Вы тут

Марына Васілеўская падзялілася планамі на будучыню


У Зорным гарадку адбылося ўшанаванне экіпажа 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі. Герой Беларусі Марына Васілеўская і Герой Расіі Алег Навіцкі ўсклалі вянкі да помніка першаму касманаўту Зямлі Юрыю Гагарыну. Потым адбылася ўрачыстая сустрэча ў Доме касманаўтаў, якая завяршылася аўтограф-сесіяй членаў экіпажа. Таксама касманаўты шчыра адказалі на пытанні журналістаў.


Фота: БелТА

Першае пытанне — пра рэабілітацыю пасля палёту. «Вядома, у нас усё атрымалася нестандартна, але мая Радзіма, беларускі народ і Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вельмі падтрымліваюць», — сказала Марына Васілеўская. Алег Навіцкі растлумачыў, што праграма рэабілітацыі была крыху зменена ў сувязі з тым, што касманаўты ўдзельнічалі ў сустрэчах з прэзідэнтамі Беларусі і Расіі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. «Але, тым не менш, праграма рэабілітацыі была завершана поўнасцю», — паведаміў ён. Касманаўт расказаў, што ў праграму рэабілітацыі ўваходзяць розныя медыцынскія працэдуры, масаж, плаванне, штодзённы медыцынскі кантроль. Усё для таго, каб урачы былі ўпэўнены, што экіпаж аднаўляецца правільна.

Журналістаў цікавіла, як Марына Васілеўская спраўляецца з цяжарам славы, які абрынуўся на яе пасля вяртання на Зямлю. «Адчуваю сябе абсалютна спакойна. Усё, што ні адбываецца, радуе. Думаю, што людзі шчыра шчаслівыя і радуюцца за нас. І гэта прыносіць яшчэ больш энергіі, хочацца яшчэ больш дзяліцца і расказваць аб прасторах космасу», — падзялілася яна. Герой Беларусі расказала, што далей плануе займацца грамадскай дзейнасцю: «Я вельмі хачу дзяліцца з нашым народам сваім вопытам. Думаю, што калі натхняць нашу моладзь, новае пакаленне да нечага касмічнага, навуковага, то гэта будзе выдатна». Марына Васілеўская ўдакладніла, што частка інфармацыі, якой ёй хацелася б падзяліцца з беларусамі, датычыцца ў тым ліку і эксперыментаў, якія яна праводзіла на МКС: «Усе эксперыменты былі вельмі насычаныя, адказныя. Я да кожнага з іх ставілася вельмі педантычна. Назіраць за нашай планетай, фатаграфаваць яе было самае цікавае для мяне. Вынікі эксперымента па лактаферыне таксама прыляцелі на зямлю, і я вельмі рада, што ўсё зрабіла правільна. Далей — праца навукоўцаў, я думаю, у хуткім часе яны нам раскажуць аб заключных аперацыях эксперымента».

Касманаўт Алег Навіцкі ўпэўнены, што іх палёт з першай жанчынай-касманаўткай суверэннай Беларусі Марынай Васілеўскай будзе садзейнічаць развіццю касманаўтыкі. «Новы вопыт, атрыманы падчас палёту, безумоўна, патрэбны для развіцця касманаўтыкі, таму што надыдзе час, калі людзі будуць больш свабодна лятаць у космас. І напрацаваны вопыт, безумоўна, спатрэбіцца», — сказаў Алег Навіцкі. Ён паведаміў, што іх касмічная праграма была поўнасцю выканана, аб чым было даложана падчас разбору палёту. «Заўваг практычна ніякіх не было. Палёт быў сапраўды цікавы. Па тэхнічных прычынах час палёту павялічыўся на двое сутак, што вельмі спадабалася Марыне Вітальеўне. Ну а наконт паўтору палёту думаю, што жыццё пакажа і ўсё расставіць на свае месцы».

«Калі Радзіма скажа „Трэба!“ — паляцім», — адказала Марына Васілеўская на пытанне, ці паляціць яна зноў у космас.

У мерапрыемстве таксама прымаў удзел ураджэнец Беларусі двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Пётр Клімук. «Вельмі важна, што ў нас ёсць Саюзная дзяржава, што ў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі вельмі добрыя адносіны. Сапраўды, палёт Марыны Васілеўскай у космас быў зроблены дзякуючы двум прэзідэнтам. — сказаў ён. — Сама Марына — дзіўны чалавек. Рыхтавалася яна нядоўга, але палёт прайшоў даволі паспяхова. І важна, што ў палёце ўдзельнічаў другі беларус. Расіянін, але другі беларус».

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.