. А там прыйшоў час і на лецішча ехаць. Так сезон неяк пражыла.

У горадзе пайшла ў басейн, бачу — аб’ява: патрабуецца гардэробшчыца. Я адразу і ўладкавалася. Разумела, што сярод людзей мне будзе лягчэй. На наступны год ужо такой вакансіі для мяне не было. Усю восень не ведала, куды сябе падзець. Патэлефанавала прыяцельцы, разгаварыліся, паскардзілася, як дрэнна без работы. Яна і кажа: маўляў, ёсць вакансія заўгаса ў фірме яе сына, але работы і грошай няшмат. Я ж ніколі нікім не камандавала, а тут у штаце дзве прыбіральшчыцы — вельмі, ведаеце, няпросты кантынгент. Але ўсё наладзілася. І галоўнае, што работа падабаецца! Хачу яшчэ хоць бы гадоў пяць папрацаваць. Для мяне прыклад — жанчына з нашай бухгалтэрыі, ёй 74 гады, а як імгненна ўсё схоплівае, як элегантна выглядае!

Не скажу, што сціх боль па страце мужа, але калі працуеш, то трымаеш сябе ў тонусе: і ў цырульню своечасова сходзіш, і абноўку купіш. Знаходзішся сярод людзей, жывеш сённяшнім днём. Таму магу падтрымаць размову з унукамі, а яны ганарацца, што бабуля ў іх сучасная.

Тэлевізар і ў халаце можна паглядзець

— Я літаральна ўскочыла ў апошні вагон і паспела выйсці на пенсію ў 55 гадоў, — кажа Ала Віктараўна. — Памятаю, у 35-ы дзень нараджэння падумала: як жа я стамілася — шэсць дзён на тыдзень уставаць у шэсць раніцы, збіраць дачку ў школу, гатаваць сняданак, рабіць прычоску, макіяж — і на работу. І тады я сабе сказала: ні дня на пенсіі не буду працаваць. Праўда, у 36 нарадзіла другую дачку, дык хоць у «дэкрэце» адпачнула, старэйшай ужо было 10 гадоў, дапамагала мне з малой.

І вось ужо сем гадоў атрымліваю асалоду ад пенсіі, калі што, магу і два дні хадзіць па кватэры ў начной сарочцы і халаце. Шкада, што муж чатыры гады як памёр, бо ў 46 гадоў у яго знайшлі анкалогію. Галоўнае, што адчуваў сябе нармальна, пражыў пасля лячэння 13 гадоў. Старэйшая дачка прапаноўвала ехаць лячыцца за мяжу, але ж і нашы дактары выдатна ўмеюць лячыць. Ды яшчэ і бясплатна, а там гэта шалёных грошай каштуе.

Сама дачка выйшла замуж за італьянца. Я ёй казала: «Дурніца, куды ты едзеш, ты хоць ведаеш, што ў Еўропе пенсія амаль усюды з 67 гадоў?» Яна толькі смяялася. Гэты яе італьянец ужо ў трох краінах паспеў папрацаваць, і яна з дзецьмі ездзіць за ім. Дачка ў турызме працуе, вядзе экскурсіі для рускамоўных. Двое дзяцей у яе, але ж унукі не пры мне растуць.

Малодшая дачка да іх ездзіла і сказала: каб там жыць на такім узроўні, як мы тут, дык працаваць трэба ў два разы больш. Жыву ў трохпакаёвай кватэры, аднапакаёвая ад маёй бяздзетнай сястры мне дасталася, я яе кватарантам здаю. Ёсць лецішча. Машыну мужа я аддала малодшай дачцэ. Яна жыве ў кватэры бацькоў мужа. А кватэра маіх бацькоў дасталася старэйшай, дык яна яе прадала. І добра б было, каб купіла жыллё ў сваёй Італіі. Дык ім больш выгадна арандаваць і не прывязвацца да месца.

Карацей, цудоўнае жыццё: грошай хапае, ды і не трэба іх шмат на пенсіі. Тэлевізар і ў халаце можна паглядзець, а кватэру прыбраць у трэніках.

Гляджу на сваіх суседзяў, якія таксама пенсіянеры. Адна пара запрашае адно аднаго ў рэстаран на абед у дзень атрымання пенсіі. Другая пара ходзіць здымаць у банк крыху наяўных і таксама адзначаюць гэта ў кавярні. Дома ўсё купляюць праз інтэрнэт. Мне кажуць: асвойвай камп’ютар — будзеш глядзець не тое кіно, якое паказваюць, а тое, якое хочаш. А прыбіраюцца як! Жанчыне 67 гадоў, а яна купляе сумку праз плячо, як у падлетка. Па санаторыях ездзяць, у тэатры ходзяць — ніяк не супакояцца. А я супакоілася і жыву ў сваё задавальненне, як і належыць на пенсіі.

Вандроўкі — гэта не пра грошы, а пра жаданне рухацца

— А ведаеце, мы сябе больш-менш упэўнена фінансава адчулі бліжэй да 50. Сын ужо быў самастойным і добра зарабляў, дачка вучылася ў ВНУ на бюджэце. Нам хацелася б працаваць і на пенсіі, але на нашых прадпрыемствах такі прывілей ёсць у рабочых, а персанал завода ўпраўленняў актыўна амалоджваецца, — кажа Ядвіга Казіміраўна. — На пенсіі я працую казначэем у сваім СТ. А цяпер, калі змянілася дачнае заканадаўства, мяне запрасілі на гэту пасаду і ў суседняе таварыства. Зарплаты там невялікія, але галоўнае, што галава працуе. Заўсёды кажу равесніцам: загружайце мозг — не хочаце працаваць, дык хоць прыгатуйце пірог па новым рэцэпце.

З выхадам на пенсію сын пачаў актыўна запрашаць нас у замежныя паездкі. Потым мы і самі навучыліся атрымліваць візы, праз інтэрнэт браніраваць жыллё і купляць білеты. Ковід паставіў кропку на такіх вандроўках. Тады мы сталі шмат ездзіць па Беларусі. З аднаго боку, сорамна, што не рабілі гэта раней, з другога — цяпер вельмі камфортна дабірацца ў абласныя цэнтры электрычкамі бізнес-класа. Наша суседка ўсё ные, маўляў, беларускія пенсіянеры такія бедныя, што не могуць падарожнічаць. Але я вам скажу, што вандроўкі — гэта не пра грошы, а пра здольнасць і жаданне рухацца. Я прапанавала ёй: а паехалі на нашай машыне хоць бы ў Першы нацыянальны гандлёвы цэнтр. Дык яна ў адказ: гэта ж сабрацца трэба! Раім ёй: занясі дакументы ў раённую адміністрацыю, каб атрымаць ільготную пуцёўку ў санаторый, — ну дык у яе адзення «на выхад» няма.

Мы з жонкай аналізавалі, чаму мала ездзілі адпачываць у маладосці. І ўспомнілі: купіць білеты — патрэбны сувязі, гасцініцы недаступныя, шукаеш праз знаёмых пакой у прыватнікаў, — падтрымлівае гутарку Антон Браніслававіч. — А вось нашу дачку некалькі гадоў таму размеркавалі працаваць у райцэнтр. Мы перажывалі, як яна там уладкуецца. А ёй далі прыстойнае жыллё, сам райцэнтр вельмі добраўпарадкаваны. Мне нават стала сорамна, што я жыў уяўленнямі 80-х гадоў, калі ездзіў у камандзіроўкі. Дачка сустрэла добрага хлопца, выйшла замуж. У сватоў вялікі сучасны дом, усім хапае месца, мы любім ездзіць у госці да іх.

Выйшаўшы на пенсію, шукаў работу. Нідзе нічога, акрамя вартаўніка. А потым запрасілі на работу, якая адпаведае майму досведу. Праўда, толькі палова стаўкі была, дык і добра: больш вольнага часу. Пра грошы я неяк заікнуўся, маўляў, трэба сабраць на пахаванне, дык сын сказаў: «Па-першае, жывіце доўга, грошы вашы няхай ідуць на задавальненні, а па-другое, што будзе потым — наш клопат».

Мы з жонкай актыўна карыстаемся інтэрнетам. Ён значна палягчае жыццё: ад заказу талончыка ў паліклініку да дастаўкі тавараў на лецішча. Узялі праз Нацыянальную бібліятэку электронныя абанементы і шмат чытаем. Мы, мусіць, сварыліся б з-за ноўтбука, але сын падарыў кожнаму па планшэце.

Мне здаецца, пенсія — выдатны час. У цябе ёсць гарантаваная сума, а працаваць ты можаш дзеля задавальнення, што падаўжае жыццё і павышае яго якасць. Таму нам цікава жыць, спадзяемся дачакацца праўнукаў. Так што, старайцеся трымацца далей ад гультаёў і песімістаў, якія паставілі крыж на сваім жыцці, атрымаўшы пенсіённае пасведчанне.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пенсіённы ўзрост — выдатны час

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Як развіваецца гастратурызм у Беларусі?

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.