Вы тут

У красавіцкім нумары «Полымя» нагадалі пра значнае і важнае


З зайздроснай рэгулярнасцю, якая дысцыплінуе ў сваіх справах і нас, чытачоў, красавіцкае «Полымя» прапаноўвае публікацыі ў традыцыйных рубрыках. Часопіс нагадвае пра значнае і важнае, вучыць шанаваць людзей, адорваць іх жыццядайнымі ўсмешкамі, быць удзячнымі Богу за тое, што ёсць, рупліва працаваць дзеля паляпшэння будучыні, як прыватнай, так і супольнай.


Мастацкі раздзел традыцыйна складаецца з паэзіі і прозы, якія чаргуюцца, аднак гэтым разам, відавочна, не ўся проза можа быць названа мастацкай.

Адкрывае нумар паэзія Міколы Маляўкі, які нядаўна пайшоў у лепшы свет. Чытач атрымлівае магчымасць ушанаваць памяць пра аўтара, дакрануўшыся да яго прыгожых, напоўненых глыбокімі думкамі, вершаў, аб’яднаных назвай «Я кожным днём пражытым даражу». 

У нізцы ёсць і двусвецце — напружанага знешняга і дасканалага ўнутранага, і перанятыя ад продкаў пантэістычныя ўражанні ад хараства прыроды, асэнсаванне хуткаплыннасці чалавечага лёсу.

Па радках рассыпаны малавядомыя гараджанам беларускія словы, па значэнне якіх даводзіцца звярнуцца да слоўніка — і гэта паказчык валодання мовай. Паэт адважваецца спрачацца з адвечнымі ісцінамі, напрыклад, пра тое, што не хлебам адзіным жыве чалавек, сцвярджае, што праведнікі не такія ўжо і святыя — пры «вывучэнні».

Уладзімір Васько падрыхтаваў для нумара аповесць «Горад пад вадой», герой якой на Камчатцы будуе населены пункт у водах Ціхага акіяна. У творы пануе аздобленая фантастыкай атмасфера савецкай рэчаіснасці, хоць дзеянне і адбываецца ў нашы, «кавідныя», дні. Ва ўзведзеным горадзе ўдала схаваліся людзі, калі на зямлю падаў астэроід: шмат хто паспеў выратавацца, таму што разбуральная хваля не дасягнула водных глыбінь. Пасля працяглага жыцця ў далечыні ад роднай Беларусі шэраг герояў збіраюцца пераязджаць у Ліду.

Навум Гальпяровіч адорвае чытача нізкай безназоўных вершаў «Нібыта маладосць пацалавала...» — у найменні зафіксаваны адзін з самых прыгожых аўтарскіх вобразаў. Усмешка выпадкова сустрэтай дзяўчыны параўноўваецца з пацалункам маладосці, нагадваючы жыхарам нашага нясонечнага рэгіёну, што варта несці дабрыню свету на ўзроўні невербальных і вербальных пасланняў. 

Аўтар заклікае быць удзячнымі, радуючыся падараванай Богам магчымасці жыць, таму што не ўсім гэтае шчасце дадзена: вобразы памерлых сяброў штораз з’яўляюцца ў думках і памяці лірычнага героя. Ёсць у падборцы і прызнанні ў тым, як шукаюцца патрэбныя словы для верша, як напісанае становіцца спосабам пакінуць сябе маладога ў культурнай спадчыне.

Генадзь Аўласенка прапаноўвае чытачу публікацыю «Тапанімічныя легенды Міншчыны», якая ўяўляе сабой напісаныя ў адвольнай форме гісторыі паходжання назваў населеных пунктаў і геаграфічных аб’ектаў Беларусі. У легендах аб з’яўленні найменняў гарадоў Вілейка, Стоўбцы, вёскі Упірэвічы, рэк Жартайка, Ганутка, вёскі Якшыцы змешваецца рэальнае і выдуманае, падпарадкоўваючыся аўтарскай інтэрпрэтацыі. Асобныя гісторыі па-чалавечы кранальныя і выклікаюць пачуцці ў дачыненні да выяўленых у іх міфічных герояў.

Падборка Лідзіі Гардынец «Нябёсаў родных сінь» поўніцца вобразамі значных для гісторыі культуры Беларусі асоб. 

У іх аўтар, здаецца, спрабуе ўжыцца, увасабляючы думкі, перажыванні герояў і гэтым нагадваючы беларусам пра вялікую старадаўнюю культуру. Творам з нізкі ўласцівы нейкая асаблівая, нават жаночая, ледзь улоўная лёгкасць ды ўрачыста-эстэтычны флёр.

Антон Мальшэўскі ў апавяданні «Скарбы езуітаў» расказвае гісторыю аднаўлення старога млына, які ў выніку старанняў герояў быў ператвораны ў рэгіянальны музей. Дзякуючы таму, што кожны з мясцовых жыхароў прыносіў артэфакты, млын напоўніўся старажытнымі рэчамі. У гэтай сувязі аўтар гаворыць пра важнасць еднасці, якая дапамагае захоўваць спадчыну, у чалавечым і нацыянальным жыцці. Вобраз млына гістарычны, сімвалічны і архетыповы, а ў беларускім фальклоры яшчэ і звязаны са сферай пазасветнага, містычнага. Стары млын быццам звязвае прасторы прыродна-стыхійнага і чалавечага, што ў выніку і нараджае нешта добрае і прыгожае, вартае і патрэбнае.

Завяршаюць падборку мастацкага блока часопіса паэтычныя творы Ірыны Макарчук, аб’яднаныя назвай «Замовы замінаюць зроку». Вершы маладога аўтара адкрываюць поле фармальных эксперыментаў, сярод якіх, напрыклад, твор, у якім усе словы пачынаюцца 
з адной і той жа літары. Паэтэса ўпадабала «рваны» радок, які звычайна так лёгка «нашпігаваць» зместамі: яны змяняюць адзін аднаго, выяўляючы і ў паэзіі прысутнасць кліпавага мыслення, што пануе ў жыцці сучаснай асобы. 

У кароткіх вершах з’яўляюцца адметныя вобразы дрэва, раненага чалавекам, які выразаў на кары сардэчка, ды сноў, якія «паміраюць», зрэшты, як і зоры.

«Навуковыя публiкацыi» прадстаўлены артыкулам Наталлі Кузьміч «Алегорыя: мастацка-эстэтычнае выражэнне сэнсавага плана ў апавяданні». У тэксце на матэрыяле малых празаічных твораў беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. Уладзіміра Клімовіча і Анатоля Крэйдзіча разглядаецца майстэрства ўвасаблення рэчаіснасці заяўленым мастацкім сродкам — прасочваецца, як паступова алегорыя аказваецца здольнай стаць элементам індывідуальнага стылю.

Красавіцкае «Полымя» ўшаноўвае памяць пра двух літаратараў. Анатоль Зэкаў у публікацыі «Такі ён быў» расказвае гісторыю сяброўства з Алесем Пісьмянковым. Паэт садзейнічаў Анатолю Зэкаву і ў жыцці, і ў творчасці: прывёў у Саюз пісьменнікаў, а затым — у дзяржаўнае выдавецтва. За гады знаёмства яны не толькі разам працавалі ў часопісе «Вожык», але і выступалі на літаратурных сустрэчах, ездзілі адзін да аднаго на радзіму — наведвалі бацькоў. У гэтым месяцы спаўняецца 20 гадоў з часу, калі пайшоў з жыцця малады 47-гадовы Алесь Пісьмянкоў.

Іван Лапо публікацыю «Так цягне пайсці ў завею, каб больш не вярнуцца назад...» прысвячае ўраджэнцу Магілёўшчыны, журналісту і паэту Паўлу Вераб’ёву. Аўтар тэксту згадвае, як шмат гадоў таму рэцэнзаваў першы зборнік вершаў творцы, перачытаны цяпер наноў, што дало магчымасць яшчэ раз упэўніцца ў таленце і глыбіні думкі чалавека, падтрыманага некалі Рыгорам Барадуліным. Публі-
кацыя змяшчае шмат цёплых слоў, але па ёй шчодра рассыпаны і вершы П. Вераб’ёва, які клапатліва і, мяркуючы па цытатах, апраўдана, называецца І. Лапо не толькі «мастаком, але і філосафам слова».

Рубрыка «Успамiны» прадстаўлена матэрыялам Казіміра Камейшы «Па літфондаўскай пуцёўцы. Ялта». Пуцёўкі ў гэты паўднёвы горад у савецкія часы былі вельмі дэфіцытнымі і разыходзіліся найперш сярод начальства. Але аўтару ўспамінаў удалося пераканаць вышэйшых па статусе, што яму як паветра неабходна паездка ў Ялту ў сувязі з задумай твора пра Максіма Багдановіча, які пайшоў з жыцця ў Крыме.

І хоць, падаецца, запланаванага твора не здарылася, а з’явіўся адзін толькі верш (абяцанні музы здрадлівыя!), паездка паўплывала на аўтара, якому пасля, праз некаторы час, напішацца, напрыклад, такое: «Плешчацца, аж небасхіл змывае, // Бухта сіняя тваёй душы». К. Камейша, асэнсоўваючы вандроўку, вылучае асаблівыя лекі, што дапамагаюць чалавеку далёка ад дому: светлы смутак па радзіме, па сябрах і блізкіх, якіх пакінуў і якія цябе памятаюць.

Для часопіснага раздзела «Спадчына» Пётр Жаўняровіч падрыхтаваў матэрыялы з архіваў Уладзіміра Караткевіча. Перад намі тэкст, які павінен быў перарасці ў аповесць «Гнеўнае сонца», і, хоць задума ператварэння кінасцэнарыя мастацкага фільма «Гнеўнае сонца, пякучае» ў празаічны твор не была завершана, чытач можа даследаваць этапы работы класіка над творам. Насычаны вершамі на ўзнятыя ў аповесці тэмы тэкст У. Караткевіча пачынаецца прадмовай, адкуль можна даведацца пра атмасферу з’яўлення самой ідэі.
Наступная публікацыя носіць назву «Вячаслаў Адамчык. Дзённікі. 1993 г. (снежань)». Аўтар прыведзеных тэкстаў згадвае, як яго сына прымалі ў Саюз пісьменнікаў, ды параўноўвае, услед за Эмілем Заля, кнігі з жанчынамі. 

На гэтых старонках чытач і даследчык «падгледзяць», чым жыў і што чытаў літаратар, што яго фарміравала, што хвалявала, а можа, і выводзіла з раўнавагі.

Балюча і цёпла В. Адамчык згадвае маці, да якой заўсёды хіліўся сэрцам, калі пералічвае: «...Нью-Ёрк, Прага (Карлавыя Вары), Масква, Варшава, Берлін, Парыж, Ташкент, Самарканд, Ерэван, Каўказ... І з кожнай гэтай дарогі, з кожнага далёкага і блізкага горада, з кожнага ўзвышша ці даліны я думкамі заўсёды вяртаўся ў нізкую драўляную хату, да яе, да маці. Хацелася чамусьці паказаць ёй той край, які бачыш сам. То хоць бы расказаць. І ўжо няма каму».

Кастусь Ладуцька для рубрыкі «Гутаркі» паразмаўляў з загадчыкам аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Ларысай Рагачовай, якая — гэта вынесена ў назву публікацыі — заяўляе: «Краязнаўства — прыярытэтны кірунак...». Меркаванне пацвярджае вялікая колькасць сучасных выданняў, прысвечаных тэме малой радзімы, роднага краю.

Гераіня гутаркі ў інтэрв’ю нагадвае чытачу «Полымя» пра тое, якой багатай на значныя асобы ў галіне культуры была Віцебшчына. Яшчэ ў перыяд зараджэння беларускай дзяржаўнасці там працавалі выдатныя людзі, а ў XIX стагоддзі ў рэгіёне літаратурнае жыццё асабліва віравала. Матэрыялу для краязнаўчай работы там надзвычай шмат: недарэмна ў бібліятэцы 21–22 лістапада 2024 года будзе праходзіць дзясятая навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», да ўдзелу ў якой Л. Рагачова запрашае ўсіх зацікаўленых.

Калі гаварыць не пра сталіцу (хоць і пра яе таксама!), менавіта бібліятэкі ў Беларусі былі і застаюцца асяродкам культуры, патрыятызму, краязнаўства,сховішчам нацыянальнай памяці. Таму іх, нягледзячы на лічбавізацыю чытання, сёння варта абавязкова падтрымліваць і развіваць. Бібліятэкі, шукаючы шляхі да чытача, забяспечваюць сустрэчы з пісьменнікамі і, галоўнае, нагадваюць пра асалоду судакранання з папяровай кнігай. Жаданне трымаць яе ў руках нязменна ўзнікае, ведучы многіх, і аўтара гэтых радкоў, на абанемент. Значэнне бібліятэкі расце ва ўмовах сціпласці гарадскіх кватэр, папулярнасці мінімалістычнага дызайну, калі становіцца складана мець дома хатнюю калекцыю.

Рубрыка «Кнігарня» ў красавіку ў «Полымі» прадстаўлена даволі разнастайна. Алесь Карлюкевіч у публікацыі «Дзе сабрана гісторыя беларускай культуры» знаёміць з трэцім выпускам даведніка «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва». Аўтар расказвае, якую вялікую колькасць матэрыялаў захоўвае архіў БДАМЛМ, адзначаючы і грунтоўны ўступ Г. Запартыка. Гэты выпуск сабраў паступленні ў архіў за 2010–2021 гг., а невялікі яго наклад, на думку А. Карлюкевіча, толькі ўзмацняе значнасць кнігі.

Вольга Русілка прадстаўляе рэцэнзію пад назвай «Кніга, вартая Асобы», напісаную на выданне Міколы Мікуліча «Максім Танк. Асоба, паэзія, лёс». Яна пераконвае, што ў ёмістым акадэмічным даследаванні чытач сустрэнецца не з вядомымі матэрыяламі, а з новымі: іх наяўнасць абумоўлівае маштабная постаць беларускага класіка і яе ўплыў на сучасную літаратуру. Рэцэнзент настойвае: «Трэба знайсці час, сесці за рабочы стол, прывесці ў парадак думкі і атрымаць асалоду ад годнай кнігі выдатнага даследчыка пра вялікага Паэта».

Настасся Сізікава рэцэнзуе кнігу Сяргея Трахімёнка — рускамоўны раман «Жыццё клетак» у публікацыі «Жыццё людзей — жыццё клетак». У тэксце часопіса паказваецца, што пісьменнік уздымае ў творы шмат надзённых тэм, па свежых слядах адлюстроўваючы гісторыю нядаўняга ковіду, раскрываючы мэты і прычыны, а таксама наступствы з’яўлення хваробы. С. Трахімёнак акцэнтуе важнасць сёння і ў будучыні захавання маралі і веры ў боскі першапачатак Сусвету.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.