Менавіта такія ўзнёслыя вандроўкі ладзіць галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, народны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў у праграме «Класіка для ўсіх». Чарговы канцэрт праграмы, які адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, быў прысвечаны венгерскім кампазітарам.
Трэба адзначыць, што Аляксандр Анісімаў для гэтых канцэртаў намагаецца выбраць творы асаблівыя, напрыклад тыя, што раней у нас не выконваліся, або прыдумвае якія-небудзь асаблівыя нюансы выканання, не баіцца эксперыментаў, далучае майстроў з розных краін... Карацей, кожны такі канцэрт — непаўторны, свабодных месцаў на іх няма. Вось і цяпер праграму адкрываў твор, які ўпершыню выконваўся ў Мінску, — «Румынскі канцэрт» класіка венгерскай музыкі Д’ёрдзя Лігеці. Саліравала на скрыпцы заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Сцефановіч.
Затым далі слова рамантызму. Прагучаў твор кампазітара, без якога немагчыма ўявіць панараму венгерскай музыкі — Канцэрт № 2 для фартэпіяна з аркестрам Ферэнца Ліста. За фартэпіяна быў лаўрэат міжнародных конкурсаў, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Дулаў.
Другое аддзяленне — свята меламана: канцэртнае выкананне оперы Белы Бартака «Замак герцага Сіняя Барада». Гэта ўжо 1911 год, дэкаданс, сімвалізм... Опера напісаная на тэкст драмы-містэрыі Балажа — Бартаку так спадабалася тая драма, што ён «звёў» яе з-пад носу іншага кампазітара. Атрымаўся шэдэўр, сэнс якога дасюль разгадваюць. Што азначае падарожжа юнай Юдыт па замку яе жаніха, Герцага Сіняя Барада, дзе ёсць сем зачыненых дзвярэй? Магчыма, гэта падарожжа па душы чалавека, у закутках якой хаваюцца і скарбы, і боль, і грахі? А можа гэта алегарычны расповед пра сталенне юнай душы? Пагружэнню ў музыку спрыяў візуальны шэраг — на заднік сцэны праецыраваліся карціны, а таксама субцітры: опера выконвалася на венгерскай мове. Вось паварочвае дзявочая рука мудрагелісты ключ у замку, злавесна рыпяць дзверы... Што там? Дзівосны сад, мора слёз, катавальня? Опера Бартака — дыялог двух персанажаў, таму важна майстэрства спевакоў. І тут памылкі не было: партыю Юдыт выканала Ірына Крыкунова, чыё дзівоснае сапрана добра знаёмае заўсёднікам філарманічных канцэртаў, на партыю Герцага быў запрошаны саліст Вялікага тэатра Расіі Уладзімір Байкоў. Опера Бартака ў Беларусі калісьці выконвалася, але прайшло два дзесяцігоддзі, таму для большасці слухачоў гэта было адкрыццём.
А між тым музычны фестываль «Мінская вясна», часткай якога стаў канцэрт, працягваецца. 30 мая адбудзецца паказ оперы М. Рымскага-Корсакава «Казка пра цара Салтана», прысвечаны двум юбілеям — кампазітара Мікалая Рымскага-Корсакава і паэта Аляксандра Пушкіна. Гэта — дыпломны спектакль сёлетніх выпускнікоў Акадэміі музыкі, пастаўлены іх выкладчыцай Ірынай Крыкуновай. Дарэчы, і яна сама, і Уладзімір Байкоў выступяць разам са студэнтамі, а дырыжорам будзе Аляксандр Анісімаў.
Людміла ІВАНОВА
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.