Вы тут

Чаму Афрыка выбілася ў лідары па выкарыстанні лічбавых актываў?


Тэма крыптавалют не сыходзіць са стужак навін у апошнія гады. І нездарма, бо ў гэтага кірунку вялікія магчымасці. Амерыканскі прадпрымальнік і інвестар Роберт Кіёсакі днямі заявіў, што, напрыклад, стэйблкойн БРІКС, які забяспечаны золатам, здольны нават абваліць курс долара. Стварэнне ўласных лічбавых актываў надзвычай актуальна і для ўрадаў афрыканскіх краін. Тут імкліва развіваецца крыптавалютны рынак. З аднаго боку, «крыпта» стала для жыхароў некаторых афрыканскіх краін сродкам захоўвання грошай падчас фінансавых крызісаў, з другога — улады шукаюць спосабы атрымаць доступ да гэтых актываў і спрабуюць іх рэгуляваць. Чаму Афрыка выбілася ў лідары па выкарыстанні лічбавых актываў, якія тут перспектывы?


Мабільныя кашалькі

Распаўсюджванне крыптавалют у Афрыцы нераўнамерна. Напрыклад, Нігерыя, Кенія і ПАР з’яўляюцца лідарамі па гэтым паказчыку: тут «крыптой» карыстаюцца, каб захоўваць зберажэнні, абменьваць замежную валюту, атрымліваць зарплату і пераводзіць сродкі за мяжу, паведаміла ТАСС. У 2021 годзе рост пранікнення лічбавых валют у Афрыцы склаў 1200 працэнтаў, і гэта на фоне канфліктных сітуацый крыптаплатформ з урадамі краін і адсутнасці выразнага заканадаўства. Паводле даных Chaіnalysіs, з чэрвеня 2022-га да чэрвеня 2023-га крыптавалютныя транзакцыі ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары налічвалі $117,1 млрд, што раўназначна 2,3 працэнта аб’ёму ўсёй «крыпты» ў свеце.

У некаторых краінах кантынента даволі развіты сістэмы электронных плацяжоў, выводзіць сродкі на якія можна якраз праз крыптавалюты. Так, у Кеніі папулярным спосабам аплаты з’яўляецца дадатак M-Pesa («мабільныя грошы» ў перакладзе з суахілі) ад мясцовага тэлекам-правайдара Safarіcom. Ён створаны яшчэ ў 2007 годзе і выкарыстоўваецца для аплаты тавараў і паслуг, у тым ліку дзяржаўных пошлін і камунальных плацяжоў, а таксама для налічэння зарплаты і ажыццяўлення прыватных пераводаў па краіне. Выкарыстоўваючы яго, таксама можна купіць білеты на самалёт або цягнік і заплаціць за тэлефон. На кожным кроку ў Кеніі, нават у глухіх вёсках, можна сустрэць офісы M-Pesa, дзе людзі пераводзяць свае назапашванні ў наяўныя грошы. Або, наадварот, — адпраўляюць іх іншым адрасатам. Да 2022 года база кліентаў сэрвісу складала больш як 50 мільёнаў чалавек (тады як насельніцтва Кеніі, паводле апошніх даных, складае 59 млн чалавек), частка з якіх пражывала за межамі Кеніі. Выручка M-Pesa ў 2021 годзе склала $927 млн.

У Заходняй Афрыцы таксама расце папулярнасць мабільных кашалькоў: з 2018 да 2022 года ў краінах Заходнеафрыканскага эканамічнага і валютнага саюза было адкрыта больш чым 100 мільёнаў мабільных банкаўскіх рахункаў. Рост назіраўся ў Беніне, Буркіна-Фасо, Гвінеі-Бісау, Кот-д’Івуары, Малі, Нігеры, Сенегале і Тога. У цэлым менавіта на Усходнюю і Заходнюю Афрыку (краіны з самай неразвітай банкаўскай інфраструктурай) прыпадае самая вялікая доля мабільных кашалькоў у рэгіёне.

У Эфіопіі за пяць гадоў (з 2019-га да 2024-га) рост лічбавых плацяжоў склаў 750 працэнтаў. Толькі летась у гэтай афрыканскай краіне праз лічбавыя плацежныя сістэмы было праведзена каля 88 мільярдаў долараў, пры тым што колькасць карыстальнікаў мабільных кашалькоў, банкінгу і крэдытак дасягнула 90, 32 і 42 мільёны адпаведна. Часам даходзіць да забаўных выпадкаў. Здараецца, што ў Эфіопіі нават святары просяць перавесці міласціну на крыптавалютны рахунак.

На поўдзень ад Сахары

Распаўсюджванне «крыпты» ў Афрыцы звязана ў першую чаргу з адсутнасцю ці недаступнасцю шырокім пластам насельніцтва банкаўскай інфраструктуры. «Агульным месцам стала меркаванне аб Афрыцы як аб рэгіёне, дзе выкарыстанне крыптавалют на фоне слабаразвітых плацежных і банкаўскіх прадуктаў будзе самым масавым у свеце, — распавёў ТАСС Міхаіл Ляпін, фінтэх-прадпрымальнік, які жыве ў Кеніі. — І насамрэч па праведзеных намі даследаваннях мы бачым, што ў вельмі многіх афрыканцаў у наяўнасці ёсць крыптавалюты. Карыстаюцца яны „крыптой“ у асноўным у дзвюх мэтах: каб адправіць грошы сваяку ці сябру ці са спекулятыўнай мэтай — зарабіць на валацільнасці. Якога-небудзь масавага яе ўкаранення ў якасці плацежнага рашэння ў паўсядзённым жыцці не адбылося. У некалькіх з праведзеных фокус-груп (18–25 гадоў і 25–40 гадоў) мы адзначылі, што „крыпта“ была ў наяўнасці ажно ў 80 працэнтаў рэспандэнтаў. І калі ў 2017 годзе, калі я прыехаў у Кенію, сутачны абарот на вядомым P2P-абменніку (peer-to-peer — ад чалавека да чалавека, гэта значыць калі абменьваюць прыватныя асобы. — Рэд.) быў толькі каля двух біткоінаў, то сёння гэта ўжо да 200 BTC на адным толькі сэрвісе за суткі».

Афрыка на поўдзень ад Сахары цяпер з’яўляецца сусветным лідарам па ўкараненні мабільных плацяжоў. Больш чым палова з 435 мільёнаў мабільных грашовых рахункаў, якія выкарыстоўваюцца не радзей чым раз у месяц, знаходзіцца ў краінах гэтага рэгіёна. Паводле звестак Афрыканскага банка развіцця, у 2010 годзе 80 працэнтаў жыхароў Афрыкі не мелі рахункаў у банках. Цяпер гэты паказчык скараціўся да 52 працэнтаў, але гэта ўсё яшчэ складае больш чым палову насельніцтва. У цэлым банкаўскія транзакцыі паміж краінамі тут ускладнены — у пераважнай колькасці выпадкаў карты банкаў адной дзяржавы не працуюць у іншых.

«Справа ў тым, што мясцовыя банкі дрэнна спраўляюцца з рознічнай функцыяй: сеткі банкаматаў слабаразвітыя, а бізнесу, які хоча працаваць з банкам, трэба будзе набываць плацежны тэрмінал. А навошта марнавацца на інфраструктуру, калі можна сэканоміць? Таму з’явіліся мабільныя кашалькі, якія амаль заўсёды з’яўляюцца даччынымі кампаніямі аператараў сувязі і па змоўчанні ёсць у сім-карце ў смартфоне афрыканца», — растлумачыў Міхаіл Ляпін. Паводле інфармацыі эксперта, усяго ў Афрыцы цяпер працуюць 169 аператараў мабільных грошай, у якіх зарэгістравана 856 мільёнаў уліковых запісаў. Агульная сума транзакцый ва ўсіх афрыканскіх сэрвісах мабільных грошай за мінулы год склала $919 млрд. «А паколькі сукупны ВУП усіх краін Афрыкі ўсяго ў тры разы большы ($2,8 трлн), то вы можаце сабе ўявіць, наколькі вялікі ўплыў аказваюць мабільныя грошы на эканоміку кантынента. Таму, напрыклад, афрыканцы ўжо некалькі гадоў могуць здзяйсняць пакупкі на шэрагу вядучых сусветных маркетплэйсаў, выкарыстоўваючы мабільныя грошы», — заўважыў Міхаіл Ляпін.

Крыптавалютамі таксама карыстаюцца прадстаўнікі афрыканскіх дыяспар, якія такім спосабам пераводзяць грошы з-за мяжы. «Многія афрыканцы з’язджаюць на заробкі ў больш развітыя краіны кантынента і свету. Але ў афрыканца на радзіме застаецца вялікая сям’я і маральнае абавязацельства па падтрымцы гэтай сям’і (тут гэта з’ява называецца black tax). Таму наш працавіты афрыканец адшуквае шляхі адпраўкі грошай родным. Для гэтага не заўсёды падыходзяць традыцыйныя SWІFT-трансферы, тым больш пры некамфортнай сітуацыі з падвойным валютным курсам, калі ёсць афіцыйны курс абмену і рэальны курс на вуліцы, як, напрыклад, у Нігерыі. Такім чынам з’явіліся паспяховыя стартапы — напрыклад, Flutterwave (афрыканская фінтэх-кампанія, якая прадстаўляе аплатную інфраструктуру глабальным гандлярам і пастаўшчыкам плацежных паслуг па ўсім кантыненце. — Рэд.) або Іnterswіtch (вядучая афрыканская кампанія, якая займаецца платформамі інтэграваных плацяжоў і лічбавай камерцыі. — Рэд.)», — адзначыў Міхаіл Ляпін. А ў Эрытрэі нават існуе падатак на работу за мяжой, які складае два працэнты ад даходу. Яго абавязаны плаціць усе, хто пакінуў радзіму.

Прынада для майнераў

Нельга не ўлічваць і той факт, што частка афрыканскіх краін, напрыклад ЦАР ці Малі, знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, што не можа не спрыяць развіццю крыптавалютных біржаў у гэтых краінах. Менавіта адпаведны фактар у свой час падштурхнуў Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку распрацаваць уласную крыптавалюту — сангакойн. Продаж цэнтральнаафрыканскай «крыпты» пачаўся яшчэ ў 2022 годзе, яна канвертавалася ў матэрыяльныя актывы. Меркавалася, што, набываючы сангакойны, інвестары такім чынам будуць атрымліваць долі ў праектах у галіне здабычы сыравіны, у тым ліку золата і алмазаў, а таксама зямельныя ўчасткі. Аднак гэта ініцыятыва не выклікала вялікай цікавасці. Праз паўгода з выстаўленых на продаж сангакойнаў было набыта менш за 8 працэнтаў на суму $1,6 млн.

У тым жа 2022 годзе быў анансаваны запуск у Рэспубліцы Конга, ДРК і Камеруне праекта The Open Network (TON). Як заявілі тады ТАСС ва ўрадзе Камеруна, яго ўкараненне зойме час. «Прыйдзецца прыняць шэраг адказных рашэнняў як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні, таму што новая лічбавая разліковая адзінка павінна садзейнічаць стварэнню новага ўніфікаванага сегмента фінансавых рынкаў усіх трох афрыканскіх краін», — адзначыў субяседнік агенцтва. Ён дадаў, што, паколькі размова пакуль ідзе аб стэйблкойнах (агульная назва крыптавалют, абменны курс якіх імкнуцца стабілізаваць), а не аб крыптавалюце, «яшчэ трэба будзе распрацаваць механізм, які будзе падтрымліваць ўстойлівы курс будучага стэйблкойна». Як заўважыў прадстаўнік Камеруна, пакуль яшчэ не зразумела, да якіх рэальных актываў будзе прывязаны афрыканскі стэйблкойн TON і як гэтыя актывы будуць кіравацца.

Нават у Нігерыі, якая займае першае месца ў Афрыцы і другое месца ў свеце па распаўсюджванні «крыпты», існуюць праблемы з заканадаўствам у дачыненні да біржаў і майнінгу. Гэта краіна першай на кантыненце распрацавала ўласную крыптавалюту eNaіra (найра), што адбылося яшчэ ў 2021 годзе. Усе аперацыі з ёй кантралююцца нігерыйскімі рэгулятарамі, а курс прывязаны да нацыянальнай валюты, каб знізіць рызыкі злоўжыванняў з боку спекулянтаў. Пры гэтым у тым жа 2021 годзе ў Нігерыі была ўведзена забарона на аперацыі з «крыптой» з-за рызык адмывання грошай і фінансавання тэрарызму.

У канцы мінулага года Цэнтрабанк краіны зняў забарону на аперацыі з крыптавалютамі і выдаў указанні для банкаў аб тым, як рэгістраваць адпаведныя разліковыя рахункі. Акрамя таго, біржы абавязаны атрымаць ліцэнзію ад Камісіі па каштоўных паперах і біржах для дзейнасці ў гэтай сферы. Аднак пазней (сёлета ў лютым) улады абвясцілі, што будуць блакіраваць доступ да крыптавалютных гандлёвых платформаў. Заблакіравалі ў тым ліку папулярныя платформы Bіnance, Coіnbase і Kraken у сувязі з апасеннямі, што аперацыі па абмене валют, якія праводзяцца праз гэтыя платформы, негатыўна ўплываюць на курс самой найры, паколькі банкі дзяржавы недаатрымліваюць прыбытак. Як заявіў кіраўнік Цэнтрабанка Нігерыі Алаемі Кардоса, толькі праз Bіnance прайшло $26 млрд з крыніц, якія не паддаюцца верыфікацыі.

У афрыканскіх краінах не толькі карыстаюцца крыптавалютамі, але і вырабляюць іх. Так, у Эфіопіі пасля ўвядзення ў эксплуатацыю плаціны і буйной гідраэлектрастанцыі «Адраджэнне» тарыфы на электрычнасць знізіліся, што прыцягнула ў гэтую краіну майнераў з Кітая. А каб кампенсаваць дэфіцыт замежнай валюты, мясцовыя ўлады пачалі браць у ёй плату за электрычнасць з мясцовых кампаній. Паводле ацэнак Bloomberg, ужо праз некалькі гадоў Эфіопія зможа супернічаць з Тэхасам, які цяпер з’яўляецца лідарам у ЗША па здабычы лічбавай валюты.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.