Вы тут

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?


З устанаўленнем цёплага надвор’я паркі, пляжы, зоны адпачынку быццам ажылі. Людзі імкнуцца на прыроду, каб удосталь надыхацца вясеннім паветрам, пагрэцца на ўжо даволі цёплым сонейку, атрымаць асалоду ад першых кветак, птушыных спеваў і бязвоблачнага неба. Аб тым, каб адпачынак быў яшчэ і бяспечны, клапоцяцца супрацоўнікі органаў унутраных спраў. З наступленнем цяпла ў месцах масавага адпачынку кантроль узмоцнены: каб забяспечыць правапарадак, міліцыянеры нясуць службу і днём, і ноччу.


Адно з найбольш папулярных месцаў адпачынку ў мінчан і гасцей сталіцы — Мінскае мора — патрабуе ад праваахоўнікаў асаблівай увагі. Тут шматлюдна з самых першых цёплых дзён і да позняй восені. У спёку ўвогуле яблыку нельга ўпасці. Каб заняць альтанку і пасмажыць на прыродзе шашлык, людзі едуць да мора з самай раніцы. Выхаднымі на пляжы праводзяцца дыскатэкі. Як на адказным участку міліцыянерамі ажыццяўляецца дзяжурства, паназіралі карэспандэнты газеты «Звязда».

Нецвярозым у вадзе не месца!

Нягледзячы на будні дзень і абедзенны час, на Мінскім моры людзей хапае. Адны размясціліся на шэзлонгах і ловяць сонечныя промні, іншыя распальваюць мангал, а нехта ўжо і абедае толькі што пасмажаным мясам, водар якога наганяе апетыт. Байдаркі, паруснікі і катары калышуць водную роўнядзь. Хтосьці пад кронамі дрэў уладкаваў гамак і, утаіўшыся ад гоману, чытае кнігу. Дзеці, будучы басанож у вадзе, будуюць пясочныя замкі.

Знаёмімся з міліцыянерамі патрульна-паставой службы, якія заступілі на дзяжурства. Сёння яны нясуць патруляванне ўдваіх і на аўтамабілі. Выхаднымі і ў святочныя дні патруль узмацняецца пешымі нарадамі і нарадам на мотатранспарце, дапамогу калегам аказваюць і супрацоўнікі АМАПа.

Міліцыянер 3-га ўзвода роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі Мінскага РУУС сяржант міліцыі Андрэй Патачыц расказаў, што вырашыў пайсці ў органы ўнутраных спраў будучы ў арміі. Малады чалавек служыў ва ўнутраных войсках, у роце ганаровай варты. «Калі служба блізілася да завяршэння, прапанавалі пайсці ў міліцыю, — расказвае ён. — Не раздумваючы, пагадзіўся. У арміі атрымаў добрую загартоўку, таму без боязі бяруся за выкананне любых задач». Такім чынам, электрагазазваршчык па спецыяльнасці знайшоў сябе ў міліцыі, аб чым ніколькі не шкадуе.

А вось камандзір групы 3-га ўзвода роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі Мінскага РУУС лейтэнант міліцыі Мікіта Цішук насіць міліцэйскія пагоны марыў з дзяцінства. Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю ў грамадзянскай ВНУ, затым пайшоў служыць у Мінскае РУУС. Гэта ўжо трэці працоўны сезон на Мінскім моры ў яго біяграфіі.

«Найбольш частымі правапарушэннямі тут з’яўляюцца распіццё алкагольных напояў і купанне ў забароненых месцах, — расказвае Мікіта Цішук. — Нягледзячы на тое, што на ўзбярэжжы нямала абсталяваных месцаў для купання, некаторых адпачывальнікаў усё роўна цягне ў ваду там, дзе гэта не прадугледжана. Як правіла, не звяртаюць увагу на папераджальныя знакі тыя, хто знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Такіх мы суправаджаем у Ждановіцкі аддзел міліцыі і прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці».

Дзеці — пад пільнай увагай дарослых!

Усяго ў зоне адказнасці супрацоўнікаў патрульна-паставой службы, якія дзяжураць на Мінскім моры, дзевяць пляжаў. За змену міліцыянеры па некалькі разоў аб’язджаюць іх на аўтамабілі. Спыніўшыся на пятым, дзе заўсёды найбольш шматлюдна, яны пакідаюць транспарт і працягваюць кантраляваць правапарадак пешшу.

Спыняемся каля кампаніі замежных грамадзян — як высвятляецца, кітайскіх студэнтаў. Міліцыянеры заўважаюць на стале бутэлькі з півам.

— Добры дзень! — вітаецца Мікіта Цішук і прадстаўляецца. — Спажываць алкаголь у грамадскім месцы забаронена, таму хавайце спіртное і адпачывайце далей.

Праз сваю сяброўку, якая, мяркуючы па ўсім, найлепш з іх размаўляе па-руску, маладыя людзі выбачаюцца і абяцаюць, што падобнае не паўторыцца.

Андрэй Патачыц удакладняе, ці ўсё ў хлопцаў і дзяўчат у парадку. Атрымаўшы станоўчы адказ, папярэджвае, каб не пакідалі асабістыя рэчы без нагляду і разводзілі агонь выключна ва ўстаноўленых месцах. Пажадаўшы маладым людзям добрага адпачынку, супрацоўнікі міліцыі ідуць далей.

Праз некалькі метраў — гучная кампанія смажыць шашлык. Падыходзім і бачым жанчын. Алкаголю на сталах няма, паводзяць сябе прыстойна. З прафілактычнай мэтай міліцыянеры папярэджваюць аб адказнасці за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах, нагадваюць аб правілах бяспекі каля вады, пытаюцца, ці ёсць з жанчынамі дзеці. Высвятляецца, што непаўналетніх сярод іх няма, таму рэкамендацыі, якія датычацца кантролю за дзецьмі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў адрасуюць іншым адпачывальнікам. У прыватнасці, бабулі дваіх унукаў: каля самай вады яны будуюць пясочныя замкі. Пенсіянерка, якая побач загарае на шэзлонгу, дзякуе за слушныя парады і адзначае, што ўнукі знаходзяцца пад яе пільным кантролем.

Пакуль ідзём далей, міліцыянеры роты патрульна-паставой службы расказваюць, што не ўсе дарослыя, якія адпачываюць на Мінскім моры з дзецьмі, ажыццяўляюць належны кантроль за непаўналетнімі.

«Нярэдка назіраем сітуацыі, калі дзеці гуляюць самі па сабе, а бацькі ў гэты час занятыя сваімі справамі, — звяртае ўвагу Мікіта Цішук. — Напрыклад, сядзяць у тэлефонах і не бачаць, як іх малое дзіця ўжо лезе ў ваду. Або дзеці купаюцца, а дарослыя тым часам смажаць мяса. Калі мы бачым, што побач з непаўналетнімі нікога няма, падыходзім і пытаемся, з кім яны сюды прыйшлі і дзе іх бацькі. Высветліўшы неабходную інфармацыю, праводзім прафілактычную гутарку з дарослымі, тлумачым, чаму небяспечна пакідаць дзяцей без нагляду».

Пра гэта не па чутках ведае Анастасія, якая адпачывае на пляжы разам з чатырохгадовым сынам Ягорам. Мінскае мора маладая маці называе іх пясочніцай: сям’я жыве недалёка, таму практычна кожны дзень бавіць час каля вады.

«Тут бяспечна, — кажа яна. — Безумоўна, на гэта ўплывае і тое, што рэгулярна на Мінскім моры дзяжурыць міліцыя. Гэта дысцыплінуе людзей. Добра было б, каб адпачывальнікі былі яшчэ і больш уважлівымі ў адносінах да дзяцей, з якімі прыйшлі. Я працавала ў Таварыстве ратавання на водах, таму добра разумею, аб чым папярэджваюць міліцыянеры бацькоў. Людзі павінны не толькі ведаць правілы бяспекі на вадзе, але і выконваць іх. І канцэнтраваць сваю ўвагу ў першую чаргу на дзецях, а не на гаджэтах. Літаральна секунда — і можа адбыцца няшчасны выпадак. Гэта я як прафесіянал кажу».

Пры дрэнным самаадчуванні і ў непагадзь лепш заставацца дома

Развітаўшыся з Анастасіяй і Ягорам і пажадаўшы ім добрага адпачынку, ідзём далей. Да міліцыянераў звяртаецца сямейная пара, цікавіцца, ці ёсць на пляжы здраўпункт. Жанчына скардзіцца на галаўны боль і хоча памераць ціск. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў падрабязна тлумачаць, куды на Мінскім моры можна звярнуцца па медыцынскую дапамогу, суправаджаюць сужэнцаў да здраўпункта.

Пакуль ідзём, знаёмімся. Святлана і Пётр — з Карэліі, адпачываюць у беларускім санаторыі, які знаходзіцца побач з Мінскім морам. Прызнаюцца, што ім тут вельмі падабаецца.

— Тут спакойна, — удакладняе Святлана і заўважае, што ў гэтым ёсць і заслуга міліцыі. — Пры супрацоўніках органаў унутраных спраў людзі адчуваюць сябе ў бяспецы. У Расійскай Федэрацыі праваахоўнікамі таксама наладжаны кантроль за пляжамі, як правіла там, дзе адпачывае вялікая колькасць людзей. Міліцыянеры ажыццяўляюць патруль не толькі пешшу і на аўтатранспарце, а нават на конях.

Побач са здраўпунктам супрацоўнікі патрульна-паставой службы развітваюцца са Святланай і Пятром, пажадаўшчы ім добрага адпачынку. Прагучалі ў адрас турыстаў і рэкамендацыі: у выпадку пагаршэння самаадчування лепш пазбягаць прамых сонечных промняў.

Таксама варта пакінуць месца адпачынку і тады, калі псуецца надвор’е. У сувязі з гэтым міліцыянеры прыгадалі выпадак мінулага года, калі ў навальніцу на Мінскім моры загінула маладая жанчына.

— Калі няма магчымасці хутка пакінуць месца адпачынку, падчас навальніцы варта выконваць простыя правілы бяспекі, — нагадвае Андрэй Патачыц. — Ні ў якім разе нельга хавацца пад дрэвамі і знаходзіцца ў вадзе. Калі навальніца застала вас знянацку, лепш перамясціцца на пляж, дзе не будзе побач дрэў, або перачакаць непагадзь у машыне.

Ва ўзаемадзеянні

На Мінскім моры міліцыянеры шчыльна ўзаемадзейнічаюць з супрацоўнікамі Таварыства ратавання на водах. Калі адпачывальнікі заплываюць за буйкі або купаюцца там, дзе гэта забаронена, праваахоўнікі адразу тэлефануюць ратавальнікам, і тыя аператыўна на маторнай лодцы выязджаюць па патрэбным маршруце. У сваю чаргу, калі грамадзяне ігнаруюць патрабаванні супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах, апошнія інфармуюць аб гэтым калег з міліцыі, у выніку чаго на такіх адпачывальнікаў складаецца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Як расказвае вадалаз-ратавальнік ратавальнай станцыі «Заслаўе-1» Аляксей Пазняк, дзяжурства на Мінскім моры ажыццяўляецца круглы год: калі летам увага ратавальнікаў у першую чаргу скіравана на плыўцоў, то зімой нярэдка даводзіцца ратаваць рыбакоў. «На кожным пляжы дзяжураць нашы матросы, акрамя таго, мы рэгулярна вядзём кантроль пры дапамозе воднага транспарту, важная інфармацыя паступае і ад міліцыянераў, — кажа ён. — Як правіла, у зоне рызыкі — нецвярозыя. Аднак дзякуючы супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія своечасова рэагуюць на грамадзян „пад мухай“, да вады мала хто з іх даходзіць. Самі праводзім прафілактычную работу з тымі, хто адпачывае».

Адным словам, на Мінскім моры, як і ў іншых месцах масавага адпачынку, створаны ўсе ўмовы, каб людзі цікава і з карысцю праводзілі вольны час. Тое, што іх бяспека знаходзіцца пад кантролем супрацоўнікаў унутраных спраў і ратавальнікаў, можна нават не сумнявацца. Аднак і самі адпачывальнікі павінны выконваць элементарныя правілы паводзін, быць уважлівымі да дзяцей, з якімі прыйшлі, не рызыкаваць, калі на тое няма неабходнасці. У такім выпадку ад адпачынку застануцца найлепшыя ўспаміны.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Пад кантролем

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».