Вы тут

Сергеенка адзначыў першачарговыя задачы для дэпутатаў новага склікання


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка ў інтэрв’ю тэлеканалу АНТ назваў першачарговыя задачы для дэпутатаў новага склікання. У іх ліку захаванне суверэнітэту, умацаванне бяспекі, садзейнічанне развіццю нацыянальнай эканомікі з акцэнтам на захаванне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і адказнасці, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

«У сваёй працы мы захоўваем пераемнасць і ўлічваем, што назапашана папярэднімі складамі парламента. Калі казаць аб канкрэтных напрамках, я б падзяліў іх на два: унутраная палітыка і работа на міжнародным контуры», — адзначыў Ігар Сергеенка.

Што тычыцца першага складніка, то гаворка ідзе аб заканатворчасці, што ўключае і падрыхтоўку законапраектаў, і прававы маніторынг — выяўленне тых праблемных аспектаў у галіне права, якія сёння ў той ці іншай ступені альбо дрэнна працуюць, альбо недастаткова, альбо перашкаджаюць развіццю эканомікі і іншых сфер жыццядзейнасці. Яшчэ адзін важны напрамак — работа з насельніцтвам у акругах.

Што датычыцца знешняга контуру, то парламентарыі прымаюць удзел у дзейнасці міжнародных парламенцкіх арганізацый, у першую чаргу ў рамках Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Таксама ў прыярытэце — супрацоўніцтва з парламентарыямі Кітайскай Народнай Рэспублікі, іншых краін.

«Крыху больш складана складваецца сітуацыя з еўрапейскім рэгіёнам. Але тым не менш мы адкрытыя, маем намер працаваць і з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, даводзіць сваю пазіцыю, выказваць свой пункт гледжання на тыя працэсы, якія адбываюцца ў міжнароднай супольнасці», — дадаў Ігар Сергеенка.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што парламент новага склікання працуе ўжо 1,5 месяца. Сфарміраваны 14 камісій, ужо прынятыя 10 законапраектаў. Зараз у рабоце 20 законапраектаў, у тым ліку па пытаннях сацыяльнай сферы, сямейных адносін, прафілактыкі злачыннасці непаўналетніх. «Па тых напрамках, якія непасрэдна закранаюць інтарэсы выбаршчыкаў», — падкрэсліў Ігар Сергеенка.

У складзе парламента нямала прадстаўнікоў палітычных партый. З 110 дэпутатаў толькі 40 беспартыйныя. «Прадстаўнікі палітычных партый працавалі і ў папярэднім складзе, і раней. Але хацеў бы нагадаць і вярнуцца да таго, што летась былі ўнесеныя адпаведныя змены ў заканадаўства, якое тычыцца партыйнага будаўніцтва. Прайшла перарэгістрацыя партый. Тыя партыі, якія праводзілі і дэструктыўную дзейнасць, і фармальна лічыліся, сышлі. Прадстаўнікі чатырох партый працуюць сёння ў парламенце, — дадаў Ігар Сергеенка. — І галоўнае тут не папулізм у выказваннях і падыходах, а канкрэтныя ініцыятывы, справы, яркія праекты. Самае галоўнае не проста іх абвясціць, але і рэалізаваць».

Таксама кіраўнік Палаты прадстаўнікоў распавёў пра сваё стаўленне да таго, што ў склад парламента выбраны публічныя людзі, якіх называюць лідарамі меркаванняў. «Публічнасць ім не перашкаджае, а толькі дапамагае. Таму мы разлічваем не толькі на абвяшчэнне ініцыятыў, але і на іх увасабленне ў жыццё, выніковасць, на актыўную працу», — сказаў Ігар Сергеенка. У цэлым, паводле яго слоў, у дэпутацкай дзейнасці павінна быць разумным спалучэнне публічнасці і цішыні.

Ігар Сергеенка падкрэсліў, што цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў карэнным чынам не адрозніваецца ад папярэдніх, 20 дэпутатаў працавалі ў ранейшым складзе, і многія з іх узначалілі камісіі. Парламентарыі арыентаваны на тое, каб разумець, чым жыве краіна, людзі, якія сёння маюцца праблемы і на што трэба звярнуць першачарговую ўвагу. «Жыццё не стаіць на месцы. Мы павінны своечасова рэагаваць», — рэзюмаваў Ігар Сергеенка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».