Вы тут

У Беларусі зацвердзілі заканадаўчую базу па рабоце з аградронамі


У лютым 2024 года ў Беларусі зацвердзілі заканадаўчую базу па рабоце з аградронамі. Цяпер яны афіцыйна прыраўнаваны да сродкаў малой авіяцыі і могуць выкарыстоўвацца ў ахове раслін. На бягучы год на Віцебшчыне ў праграму па лічбавізацыі і дакладным земляробстве ўключаны два прадпрыемствы: «Доўжа-Агра» і «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», але і ця­пер не­ка­то­рыя з гас­па­да­рак паў­ноч­на­га рэ­гі­ё­на мо­гуць па­дзя­ліц­ца во­пы­там вы­ка­ры­стан­ня бес­пі­лот­ні­каў.


У Дзень касманаўтыкі сезон «крылатых» адзінак адкрылі ў Віцебскім занальным інстытуце сельскай гаспадаркі НАН Беларусі ў Віцебскім раёне. Яшчэ чатыры гады таму навукоўцы-земляробы набылі малы дрон, з дапамогай якога інспектуюцца палі з вышыні (а гэта каля 1500 гектараў зямлі). А новы аградрон знаходзіцца ў інстытуце адносна нядаўна. Сродкі на вынаходніцтва дала Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Каштуе такі дапаможнік нямала — каля 80 тысяч рублёў.

Практычна па ўсіх крытэрыях дрон пераўзыходзіць сваіх «колавых калег»: наземны апырсквальнік расходуе каля 200 літраў прэпарату на гектар, БЛА (беспілотны лятальны аппарат) — 5—10 літраў. У графу са знакам «+» трэба дадаць больш моцнае распыленне, кантроль вышыні палёту, інтэлектуальнае праграмнае забеспячэнне і мінімальную чалавечую занятасць. Але кіраваць дронам абы-каму таксама нельга. Ад прадпрыемстваў у сталічным Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ДТСААФ асобна навучаюць аператараў БЛА. У занальным інстытуце такіх спецыялістаў трое, у іх ліку і загадчык аддзела збожжавых, зернебабовых і крупяных культур Іван Чэкалаў. Ён расказаў, што выкарыстанне дронаў асабліва важна ў арыгінальным насенняводстве. Пры вырошчванні насення бульбы высокіх рэпрадукцый кантакт клубняў з коламі тэхнікі катэгарычна непажаданы.

Таму дрон як нельга акуратна апрацоўвае «другі хлеб» фунгіцыдамі. А збожжавы клін з дапамогай цуда-тэхнікі апрацоўваюць гербіцыдамі.

Маршрут палёту складае не сам дрон, а спецыялісты на камп'ютары. З мэтай стварэння карты палёў праводзяць алічбоўку мясцовасці з дакладнасцю да сантыметраў, там указваюць усе няроўнасці, хмызняк, слупы і інш. А потым ужо па зададзеным адрасе дрон праводзіць агляд або апрацоўку. Як адзначаюць віцебскія аграрыі, эфектыўнасць хімпраполкі дронам амаль у тры разы вышэйшая за трактар, таму ў будучыні дзякуючы БЛА наша краіна можа выйсці на роўныя палі з аднародным ураджаем.

У 2022 годзе на базе сельгаспрадпрыемства «Мазалавагаз» УП «Віцебскаблгаз» быў адкрыты вучэбна-практычны цэнтр дакладнага земляробства. Новы цэнтр накіраваны на рэалізацыю канцэпцыі прымянення асобных элементаў тэхналогіі дакладнага земляробства і лічбавых сістэм. Тут асвойваюць апошнія сельскагаспадарчыя падыходы не толькі вопытныя, але і будучыя аграрыі. Напрыклад, з навучэнцамі профільных каледжаў спецыялісты вывучаюць электронныя карты палёў, аградроны, метэастанцыі. Ёсць у цэнтры дакладнага земляробства нават акуляры віртуальнай рэальнасці для практыкаванняў па рабоце з трактарам, настройках агрэгатаў і іншага.

Укараненне беспілотнікаў у прадпрыемстве пачалося з мультыспектральнага дрона, з яго дапамогай віцебскія газавікі спачатку назіралі за тым, як перазімавалі культуры на палях. Такі метад не толькі значна спрасціў фізічныя выдаткі аграрыяў, але і дазволіў атрымаць паўнавартасную палявую карціну. Дрон змог ахапіць нават тыя ўчасткі палёў, куды б на трактары праехаць не было магчымасці.

Ужо трэці год нязменны памагаты аграрыяў «Мазалавагаз» — дрон DJІ AGRAS T30. З яго дапамогай можна выраўноўваць пасевы стымуляцыйным прэпаратам. За дзень «крылатая» машына апрацоўвае каля 70—110 гектараў. 

30-літровага бака з канцэнтраваным сродкам хапае прыкладна на шэсць гектараў, толькі надта доўга беспілотнік працаваць не зможа: у яго камплекце тры батарэі, кожная дазваляе актыўнічаць толькі 12 хвілін.

Дроны, лічаць у гаспадарцы, гэта рэальная выгада, бо можна сэканоміць чалавечыя і тэхнічныя сілы, а прадукцыйнасць працы і ўраджаі будуць расці. Прычым беспілотнік можа працаваць нават ноччу, запамінаючы дзённы рэльеф і вышыню. З яго дапамогай некалькі гадоў таму апрацавалі каля 300 гектараў рапсу і правялі яго дэсікацыю — сушку на корані. Перавага БЛА ў гэтым выпадку ў тым, што наземны апырсквальнік (тая ж самая «раса») пашкоджвае культуры. А яшчэ газавікі эфектыўна выкарыстоўваюць дроны ў барацьбе з інвазіўнымі раслінамі, у прыватнасці баршчэўнікам Сасноўскага, якога на Віцебшчыне замнога.

У Еўропе беспілотнікі ўжо апрацоўваюць тысячы гектараў, у Кітаі — мільёны. Прывыкае да такіх тэхналогій і Беларусь. У беларускіх працаўнікоў вёскі ёсць і іншыя элементы інавацыйных тэхналогій: амаль ва ўсіх новых трактарах і камбайнах усталяваны аўтапілоты. Яшчэ некалькі крокаў — і беспілотнікі прыйдуць ва ўсе гаспадаркі краіны.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витьбичи»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».