Вы тут

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей


«Дом пад таполяй»... Менавіта так называлі дом Івана Дамінікавіча Луцэвіча, Янкі Купалы — гасціннае месца, дзе заўсёды гучалі вершы і цікавыя размовы, а гаспадыня, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, Купаліха, кожнага запрашала за стол.

У вайну дом быў знішчаны. Купала трагічна загінуў у 1942-м у Маскве... А Купаліха яшчэ да вяртання ў родную Беларусь пачала клапаціцца пра захаванне памяці мужа. І 19 мая 1944 года з’яўляецца пастанова Савета народных камісараў БССР аб стварэнні музея народнага паэта, першым дырэктарам якога і стала Уладзіслава Францаўна.

У гэтым годзе музей беларускага Песняра святкуе свой юбілей. За гэты час ад сціплай экспазіцыі ў пакоях былога Дома прафсаюзаў музей ператварыўся ў цэлы музейны комплекс... Пра сёння Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і яго юбілей мы гутарым з дырэктарам Ганнай Галінскай.


— Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сёння мае ў сваім складзе не толькі музей у Мінску, але і чатыры філіялы, — распавядае пра свае «гаспадаркі» Ганна Васільеўна. — Найстарэйшы — «Вязынка», радзіма паэта, якая прыняла першых гасцей у 1948 годзе. Заснаваны гэты філіял быў у 1945-м, тады ж заснаваны і філіял «Ляўкі» на Аршаншчыне, на тым месцы, дзе ў 1936–1941 гадах на стромым беразе Дняпра стаяла дача паэта. Сёння «Вязынка» і «Ляўкі» — Купалаўскія мемарыяльныя запаведнікі, унесеныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. 

У 1989 годзе на маляўнічай Лагойшчыне з’явіўся трэці філіял «Акопы», адкрыццё якога адбылося на 110-я ўгодкі з дня нараджэння Янкі Купалы. Самы малады філіял — «Яхімоўшчына», заснаваная ў 1997 годзе ў вёсцы Яхімоўшчына на Маладзечаншчыне, дзе ў 1906–1907 гадах працаваў на бровары Янка Купала. Адкрыццё адбылося ў 2001 годзе. Сёння экспазіцыі ў Вязынцы, Ляўках і Акопах абноўлены, у перспектыве — стварэнне новай экспазіцыі ў Яхімоўшчыне.

Штогод музей і філіялы наведваюць дзясяткі тысяч людзей, сярод якіх не толькі беларусы, але і госці нашай краіны. Гаспадарка даволі вялікая. Толькі Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» займае каля 14 га. І задача не толькі ва ўтрыманні ў належным стане экспазіцый, будынкаў, аб’ектаў, але і тэрыторый філіялаў. У гэтым дапамагаюць супрацоўнікі філіялаў. Большасць з іх — мясцовыя жыхары, якія беражліва адносяцца да родных мясцін і з павагай да спадчыны народнага паэта. Я адчуваю гэта, калі прыязджаю да іх. Стараюся як мага часцей, бо не ўсе пытанні можна вырашыць па тэлефоне.

— Музей Янкі Купалы — гэта яшчэ і навуковая ўстанова, але навуковая праца звычайна застаецца «за кулісамі» для звычайных наведнікаў музея. Як яна сёння вядзецца?

— Літаратурны музей Янкі Купалы ствараўся як структурная адзінка Акадэміі навук БССР і ад пачатку існавання выконваў функцыю цэнтра па збіранні, захоўванні, вывучэнні і папулярызацыі купалаўскай спадчыны. Сучасны музей працягвае традыцыі, закладзеныя яшчэ Уладзіславай Францаўнай. Праводзім міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Купалаўскія чытанні», 14-я чытанні прайшлі ў 2022 годзе і былі прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і 100-годдзю зборніка «Спадчына». У сваю чаргу, супрацоўнікі музея бяруць удзел у навуковых канферэнцыях і семінарах, дзе асвятляюць пытанні як у галіне гісторыі беларускага мастацкага слова, так і сферы музеязнаўства. Яны рыхтуюць навукова-папулярныя і навуковыя артыкулы, якія публікуюцца ў СМІ. Сёлетні чацвёрты нумар часопіса «Роднае слова» прысвечаны юбілею музея і ў значнай ступені падрыхтаваны музейнымі супрацоўнікамі. Работа па вывучэнні музейных фондаў знайшла адбітак у шэрагу выданняў, сярод іх — ілюстраваны каталог фатаграфій У. Ф. Луцэвіч «На добры ўспамін» (2016), ілюстраваны каталог «Афішы да спектакля „Паўлінка“ па аднайменнай п’есе Янкі Купалы» (2014), ілюстраваны каталог калекцыі «Мастацтва» «Янка Купала. Я адплаціў народу, чым моц мая магла...» (2019). Музеем падрыхтавана двухмоўнае ілюстраванае выданне ўнікальнай манаграфіі Льва Клейнбарта «Сустрэчы. Янка Купала» (2021), якая захоўвалася ў музейным зборы і раней не публікавалася.

— У музея Янкі Купалы ёсць шмат праектаў, якія сталі ўжо традыцыйнымі, напрыклад, фестываль паэзіі ў Вязынцы…

— Так, адзін з нашых традыцыйных і, напэўна, самых сталых праектаў — Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі», якое ладзіцца на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка «Вязынка» сумесна з Маладзечанскім райвыканкамам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. З 1972 года кожнае лета ў пачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць дзень нараджэння Янкі Купалы. А яшчэ больш чым дзясятак гадоў мы рэалізоўваем культурна-асветніцкі праект «Музыка ў музеі» сумесна з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Яшчэ адным доўгатэрміновым праектам (каля 10 гадоў), які ладзіцца сумесна з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з’яўляецца культурна-адукацыйны праект «Паэзія без межаў» з удзелам студэнтаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Менавіта ў Пекіне ў 1957 годзе да дня нараджэння Янкі Купалы адбылася першая міжнародная выстаўка, прысвечаная юбілею паэта. Верш «А хто там ідзе» і многія іншыя творы Купалы друкаваліся ў перакладах на кітайскую мову. У межах гэтага праекта кітайскія студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі чытаюць вершы беларускага народнага паэта на кітайскай мове.

Грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам» ладзіцца з 2012 года. Распрацаваны макет паштовак з вершамі паэта ў перакладах на 85 моў. Новы культурна-адукацыйны праект «Скарбонка талентаў» прымеркаваны да 80-годдзя музея Янкі Купалы. Мы прапануем нашым гасцям паглыбіцца ў творчы свет паэта і адкрыць уласныя здольнасці з дапамогай майстар-класаў па асваенні тэхнікі арыгамі, саломапляцення, лозапляцення, вырабу ўпрыгожанняў і інш.

У красавіку мы падвялі вынікі Мінскага гарадскога конкурсу відэаролікаў «#ЛЮБЛЮМУЗЕЙ», прымеркаванага да 80-годдзя музея Купалы. Конкурс праводзіўся сярод вучняў 1–11 класаў сярэдніх школ і гімназій Мінска, было даслана 48 відэаролікаў.

— Каля вытокаў музея стаяла жонка Янкі Купалы, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, яна ж была і першым дырэктарам. Якой вы асабіста ўяўляеце Уладзіславу Францаўну, гэтую вельмі неардынарную асобу, пра якую пакінута столькі розных меркаванняў сучаснікаў?

— Яна для мяне прыклад. Па-першае, сапраўднай жанчыны, вернай і самаадданай, якая заўсёды падтрымлівала свайго таленавітага мужа, раздзяляла яго погляды, забяспечвала яго быт, была сапраўднай гаспадыняй Купалавага дома. Па-другое, Уладзіслава Францаўна — выдатны і справядлівы арганізатар і кіраўнік. Нягледзячы на цяжкасці і страты, яна знайшла ў сабе сілы не толькі шмат зрабіць для ўшанавання памяці Янкі Купалы, але і, не маючы спецыяльнай адукацыі, стварыць музей з моманту камплектавання фондаў да адкрыцця экспазіцыі. Сёлета да 8 сакавіка зладжаны праект «Гаспадыня Купалавага Дому», таксама Уладзіслава Францаўна Луцэвіч стане галоўнай гераіняй юбілейнага праекта «Купалаў Дом — 80!».

— Як вядома, Янка Купала адным з першых адгукнуўся палымяным паэтычным словам на пачатак Вялікай Айчыннай вайны, заклікаючы на барацьбу супраць захопнікаў. Як музей удзельнічае ў святкаванні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў?

— Да 22 чэрвеня — Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — у сацыяльных сетках музея будзе размешчана віртуальная выстаўка «Цень забітых...» (назва з верша «Беларускім партызанам»), а ў музеі на базе выстаўкі «Клічу вас я на пабеду...» пройдзе культурна-патрыятычная акцыя «Гавару табе шчырае слова...». Усе гэтыя праекты знаёмяць з творчай спадчынай Янкі Купалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да 3 ліпеня прымеркавана экспанаванне ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Ляўкі» перасоўнай выставы «Тут усякая рэч як гавора з табой...», прысвечанай жыццю і творчасці Янкі Купалы ў эвакуацыі ў Татарстане. 9 мая мы традыцыйна далучыліся да Рэспубліканскага культурна-патрыятычнага мерапрыемства «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Падчас грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам» наведнікі чыталі вершы і артыкулы паэта, напісаныя ў 1941–1944 гадах. У межах акцыі 22 чэрвеня запланавана і культурна-патрыятычнае мерапрыемства «Гавару табе шчырае слова...», прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі. 3 ліпеня, калі краіна будзе святкаваць Дзень Незалежнасці, мы прапануем інтэрактыўныя экскурсіі па выставе «Мінскія гісторыі Янкі Купалы».

— На нядаўнім кінафестывалі «Лістапад» прыз атрымаў мультфільм па вершы Янкі Купалы «Вечарынка ў калгасе», створаны сёстрамі Абызавымі з Татарстана. Як яны прызналіся, Купала для іх адчуваецца як родны, бо іх маці — дырэктар музея Янкі Купалы ў Пячышчах. Як падтрымліваеце сувязь з калегамі з Татарстана?

— Традыцыі сталага супрацоўніцтва з Татарстанам закладзены яшчэ Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч. Экспазіцыя Музея Янкі Купалы ў Пячышчах стваралася пры дапамозе супрацоўнікаў нашага музея, пры непасрэдным удзеле ўнучатай пляменніцы паэта Жанны Казіміраўны Дапкюнас, загадчыка экспазіцыйнага аддзела. Выстаўка «Тут усякая рэч як гавора з табой...» — апошні са шматлікіх сумесных праектаў. У 2023 годзе яна экспанавалася ў Казані падчас Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і ў Мінску падчас Дзён культуры Рэспублікі Татарстан у Рэспубліцы Беларусь. Ёсць і іншыя міжнародныя праекты. У чэрвені 2024-га ў Калініградскім абласным гісторыка-мастацкім музеі плануецца сумесны праект з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа «Янка Купала и Якуб Колас: дороги дружбы». А ў верасні 2024 г. запланавана выстаўка «Ты далёка, ты блізка, ты побач» ва Ульянаўскім абласным краязнаўчым музеі імя І. А. Ганчарова да 225-годдзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна.

— Юбілей не толькі ў музея, але і ў парку Янкі Купалы: 75 гадоў. Гэтай даце прысвечаны адзін з вашых выставачных праектаў, і звязаны ён з імем архітэктара Леаніда Левіна…

— Так, з 4 красавіка да 11 мая 2024 года наш музей і Творчая майстэрня архітэктара Л. Левіна ладзілі выстаўку «Зямля Леаніда Левіна», прымеркаваную да 75-годдзя парку імя Янкі Купалы, які быў закладзены як парк імя 30-годдзя БССР. У 1962 годзе гэты маляўнічы куточак Мінска атрымаў імя першага народнага паэта Беларусі. «Наш галоўны дарадчык — Янка Купала», — з такім адчуваннем стваралі помнік Песняру скульптары Анатоль Анікейчык, Леў Гумілеўскі, Андрэй Заспіцкі і архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін. Вось што гаворыцца ва ўспамінах Леаніда Левіна з аўтабіяграфічнай аповесці «Хатынь»:

«Нам поручают увековечить память великого Поэта.

К работе приступаем сразу после окончания „Хатыни“.

Трудно передать состояние, в котором находиться авторский коллектив.

Мы перечитываем Купалу.

Мы живем Купалой.

Каждый день

начинается и заканчивается купаловской поэзией.

Рождаются идеи.

Идет их поиск.

Работаем в мастерской 

Анатолия Аникейчика.

У нас в мастерской.

Мы ушли от традиционных пьедесталов.

От избитых решений.

Пласт родной земли.

Он становится пьедесталом для Поэта.

Поэт задумался.

На мгновенье приостановился.

Приостановился,

чтобы вечно идти в ногу с народом.

„Папараць-кветка“.

И родник у ног Поэта.

Наш главный советник — Янка Купала.

Поет фонтан с Купалинками.

Поет родник.

Поют малые формы.

Поет парк,

В котором легко дышится Купале.

На фоне музея, носящего его имя.

На фоне места,

где когда-то стоял дом,

в котором жил Купала...»

— Ці можаце ўспомніць, калі першы раз у жыцці трапілі ў музей Янкі Купалы?

— У школьным узросце, разам з класам у другой палове 1980-х гадоў. Мяне ўразіла абстаноўка, увагу прыцягвалі і асабістыя рэчы паэта. Мая бабуля ў той час пражывала ў в. Аляхновічы Маладзечанскага раёна. І кожныя выходныя мы разам з бацькамі ездзілі да яе на электрычцы. Заўсёды спяшаліся. Я марыла, што, калі ў мяне будзе вольны час, я абавязкова спынюся на прыпынку «Вязынка» і ўбачу дом, дзе нарадзіўся Янка Купала. І вось лёс даў мне магчымасць не толькі наведаць музей, але і прымаць непасрэдны ўдзел у яго жыцці.

— Якім, на вашу думку, сёння павінен быць ідэальны супрацоўнік літаратурнага музея?

Сучасны музей усё больш ператвараецца ў комплексны культурна-адукацыйны і цэнтр вольнага часу, а зрабіць яго такім магчыма толькі пры наяўнасці самаадданых, таленавітых і крэатыўных супрацоўнікаў. Ідэальны супрацоўнік літаратурнага музея — патрыёт сваёй Радзімы. Ён любіць мову і літаратуру, гісторыю сваёй краіны. З павагай адносіцца да гістарычных традыцый і дзяржаўнасці. Дзякуючы яму, нашы наведвальнікі з захапленнем даведаюцца пра жыццёвы і творчы шлях першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».