Вы тут

Захаваць. Нельга знесці


Спачатку быў ліст. Напрыканцы мінулага года настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Гарадоцкай базавай школы Маладзечанскага раёна Таццяна Шумель выказала занепакоенасць тым, што сёлета ў вёсцы Дубрава збіраюцца знесці касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які некалі ўражваў сваімі памерамі і архітэктурнай прыгажосцю. Яго фундатарам, як і мураванага палаца ў Сёмкаве, быў апошні менскі ваявода Адам Хмара.


«Цікава, што пераемнасць паміж двума населенымі пунктамі не толькі існавала, але і працягвае існаваць, — пісала настаўніца. — У Дубраве Адам Хмара замаўляў пліту памяці бацькоў, якая неверагодным чынам была знойдзена ля сцен палаца ў Сёмкаве ў 2012 годзе... Туды ж, у Дубрава, апошні менскі ваявода некалькі дзён, пышнай працэсіяй ехаў на вечны спачын, дзе потым у сутарэннях касцёла былі пахаваны два пакаленні Хмараў... Адамам Дубраўскаму касцёлу быў ахвяраваны абраз Маці Божай (канец XVІІІ ст.), які проста неверагодным чынам быў выратаваны ад вывазу за мяжу, трапіў да мастака, рэстаўратара, калекцыянера і мецэната Ігара Сурмачэўскага і, як паведамляе майстар, пасля рэстаўрацыі будзе перададзены ў наш касцёл святога Піо парафіі святога Казіміра ў Маладзечне!

...Архітэктура — гэта застылая ў камні даўніна, якая многае можа нам распавесці. І калі мы ад яе пазбаўляемся, то гэтым толькі абдзяляем сваіх нашчадкаў. Шкада, калі чалавечымі рукамі будзе разбурана такая багатая гісторыя...».

«Час робіць сваю справу — сцены паціху разбураюцца...»

На сайце Маладзечанскага райвыканкама ў пераліку будынкаў, якія падлягаюць зносу ў найбліжэйшыя гады, Дубраўскі касцёл і праўда значыўся. Якім чынам у спіс трапіў помнік архітэктуры? З такім пытаннем я напрыканцы мінулага года звярнулася да прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады, на якую па законе ўскладзена адказнасць за ахову гісторыка-культурнай спадчыны на сваёй тэрыторыі.

У Маладзечанскім райвыканкаме адразу ж акрэслілі, што Дубраўскі касцёл, нягледзячы на багатую гісторыю, не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. А ўсё таму, што, як мне потым патлумачылі ў Міністэрстве культуры, дагэтуль на яго проста ніхто не звярнуў увагу, не падрыхтаваў прапанову аб наданні храму такога статусу. Калі б ён быў, то зносіць руіны ніхто б не меў права: за гэта прадугледжана крымінальная і адміністрацыйная адказнасць.

Як я зразумела, пытанне аб зносе паўстала, у першую чаргу, з-за небяспекі, бо каля руінаў касцёла, асабліва на канікулах, гуляюць дзеці, турысты шукаюць скарбы ды падземныя хады. ...Калі б будынак быў пад дахам (апошні ў 1980-я гады згарэў з-за недагляду студэнтаў, якія прыехалі ў вёску на бульбу) і з вокнамі-дзвярыма — яго можна было б замкнуць. А так снег, дождж, вецер робяць сваю справу — мураваныя сцены паціху разбураюцца і ўяўляюць небяспеку. Сёння яны стаяць, а заўтра, не дай бог, абваляцца, тады для некага будзе мора праблем.

Дарэчы, у Маладзечанскім раёне ёсць прыклады захавання старадаўніх храмаў. Так, летась аддзел культуры райвыканкама выступіў з ініцыятывай: сабраў матэрыялы для прызнання царквы ў Маладзечне гісторыка-культурнай каштоўнасцю (далей — ГКК). Напрыканцы мінулага года рашэннем Міністэрства культуры храму прысвоілі гэты статус. «Касцёл у вёсцы Плябань у свой час удалося выратаваць, хоць таксама былі пытанні, — распавядае метадыст установы «Цэнтралізаваная клубная сістэма» раёна Алена Лашук. — Урэшце яго аддалі праваслаўнаму прыходу, і бацюшка яго аднаўляе. Ён шмат робіць за свае грошы, за кошт Красненскага прыхода. Там усё трымаецца на яго энтузіязме. Будзе цуд, калі знойдзецца ахвотны ўзяць адказнасць за руіны касцёла ў Дубраве».

«З Богам не трэба сварыцца...»

І вось яно — Дубрава. Збочваем з Ганнай ФУРС — на момант маёй камандзіроўкі яна працавала старшынёй Аляхновіцкага сельскага Савета — на вуліцу Касцёльную. Ля руінаў храма, які больш чым два стагоддзі ўражваў сваёй прыгажосцю, сустракаем Таццяну Шумель.

«Не ведаю, хто яго будзе зносіць... — кажа Ганна Фурс. — Я праваслаўная, але ў мяне таксама душа баліць. Я адразу сказала, што супраць. Гэта ж намоленае месца. З Богам не трэба сварыцца. ...Раённыя ўлады пастаянна ездзяць па вёсках, глядзяць усе будынкі, якія знаходзяцца ў дрэнным стане, каб вырашыць іх лёс. Калі гэта былая калгасная ферма ці канюшня — яны, як правіла, зносяцца.

А тут жа культавая пабудова! Паколькі яна знаходзіцца на тэрыторыі Аляхновіцкага сельсавета, мне даручылі знайсці гаспадара — таго, хто б захацеў узяць руіны касцёла сабе на баланс. Наш мясцовы ксёндз Павел Шылак разводзіць рукамі: што маленькая парафія будзе рабіць з такім вялікім будынкам у аварыйным стане? Няма ў прыхода столькі грошай. Мы двойчы пісалі пісьмо арцыбіскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але ніякага адказу не атрымалі. Быў час, ксёндз Павел казаў, што, як быццам, прыедуць глядзець наш касцёл, але ж калі згарэў храм у Будславе, пра наш зусім забыліся. І можна зразумець: там касцёл дзеючы, а ў нас што?..

...Кожны раз, калі ў Дубрава прыязджаюць турысты, фатографы, «кіношнікі» (тут, дарэчы, здымалі фільм па рамане Караткевіча «Чорны замак Альшанскі»), я спадзяюся: а раптам хто ўбачыць наш касцёл і дапаможа яго захаваць?»

«Усе парафіяне за яго гарой, — кажа 85-гадовая мясцовая верніца Аліна Сцяпанаўна Шыдлоўская, — бо гэта ж святыня наша. Чуткі, што рэшткі касцёла збіраюцца зносіць, ходзяць ужо даўно. Як можна іх руйнаваць? Пад гэтым касцёлам людзі пахаваныя, побач — магілы двух ксяндзоў. Я так скажу: пакуль ёсць гэты помнік архітэктуры, дык і вёска наша цікавая. Улетку мы з нецярпеннем чакаем пілігрымаў, якія ідуць на фэст у Будслаў, яны заўсёды спыняюцца каля нашага касцёла, адпачываюць. Турысты пастаянна прыязджаюць, фатаграфуюцца на яго фоне».

«Трэба было раней шукаць гаспадара, калі касцёл быў у добрым стане, стаяў пад дахам, калі ў Дубраве была вялікая парафія, — выказаў шкадаванне прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый САНЬКО. — Сёння ж архідыяцэзія наўрад ці пойдзе на тое, каб прымаць гэты будынак на свой баланс. Бо там амаль не засталося супольнасці вернікаў, там нават святар прыезджы. Мы не супраць кансервацыі руін, захавання спадчыны для нашчадкаў. Але пытанне ўпіраецца ў грошы. Таму што справа кансервавання таксама няпростая: гэта і абследаванне тэхнічнага стану, і праектная дакументацыя... Калі руіны будуць перадаваць на баланс, то, безумоўна, з пэўнымі ўмовамі. А сёння такая тэндэнцыя, што проста касцёл як адміністрацыйная адзінка будзе не ў стане іх выканаць. Сёння шмат аб'ектаў рэспубліканскага маштабу, якія мы павінны аднаўляць...».

Надаць статус, каб зберагчы

У Міністэрстве культуры не здзівіліся маёй цікаўнасці датычна Дубраўскага касцёла.

— Гаворка пра гэты помнік архітэктуры ішла яшчэ ў лістападзе мінулага года падчас нарады з Мінаблвыканкамам, — адзначыў кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь ХОДАР. — Мы яшчэ тады звярнулі ўвагу мясцовых органаў улады, што Дубраўскі касцёл, які, дарэчы, уключаны ў турыстычны маршрут Міншчыны, нельга зносіць, што патрэбна рыхтаваць дакументы на наданне яму статусу ГКК, бо аб'ект сапраўды знакавы. Але нейкіх канкрэтных дзеянняў за два месяцы мы не ўбачылі. Прыйшлося рэагаваць больш настойліва, браць ініцыятыву ў свае рукі.

У прыватнасці, на пачатку студзеня гэтага года на адрас Мінаблвыканкама і Маладзечанскага райвыканкама міністэрства накіравала пісьмо з просьбай забяспечыць захаванне рэшткаў касцёла, а таксама цягам двух месяцаў падрыхтаваць прапанову аб наданні ім статусу ГКК з прыцягненнем спецыялістаў музеяў, навуковых арганізацый.

Прапанова была падрыхтавана і ў красавіку разгледжана Мінскім абласным саветам па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Затым накіравана ў Міністэрства культуры.

15 мая я наведала пасяджэнне Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, дзе сярод іншых разглядалася і пытанне аб наданні статусу ГКК рэшткам касцёла ў вёсцы Дубрава.

«Дапусцім, руінам касцёла будзе нададзены статус. А што далей?» — прагучала перад галасаваннем лагічнае пытанне.

«Мы пакуль што не павінны ставіць перад сабой занадта амбіцыйныя задачы. Першае, што трэба зрабіць, гэта захаваць тое, што ёсць, для будучых пакаленняў — закансерваваць існуючыя сцены, — адказаў Генадзь Ходар і паказаў фотаздымкі вядомых беларускіх зруйнаваных аб'ектаў, якія ўжо закансерваваны. — З 2023 года ў заканадаўстве аб культуры спрошчаны парадак работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку для правядзення кансервацыі падобнага аб'екта. Цяпер дастаткова праграмы супрацьаварыйных работ, якая не патрабуе значных расходаў».

Дарэчы, на Савеце быў прадстаўлены міні-макет аднаўлення Дубраўскага касцёла. Яго зрабіў архітэктар і проста неабыякавы да беларускай архітэктурнай спадчыны чалавек. «Я выпадкова даведаўся, што прапанова аб наданні руінам касцёла статусу ГКК будзе разглядацца на савеце, — адзначыў архітэктар-рэстаўратар, спецыяліст атэставаны Міністэрствам культуры Зміцер САВЕЛЬЕЎ. — Дагэтуль не быў у Дубраве. І мне захацелася наведаць тое месца. Заехаў, паглядзеў. Руіны Дубраўскага касцёла наўрад ці каго пакінуць абыякавым: яны не толькі вельмі маляўнічыя, але і цікавыя з гістарычнага пункту гледжання. Я адразу ж пачаў думаць: а як можна іх выкарыстоўваць сёння? Макет зрабіў літаральна за дзень. Ні ў якім разе не сцвярджаю, што мая прапанова ідэальная. Гэта проста адзін з магчымых эскізаў».

У прыватнасці, Зміцер Савельеў прапаноўвае ў закансерваваныя сцены ўпісаць асобныя модульныя канструкцыі, дзе турысты могуць спыняцца і адпачываць. Унутры можна пасадзіць расліны, побач узвесці фантан. Адным словам, гарманічна ўпісаць сучасныя элементы ў гістарычны кантэкст, стварыць на базе касцёла духоўны цэнтр. Архітэктар лічыць, што зносіць руіны не толькі няправільна, але і эканамічна немэтазгодна. «Трэба адыходзіць ад шаблонных падыходаў. Любыя старыя закінутыя будынкі з гісторыяй можна адаптаваць. Яны даюць нам магчымасць жыць у больш разнастайным асяроддзі».

Пасля выступлення галоўнага спецыяліста аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама і прадстаўніка Міністэрства культуры ўсе члены савета аднагалосна прагаласавалі за наданне рэшткам касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі статусу ГКК. Што нядзіўна: відавочна помнік архітэктуры з больш чым 200-гадовай гісторыяй адпавядае неабходным для гэтага крытэрыям, прапісаным у Кодэксе аб культуры. «Калі б савет адхіліў прапанову, сказаў «не», — патлумачыў пасля пасяджэння Генадзь Ходар, — хутчэй за ўсё, руіны касцёла рана ці позна насамрэч знеслі б і мы б пазбавіліся сапраўднай культурнай каштоўнасці, якую нельга ацаніць ніякімі грашыма».

Фота прадастаўлена Таццянай Шумель

Пасля таго, як Міністэрства культуры прыме пастанову аб наданні касцёлу ў Дубраве статусу ГКК і ўключэнні ў дзяржспіс (на падрыхтоўку дакумента адводзіцца 15 дзён), рашэнне будзе даведзена да ведама зацікаўленых шляхам размяшчэння на афіцыйным сайце Мінкультуры ў раздзеле «Спадчына». У месячны тэрмін землекарыстальніку, на дадзены момант ім з'яўляецца сельсавет, трэба будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства і ўстанавіць ахоўную дошку, у двухмесячны тэрмін — забяспечыць складанне пашпарта ГКК. Таксама мясцовым органам улады будзе рэкамендавана вызначыць уласніка і паставіць аб'ект на баланс.
Дарэчы, на пасяджэнні савета ад намесніка міністра культуры прагучала прапанова міністэрству сумесна з абл- і райвыканкамамі ў найбліжэйшы час правесці каля руінаў касцёла ў Дубраве суботнік.

...У гэтай гісторыі, на шчасце, кропка пастаўлена на карысць помніка архітэктуры. Але рэальнасць такая, што гэта не адзінкавы гістарычны будынак, якому патрэбна дапамога. Сёння многія з нас чапляюцца вокам за нейкія руіны, стары млын, які дзень за днём разбураецца... Кажам, што, гледзячы на іх, баліць душа. Але пры гэтым нічога не робім, бо лічым, што абараніць іх вельмі складана. Разам з тым, паводле слоў Генадзя Ходара, прапанову аб наданні статусу ГКК можа падрыхтаваць любы зацікаўлены (у дапамогу — зборнік метадычных матэрыялаў, які ў свабодным доступе знаходзіцца на сайце Міністэрства культуры). Яна абавязкова ва ўстаноўленым парадку будзе разгледжана на пасяджэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пра міністэрстве. Дарэчы, на пасяджэнні савета ад намесніка міністра культуры прагучала прапанова міністэрству сумесна з абл- і райвыканкамамі ў найбліжэйшы час правесці каля руінаў касцёла ў Дубраве суботнік.

...У гэтай гісторыі, на шчасце, кропка пастаўлена на карысць помніка архітэктуры. Але рэальнасць такая, што гэта не адзінкавы гістарычны будынак, якому патрэбна дапамога. Сёння многія з нас чапляюцца вокам за нейкія руіны, стары млын, які дзень за днём разбураецца... Кажам, што пры поглядзе на іх баліць душа. Але пры гэтым нічога не робім, бо лічым, што абараніць іх вельмі складана. Разам з тым, паводле слоў Генадзя Ходара, прапанову аб наданні статусу ГКК можа падрыхтаваць любы зацікаўлены (у дапамогу — зборнік метадычных матэрыялаў, які ў свабодным доступе знаходзіцца на сайце Міністэрства культуры). Яна абавязкова ва ўстаноўленым парадку будзе разгледжана на пасяджэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры міністэрстве. Дарэчы, на пасяджэнні, якое прайшло ў мінулую сераду, з прапановай аб наданні статусу ГКК рэшткам былой сядзібы ў ролі заяўніка ўпершыню за апошнія гады выступіла неабыякавая прыватная асоба…

Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы: 
— Я лічу, што мы не вандалы, таму не павінны знішчаць помнікі старасветчыны (нават калі яны не зарэгістраваны як гісторыка-культурная каштоўнасць), якой бы канфесіі яны не належалі. Іншая справа, што ў дзяржавы не стае грошай на рэстаўрацыю ўсіх старых будынкаў. Гэта аб’ектыўна. Вядома, сумна, што касцёл разбураецца. Але ў такім выпадку, чым страчваць грошы на руйнаванне, можа, усё ж патраціць іх на мінімальную кансервацыю. І захаваць гэты аб’ект для нашчадкаў. Калі будынак у аварыйным стане, варта зрабіць пэўныя засцярогі: абгарадзіць, каб людзі туды не лазілі... Ведаеце, у народзе кажуць: не ты будаваў — не табе руйнаваць. Пра гэта трэба не забывацца. Асабліва мясцовым начальнікам. І яшчэ: заўсёды раіцца з Міністэрствам культуры.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Маладзечанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».