Вы тут

Літаратурная геаграфія краіны


З анатацыі на першы паэтычны зборнік Алеся Камароўскага «Пачатак»: «Алесь Камароўскі родам з Мікалаеўшчыны — радзімы вялікага нашага песняра Якуба Коласа. Гэта акалічнасць не магла не паўплываць на творчасць маладога паэта. Разам з тым, яго лірычны герой стараецца ісці сваімі, не пратаптанымі сцежкамі, убачыць нешта новае, падслухаць спеў жыцця ў сённяшнім шматгалосым гучанні». 


Дваццаць восем вершаў у зборніку Алеся Камароўскага, што выйшаў у 1975 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» у серыі «Першая кніга паэта». Тыраж кнігі — 3 000 экзэмпляраў. Кошт тонкага зборніка — 19 капеек. Цікавыя адметнасці, цікавыя характарыстыкі часу!. Вокладка і астатняе сціплае і разам з тым запамінальнае афармленне кнігі належыць графіку Мікалаю Казлову. Аддрукаваны зборнік на Паліграфічным камбінаце імя Я. Коласа Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. Друкарня тады знаходзілася ў Мінску па адрасе: вуліца Чырвоная, 23. 

Найперш у гэтай кнізе прыцягваюць старонкі, якія цесна знітаваны з родным краем на той час маладога паэта. «Зямля мая..» (у падзагалоўку: «Якубу Коласу»), «У Мікалаеўшчыне», «Ёсць рачулка», «Соль», «Адпусціце» (з прысвячэннем славутаму земляку: «А.А. Сянкевічу»), «Смольня», «Восень», «Перабыты каляндар бацькі»... Праз творы гэтыя адчуваецца родны ландшафт, адчуваюцца сцяжынкі, якія выхадзіў, якія вытаптаў Алесь Камароўскі... А сцежкі ў яго роднай старонцы асаблівыя, знакавыя... Мо таму і талент такога гарту, як народны пясняр Беларусі Якуб Колас, у Мікалаеўшчыне, на Стаўбцоўшчыне, узрос, на прасцяг вялікіх дарог выйшаў. 

Усё змянілася з гадамі...

Яшчэ тады вы разгадалі

Па буры той, па той маланцы,

Якімі стануць мікалаўцы.

Лясок узрос высокім борам,

Зялёнай цешыцца абновай.

Чало маршчыніць мудры Нёман.

І песня льецца дзіўным хорам...

Амброжык стане часам з возам

Каля акінчыцкіх бярозаў,

Паглядзіць, здыме шапку ціха: 

«Якое ломіць яе ліха?»

Над пастарэлым кружыць зрубам

Дзяцінства добрая бусліха. 

«Хэ-хэ, браток, няма Якуба,

Каб барану ўсцягнуў на голле...

І што яе дагэтуль коле?»

Ламае Нёман крыгі з трэскам,

Гады — раскіданыя трэскі — 

Кідае ў вір з той добрай верай,

Што нехта зловіць і цяпельца

Складзе, пагрэе заўтра сэрца,

Што знойдуць добры яны бераг...

О вір жыцця і часу рэкі!

(«Зямля мая...»)

У вёсцы Мікалаеўшчына, якая вядомасць сваю мае з 1555 года, нарадзіўся цэлы атрад пісьменнікаў... У 1882 годзе — народны паэт Беларусі Якуб Колас. У 1883-м — празаік, публіцыст, мовазнаўца Язэп Лёсік, акадэмік АН БССР, родны дзядзька Якуба Коласа. У 1884-м — публіцыст і наркам аховы здароўя БССР Алесь Сянкевіч. У 19290м — празаік, краязнаўца, заслужаны настаўнік БССР Сымон Белы... У 1941-м — паэт, перакладчык, празаік, дзіцячы пісьменнік Мікола Маляўка... 

Калісь па вёсках на касьбе

Нішчымным спелым летам

Касцы апраўдвалі сябе: 

«Затое ў нас паэты...»

І карчакоп, і плытагон,

Суняўшы смутак ціхі,

Уславяць песняй зноў таго,

Чые вякуюць кнігі.

Сягоння спеўна ў берагах

І Нёману старому — 

Яго ж зямляк аберагаў,

Укленчыўшы на строму.

Ліпнёвы сонечны агонь...

Прыгнула ў росце колас — 

Яму заўжды сваю далонь

Падклаў бы дзядзька Колас.

(«У Мікалаеўшчыне»). 

Алесь Камароўскі прыйшоў у паэзію, у літаратуру праз асэнсаванне злучанасці з наробкамі, здзяйсненнямі папярэднікаў... Некалі Мікалаеўшчынай валодалі Радзівілы. М. К. Радзівіл «Сіротка» далучыў паселішча да Нясвіжскай ардынацыі. У 1617 годзе сядзібу Яна Радзівіла наведаў каралевіч і вялікі княжыч Уладзіслаў... 

Верш «Перабыты каляндар бацькі» па праву можна залічваць у паэмы радаводнага характару. Паэт раскрывае характар вясковага, сялянскага жыцця, жыцця ў Мікалаеўшчыне, дзе «кожнае слова/ кладзецца на вагі»... Чытаць радкі пра вёску-радзініцу — атрымліваць асалоду ад напаміну пра «печ — / на паўхаты», пра цэп, касу, мянташку... У творы — і «родныя вобразы», карціны прыродных з’яў... «Нёман разліўся.../ І кроплі з вясла/ Пррагна глытае/ вада і вясна:/ Сілу збіраюць,/ каб грэблі,/ кусты/ Змыць/ і рассеяць/ старыя пласты...» 

Алесь Камароўскі (нарадзіўся паэт у 1947 годзе) і зараз працуе ў літаратуры. У 1988 годзе выдаў кнігу вершаў і паэм «Зямля маіх надзей». У 1979-м і 1989-м — аповесці для дзяцей «Адкрытая тайна», «Заварожаны мяч». У 2019 годзе пабачыў свет гістарычны раман Алеся Камароўскага «Крутагор’е». Многія творы паэта з Мікалаеўшчыны, які дарогу ў літаратуру трываліў у маладыя гады першай кнігай «Пачатак», перакладзены на рускую і іншыя мовы. А святло над усім зробленым і надрукаваным — з роднага мастацкага і прыроднага ландшафту, з Коласаўскай зямлі... 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.