Вы тут

Качанава: Мы сёння можам вырашаць усё. Усё, што трэба для нашай краіны


На такі прынцып у рабоце мясцовыя органы ўлады скіравала Старшыня Савета Рэспублікі падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое адбылося ў Шчучыне Гродзенскай вобласці. Яго тэма — «Аб сумеснай рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання па вырашэнні праблемных пытанняў у галіне зямельна-маёмасных адносін».


Фота з Тэлеграм-канала Савета Рэспублікі

Аднак найперш па прыбыцці на Гродзеншчыну спікер наведала Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, дзе азнаёмілася з музейнай экспазіцыяй і выстаўкай дасягненняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, лесагаспадарчай галіны Гродзенскай вобласці. 

Наступнай кропкай маршруту стаў ТАА «ЛОГАЛ-БИО» — буйны айчынны комплекс па вырошчванні шампіньёнаў, гародніны і збожжавых культур. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Алейнікаў расказаў, што вытворчасць створана на землях і аб’ектах былых ваенных гарадкоў. Такім чынам, уцягненне ў гаспадарчы зварот зямельных угоддзяў і інфраструктуры, якія некаторы час ніяк не выкарыстоўваліся, прыносіць эканамічны эфект, забяспечвае насельніцтва працоўнымі месцамі. Старшыня Савета Рэспублікі, сенатары, іншыя ўдзельнікі пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі пабывалі ў цахах, дзе азнаёміліся з працэсам вырошчвання шампіньёнаў, наведалі склад гатовай прадукцыі, пагутарылі з супрацоўнікамі прадпрыемства. 

Адкрываючы пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, Наталля Качанава адзначыла, што Савет па ўзаемадзеянні функцыянуе ўжо больш як 16 гадоў. «За гэтыя гады мы (я і мае папярэднікі) імкнуліся зрабіць так, каб рашэнні, якія прымаюцца гэтым Саветам, былі актуальныя, цікавыя, а, самае галоўнае, карысныя тым нашым калегам, якія працуюць на месцах — гэта дэпутацкі корпус усіх узроўняў, — падкрэсліла яна. — Мы — орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Адна з функцый Савета Рэспублікі — работа з дэпутацкім корпусам усіх узроўняў. Праз Саветы па ўзаемадзеянні мы спрабуем высветліць найбольш актуальныя пытанні, якія б мы хацелі разгледзець на пасяджэннях Савета». 

Наталля Качанава заклікала да адкрытай, шчырай і даверлівай размовы — каб у далейшай рабоце было зразумела, што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць. «Увогуле мы імкнёмся як мага часцей і больш мець зносіны з вамі — дэпутатамі ўсіх узроўняў — для таго, каб разумець, якія пытанні сёння хвалююць вас, што яшчэ трэба вырашаць, зыходзячы з гэтага мы выбіраем павестку дня наступнага Савета па ўзаемадзеянні, — патлумачыла спікер. — Сустракаючыся са старшынямі сельскіх Саветаў, у чарговы раз мы з калегамі пераканаліся ў тым, што тыя пытанні, якія мы разглядаем на Савеце па ўзаемадзеянні, яны ўсё яшчэ застаюцца актуальнымі для вас — тых, хто працуе на месцах».

Кажучы аб пытаннях, вынесеных на абмеркаванне Савета па ўзаемадзеянні, спікер звярнула ўвагу на тое, што гэта не новыя пытанні. «Ëсць даручэнне Прэзідэнта нашай краіны, і не адно, пачынаючы з навядзення парадку на зямлі, уцягвання ў абарот будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, пустуюць, да зямельна-маёмасных адносін, — удакладніла яна. — Мы бачым з тых прыёмаў па асабістых пытаннях, якія праводзім, што актуальнасць гэтых пытанняў не сыходзіць, нягледзячы на заканадаўчыя акты, пастановы, якія прымаюцца. Прыняты ўжо і Кодэкс аб зямлі, унесены дапаўненні і змяненні і ў іншыя нарматыўныя прававыя акты. Але калі мы пачынаем размаўляць з вамі на месцах, разумеем, што часта гэта ўсё не вельмі проста».

Наталля Качанава падкрэсліла: «Мы сёння з вамі можам вырашаць усё. Усё, што трэба для нашай краіны. Пра гэта не аднойчы казаў Прэзідэнт. Калі гэта трэба для дзяржавы, для нашых людзей, трэба гэта вырашаць, мы павінны ўрэгуляваць гэтыя пытанні, каб гэта было з карысцю для людзей».

Па словах старшыні Савета Рэспублікі, органы мясцовага кіравання і самакіравання павінны разумець, што менавіта ад іх, ад той інфармацыі, якая даносіцца да дзяржорганаў, прымаюцца рашэнні. «Для таго, каб мы працавалі эфектыўна, у нас павінна быць добрая заканадаўчая база, — акцэнтавала ўвагу спікер. — Яна ўжо ёсць, але час ідзе — трэба карэкціраваць».

Наталля Качанава нагадала, што мінулым скліканнем Савета Рэспублікі праблемныя пытанні ў галіне зямельна-маёмасных адносін былі разгледжаны некалькі разоў. «Мы выязджалі ў Смалявічы, Докшыцы, мы глядзелі, як працуюць сельскія Саветы па зносе хат, якія пустуюць, іх продажы, уцягванні ў абарот пустуючых земляў», — канкрэтызавала яна. Таксама пры садзейнічанні Савета Рэспублікі створаны Рэестр пустуючых жылых дамоў, які ўжо функцыянуе.

Старшыня Савета Рэспублікі рэзюмавала, што работа праведзена каласальная, але сёння мясцовыя органы кіравання і самакіравання павінны падказаць, якія праблемы дагэтуль існуюць і якія шляхі іх вырашэння. «Сёння вы павінны яшчэ раз вызначыць тыя праблемныя пытанні і кропкі, якія выйшлі на павестку дня, перш за ўсё ў вас (вы на месцах, вы там жывяце), — арыентавала спікер. — Актуальнасць гэтых пытанняў не спадае. 11% зваротаў, якія паступілі ў мінулым годзе ў Савет Рэспублікі, датычацца зямельна-маёмасных адносін. Прэзідэнт не раз паўтарае: трэба навесці парадак на зямлі. Гэта найважнейшы наш рэсурс — зямля». 

У размове з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што на Савеце па ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі самакіравання, які створаны і працуе пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, разглядаюцца найбольш актуальныя пытанні, якія ўзнікаюць у рабоце мясцовых органаў самакіравання. «У прыватнасці, нашых калег з дэпутацкага корпуса, — удакладніла яна. — І тыя пытанні, якія мы выносім на абмеркаванне, вельмі важныя для разгляду: у далейшым, працуючы над законапраектамі, мы разумеем, дзе ёсць праблемы, якія трэба ўрэгуляваць». 

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што пытанне, вынесенае на разгляд Савета па ўзаемадзеянні, не новае. «Прэзідэнт паставіў задачы па навядзенні парадку на зямлі ўжо даўно, па рабоце з пустымі дамамі прыняты ўказ, які працуе, — канкрэтызавала спікер. — Ён дазволіў мясцовым органам улады працаваць больш эфектыўна па ўключэнні ў абарот дамоў, якія пустуюць. Па самавольным будаўніцтве прыняты рашэнні, дастаткова добрыя сёння прыняты нарматыўныя прававыя акты. Але разам з тым, калі мы праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, сустракаемся з нашымі калегамі — дэпутатамі, старшынямі сельскіх саветаў, раённых, гарадскіх саветаў, мы ўбачылі, што ёсць яшчэ пытанні, якія не так эфектыўна даюць магчымасць працаваць у гэтым кірунку і вырашаць больш хутка пытанні, якія мы ўжо даўно павінны былі ўрэгуляваць больш дакладна і зразумела».

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, выступленні ўдзельнікаў пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні пацвердзілі, што сапраўды ёсць пытанні, якія сёння ў нейкай меры перашкаджаюць хутка і эфектыўна вырашаць задачы. «Таму ў дакладах гэтыя пытанні прагучалі, абмеркаванне атрымалася дастаткова актыўным, — заўважыла спікер. — Для абмеркавання мы прыцягвалі нашых калег, дэпутатаў усіх узроўняў, і ўбачылі, што сапраўды праблемы ёсць. Мы падрыхтуем усе рэкамендацыі, якія накіруем ва ўрад, рэспубліканскім органам кіравання, каб яны сумесна яшчэ раз адпрацавалі. Мы, вядома, не будзем у баку ад гэтых пытанняў, будзем актыўна прымаць удзел. Больш таго, возьмем гэтае пытанне на больш жорсткі кантроль».

Пры гэтым Наталля Качанава падкрэсліла, што ход выканання пастаўленых задач будзе разгледжаны падчас наступных двух пасяджэнняў Савета па ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі самакіравання, які створаны і працуе пры Савеце Рэспублікі. 

У завяршэнні рабочай паездкі на Гродзеншчыну, члены Савета Рэспублікі, іншыя ўдзельнікі Савета па ўзаемадзеянні ўсклалі кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні Шчучынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.