Вы тут

Фестываль «Арт-Мінск» чакае аматараў творчасці у Палацы мастацтваў


На адкрыццё чарговага фестывалю «Арт-Мінск» завітала неймаверная колькасць гасцей. Арганізатары называюць лічбу 5000 — столькі аматараў сучаснага выўленчага мастацтва сабралася адным вечарам у некалькіх залах Палаца мастацтва. І гэта толькі пачатак — мінчане і госці сталіцы на працягу месяца знаёмяцца з плёнам творчасці маладых і сталых аўтараў. На фестывалі іх чакаюць штодня — пляцоўка працуе без выхадных. 


Фота Кастуся Дробава

Сёлета з 1200 заявак, якія паступілі на разгляд журы фестывалю, выбралі болей за 450 работ 200 сучасных беларускіх мастакоў. 

Арганізатары імкнуліся паказаць, што творцам, выхаваным на традыцыях айчыннага і сусветнага мастацтва, ёсць чым ганарыцца. Многія жывапісцы, графікі, скульптары, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адшукалі ўласную сцяжыну і кіруюцца надзейнымі арыенцірамі. «Сіла беларускага мастацтва — у разнастайнасці. Ад мэтраў з акадэмічнай адукацыяй да наватараў, якія „вызнаюць“ эксперыменты, — наша мастацтва захоўвае традыцыі і адначасова развіваецца ў розных кірунках», — падкрэсліў падчас адкрыцця адзін з куратараў фестывалю «Арт-Мінск» Аляксандр Зінкевіч.

Майстэрства дагаджаць 

Нягледзячы на тое, што некаторым маладым аўтарам — удзельнікам «Арт-Мінска» часам бракуе самакрытыкі ці ацэнкі іх творчасці прафесіяналамі, многія здольны захапіць увагу гледача, запомніцца зробленым. У віры часу гэта ўжо дасягненне. Так, частая практыка — стварэнне не зусім зразумелага твора з няяснай ідэяй і размяшчэнне побач QR-кода. Глядач заінтрыгаваны — ён вымушаны некаторы час ігнараваць выставачную прастору і паглыбляцца ў віртуальную. А там, як правіла, хаваецца расчараванне — спасылка на сацсеткі аўтара ды іншыя работы ці тлумачэнне не самай арыгінальнай ідэі. 

Кацярына Чысцікава «Танец», 2022 г.

Гэтым разам на фестывалі «Арт-Мінск» асабліва папулярныя, так бы мовіць, сацыяльныя праекты. Незлічоная колькасць наведвальнікаў захацела стаць суаўтрам Ірыны Рамбальскай і, згодна з пакінутай інструкцыяй, размаляваць рознакаляровымі маркерамі спецыяльную скульптуру і падстаўку... Задача была — пакінуць імя некалі ўратаванай бяздомнай жывёлы. Праект скіраваны звярнуць увагу на праблему беспрытульных жывёл, а таксама падзякаваць валанцёрам за іх нялёгкую і непасільную працу. Гэтым, здаецца, аўтарская задума абмяжоўваецца. 

Ганна Кохан прадставіла на суд гледача работы «Па запрашэнні», «24/7», «У дынаміцы» (усе 2024 года), аб’яднаныя тэмай рознасці пакаленняў. Кожная праз зварот да папулярных у свой час гульняў расказвае аб прадстаўніках таго ці іншага пакалення, рэальных людзях, якіх мастачка выявіла на карцінах. 

Марына Капілава «Пацукалоў», 2010 г.

Іншы прыклад асэнсавання праблем чалавека ў соцыуме — інсталяцыя «Нявеста» (2023) Ірыны Котавай. Гэта спроба мастачкі даследаваць прычыны ўзнікнення раку малочнай залозы. Натуральна, у мастацкім ключы. Ірына Котава разглядае гэтую тэму праз 
прызму ўласнага вопыту і гісторый іншых людзей, з якімі сутыкалася падчас лячэння. Мэта інсталяцыі, прызначанай адлюстраваць боль жанчыны, — нагадаць пра каштоўнасць жыцця. 

Працягвае сваю цалкам вытлумачальную дзейнасць Kate Shi. Тут маюцца на ўвазе высакародныя задачы, звязаныя з увагай да праблем экалогіі ды іх вырашэннем, але не вельмі цікавае схематычнае ажыццяўленне ў выяўленчым мастацтве. Між тым у рабоце «350» (2024) ідзе гаворка пра ўтылізацыю электронна-бытавых адходаў, а ў творы «8.09» (2024) — роздум аб лёсе планеты. 

Наталля Ліпская «Царэўна-жаба», 2023 г.

Не шукае новых шляхоў і іншы любімец публікі Фёдар Бажын. Ён звяртаецца да знаёмага канцэпту, ажыццёўленага з дапамогай каляровых ліній і ракурсу зверху. А побач з работамі — іх тлумачэнне: у творы «Кропкі» (2024) мастак разважае на тэму індывідуальнасці (прыводзіць прыклад малюнка сына па кропках, у якім выяўлены схільнасці і асаблівасці чалавека); «Зялёная паласа» (2024) прысвечана настальгіі, прысутнасці асобнага ўспаміну, які можна несці праз усё жыццё, і звязанымі з гэтым вынікамі; палатно «Канатаходзец» (2024) расказвае аб пазбяганні непрыемных і непрымальных сітуацый. 

Дзіўна, вабяць мінскую публіку нават пейзажы, хоць далёка не ўсе. 

З незвычайнай сілай прыцягвае гледача «Брама горада» (2024) Маргарыты Маніс. Пазнавальнае месца сталіцы, вакзальная рамантыка, адпаведныя задуме стыль і фармат карціны... Меркаванняў, чаму гэтае даволі сціплае з пункту гледжання мастацкіх вартасцей палатно настолькі ўпадабанае наведвальнікамі «Арт-Мінска», знаходзіцца не так ужо шмат, і ўсе яны даволі слаба адпавядаюць крытэрыям актуальнага твора мастацтва. Ды большасці гледачоў зусім і не патрэбна хвалёная надзённасць, ці не так? 

Абмінуць нельга

Многія прызнаныя майстры таксама прадставілі па некалькі сваіх работ. Сярод іх — Зоя Літвінава, але палотны знакамітага жывапісца ў экспазіцыі не самыя новыя: «Двое (Маскі)» 2004 года, «Наведванне» — 2008-га... І ўсё ж радасна бачыць яе карціны на фестывалі, мэта якога — прадставіць найлепшае са зробленага маладымі і сталымі мастакамі. Хаця б таму, што гледачу ёсць з чым параўнаць і што выбраць. 

Работы Уладзіміра Гормаша

Зноў звяртаюць на сябе ўвагу талентавітыя Алеся Скарабагатая і Алесь Багданаў, які гэтым разам выступіў болей сціпла, чым звычайна, і таксама звярнуўся да жанру нацюрморта (палатно гэтага года «Без ГМА III»).

Любіміца гледачоў і журы беларускіх арт-фестываляў Алеся Скарабагатая не здраджвае сабе і не збіраецца ісці на повадзе ў публікі, якая прагне ўбачыць жанравыя ці стылявыя змены ў яе творчасці. Эстэтычнае задавальненне дораць карціны «Рамантычная вячэра», «Любоўнае зелле», «Крэветкі для Музы», створаныя сёлета. 

Андрэй Асташоў  «Адраджэнне міфа», 2022 г.

Сапраўдная зорка фестывалю «Арт-Мінск-2024» — Аляксандр Шаппо, які дэманструе шэраг скульптур апошняга часу, напрыклад, «На шляху да нябёсаў» (2016), «Эдып» (2018), «Мінатаўр» (2023), «Юдзіф» (2023), і новую графіку, таксама прысвечаную міфалогіі (на фестывалі можна ўбачыць літаграфіі «Сармацкая жрыца» і «Золата Шлімана» 2023 года). Работы гэтага мастака, як, дарэчы, і Марыны Капілавай, якая таксама паспяхова займаецца скульптурай і графікай, раскіданы па розных экспазіцыях фэсту, што ніяк не перашкаджае ўспрымаць творы ў цэласнасці і паўнаце задумы. 

На сёлетнім «Арт-Мінску» асабліва ўдалай здаецца частка фестывалю ў галерэі «Арт-Беларусь». У асноўным там прадстаўлена фатаграфія; сярод аўтараў — папулярны ў Instagram фатограф Graph Calligraph. Ён прадставіў своеасаблівую серыю яркіх работ «Мінск. Нешта яшчэ», дзе злучаюцца розныя рэальнасці. Яшчэ адзін аўтар, які не цураецца колеру ў фатаграфіі, —Bikimaksi. Здымаючы Мінск, ён таксама аб’ядноўвае розныя светы, але робіць гэта іншым шляхам, напрыклад, з дапамогай адметных ракурсаў і колеравай гамы. Аднак на фестываль ён прапанаваў не папулярныя работы, прысвечаныя сталіцы, а пейзажы, у якіх апяваецца прыгажосць беларускай прыроды. Каштоўнасць — у цікавым поглядзе на навакольны свет, у якім спалучаецца любоў да Беларусі і ўвага да тэндэнцый сусветнай фатаграфіі. 

Graph Calligraph «Мінск. Нешта яшчэ», 2022 г.

Фестываль «Арт-Мінск» будзе дзейнічаць да 9 чэрвеня. Упадабаныя работы можна купіць. А падтрымаць мастакоў у конкурсе можна з дапамогай галасавання. Мастакі, якія набяруць найбольшую колькасць галасоў, будуць узнагароджаны дыпломамі і прызамі 
партнёраў праекта. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».