Вы тут

Міншчына ярка прадэманстравала свой творчы патэнцыял


У пятніцу на галоўнай культурнай пляцоўцы краіны — Палацы Рэспублікі — прайшоў гала-канцэрт Мінскай вобласці «Міншчына — сэрца Беларусі» ў рамках рэспубліканскага фестывалю «Беларусь — мая песня». У той жа час на ВДНГ у Маскве стартавалі Дні цэнтральнага рэгіёна, на якіх Міншчына прэзентуе свае дасягненні ў самых розных галінах.


Творчая справаздача

У Палацы Рэспублікі «гаспадарылі» артысты цэнтральнага рэгіёна: больш за 1700 майстроў мастацтваў. Падтрымаў прадстаўнікоў вобласці губернатар Аляксандр Турчын.

«Толькі прыехаў з Магілёва, дзе праводзіліся зборы па тэрытарыяльнай абароне, былі выбухі, верталёты, а тут — канцэртная праграма. — распавёў журналістам старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр ТУРЧЫН. — І на гэтым кантрасце разумееш, наколькі важны мір. Лепш мы будзем збірацца тут, праводзіць канцэрты, ваяваць у палях і за станком, чым браць зброю ў рукі. Але, безумоўна, калі давядзецца, мы гэта зробім».

«Атрымалася вялікае свята для жыхароў Мінскай вобласці, для творчых калектываў. Мы бачым, наколькі Мінская вобласць разнастайная ў сваёй творчасці, узяўшы за аснову найлепшую частку патэнцыялу. Нягледзячы на тое, што рэгіёны Міншчыны падобныя паміж сабой, кожны з іх прыгожы і самабытны, і гэта выдатна», — дадаў губернатар.

На думку Аляксандра Турчына, любы раён можа прэтэндаваць на званне сталіцы Цэнтральнага рэгіёна. «Сёння ёсць Жодзіна і "БЕЛАЗ", ёсць Барысаў і "БАТЭ", Мядзелькія азёры, Нясвіжскі замак — кожны рэгіён адметны па-свойму. Скажу шчыра: у нас ужо была думка зрабіць пераходную сталіцу Мінскай вобласці. Штогод кожны раён атрымліваў бы такое званне. Збольшага гэта атрымліваецца з дапамогай фестывалю працаўнікоў сяла "Дажынкі". Тым больш што дадзенае мерапрыемства даўно трансфармаваліся са звычайнага свята аграрыяў у сапраўдную маштабную ўрачыстасць. На самай справе, напэўна, той раён, які прымае "Дажынкі", становіцца сталіцай цэнтральнага рэгіёна».

Сёлета «Дажынкі» прымае Валожын. Па словах губернатара, гісторыя і архітэктура гэтага горада вельмі багатыя, таму ён па праве можа называцца сталіцай Мінскай вобласці ў 2024 годзе. «Я бачу шмат пазітыву ў тым, што ў нас няма адзінай сталіцы вобласці. Ды таму, што ў нас усе роўныя!» — падагульніў Аляксандр Турчын.

На канцэрце выступілі выканаўцы і творчыя калектывы з усіх куткоў Міншчыны: артысты Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г. Маладзечна) і народнага маладзёжнага тэатра эстрады Слуцкага гарадскога Дома культуры, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь імя У. Радзівіл (г. Нясвіж), студыя сучаснай харэаграфіі «Атмасфера» (г. Барысаў), харэаграфічны ансамбль дзіцячай школы мастацтваў з Салігорска і многія іншыя.

У фае Палаца Рэспублікі працавала выстава твораў народных мастацкіх рамёстваў, створаных па ўнікальных тэхналогіях майстроў Мінскай вобласці: мастацкая кераміка, традыцыйная маляванка, саламяныя скульптуры, тканыя паясы і ручнікі, а таксама ўнікальныя калекцыі драўляных лыжак Яўгена Осіпава і драўляных гадзіннікаў Андрэя Мартынюка.

«Мы пастараліся прадставіць Мінскую вобласць і яе творчыя калектывы ў разнастайнасці, унікальнасці, паказаць творчасць тых, хто працуе ў глыбінцы, — распавяла рэжысёр гала-канцэрта Крысціна Дайняк. — Падрыхтоўкай дзеі займалася велізарная каманда: рэжысёрска-пастановачная група, тэхнічны персанал. Нам хацелася здзівіць гледачоў і незвычайнай формай, надаўшы максімальную сучаснасць, і ўнікальнасцю падзеі. Удзельнічалі ў канцэрце каля 1,7 тысячы чалавек ад малога да вялікага. Напрыклад, "Тупатушкі" — харэаграфічны калектыў з Салігорска, сфарміраваны з дарослых артыстаў, а "Атмасфера" з Барысава і "Егоза" з Любані — малыя-першаклашкі. Радавалі таксама нясвіжскія лыжкары, рыцары, баяністы, дудары».

«Гэта сапраўды маштабнае, масавае мерапрыемства. Шмат новых асоб, таленавітых галасоў, — адзначыла заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская. — Гэта яшчэ раз даказвае, што палітыка дзяржавы накіравана на падтрымку таленавітай моладзі. Менавіта тое, што ў канцэрце прынялі ўдзел шмат маладых хлопцаў, і падкупіла. Новая энергія ў культуры патрэбна заўсёды!»
Арт-група «Багач» уразіла гледачоў выканальніцкім майстэрствам. «Мы спяваем беларускія народныя песні ў сучаснай апрацоўцы. Хочацца выказаць вялікую падзяку арганізатарам грандыёзнага праекта "Беларусь — мая песня" за магчымасць знаходзіцца на гэтай сцэне з найлепшымі калектывамі Мінскай вобласці», — адзначыў мастацкі кіраўнік арт-групы «Багач» Віктар Варонін.
У фінале гала-канцэрта старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын падзякаваў Прэзідэнту за тую падтрымку, якую ён аказвае Мінскай вобласці. Таксама губернатар выказаў удзячнасць усім удзельнікам канцэрта і адзначыў, што Міншчына — рэгіён таленавітых людзей.

Завяршыўся канцэрт песняй «Благаславёны бацькоўскі край», якую выканалі ўсе ўдзельнікі разам з гледачамі.
Экскурс у гісторыю з самабытнымі абрадамі Міншчыны, важныя персаналіі цэнтральнага рэгіёна, у тым ліку літаратурныя іпастасі, выканальніцкія таленты і яркі відэашэраг — гала-канцэрт упісаў адну з самых памятных старонак у культурнае жыццё Мінскай вобласці.

Этаталонна паспяховая праца

20 мая, на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця прэзентацыі Мінскай вобласці. Яна працягне серыю прэзентацый беларускіх абласцей, якія па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі праводзяцца з пачатку гэтага года на ВДНГ у павільёне «Рэспубліка Беларусь». Дні Цэнтральнага рэгіёна ў расійскай сталіцы стартавалі 17 мая і працягнуцца да 2 чэрвеня. За гэты час Міншчына прадэманструе расійскім наведвальнікам свой прамысловы, інвестыцыйны, турыстычны і культурны патэнцыял. Дарэчы, свае дасягненні на галоўнай расійскай выставе ўжо прадставілі Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская і Магілёўская вобласці.

Адкрываючы прэзентацыю, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын адзначыў, што асноўны ўклад у эканоміку вобласці ўносіць прамысловасць: на яе тэрыторыі дзейнічаюць больш за 4 тысячы прадпрыемстваў з агульнай колькасцю работнікаў звыш 130 тысяч чалавек. Пятая частка аб’ёму прамысловай вытворчасці Беларусі прыпадае на Мінскую вобласць.

Губернатар Міншчыны засяродзіў увагу на ўмацаванні супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. «Гэта сведчыць аб тым, наколькі нашы краіны блізкія ў вырашэнні найважнейшых задач, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Нас не можа не радаваць нарошчванне сумеснага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Наш тавараабарот за 2023 год склаў дзевяць мільярдаў долараў».
«Эталонна паспяховая праца», — так ахарактарызаваў тавараабарот паміж Мінскай вобласцю і Расіяй Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.

Часткай экспазіцыі стала традыцыйная беларуская хата. Яна аформлена старадаўнімі элементамі побыту. Тут і ткацкі станок, і драўляныя крамы, і калыска для нованароджанага. Утульнасць ствараюць ручнікі, пакрывалы, саламяныя, гліняныя вырабы. Не менш каларытная і пляцоўка перад хатай, дзе праходзілі майстар-класы разьбы па дрэве і ткацтву. А яшчэ на пляцоўцы можна паглядзець дзіўныя Слуцкія паясы.

Цэнтральную частку экспазіцыі Мінскай вобласці на ВДНГ займае макет Кургана Славы як аднаго з сімвалаў Рэспублікі Беларусь і аднаго з цэнтраў турызму Мінскай вобласці. Курган Славы цікавы яшчэ і тым, што быў закладзены прадстаўнікамі гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, Брэсцкай крэпасці-героя, жыхарамі Мінска і Мінскай вобласці. Гэты помнік архітэктуры аб’ядноўвае і нагадвае пра Перамогу і тых, хто аддаў свае жыцці за наша мірнае неба.

Развіццё турыстычнай галіны ў рэгіёне абумоўлена багатай прыроднай і культурнай спадчынай. Але Мінская вобласць — гэта не толькі культура. Гэта яшчэ і эканоміка. Адчуць патэнцыял рэгіёна можна на ВДНГ. Найбольшай папулярнасцю чакана карыстаецца «БЕЛАЗ». Ярка-жоўтая машына-гігант — проста магніт для дзяцей і дарослых. Дарэчы, летась «БЕЛАЗ» паставіў рэкордны аб’ём прадукцыі ў Расію — 875 кар’ерных самазвалаў.

Знайшлося месца і для машын лягчэй. аўтамабілі завода «БелДжы» можна па праве назваць народнымі: усё больш беларусаў выбірае сваё. Цяпер прадпрыемства выпускае пяць мадэляў аўто і адзін электрамабіль. Летась пачаты выпуск аўтамабіляў пад беларускім брэндам «BelGee X50». Мадэльны шэраг пастаянна пашыраецца.
У рамках прэзентацыі прадстаўлены элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны, уключаныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У ходзе дзён рэгіёна адбудуцца выступленні аматарскіх калектываў Мінскай вобласці.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота тэлеграм-канал Мінская вобласць/пра галоўнае

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».