Вы тут

Нарыхтоўка кармоў на Брэстчыне набірае абароты


Касавіца ў гэтым сезоне ў Брэсцкай вобласці пачалася раней за звычайнае. Ужо з канца лютага надвор'е расшчодрылася на цяпло, і ў азімых збожжавых, якія былі пасеяны на корм, вегетацыя пачалася з прыкметным апераджэннем рытму. Таму ў канцы красавіка ў паўднёва-заходніх раёнах вобласці іх пачалі ўбіраць. У многіх гаспадарках, акрамя гэтага, ужо косяць шматгадовыя травы на сенаж.


Спецыялісты адзначаюць, што сёння на першы план побач са своечасовай уборкай выходзіць уменне правільна захаваць зялёную масу. Менавіта пытанні павышэння якасці нарыхтоўкі і захавання кармоў абмеркавалі на абласным семінары-нарадзе ў Іванаўскім раёне. На семінар запрасілі старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў і спецыялістаў райсельгасхарчаў, кіраўнікоў гаспадарак.

Для абмену вопытам невыпадкова абралі гаспадарку «Моладава-Агра». Не адзін год прадпрыемства ўпэўнена трымае лідарства па прадукцыйнасці статка. Яшчэ два гады таму жывёлаводы названага сельгаспрадпрыемства першымі ў рэгіёне пераадолелі мяжу ў 13 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. А малако ў каровы, як вядома, на языку.

Гаспадары нарады падкрэслівалі, што за малочным рэкордам у іх стаіць нязменны прыярытэт — клопат пра якасць нарыхтаваных кармоў. Прыкладна дзесяць гадоў таму тамтэйшыя аграномы і заатэхнікі пайшлі на эксперымент. Яны вырашылі крыху пацясніць царыцу палёў — кукурузу — на карысць шматгадовай травы — сільфіі.

Намеснік дырэктара па раслінаводстве і механізацыі УП «Моладава-Агра» Аляксандр Паўлюкавец адзначыў, што названая культура мае да 22-24 працэнтаў пратэіну. Па гэтым паказчыку мала якая іншая расліна можа параўняцца, хіба што люцэрна: «Але сільфія дае ўраджайнасць у разы вышэйшую, таму і выхад кармоў большы. З першага ўкосу бяром 1000 цэнтнераў, з другога — 600 цэнтнераў. Кукурузу мы таксама пакінулі. Такім чынам, зрабілі рацыён для буйной рагатай жывёлы больш разнастайным,» — сказаў адзін з кіраўнікоў гаспадаркі.

Пад сільфію ў «Моладава-Агра» цяпер адвялі 300 гектараў. Культура становіцца добрым складнікам сенажу, якога ў гаспадарцы нарыхтоўваюць 50 працэнтаў, другую палову займае сілас. У вобласці гэтая формула выглядае так: 38:62. Аграрыі сельгаспрадпрыемства падзяліліся з калегамі ўласнымі напрацоўкамі, расказалі аб асаблівасцях тэхналогіі нарыхтоўкі не толькі сільфіі, але і люцэрны, канюшыны, цімафееўкі. Іх зялёная маса стане асновай рацыёна для жывёлы.

Анатоль Шчуплянкоў, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, па выніках семінара адзначыў, што кожная гаспадарка вырашае сама, якія культуры вырошчваць на корм:

— Пры гэтым улічваецца склад глебы, іншыя асаблівасці раслінаводства на канкрэтнай тэрыторыі. Спецыялісты выбіраюць культуры з балансам пратэіну, бялку, іншых пажыўных рэчываў. Многія свядома аддаюць перавагу люцэрне. І гэта галоўная тэндэнцыя для ўсёй аграрнай галіны рэгіёна — павелічэнне плошчы пасеваў люцэрны. Сёлета мы ідзём на істотнае павелічэнне плошчаў гэтай культуры ў структуры шматгадовых траў. У бягучым годзе пад яе адведзена 68 тысяч гектараў.

Аднымі з першых у вобласці нарыхтоўку кармоў пачалі аграрыі Брэсцкага, Маларыцкага, Камянецкага, Кобрынскага, Жабінкаўскага раёнаў.

— У ААТ «Хмелева» Жабінкаўскага раёна ўсяго пад пасеў кукурузы сёлета адведзена 1370 гектараў, з іх 220 гектараў пасеяна на ўчастку, дзе азімае жыта нядаўна ўбралі на зялёны корм, — расказвае намеснік дырэктара гаспадаркі Анатоль ШАЛТАНЮК. — На сяўбе гэтай культуры вызначыліся механізатары Яўген Кавалёнак, Аляксандр Бобрык. Пасля завяршэння сяўбы яны адразу прыступілі да падрыхтоўкі глебы пад новыя пасевы. У гэтай рабоце не было роўных Віктару Чаквіну.

«Кормаўборачны канвеер сельгаспрадпрыемства функцыянуе дакладна, — працягвае Анатоль Вітальевіч. — На энерганасычаным трактары «Беларус-3522» працуе вопытны механізатар Міхаіл Залатароў, не адстае ад таварыша Сяргей Кунашка. Магутнымі «Ягуарамі» на падборцы траў кіруюць Дзмітрый Ляшко і Антон Абрамовіч. Апошні, дарэчы, займае пасаду загадчыка майстэрні. Але ў гарачую пару касавіцы сядае на «Ягуар» і працуе на нарыхтоўцы кармоў. Адвозяць зялёную масу ў сенажныя ямы вадзіцелі Уладзімір Кашалюк і Яўген Зімін. Якасць сенажу залежыць у тым ліку ад правільнай трамбоўкі, за якую адказвае механізатар Юрый Кунашка. Нашы спецыялісты ацэньваюць гэтую якасць высока. Па стане на 16 мая ўжо нарыхтавана 3900 тон сенажу».

Нарыхтоўку кармоў у гаспадарцы лічаць такой жа адказнай кампаніяй, як і пасяўную. Таму для яе ўдзельнікаў ствараюць усе ўмовы работы. Гарачыя абеды падвозяць прама ў поле.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц.

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.