Вы тут

«Ін­вес­ты­цыі ў мо­ладзь — ін­вес­ты­цыі ў бу­ду­чы­ню!»


Менавіта такі лозунг узяў для сваёй выбарчай праграмы адзін з самых маладых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання Уладзімір Бабічаў. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, як прайшоў першы тыдзень дэпутата ў акрузе.


— Уладзімір Генадзьевіч, па прафесіі вы — рэжысёр, доўгі час працавалі ў сферы культуры на Дубровеншчыне. Чаму вырашылі змяніць творчую дзейнасць на дэпутацкую?

— Гэта быў не самы хуткі выбар. Калі ў 2013 годзе я быў размеркаваны ў Дубровенскі раён, праз год стаў дырэктарам раённага цэнтра народнай творчасці. Нароўні з удзелам у мастацкай самадзейнасці займаўся і адміністрацыйнымі пытаннямі, адказваў за культуру ў раёне.

Гэтыя шэсць гадоў, напэўна, дазволілі мне зарэкамендаваць сябе як дасведчанага кіраўніка, надзейнага лідара.

Дзякуючы гэтаму пасля паступіла прапанова працаваць у Віцебскім абкаме БРСМ, мне даверылі весці за сабой усю моладзь паўночнага рэгіёна. Сыходзячы з гэтага вопыту і было прынята рашэнне развіваць дэпутацкую дзейнасць. Але яна пачалася значна раней: у 2018 годзе я быў выбраны дэпутатам Дубровенскага райсавета, разам з тым узначальваў камісію па культуры Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, быў членам Маладзёжнага Савета пры Савеце Рэспублікі. Калі сабраў разам гэтыя веды і вопыт, атрымаўся сфарміраваны кейс, з якім вырашыў балаціравацца і нарэшце стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Для мяне гэта вельмі адказна і пачэсна, гэта вышэйшая прыступка дэпутацкай кар’еры.

— Вы і самі родам з Дубровенскага раёна. Абраўшы Талачынскую выбарчую акругу № 30, ведалі, што аднавяскоўцы і былыя калегі падтрымаюць?

— Вядома. Дубровеншчына стала для мяне моцнай пляцоўкай дапамогі ў правядзенні электаральнай кампаніі, бо ў большасці ўскладаў надзею на падтрымку землякоў. Але значную ўвагу аддаваў насельніцтву Талачынскага, Сенненскага, Лёзненскага раёнаў і гарадскога пасёлка Арэхаўск, разам са сваёй ініцыятыўнай групай мы наведалі малочнатаварныя комплексы, мехдвары, установы адукацыі і арганізацыі — прэзентавалі праграму, каб людзі падтрымалі маю кандыдатуру.

— Цяпер вам 32. Вы — адзін з самых маладых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання. Не страшна было браць на сябе такую адказнасць?

— Вы ведаеце, не страшна, бо я не адзін. І ў Палаце, у тым ліку, поруч са мной працуюць вопытныя калегі, якія заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі. Ёсць каманда, якая можа падказаць, у якім кірунку рухацца. Не страшна, бо за мной стаяць мая сям’я і сябры, якія падтрымліваюць усе пачынанні і вераць у мяне. Адно скажу, што вельмі адказна і хвалююча.

— Раскажыце аб спецыфіцы вашай выбарчай акругі?

— Дубровенскі, Лёзненскі, Сенненскі, Талачынскі і г. п. Арэхаўск — гэта сельскагаспадарчыя раёны, таму пераважная колькасць выбаршчыкаў — працаўнікі вёскі. Вялікая катэгорыя людзей — работнікі сацыяльнай сферы: педагогі, медыкі, работнікі культуры, сацыяльных служб. У Талачынскім раёне вялікая прамысловая зона, толькі ў Коханаве працуюць больш як пяць прадпрыемстваў, нароўні з гэтым Дубровенскі льнозавод, будуецца прадпрыемства на Лёзненшчыне. Катэгорыі выбаршчыкаў розныя, таму і мая праграма была накіравана на ўсе слаі насельніцтва акругі.

— Нядаўна скончыўся ваш першы працоўны тыдзень у акрузе. Наколькі прадуктыўным ён атрымаўся?

— Былі праведзены дыялогавыя пляцоўкі на тэму вынікаў Усебеларускага народнага сходу і сустрэчы з працоўнымі калектывамі (у іх ліку асабістыя прыёмы і тэлефонныя лініі). Падчас размовы з насельніцтвам расказваў і аб дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, аб тым, над якімі законапраектамі працуюць парламентарыі. Аб тым, што адбываецца ў краіне, важна размаўляць з народам вочы ў вочы.

На прыёмы прыходзілі людзі абсалютна розных узроставых катэгорый па 7-10 чалавек. Пытанні, як і паўсюдна, датычыліся работы ЖКГ, добраўпарадкавання населеных пунктаў, стану дарог. Былі і выпадкі, калі людзі прыходзілі з асабістымі шчымлівымі гісторыямі. Ні адзін са зваротаў не застаўся пакінутым без увагі, а некаторыя ў хуткім часе будуць вырашаны: гэта стварэнне і абсталяванне дадатковых прыпыначных пунктаў, аказанне паслугі насельніцтву па апрацоўцы ўласных зямельных участкаў. Яшчэ адна праблема, з якой звярталіся, — стварэнне і добраўпарадкаванне пад’ездаў і грамадзянскіх могілак. У гэтым кірунку сёння плотна працуем з мясцовымі ўладамі.

— Не заўважылі недаверу з боку насельніцтва і мясцовых органаў улады ў сувязі з вашым узростам?

— Не было такіх выпадкаў. Наадварот, людзі прыходзілі на прыём і гаварылі, што мы прыйшлі да вас, бо вы малады і зможаце прабіцца. Выбаршчыкі аказваюць мне давер, які я ў сваю чаргу ўсімі сіламі буду імкнуцца апраўдаць. І слова, дадзенае ў праграме, стрымаю.
Яшчэ падчас правядзення электаральнай кампаніі заручыўся падтрымкай райвыканкамаў і цяпер, падчас работы ў акрузе, адчуваю яе на справе. Старшыні райвыканкамаў і райсаветаў зацікаўлены ў каманднай рабоце з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Мяне абралі як правадніка паміж людзьмі і кіраўніцтвам краіны з мэтай вырашэння праблем і пытанняў, якія іншым часам нельга вырашыць на мясцовым узроўні.

— Вы з’яўляецеся членам Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні. Якія ідэі плануеце рэалізоўваць у гэтай сферы?

— Гэта новы кірунак у маёй дзейнасці. Першасная задача — вывучыць шырокі спектр яго кампетэнцыі і значны пласт праблем, аб якіх трэба гаварыць і рэгуляваць. Пытанні, з якімі я ўжо сутыкнуўся падчас работы ў акрузе, — вываз смецця, адсутнасць у населеных пунктах пляцовак для яго збору, асабліва — на грамадзянскіх могілках. Таму новая камісія, новы кірунак дзейнасці парламента дазваляюць мне пашырыць свае веды ў гэтай галіне і дапамагчы людзям.

— Вы актыўна ведзяце свой тэлеграм-канал. Чаму выбралі такі інструмент узаемадзеяння з аўдыторыяй?

— Шлях канала пачаўся яшчэ тады, калі займаў пасаду першага сакратара абкама БРСМ. Павольна ён перарос у дэпутацкі дзённік, дзе транслірую сваім выбаршчыкам падзеі нашай краіны; тое, што адбываецца на міжнароднай арэне, у нашым паўночным рэгіёне. Расказваю і паказваю маю дэпутацкую дзейнасць, каб людзі бачылі, што гэта штодзённая работа і дэпутаты — народныя выбраннікі, якія заўсёды знаходзяцца побач з насельніцтвам.

Першага мая мы разам з аднавяскоўцамі працавалі на маёй радзіме ў Сваташыцах на грамадзянскіх могілках. Стараста вёскі выйшла на старшыню сельвыканкама, там ідэю падтрымалі і сабралі актывістаў з ліку мясцовых жыхароў. Калі даведаўся, што мае аднавяскоўцы будуць разам рабіць такую неабходную справу, не задумваючыся далучыўся. І было вельмі радасна, што калі людзі гаварылі: «Малайчына, прыемна, што ты разам з народам!» І гэты прыклад узаемадзеяння сельвыканкама з грамадскасцю я прыводзіў у іншых раёнах. Здорава, што такія патрэбныя ініцыятывы аб’ядноўваюць нас, дазваляюць рабіць малую радзіму яшчэ лепш. А «кружочак» у канале застаўся на памяць, спадзяюся, што праз жывыя эмоцыі ў рэжыме рэальнага часу мая аўдыторыя будзе сама ўзнімацца на добрыя справы.

— Які сэнс укладзены ў лозунг вашай выбарчай праграмы «Інвестыцыі ў моладзь — інвестыцыі ў будучыню!»?

— Калісьці гэту фразу ў сваім выступленні сказаў Прэзідэнт нашай краіны. Я дакладна разумею, што мне ў тым ліку прымаць эстафету па далейшым будаўніцтве нашай дзяржавы. Выбраўшы мяне дэпутатам, мне далі магчымасць напрацоўваць вопыт, рэалізоўваць ідэі, каб удасканальваць і працягваць той шлях, які выбрала старэйшае пакаленне, вучыцца і быць сёння разам з імі. Лозунг праграмы — гэта аб тым, што я малады і гатовы ісці наперад, бо будучыню Радзімы будаваць маладым!
— Дзякуй за размову.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».