Вы тут

Каму застанецца кватэра?


Мне было 14 гадоў, калі ў мамы з’явіўся мужчына, які хацеў стаць мужам для яе і бацькам для мяне. З апошняга, на жаль, нічога не атрымалася: я найбольш жыла ў татавай сястры... Не так даўно маёй цётачкі не стала, і цяпер яе родная дачка (пенсіянерка) сцвярджае, што менавіта яна спадчынніца кватэры. Ці так гэта, калі завяшчанне аформлена на мяне?

С. Антонава, г. Мінск.


Фота з адкрытых крыніц

Як адзначыла Святлана Коцікава, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі, атрыманне спадчыны магчымае па завяшчанні і па законе (калі завяшчанне адсутнічае або вызначае лёс не ўсёй спадчыны). У дадзеным выпадку пляменніца з’яўляецца спадчынніцай па завяшчанні. Родная дачка вашай цёткі, пенсіянерка, з’яўляецца спадчынніцай на абавязковую долю ў сувязі з тым, што закон абараняе інтарэсы непаўналетніх або непрацаздольных дзяцей, бацькоў, сужэнцаў спадчынадаўцы, нават не названых ім у сваім завяшчанні. Яны, незалежна ад зместу гэтага дакумента, маюць права атрымаць не менш як палову долі, якая належала б кожнаму з іх пры атрыманні ў спадчыну па законе (абавязковая доля). Гэта значыць калі ў вашай цётачкі была адна дачка, пры адсутнасці завяшчання яна атрымала б усю кватэру, пры наяўнасці завяшчання (на вашу карысць) — толькі палову.

Спадчына можа быць прынятая на працягу шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны (дня смерці грамадзяніна). Месцам адкрыцця спадчыны з’яўляецца апошняе месца жыхарства спадчынадаўцы, якое вызначаецца па рэгістрацыі (пры яе адсутнасці — месцы знаходжання) на дзень адкрыцця спадчыны. А калі яно невядомае — па месцы знаходжання нерухомай маёмасці або асноўнай яе часткі, а пры адсутнасці такой — па месцы знаходжання асноўнай часткі рухомай маёмасці.

Для афармлення сваіх спадчынных правоў важна своечасова, да заканчэння шасці месяцаў з дня смерці спадчынадаўцы, звярнуцца да натарыуса па месцы апошняй рэгістрацыі вашай цёткі. На сайце Беларускай натарыяльнай палаты ёсць інфармацыя аб адкрытых (і ў якога з натарыусаў) спадчынных справах. Справа ў тым, што спадчынная справа адкрываецца адна, і ўсе спадчыннікі па ёй звяртаюцца да аднаго натарыуса. То-бок калі па заяве дачкі вашай цёткі ўжо адкрыта спадчынная справа, вам трэба звяртацца да таго ж натарыуса.

Для прыняцця спадчыны вам неабходна асабіста з’явіцца да натарыуса з дакументам, які сведчыць асобу (пашпартам), пасведчаннем аб смерці, завяшчаннем, дакументамі, якія пацвярджаюць прыналежнасць кватэры вашай цётцы і вашы сваяцкія адносіны, даведкай аб апошнім месцы рэгістрацыі спадчынадаўцы. Пры немагчымасці падаць названыя дакументы дастаткова з’явіцца да натарыуса з пашпартам, усе астатнія дакументы будуць запытаны натарыусам.

Магчымае прыняцце спадчыны праз прадстаўніка, калі ў даверанасці спецыяльна прадугледжана паўнамоцтва на яе прыняцце. У такім выпадку да натарыуса будзе звяртацца ваш прадстаўнік з пашпартам і даверанасцю ад вашага імя.

Калі па якіх-небудзь прычынах вы не зможаце асабіста да заканчэння шасці месяцаў з дня смерці вашай цёткі звярнуцца да натарыуса, вам дастаткова па пошце накіраваць натарыусу заяву аб тым, што вы прымаеце спадчыну па завяшчанні. І далей — прозвішча, імя, імя па бацьку, дату смерці і адрас апошняга месца рэгістрацыі вашай цёткі: а таксама свае прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства. Важна, каб пісьмо было даслана да заканчэння шасці месяцаў з дня смерці вашай цёткі. Натарыус зможа па штампе на канверце — даце адпраўкі пісьма — вызначыць, што тэрмін прыняцця спадчыны не прапушчаны.

Парадак вашых далейшых дзеянняў вы зможаце ўзгадніць з натарыусам, які будзе весці спадчынную справу пасля смерці вашай цёткі.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.