Вы тут

Таццяна Бязрукава: Трэба часцей казаць дзецям, што мы іх любім!


Таццяна Бязрукава — начальнік паштовага аддзялення № 88 горада Мінска. Жанчыне, між тым, выдатна ўдаецца сумяшчаць кар’еру і сямейнае жыццё. Яны з мужам выхоўваюць чацвярых дзяцей!


Не сакрэт, што работнікі пошты — людзі эрудзіраваныя. Пры гэтым было асабліва прыемна, што Таццяна добра ведае і нашу газету, і ўсе дадаткі да яе. Вось як яна гэта тлумачыць:

— Ёсць людзі, якія выпісваюць «Звязду» ў трэцім пакаленні. А ёсць тыя, якія просяць нас парэкамендаваць выданне. Напрыклад, чалавек гаворыць, што яму цікавыя і навіны, і карысная практычная інфармацыя, і нешта для душы. Тады я рэкамендую «Звязду», таму што ўсё гэта ёсць у газеце. Або яшчэ прыклад. Прыходзіць маладая пенсіянерка і расказвае, што калісьці яе маці была падпісчыцай часопіса «Работніца і сялянка», і яна таксама хоча яго выпісаць. Тлумачу, што цяпер часопіс называецца «Алеся» і выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда». Вось так і працуем.

— Ведаю, што вы — паштовы работнік у другім пакаленні. Ваша мама працавала на пошце, і вы бачылі, напрыклад, што рабочы дзень паштальёна пачынаецца вельмі рана. Вас гэта не бянтэжыла?

— Мая мама працавала паштальёнам, і, сапраўды, рабочы дзень у яе пачынаўся рана, але і вярталася яна з работы амаль у той жа час, што і мы з сястрой са школы. Таму ў нас быў смачны хатні абед, і, калі трэба, мама дапамагала з урокамі. Заўсёды была магчымасць усім разам павячэраць, паразмаўляць. Мы вельмі любілі сямейныя прагулкі ў парку і паходы ў кіно.

Для многіх людзей паштальён — гэта доўгачаканы госць, якога сустракаюць як роднага чалавека. Мая мама для іх была нібы блізкі сваяк, бо паштальёну і душу адкрываюць, і сямейнымі праблемамі або радасцямі дзеляцца.

У нашай сферы, калі чалавек добра працуе, то мае магчымасць кар’ернага росту. Вось і маю маму як аднаго з найлепшых паштальёнаў перавялі на пасаду аператара па дастаўцы. Ёй падабалася гэтая работа, якая мае на ўвазе шмат зносін з людзьмі.

Для мяне выбар прафесіі быў відавочны: пошта! Скончыла Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання па спецыяльнасці «паштовая дзейнасць» і ў 2007 годзе прыйшла працаваць аператарам сувязі. Праз тры гады была пераведзена на пасаду начальніка аддзялення сувязі. Мама мной вельмі ганарылася.

— А з мужам вы пазнаёміліся, калі ўжо былі начальнікам аддзялення сувязі?

— Не, тады была яшчэ проста аператарам. У нас зусім не рамантычная гісторыя знаёмства: трэба было перадаць сяброўцы рэчы, і вось свайго роду кур’ерам аказаўся мой будучы муж. Атрымалася, што мы некалькі разоў сустракаліся з такой нагоды, і аднойчы Алег прапанаваў прагуляцца. Мы размаўлялі пра ўсё, што нам было цікава, і аказалася, што ў нас шмат агульнага. А сяброўка, дарэчы, была сведкай на нашым вяселлі.

Таму, калі дзяўчаты кудысьці спецыяльна збіраюцца, прыбіраюцца ў надзеі пазнаёміцца з хлопцам, я кажу: лёс не выбірае той момант, калі вы будзеце ў самай прыгожай сукенцы.

— Колькі доўжыўся перыяд заляцанняў?

— Месяц, а потым мы вырашылі паспрабаваць разам жыць. Нам спадабалася, праз тры месяцы падалі заяву ў ЗАГС. Вяселле адбылося праз паўгода пасля знаёмства.

— Як у вас усё хутка! Бывае, што пары спрабуюць разам жыць некалькі гадоў і ў ЗАГС не спяшаюцца…

— Маё меркаванне, што калі людзі жывуць разам тры месяцы, паўгода, няхай год, а потым ужо і юрыдычна ствараюць сям’ю — гэта нармальна. Нездарма ж гавораць аб сямейнай лодцы, якая разбіваецца аб побыт. У пары могуць быць гарачыя пачуцці, каханне, а вось у побыце ўжыцца людзі не могуць — і як тут ствараць сям’ю? Таму прыцерціся адно да аднаго, пакуль няма агульнай маёмасці і дзяцей, — гэта разумна. Але я не пагадзілася б так жыць больш чым год. Мне здаецца, калі людзі проста разам жывуць некалькі гадоў, то альбо нехта адзін спадзяецца на сустрэчу, скажам так, з больш прыдатным партнёрам, альбо абодва ўсё яшчэ ў пошуку.

— Перад тым як звязаць сябе шлюбам, абмяркоўвалі з Алегам нейкія бытавыя пытанні — хто будзе гатаваць, хто прыбіраць, і найважнейшае: калі і колькі плануеце мець дзяцей?

— З побытавымі пытаннямі неяк адразу ўсё добра склалася: мы ці разам рабілі, ці дамаўляліся, як размяркуем справы. Так і дагэтуль. Цяпер ужо і дзеці дапамагаюць. Мы імкнёмся хутчэй парабіць усе хатнія справы, каб было больш вольнага часу. Мы любім сямейныя паходы ў кінатэатры, забаўляльныя цэнтры і адпачынак на прыродзе.

Вядома, мы абмяркоўвалі і тэму дзяцей. Дакладна не збіраліся спыняцца на адным дзіцяці. Нам здавалася, што аптымальны варыянт — двое. У мяне і ў мужа ёсць сёстры, таму калі двое дзяцей у сям’і — нам абсалютна зразумелая гісторыя. Не думалі і не планавалі, што ў нас будзе чацвёра дзяцей. Але цяпер мы рады, што яны ў нас ёсць, і не ўяўляем свайго жыцця без кожнага з іх.

— Як муж успрыняў ваша павышэнне? Ці не было асцярог, што вы больш часу будзеце праводзіць на рабоце?

— Муж ганарыўся! І я гэтак жа рэагую на яго поспехі. А што датычыцца часу, то добры спецыяліст усё паспявае ў рабочы час. Калі чалавеку не хапае рабочага дня, то ў мяне да яго два пытанні. Па-першае, чым ён усё ж такі займаецца ў рабочы час? Па-другое, ці мае ён дастатковую кваліфікацыю і ўменне арганізаваць свой рабочы дзень?

— Дарэчы аб кваліфікацыі. Праўда, што прафесію паштавіка можна атрымаць праз навучанне на рабочым месцы?

— Так, гэта праўда. Да нас прыходзяць, як правіла, людзі, якія ўжо недзе папрацавалі. Многія з іх параўноўваюць і адзначаюць тыя перавагі, да якіх мы прывыклі і якія не заўважаем. Хтосьці задаволены рэальным заробкам, іншы цэніць сацпакет і спецадзенне.

— Нярэдка жанчыны з паспяховай кар’ерай баяцца рабіць перапынак у рабоце: маўляў, калегі акажуцца наперадзе. У вас, падобна, такіх асцярог не было?

— Я не баялася. Да таго ж са старэйшымі дзецьмі ў мяне была магчымасць выйсці з дэкрэтнага водпуску, калі ім спаўнялася два гады. Безумоўна, і за два гады шмат чаго змяняецца на рабоце, але ў мяне атрымлівалася хутка засвоіць усе навацыі. Ведаеце, я не саромелася задаваць пытанні калегам і нават вучыцца ў іх пасля вяртання. У нас добры калектыў, ёсць узаемавыручка. 

Калі трэба, я таксама выходжу ў залу і выконваю работу аператара ці бяру сумку і дастаўляю карэспандэнцыю.

— У нашым грамадстве перыядычна ўзнікае дыскусія аб тым, ці не скараціць водпуск па доглядзе за дзіцем. А што пра гэта думаеце вы як дасведчаная маці?

— Адказ на на гэтае пытанне трэба шукаць не з пункту гледжання, што хоча мама, а як лепш для дзіцяці. Думаю, што тры гады вырашылі спецыялісты, і зусім недарэмна. Да трох гадоў фарміруецца характар дзіцяці. І калі ёсць праблемы, то іх павінны вырашаць бацькі, маці ў першую чаргу. Як дзіця развіта да двух гадоў, што ў яго са здароўем? Уладкаваць у ясельную групу ці нехта з родных можа дапамагчы? Запрасіць няню? Пераканана, што дзейнічаць трэба найперш у інтарэсах дзіцяці.

— Паміж вашымі дзецьмі прыкметная розніца ва ўзросце. Вы неяк рыхтавалі старэйшых да з’яўлення сястрычкі?

— Вядома, і мы рабілі гэта паступова. Разважалі, напрыклад, як выдатна, што ёсць сёстры і браты. І калі сказалі дзецям, што будзе яшчэ адно дзіця, яны ўспрынялі гэта радасна і чакалі паяўлення сястрычкі. Мне здаецца, нельга ставіць іх перад фактам у апошні момант, калі ўсё зразумела па постаці мамы.

— А як зрабіць так, каб кожнаму з чацвярых дзяцей было камфортна ў сям’і? Каб яны не адчувалі рэўнасці і нездаровай канкурэнцыі?

— Трэба ўдзяляць увагу кожнаму дзіцяці. Мы заўсёды шчыра цікавімся, што адбылося ў дзяцей у школе, з кім яны сябруюць, што глядзяць у гаджэтах. Мы імкнёмся залучаць дзяцей ва ўсе хатнія справы, каб у іх было адчуванне адной каманды, у якой важны кожны гулец. Мы маем шмат зносін, прамаўляем літаральна ўсё — так фарміруецца давер. Для нас важна, што калі ў дзяцей у любы перыяд іх жыцця ўзнікне нейкая праблема, то першыя, хто пра гэта даведаецца, будзем мы. І самае галоўнае, не трэба саромецца казаць дзецям, што мы іх любім!

— Ці праўда, што цяжка толькі з першынцам, а чым больш дзяцей, тым лягчэй іх гадаваць?

Нам якраз не было цяжка з першым дзіцем. Магчыма таму, што Алег — вельмі актыўны тата. Хутчэй, нам было цікава. Са з’яўленнем малодшых дзяцей было не столькі лягчэй, колькі мы разумелі, як усё адбываецца. Не так важна, двое дзяцей ці чацвёра, выхоўваць іх у любым выпадку няпроста, але вельмі цікава. І гэта такая работа, калі канчатковы вынік бачыш праз шмат гадоў.

— Як ні круці, але чацвёра дзяцей — гэта вялікія выдаткі. Ці задаволены вы сваім заробкам і сацпакетам на пошце?

— Так, цалкам задаволеная. Муж таксама добра зарабляе, таму дзеці ўсім забяспечаны.

— Як вы дамаўляецеся з мужам аб размеркаванні грошай, прасцей кажучы, хто галоўны бухгалтар у сям’і?

— Гэтая місія ўскладзена на мяне. Мы лічым: больш рацыянальна, калі грошы ў адных руках. Вядома, буйныя пакупкі абмяркоўваем, плануем, шукаем выгадныя варыянты, старэйшыя дзеці таксама ў гэтым удзельнічаюць.

— З якога ўзросту дзеці атрымліваюць кішэнныя грошы? Ці абмяркоўваеце, як іх лепш выдаткаваць?

— Кішэнныя грошы мы пачалі ім выдаваць гадоў з шасці-сямі. Лічым, што чым раней у іх будуць грошы, тым хутчэй яны навучацца рацыянальна імі распараджацца. Вядома, спрабую ненадакучліва абмяркоўваць з дзецьмі, як яны жадаюць іх выдаткаваць, вучымся вызначаць прыярытэты.

— Ці аказваюць падтрымку шматдзетным сем’ям на «Белпошце»?

Наогул у нас у пашане ўсе сем’і: дзеці атрымліваюць падарункі, мам віншуюць са святамі. А для шматдзетных гэтая ўвага павялічваецца. «Белпошта» сумесна з пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй прадпрыемства кожны год праводзіць дабрачынную акцыю «У школу разам з РУП «Белпошта»: шматдзетным сем’ям аказваецца матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да пачатку навучальнага года. Штогод напярэдадні навагодніх і калядных свят праходзіць дабрачынная акцыя «Прафсаюзы — дзецям», падчас якой дзяцей з вялікіх сем’яў запрашаюць на ранішнікі, дораць білеты на навагоднія прадстаўленні. Тады ж прадстаўнікі прафсаюзнай арганізацыі разам з казачнымі персанажамі наведваюць шматдзетныя сем’і дома і дораць салодкія падарункі.

А яшчэ нашы дзеці могуць летам правесці па дзве змены ў ведамасным аздараўленчым лагеры «Дружба», які знаходзіцца ў экалагічна чыстай лакацыі — у Астрашыцкім Гарадку.

— Як ваша сям’я любіць праводзіць водпуск?

— Гэта вельмі дакладнае пытанне. Менавіта сям’я. У нас ні разу нават не ўзнікла думкі правесці водпуск асобна ад дзяцей. Нам падабаецца адпачываць у санаторыях, гэта атрымліваецца даступна з улікам ільгот для членаў прафсаюза. Дзецям асабліва спадабаўся адпачынак на моры. Таму, калі малодшае дзіця крыху падрасце, зноў куды-небудзь з’ездзім.

— Ці бывае вольны час у мамы чацвярых дзяцей? Чаму вы яго прысвячаеце?

— Не магу сказаць, што ў мяне няма ні хвіліны вольнага часу. Калі ён з’яўляецца, займаюся выпечкай. Для мяне важна, каб было не толькі смачна, але і прыгожа. Можна сказаць, што ўпрыгожванне тартоў і пірожных — маё хобі.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з архіва Таццяны БЯЗРУКАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».