Вы тут

Бружмель ядомы мае багаты мінеральны склад


Бружмель ядомы — папулярны куст з неверагодна смачнымі і карыснымі пладамі, якія спеюць у пачатку чэрвеня. Ягады бружмелю ўтрымліваюць у чатыры разы больш антыаксідантаў, чым чарніцы, а па колькасці вітаміну С не саступаюць нават лімону.


Ягады бружмелю — гэта сапраўдная скарбніца антыаксідантаў: вітаміну С, каратыну, тыяміну, рыбафлавіну, фоліевай кіслаты і біялагічна актыўных поліфенолаў. Таксама ў невялікай колькасці ў спелых ягадах утрымліваюцца вітаміны В1, В2, В9 і правітамін А.

Багаты мінеральны склад бружмелю. Напрыклад, утрыманне калію ў ім большае, чым у іншых ягадных культурах. Ягады бружмелю ўтрымліваюць жалеза, натрый, фосфар, магній, кальцый, а таксама такія мікраэлементы, як медзь, крэмній, алюміній, стронцый, барый, ёд, марганец.

Сярод садаводаў-аматараў бружмель стаў папулярным дзякуючы сваёй зімаўстойлівасці і ранняму паспяванню. Бружмель пладаносіць на 1-2 тыдні раней клубніц, дзякуючы чаму гэта ягада становіцца першай крыніцай вітамінаў з уласнага саду.

Бружмель лёгка размнажаецца насеннем і зялёнымі чаранкамі, адводкамі, дае параснік ад пня.

Зялёнае чаранкаванне лічыцца найбольш эфектыўным спосабам размнажэння бружмелю. Час нарэзкі зялёных чаранкоў бружмелю сіняга супадае са з’яўленнем зялёных пладоў. Парасткі гатовыя для чаранкавання, калі яны пры згінанні не гнуцца, а пераломваюцца з характэрным храбусценнем.

Калі нарыхтоўваць чаранкі бружмелю сіняга ў перыяд актыўнага росту, да з’яўлення зялёных пладоў, то прыжывальнасць чаранкоў складзе менш за 45–60%, бо ў гэты перыяд парасткі яшчэ не саспелі і загніюць у перыяд укаранення з-за высокай вільготнасці.

Калі нарэзку пачаць пазней — у канцы ліпеня, то прыжывальнасць будзе вышэйшая, але чаранкі не паспеюць падрыхтавацца да зімовага перыяду.

Нарэзку чаранкоў праводзяць раніцай, калі яшчэ няма моцнай спякоты, ці ў прахалоднае надвор’е. Спачатку зразаюць на кусце моцныя зялёныя парасткі бягучага года. Зялёныя чаранкі нарыхтоўваюць з сярэдняй часткі парасткаў, пажадана з двума вузламі (дзве пары лісця) і адным міжвузеллем. Аптымальная даўжыня чаранка — ад 7 да 12 см, дыяметр — 0,4-0,5 см. Калі парастак мае кароткія міжвузеллі, то бярэцца чаранок з трыма вузламі.

Верхні зрэз чаранка робяць прамым, адступіўшы ад пупышак на 1-1,5 см, а ніжні зрэз звычайна касы (вугал нахілу 45 °). Лісты з ніжніх вузлоў цалкам зразаюць, а з верхніх вузлоў абразаюць больш чым напалову.

Добра ўкараняюцца чаранкі з пяткай, якія атрымліваюцца пры адломванні ніжняй часткі парасткаў ад леташняй галінкі. Так нарыхтоўваюць скарочаныя парасткі. Верхавіны парасткаў таксама здольны ўкараняцца.

Пасадка чаранкоў. Нарэзаныя зялёныя чаранкі неабходна адразу ж пасадзіць. Для ўкаранення спатрэбіцца глебавая сумесь, якая складаецца з торфу і пяску ў суадносінах 1:3. Чаранкі саджаюць нахільна пад вуглом 45 °, размяшчаючы па схеме 10×5 або 7×5.

Неабходнай умовай для паспяховага чаранкавання з’яўляецца высокая вільготнасць субстрату і паветра (да 85%) пры тэмпературы 20–25 °С. Такі рэжым падтрымліваецца ў цяпліцы пры рэгулярным паліве і частым апырскванні вадой, асабліва ў гарачае надвор’е.

Пры аптымальных умовах карані з’яўляюцца ўжо на 8-10 дзень пасля пасадкі. З гэтага перыяду чаранкі пачынаюць загартоўваць, адчыняючы дзверы і фрамугі на 20–40 хвілін. Адначасова павялічваюць працягласць апырскванняў і інтэрвалы паміж імі.

Не рэкамендуецца перасаджваць чаранкі ў грунт восенню. У перыяд раставання снегу глеба павялічваецца ў аб’ёме, і за кошт гэтага чаранкі, у якіх каранёвая сістэма яшчэ слаба развіта, «выштурхваюцца» на паверхню глебы, іх карані агаляюцца, і яны могуць загінуць.

Надзейней пакінуць чаранкі ў цяпліцы, а пасля прыкрыць іх да вясны яловым лапнікам. Укаранёныя чаранкі высаджваюць на пастаяннае месца на другі год. На трэці год асобныя расліны ўжо пачынаюць адзінкавае цвіценне і плоданашэнне.

Лягчэй за ўсё размножыць бружмель адводкамі. Як гэта зрабіць? У чэрвені каля куста прарыхліце глебу і трохі прыўзніміце яе. Вазьміце 2-3 магутныя аднагадовыя сцяблы, якія растуць у ніжняй частцы куста, прыгніце іх да паверхні грунту і ў некалькіх месцах прышпіліце. Затым засыпце сцябло пластом глебы, яго таўшчыня павінна быць у межах 5 см.

На працягу ўсяго сезона перыядычна палівайце гэтае сцябло. На наступны сезон, увесну, адлучыце ўкаранёныя адводкі ад бацькоўскага куста, пасля чаго перасадзіце яго на сталае месца. Праз некалькі гадоў гэты адводак ператворыцца ў паўнацэнны куст.

Бружмель размножваюць насеннем для селекцыйных мэт і ў аматарскім садоўніцтве. Пры насенным спосабе размнажэння не захоўваюцца прыкметы і якасці матчынай расліны, таму нельга прадказаць ураджайнасць і смак пладоў. Кусты ядомага бружмелю, вырашчаныя з насення, могуць мець плады, якія больш гарчаць, чым іх сартавыя бацькі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Размнажэнне бружмелю

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.