Вы тут

Пад корань — баршчэўнікі і іншыя інвазіўныя расліны


Стан навакольнага асяроддзя і экалагічная бяспека маюць агульнанацыянальнае значэнне. Пры гэтым праблема распаўсюджвання інвазіўных відаў раслін па-ранейшаму актуальная. Павелічэнне колькасці такіх відаў стварае пагрозу захаванню біялагічнай разнастайнасці і здольна пацягнуць негатыўныя наступствы ў некаторых галінах эканомікі, а часам нават нанесці шкоду здароўю людзей. Як у нашай краіне вядзецца барацьба з інвазіўнымі відамі раслін, расказалі спецыялісты Мінпрыроды і РУП «Інстытут абароны раслін».


Барацьба з «чужынцамі» па законе

Пранікненне інвазіўных відаў жывёл і раслін з сумежных краін прызнана адной са знешніх крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы ў экалагічнай сферы. Захаванне біялагічнай разнастайнасці ў Беларусі і забеспячэнне яе ўстойлівага выкарыстання з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў экалагічнай сферы. Рэалізоўваецца гэты кірунак праз кантроль за ўсяленнем ва ўгоддзі новых відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, а таксама мер па барацьбе з інвазіўнымі чужароднымі відамі.

«Так, у нашай краіне створаны Цэнтр па інвазіўных відах жывёл і раслін пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Людміла Барташэвіч.

Паводле яе слоў, з фактараў антрапагеннага паходжання найбольшую пагрозу ўяўляюць пашырэнне экспансіі інвазіўных чужародных відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, выцясненне імі абарыгенных відаў, звязаная з імі дэградацыя і трансфармацыя экалагічных сістэм.

Прававыя асновы аховы, абароны, узнаўлення аб’ектаў расліннага свету і карыстання імі ўстаноўлены Законам «Аб раслінным свеце». Взначана паняцце інвазіўных раслін. Гэта расліны, якія знаходзяцца за межамі натуральнага арэала распаўсюджвання і колькасць якіх стварае пагрозу жыццю або здароўю грамадзян, захаванню біялагічнай разнастайнасці і якія здольны нанесці шкоду асобным галінам эканомікі.

Пералік відаў раслін, распаўсюджванне колькасці якіх падлягае рэгуляванню, устаноўлены пастановай Савета Міністраў. У яго ўключана 10 відаў раслін, але два з іх не з’яўляюцца інвазіўнымі. Разам з тым яны знаходзяцца ў дадзеным спісе. «Самыя агрэсіўныя з іх — гэта баршчэўнік Сасноўскага, баршчэўнік Мантэгаці, сумнік канадскі, сумнік гіганцкі, клён ясенялісты, рабінія лжэакацыя і амброзія палыналістая», — распавяла намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці.

Яна дадала, што Мінпрыроды ажыццяўляе кантроль у тым ліку за распаўсюджваннем дзікарослых раслін. На падставе зацверджаных планаў рознымі метадамі праводзіцца выдаленне аб’ектаў расліннага свету.

«Мінпрыроды таксама зацверджаны тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі, які вызначае патрабаванні да правядзення работ па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці інвазіўных раслін рознымі метадамі. Самыя вялікія плошчы вырастання сярод інвазіўных відаў раслін у баршчэўнікаў Сасноўскага і Мантэгаці. Іх плошча на сёння складае каля 4,6 тысячы гектараў, а ў сумнікаў — 5,2 тысячы гектараў. Пры гэтым усе астатнія займаюць досыць невялікія плошчы», — звярнула ўвагу Людміла Барташэвіч.

Атрутныя монстры

Самы чужы для нас баршчэўнік Сасноўскага. Гэта агрэсіўная расліна — сапраўдны монстр. Па вонкавым выглядзе нагадвае кроп-пераростак, таму што мае рост да трох метраў у вышыню з вялізнымі шапкамі-парасонамі. Але гэта ніякая не расліна-мутант, а самая звычайная гераклава трава. Такую назву далі яму за велізарныя памеры і вялікую хуткасць росту.

Баршчэўнікі шкодзяць не толькі экасістэме, яны небяспечныя для людзей. Усе часткі расліны ўтрымліваюць фуракумарыны — атрутныя рэчывы, якія ў сотні разоў павышаюць адчувальнасць скуры да ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Асабліва небяспечныя яны ў гарачае надвор’е, падчас цвіцення. Сок з яго сцябла, трапляючы на скуру, выклікае фотахімічны апёк. Гэты яд абпальвае мацней за крапіву і нават кіпень. Скура свярбіць і пакрываецца пухірамі.

Пачыналася ж знаёмства з баршчэўнікам Сасноўскага вельмі нават аптымістычна. У сярэдзіне мінулага стагоддзя навукоўцы зрабілі сур’ёзную стаўку на баршчэўнік як на выдатную кармавую культуру для жывёлы. Але, як потым аказалася, малако ад яго гарчыць, ды і сама расліна дае не так ужо і шмат зялёнай масы. На пустазелле махнулі рукой. Адпушчаны «на волю» зялёны агрэсар з кожным годам захопліваў усё новыя і новыя тэрыторыі.

Загадчык сектара кадастра расліннага свету доктар біялагічных навук Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Алег Маслоўскі агучыў, што больш за ўсё баршчэўніку ў Віцебскай вобласці і цэнтральнай частцы Мінскай. З раёнаў найбольш ім заселены Браслаўскі, Ушацкі, Гарадоцкі, Віцебскі, Лагойскі і Мінскі.

Нягледзячы на актыўныя дзеянні, выкараніць баршчэўнік цалкам не атрымліваецца: ён надта жывучы, насенне захоўвае жыццяздольнасць 10–13 гадоў, ды і ўзыходзіць не ўсе адразу. Нават спаленая да попелу расліна прарастае з вогнішча ўжо праз 3–4 тыдні. Не бярэ яго і шматразовае павелічэнне доз угнаенняў і пестыцыдаў. Не можа яго зламаць засыпаная шклянкамі ў полыя сцёблы хімія. Канцэнтрацыя гербіцыду «Раўндапа», ад якога гінуць дарослыя дрэвы, яму хоць бы што. Цяжка яго і касіць: косы ламаюцца аб тоўстыя (да пяці сантыметраў у дыяметры) сцёблы.

Навукоўцы скрупулёзна вывучаюць баршчэўнік і шукаюць спосабы барацьбы з ім. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РУП «Інстытут абароны раслін», кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Алена Якімовіч распавяла, што для барацьбы з баршчэўнікам выкарыстоўваюць прэпараты двух відаў. Так, гербіцыды агульнапатрабавальнага дзеяння «грэйдар», «венік», «Тэрсан» вельмі эфектыўныя супраць сумніку і баршчэўніку. Яны спрацоўваюць на 99%. Але іх недахоп у тым, што пасля апрацоўкі застаецца голая зямля.

Каб не прыгнятаць іншыя травяністыя культуры, якія растуць побач з баршчэўнікам, лепш выкарыстоўваць «Магнум». Гэты прэпарат рэкамендаваны для барацьбы з пустазельнымі раслінамі ў пасевах збожжавых культур.

Баршчэўнік — рэліктавая расліна, якая больш чым за 200 мільёнаў гадоў прыстасавалася да жыцця ў розных умовах. Яна эвалюцыйна гатова да таго, каб знішчалася яго лісце. Страціўшы яго, расліна не вельмі і пакутуе: плошча лісця ў параўнанні з каранёвай сістэмай малая. Таму лепш за ўсё знішчаць карані. Так лічаць спецыялісты-батанікі.

Ліквідаваць іх трэба не ў маі — чэрвені, калі ёсць толькі тры лісты, а пазней. Першыя лісты практычна не ўдзельнічаюць у фотасінтэзе. Яны, як усе маладыя, цягнуць сокі з бацькоўскага кораня, не вяртаючы ў яго ніякіх рэчываў. Наступныя ж лісты актыўна абменьваюцца з каранёвай сістэмай элементамі харчавання. І калі мы апрацоўваем іх гербіцыдамі, яды для расліны, пракраўшыся ўнутр ліста, спускаюцца і даходзяць да кораня, тым самым атручваючы яго.

Як паказалі даследаванні, за адзін каляндарны год цалкам рэальна расправіцца з баршчэўнікам, апрацаваўшы яго ўсяго толькі двойчы. Першы раз, калі расліна рыхтуецца да цвіцення, па насенні яшчэ васковай спеласці. Большая яго частка (а можа, і ўсё) загіне. Ды і прэпарат, прайшоўшы па сцябле, дойдзе да каранёў. Другую апрацоўку трэба правесці ўжо ў верасні — кастрычніку, калі здадуцца ўсходы, якія выжылі. Пасля зімовай спячкі баршчэўнік можа зноў заявіць пра сябе.

Эфектыўнасць дзеяння прэпаратаў моцна залежыць ад стадыі развіцця інвазіўных відаў раслін. Калі расліны перараслі і ўжо пачалі фарміраваць кветканосы, то эфектыўнасць дадзеных прэпаратаў можа моцна зніжацца. Таму вельмі важным момантам з’яўляецца кантроль за своечасовым выкарыстаннем сродкаў абароны раслін.

Як паведаміла Людміла Барташэвіч, у 2023 годзе выкананне плана мерапрыемстваў па знішчэнні баршчэўніку Сасноўскага было перавышана на 6,5% да ўстаноўленага гадавога задання, а сумніку канадскага — на 4,7%. Паводле яе слоў, усяго за шасцігадовы перыяд у краіне знішчана баршчэўніку Сасноўскага на плошчы 4,4 тысячы гектар. Толькі ў 2022 годзе гэты монстр быў знішчаны на плошчы 782 гектары, а ў 2023 годзе — 647 гектараў.

Не атрутны, але вельмі пладавіты

Не менш злосным парушальнікам культурных тэрыторый у апошнія гады становіцца і сумнік — як Канадскі, так і гіганцкі.

З кожным годам арэал іх распаўсюджвання становіцца ўсё шырэйшы. Па-першае, у нашай краіне ў гэтай расліны няма так званых ворагаў з ліку раслін-канкурэнтаў. Па-другое, кожны куст дае да 100 тысяч насення, якія адрозніваюцца вельмі высокай усходжасцю — амаль 95%. Па-трэцяе, карані сумніку выпрацоўваюць інгібітары-рэчывы, якія прыгнятаюць рост іншых раслін побач. Услед за гэтым знікае большасць лугавых насякомых, птушак і дробных млекакормячых. Сумнік цалкам змяняе жывёльны і раслінны свет, а гэта пагражае экалагічнай катастрофай.

Навукоўцы рэкамендуюць скошваць небяспечнае пустазелле 3–4 разы за сезон, як толькі яно адрасце на 10–15 сантыметраў. Альтэрнатывай можа быць і разавая касьба сумніку ў другой палове жніўня — да выспявання насення. Але тады зрэзаныя расліны абавязкова трэба спаліць.

Ёсць месцы, дзе ўжываць «хімію» нельга

Досыць важным з’яўляецца прымяненне прэпаратаў каля водных аб’ектаў. Сёння, згодна з артыкулам 53 Воднага кодэкса, у водаахоўных зонах можна ўжываць хімічныя прэпараты, але не метадам авіяцыі. «Пры гэтым у галіне прыбярэжных палос варта ўжываць прэпараты ў адпаведнасці з Законам «Аб абароне раслін», — расказала Алена Якімовіч.

У Беларусі дастаткова вялікі дзяржаўны рэестр сродкаў абароны раслін, куды ўваходзіць каля 1 тысячы прэпаратаў. «Калі каля прэпарату стаіць літара "Р", гэта значыць, яго нельга ўжываць у прыбярэжнай паласе. Цяпер у Дзяржаўным рэестры ёсць спіс гліфасатутрымальных гербіцыдаў, якія можна ўжываць у межах прыбярэжных палос. Пры гэтым іншыя гліфасаты ўжываць у прыбярэжных палосах нельга», — папярэдзіла яна.

Важным для прамысловага прымянення з’яўляецца таксама дадатковае афарбоўванне працоўнага раствору. Гэта трэба для таго, каб чалавек, які выкарыстоўвае гербіцыд, бачыў, куды ён яго ўносіць. Так, калі прэпарат у ранцавым апырсквальніку заканчваецца, то чалавек вяртаецца да месца сваёй стаянкі і запраўляецца новым растворам. Спецыялісты рэкамендуюць дадаваць у рабочы раствор рэчыва чорнага колеру — нігразін. Яно афарбоўвае раствор і дазваляе бачыць, куды вы ўносілі прэпарат на мясцовасці.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».