Вы тут

Рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 9%


Міністр эканомікі Юрый Чабатар у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў, як спрацавала эканоміка краіны ў першым квартале, паведамляе БелТА.


Фота з адкрытых крыніц

«Вынікі за чатыры месяцы ўражлівыя, — сказаў Юрый Чабатар. — Рост валавога ўнутранага прадукту 105,1% — да мінулага перыяду прырост цэлы пункт. У нас дадае прамысловасць — больш за 7%, растуць тыя сектары, на якія мы сёлета рабілі стаўку: высокатэхналагічная прамысловасць, вытворчасць транспартных сродкаў. Перапрацоўка драўніны, цэлюлозна-папяровая прамысловасць нарэшце выйшла з крызісу. Бачым паступальнае нарошчванне аб’ёмаў».

Станоўчая дынаміка адзначаецца і сферы вытворчасці прадуктаў харчавання. На апошняй нарадзе па сельскай гаспадарцы Прэзідэнт паставіў задачу значна нарасціць экспартныя пастаўкі. «Для гэтага ёсць усе магчымасці і патэнцыял. Галіна — прамысловасць перапрацоўкі — прырастае амаль 7%. Таксама будаўніцтва істотна дадалося — 9% па выніках чатырох месяцаў. У гэтай галіне мы сочым за трыма асноўнымі напрамкамі: жыллёвае будаўніцтва, інфраструктура і рэалізацыя камерцыйных праектаў», — адзначыў міністр.

На кантролі знаходзяцца будаўніцтва дарог, сацыяльных аб’ектаў, выконваюцца жыллёвыя праграмы. «Мы істотна дадаем у будаўніцтве арэнднага жылля, і на бліжэйшую перспектыву гэты кірунак будзе заставацца прыярытэтам», — падкрэсліў Юрый Чабатар.

Што тычыцца камерцыйных інвестыцыйных праектаў, то такая праца разгорнута ва ўсіх рэгіёнах. Дадае і IT-галіна — як з пункту гледжання ўкладу ў ВУП, так і па колькасці занятых.

«З пазіцыі спажывання на рынку таксама станоўчыя вынікі. Інфляцыя істотна ніжэй нашых планавых прагнозаў — па чатырох месяцах 102,7%», — адзначыў Юрый Чабатар.

Рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 9%, сярэдні заробак перавысіў Br2 тыс., адзначаецца рост пенсій. «Насельніцтва сёння схільнае траціць. Мы бачым істотны прырост па рознічным тавараабароце, — дадаў міністр. — Усё гэта дзякуючы сацыяльнай палітыцы, якую праводзіць урад».

Адказваючы на пытанне, якім складзецца гэты год, ці ўдасца захаваць набраны тэмп, Юрый Чабатар адзначыў: «Для нас ключавое — выкананне планаў. Упэўненыя, што тыя задачы і напрамкі, якія вызначылі ў мэтавым плане ўрада, будуць выкананыя».

На асаблівым кантролі — экспарт, дзе не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца наяўныя рэзервы, эфектыўнасць работы арганізацый у розных сектарах і паляпшэнне іх фінансавага становішча.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.