Вы тут

Нашы тавары на Wіldberrіes могуць атрымаць знак «Зроблена ў Беларусі»


На сёння Wіldberrіes з'яўляецца найбуйнейшым інтэрнэт-магазінам у Расіі. Ён існуе на рынку ўжо шмат гадоў і прысутнічае ў іншых краінах: Казахстане, Узбекістане, Арменіі і Беларусі. Наша прадукцыя даўно прысутнічае на гэтым вялікім рынку, але менавіта цяпер стала пазнавальная.


Намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніс Мялешкін адзначыў, што ў нашай краіне праводзіцца мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка па прасоўванні айчынных тавараў на экспарт. «Адным з такіх ключавых звёнаў з'яўляецца прасоўванне прадукцыі праз электронныя пляцоўкі — маркетплейсы. У прыватнасці, на вядомай гандлёвай платформе Wіldberrіes з'явіўся раздзел «Зроблена ў Беларусі», у якім прадстаўлены тавары, вырабленыя прадпрыемствамі нашай краіны», — падкрэсліў Дзяніс Мялешкін.

Аператарам паслугі пацвярджэння прыналежнасці прадукцыі і тавараў да айчынных вытворцаў выступае Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Так, для праходжання верыфікацыі і атрымання магчымасці забяспечыць сваю картку тавараў на Wіldberrіes спецыяльнай адзнакай «Зроблена ў Беларусі» прадаўцам трэба звяртацца менавіта ў БелГПП.

«Мы вырашаем дзве асноўныя задачы: прасоўваем айчынныя беларускія тавары, якія зарэкамендавалі сябе як якасная прадукцыя, а таксама забяспечваем абарону рэпутацыі гэтых тавараў, калі няякасны кантрафактны тавар выдаецца за беларускі. Акрамя таго, вырашаецца пытанне нядобрасумленнай канкурэнцыі і нядобрасумленнага пасрэдніцтва», — растлумачыў намеснік старшыні БелГПП.
Паводле яго слоў, адзнака «Зроблена ў Беларусі» — своеасаблівы знак якасці. «Беларускія тавары сёння з'яўляюцца брэндам, і гэты брэнд, на наш погляд, дазволіць яшчэ лепш прасоўваць тавары айчынных вытворцаў на электронных платформах», — звярнуў увагу Дзяніс Мялешкін.

Як ажыццяўляецца верыфікацыя тавараў з пазнакай «Зроблена ў Беларусі»

Намеснік старшыні адзначыў, што ўжо з сярэдзіны мая БелГПП пачынае прымаць заяўкі на атрыманне знака «Зроблена ў Беларусі» на пляцоўцы Wіldberrіes.

«Заяўкі прымаем выключна ад беларускіх прадпрыемстваў-вытворцаў. Калі ж гандлёвая арганізацыя, дылер або гандлёвы дом прадае на электроннай пляцоўцы беларускія тавары, то яны павінны ўзаемадзейнічаць непасрэдна з беларускімі вытворцамі, — адзначыў Дзяніс Мялешкін.

Ён звярнуў увагу, што вытворца павінен мець адзін дакумент або быць уключаным у рэестр, выдачу і вядзенне якіх ажыццяўляе Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Сярод такіх дакументаў можа быць сертыфікат уласнай вытворчасці або сертыфікат аб паходжанні тавару. Таксама тавар можа быць уключаны ў Еўразійскі рэестр прамысловых тавараў дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, рэестр прамысловай прадукцыі або рэестр заключэнняў аб адпаведнасці заяўніка ўмовам, што прад'яўляюцца да вытворцаў прадукцыі. Калі ж вытворца сябе нідзе не знайшоў, значыць, яму неабходна будзе звярнуцца ў абласное аддзяленне гандлёва-прамысловай палаты.

«Далей вытворца знаёміцца з публічным дагаворам, які будзе размешчаны на сайце БелГПП, і звяртаецца да нас з заяўкай. Пасля гэтага вытворца атрымлівае на электронную пошту рахункі і ажыццяўляе аплату. У сваю чаргу БелГПП праводзіць верыфікацыю па спецыяльных кодах тых пазіцый, якія пазначаны ў заяўцы, з інфармацыяй, што змяшчаецца ў нашых базах даных і рэестрах. Таксама праводзіцца візуальны кантроль артыкулаў, якія былі пазначаны ў заяве. Па выніках мы ўключаем артыкулы ў наш рэестр і перадаём гэтую інфармацыю калегам з маркетплейса, каб тыя прамаркіравалі прадукцыю надпісам «Зроблена ў Беларусі». Увесь гэты працэс праходзіць дыстанцыйна, і няма неабходнасці фізічнага наведвання гандлёва-прамысловай палаты», — заявіў намеснік старшыні БелГПП.

Для разгляду дакументаў і ўключэння ў рэестр тавараў для маркіроўкі спатрэбіцца каля 5 дзён. «У далейшым плануем яшчэ большую аўтаматызацыю гэтага працэсу, і тэрміны выдачы будуць скарацацца. Тэрмінаў абмежавання на дзеянне маркіроўкі «Зроблена ў Беларусі» ад БелГПП няма, як і абмежаванняў па відах, а таксама галіновай прыналежнасці», — дадаў Дзяніс Мялешкін.

Ён падкрэсліў, што прадпрыемствы пасля анансавання навіны зацікавіліся гэтай магчымасцю. Так, за адзін дзень у першай дэкадзе мая ў адрас БелГПП паступіла больш за 100 званкоў з пытаннямі і прапановамі. «У найбліжэйшы час мы размесцім на нашым сайце інфармацыю з адказамі на пытанні, якія задаюцца найбольш часта. Там жа будуць пазначаны кантакты для зваротнай сувязі. Разлічваем, што маркіроўка «Зроблена ў Беларусі» дазволіць нашым вытворцам вытрымліваць добрасумленную канкурэнцыю і лепш прасоўваць свой тавар, у тым ліку на экспарт. Пры гэтым пакупнікі будуць ведаць, што яны сапраўды набываюць якасны тавар, які прайшоў праверку», — падсумаваў намеснік старшыні БелГПП.

Наперадзе ў спецыялістаў аператара будзе велізарная праца. Прадчуваючы наплыў кліентаў, аператар вызначае пазачарговае права на верыфікацыю тавараў членам гэтай палаты.

Балы за пакупкі

Гэтыя балы цалкам эквівалентныя рублям. Папулярны маркетплейс пачынае тэсціраваць новы інструмент «Балы за водгукі». Кліентам будуць налічваць балы за пакупкі. Але ёсць умовы.

Па-першае, балы налічаць толькі тым, хто на працягу пяці дзён з моманту атрымання тавару на Wіldberrіes пакіне водгук на тавар. Па-другое, атрымліваць бонусы могуць карыстальнікі сайта і прылад на Androіd, у якіх устаноўлены дадатак з апошнімі абнаўленнямі. На іOS інструмент з'явіцца пазней. І, па-трэцяе, пакуль балы могуць налічыць толькі прадаўцы з тэставай групы. Але хутка функцыя будзе даступная ўсім. Балы налічаць праз 14 дзён пасля напісання водгуку. Іх можна скарыстаць на любыя пакупкі на платформе, яны цалкам эквівалентныя рублям.

А яшчэ. Раздзел «Зроблена ў Беларусі» ужо з'явіўся на гандлёвай пляцоўцы пад рубрыкай «Акцыі». Такую меру прынялі для прасоўвання беларускіх тавараў. Яна дасць магчымасць пакупнікам набываць якасную прадукцыю па зніжаных цэнах без удзелу пасрэднікаў. У раздзеле прапануюць касметыку, адзенне, кансервы, цацкі, посуд, бытавую тэхніка і іншае.

— У беларускіх тавараў добрая рэпутацыя на рынку ЕАЭС. Мы імкнёмся падтрымліваць усіх прадаўцоў-экспарцёраў з краін нашай прысутнасці, пашыраць рынкі збыту і забяспечваць попыт», — падкрэслілі прадстаўнікі расійскай кампаніі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».