Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў рамках дзяржаўнага візіту ў Азербайджан правёў перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым


Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў палацы азербайджанскага лідара «Загульба». Па пратаколе перагаворам папярэднічалі цырыманіяльныя мерапрыемствы з удзелам роты ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў. У цырыманіяле таксама ўдзельнічалі і члены дэлегацый. Яшчэ адна абавязковая традыцыя — цырымонія фатаграфавання двух лідараў. Спачатку Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў правялі сустрэчу ў фармаце «адзін на адзін», пасля да іх далучыліся дэлегацыі абедзвюх краін, і перагаворы прайшлі ў пашыраным складзе.


Фота БелТА

«У нас няма закрытых тэм, у нас усё адкрыта. Калі б нехта пачуў, якія пытанні мы абмяркоўваем, яны б падумалі: якія ж у нас адносіны? Самыя добрыя, самыя блізкія. Мы маем зносіны як браты, аднолькава разумеем свет, куды ён рухаецца. Я вам сказаў адзін на адзін пра Гейдара (былы Прэзідэнт Азербайджана, бацька Ільхама Аліева Гейдар Аліеў. — „Зв.“): калі б ён убачыў, як развіваецца Азербайджан...» — адзначыў Прэзідэнт беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Азербайджану садзейнічанне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пасля завяршэння ваенных дзеянняў гэта самае галоўнае і складанае. «Якраз настаў той цяжкі час, калі трэба адраджаць гэтыя землі, трэба вяртаць людзей (а яны ўжо, некаторыя, нарадзіліся ў горадзе — праблема, напэўна, будзе)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што гэта работа запатрабуе шмат часу і вялікай працы. Беларусь, па яго словах, гатова аказаць падтрымку ў гэтым напрамку.

«Калі мы ў нечым можам дапамагчы, удзельнічаць у гэтым... Памочнікаў у вас тут цяпер хапае, але калі мы можам на сяброўскіх пачатках удзельнічаць у гэтым... Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналогіі (вашы спецыялісты, міністры добра ведаюць гэтыя тэхналогіі) — калі яны падыходзяць, калі наша тэхніка можа тут прысутнічаць і працаваць... Я на перагаворах адзін на адзін Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма — нейкае месца для Беларусі, — вы, калі ласка, нам яго дайце. Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адносіны правераны часам

Ільхам Аліеў расказаў, што паміж двума лідарамі адбылася грунтоўная размова ў вузкім складзе па многіх пытаннях двухбаковага парадку дня і па рэгіянальных, міжнародных пытаннях. Быў пацверджаны стратэгічны характар адносін дзвюх краін. «Даражым даверлівым, крэатыўным партнёрствам паміж нашымі краінамі, якое заснавана на ўзаемнай павазе, дружбе і супрацоўніцтве, — падкрэсліў Ільхам Аліеў. — Адносіны правераны часам. Думаю, што ні ў каго не выклікае сумнення, што Беларусь і Азербайджан — гэта два надзейныя сябры». Напярэдадні ў членаў дэлегацый абедзвюх краін была магчымасць паразмаўляць, і, як заўважыў Прэзідэнт Азербайджана, кантакты былі «вельмі эфектыўнымі, пазітыўнымі», абмеркаваны многія тэмы, якія патрабуюць вырашэння.

Гаворачы аб перспектывах далейшага ўзаемадзеяння Беларусі і Азербайджана, Ільхам Аліеў падкрэсліў, што бачыць вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва, у тым ліку для павелічэння тавараабароту, для прадаўжэння і пашырэння прамысловай кааперацыі. Ён адзначыў, што ў Азербайджане былі б рады, калі б беларускія кампаніі, прадпрыемствы ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый. Па словах Ільхама Аліева, гэтая тэма таксама абмяркоўвалася членамі дэлегацый абедзвюх краін.

«У нас супрацоўніцтва дастаткова шматпланавае, якое мае добрую гісторыю і добрую перспектыву», — падсумаваў Ільхам Аліеў. Па выніках афіцыйных перагавораў кіраўнікоў дзяржаў быў падпісаны пакет міжнародных дакументаў.

Закрытых тэм няма

У час размовы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа падставіць плячо Азербайджану так, як ніхто ў свеце больш не зробіць. «Азербайджан вельмі многага дабіўся за апошнія гады, і перш за ўсё — вырашаючы сваю галоўную праблему (вяртання зямель, якія за доўгі час проста ў пустыню ператвараліся), — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта цяжкая гісторыя. Але землі вернуты, іх трэба адраджаць. Гэта будзе, напэўна, значна больш працяглая і не менш цяжкая задача, якую Азербайджану давядзецца вырашыць». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мала проста вярнуць людзей на гэтыя землі. Неабходна ствараць тут працоўныя месцы і забяспечваць грамадзянам дастойнае жыццё, што зойме доўгія гады.

«Тое, што вы вярнулі землі, адраджаеце іх, гэта застанецца на стагоддзі, на многія часы. Калі ў гэтай вялікай справе адраджэння гэтых земляў знойдзеце нам месца, дзе мы можам падставіць сваё плячо, і гэта будзе вам выгадна, мы гэта зробім з вялікім задавальненнем. Прытым зробім так, як ніхто больш у свеце не зробіць, — з-за той павагі і нашых адносін паміж брацкімі народамі Беларусі і Азербайджана», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь і Азербайджан рэалізуюць дарожную карту па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. У хуткім часе ў Мінску адбудзецца пасяджэнне міжурадавай камісіі з улікам новых дамоўленасцяў. Бакі вырашылі актуалізаваць гэты дакумент. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нешта ўжо састарэла і ёсць праекты, якія трэба не проста прапрацоўваць, а ажыццяўляць. Адзін з іх — вытворчасць комплексных угнаенняў. «Мы дамовіліся аб сумеснай вытворчасці комплексных мінеральных угнаенняў. Чаго тут марудзіць? Трэба рабіць комплексныя змешаныя ўгнаенні і пачынаць з унутранага рынку, каб Азербайджан дзесьці не прасіў нейкія ўгнаенні, а тут вырабляць. У нас ёсць тэхналогіі, мы гатовы гэта рабіць і забяспечваць увесь рэгіён, а ён каласальны: Іран, Пакістан, Індыя — яны спажываюць вялікую колькасць мінеральных угнаенняў. Мы прапануем комплексныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, да лістапада гэтага года пытанне трэба вырашыць.

«Мы абмеркавалі ўсе пытанні, закрытых тэм не было. Гэта не толькі тэхніка МТЗ — сумесная вытворчасць, але і сумесная вытворчасць мазаўскай тэхнікі, пажарнай тэхнікі. Вытворчасць ліфтавага абсталявання (старыя ліфты ў савецкіх дамах трэба мяняць) — мы захавалі гэтую вытворчасць і гатовы тут з нашымі азербайджанскімі сябрамі вырабляць гэту тэхніку», — заявіў Прэзідэнт. Азербайджан таксама зацікаўлены ў вытворчасці рухомай чыгуначнай тэхнікі — і платформ, і цыстэрнаў. Беларусь гатова падзяліцца сваім вопытам і ў гэтай сферы. Не менш важны напрамак — супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы. Гэта пастаўкі з Беларусі буйной рагатай жывёлы элітных парод, будаўніцтва аграгарадкоў і інфраструктуры, стварэнне малочнатаварных комплексаў, развіццё фермерскіх гаспадарак. Асабліва гэта актуальна для тэрыторый, якія маюць патрэбу ў адраджэнні, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Традыцыйны напрамак супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам — пастаўка лесаматэрыялаў. Прычым беларускі бок гатовы пайсці яшчэ далей і будаваць на землях Азербайджана, якія адраджаюцца, драўляныя дамы. «Што датычыцца фармацэўтыкі, хоць заўтра мы гатовы пачынаць пастаўкі тых лекаў, якія вам патрэбны, і ствараць тут сумесныя вытворчасці па леках і ветпрэпаратах, якія мы ўмеем вырабляць у Беларусі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта таксама вельмі вялікая праграма. І праграма, якая нікому ў Азербайджане не перашкаджае працаваць. Мы тут у супярэчнасці ні з кім не ўваходзім і канкурэнцыю нікому не складаем».

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Беларусь і Азербайджан яшчэ шмат могуць зрабіць у гуманітарнай сферы, у тым ліку ў галіне спорту (што датычыцца падрыхтоўкі да буйных мерапрыемстваў), аховы здароўя і адукацыі.

«Мы гатовы адраджаць тут і ствараць на новай аснове аб’екты прафтэхадукацыі. Вопыт у нас такі ёсць. Сёння рабочыя спецыяльнасці вельмі запатрабаваны. Ільхам Гейдаравіч папрасіў, каб мы заняліся гэтай работай. Мы будзем гэтую работу праводзіць разам з вашымі спецыялістамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца, што рэалізацыю дарожнай карты кіраўнікі дзяржаў прааналізуюць у лістападзе (у гэты час у Баку адбудзецца міжнародная канферэнцыя ААН па змяненні клімату, і Прэзідэнт Беларусі плануе ўзяць у ёй удзел).

Тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам за 2023 год перавысіў $400 млн. Але бакі лічаць, што ім па сілах, няхай і не адразу, выйсці на $1 млрд. «Гэта будзе вельмі буйны крок. Можа быць, у два прыёмы мы гэта зробім. Спачатку ў 500 мільёнаў атрымаем тавараабарот на працягу года-паўтара і праз пэўны час выйдзем на мільярд. Мы зробім для гэтага ўсё. Калі мы, напрыклад, купляем у недружалюбных краінах нейкі тавар, які вырабляецца тут, у Азербайджане, мы павінны, ні на што не гледзячы (цяпер момант), адмовіцца ад яго і купіць тут. Дакладна так і Азербайджан будзе ісці нам насустрач», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час перагавораў прэзідэнты падрабязна абмеркавалі сітуацыю ў сваіх рэгіёнах і праінфармавалі адзін аднаго аб падзеях, якія адбываюцца. «Я праінфармаваў аб тым, што адбываецца ў нашым рэгіёне ў сувязі з канфліктам ва Украіне. Найпадрабязнейшым чынам. Ацэнкі і пункты гледжання ў нас або блізкія, або супадаюць. Нашу пазіцыю вы ведаеце. Нам там няпроста цяпер. Але мы будзем рабіць усё, каб там быў мір. І будзем рухацца ў гэтым напрамку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння неспакойна і ў каўказскім рэгіёне: «Дзякуй Богу, што тут з’явіўся вельмі магутны, нармальны лідар у асобе Азербайджана. Вы здольны кантраляваць каўказскі рэгіён. Гэта ўжо не толькі адказнасць за Азербайджан — вы ўжо ў цэлым адказваеце за сітуацыю на Каўказе, на што мы — тыя народы, якія не жывуць на Каўказе, — вельмі спадзяёмся. Гэта дадатковая нагрузка на вас, хаця і сваіх праблем хапае». Таксама Прэзідэнт запрасіў свайго азербайджанскага калегу наведаць Беларусь з афіцыйным візітам у любы зручны час для прадаўжэння двухбаковага дыялогу.

Пасля перагавораў у рэзідэнцыі «Загульба» Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў наведалі міжнародную сельскагаспадарчую выставу Caspіan Agro, якая праходзіць у Баку. Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з экспазіцыямі Беларусі і Азербайджана, вывучыўшы патэнцыял прадпрыемстваў і перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу. Паралельна з Caspіan Agro у выставачным цэнтры Баку праходзіць яшчэ адна міжнародная выстава — Іnterfood Azerbaіjan. Разам яны сталі найбуйнейшым сельскагаспадарчым форумам у рэгіёне. Выставы аб’ядналі каля 500 кампаній з 38 краін. Беларусь прадстаўляе тут сваю прадукцыю пяты год запар.

Яшчэ адзін важны пункт — ушанаванне нацыянальнага героя Азербайджана: Аляксандр Лукашэнка усклаў вянок да магілы Агульнанацыянальнага лідара Гейдара Аліева на Алеі ганаровага пахавання ў Баку. Кіраўнік дзяржавы таксама ўсклаў кветкі да магілы жонкі былога Прэзідэнта Азербайджана і, адпаведна, маці цяперашняга лідара Азербайджана Ільхама Аліева. Згодна з традыцыяй, усе замежныя дэлегацыі, якія прыбываюць з візітам у Азербайджан, наведваюць магілу Гейдара Аліева і ўскладаюць вянкі. Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да манумента «Вечны агонь» на Алеі шэхідаў («загінулых герояў»). У цырымоніі прынялі ўдзел члены беларускай афіцыйнай дэлегацыі.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.