Вы тут

Лукашэнка: Ніякага ціску. Мы не павінны людзям перашкаджаць працаваць


Падыходы па далейшай аптымізацыі кантрольна-наглядальнай дзейнасці абмеркавалі на нарадзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Галоўная тэма — праект адпаведнага ўказа. Свае меркаванні падчас нарады выказалі члены ўрада, кіраўнікі дзяржаўных органаў, губернатары.


Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, да гэтай тэмы з улікам яе важнасці вяртаюцца не ўпершыню. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2009 годзе на падставе Указа Прэзідэнта нумар 510 у краіне сфарміравана цэласная сістэма кантролю. «Тады мы меркавалі, што гэта аптымальна, што сістэма будзе працаваць. Праз восем гадоў, у 2017-м, яна была комплексна мадэрнізавана зыходзячы з патрэб дзяржавы і грамадства і па патрабаваннях тых, хто асабліва „плакаў“ і „перапрацаваў“, таму што занадта многа было праверак. Вярнуліся да гэтага, удасканалілі ў 2017 годзе сістэму. Перагледжаны пералік кантралявальных органаў, скарочаны дублявальныя сферы кантролю, узмоцнены патрабаванні да прызначэння праверак і работы кантралёраў. Як вынік, Камітэт дзяржаўнага кантролю штогод інфармуе аб зніжэнні праверачнай нагрузкі на суб’екты гаспадарання», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Спасылаючыся на справаздачы Камітэту дзяржаўнага кантролю, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што летась у параўнанні з 2019 годам агульная колькасць праверак скарацілася амаль на 30 працэнтаў (з 8822 у 2019 годзе да 6525 у 2023 годзе).

«Аднак трэба прызнаць, што на фоне паляпшэння статыстычных паказчыкаў па-ранейшаму не зжыты негатыўныя тэндэнцыі ў гэтай сферы, — заўважыў Прэзідэнт. — У прыватнасці, пад выглядам прафілактычных форм кантролю — маніторынгаў і тэхнічных аглядаў — часам праводзяцца паўнавартасныя праверкі. Што такое паўнавартасная праверка, усе цудоўна ведаюць. Бывае, там сядзяць месяцамі, калі можна ўсё зрабіць за некалькі дзён. У цэлым па краіне вымалёўваецца лічба ў 300 000 такіх мерапрыемстваў за год, нібыта прафілактычных. Пагадзіцеся, лічба ўражвае. І толькі пасля таго, як я звярнуў увагу на недапушчальнасць такога падыходу, лічбы знізіліся прыкладна напалову. На жаль, так і не спынялася практыка шматразовых наведванняў аднаго і таго ж прадпрыемства па ідэнтычных пытаннях. Кантралёры, прыходзячы адзін за адным, патрабуюць прадстаўляць каласальны аб’ём дакументацыі. Гэта значыць, фактычна займаюцца бюракратычнай валтузнёй і лоўляй блох, як у народзе кажуць».

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад. У перыяд уборкі збожжавых (ліпень — жнівень 2022 года) правяраючыя наведалі ААТ «Аснежацкае» 49 разоў. Прычым, як заўважыў ён, гэта не самая дрэнная гаспадарка. «49 разоў! Што там можна рабіць? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Калі нехта не згодзен, што такая лічба на самай справе, давайце пераправерым. Для мяне гэта неверагодна. Праўда, запісы ў кнізе ўліку праверак зрабілі толькі двойчы. І, як мне дакладаюць памочнікі Прэзідэнта і губернатары, падобныя прыклады, на жаль, не адзінкавыя». Разам з тым, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, варта зрабіць зніжку на тое, што кіраўнікі прадпрыемстваў і губернатары могуць лічыць колькасць праверак залішняй. Але дыму без агню не бывае.

Патрэбны не штрафы, а паляпшэнне вынікаў работы прадпрыемстваў

Самым абуральным беларускі лідар назваў тое, што часам правяраюць абсалютна не тыя арганізацыі, якія трэба было б праверыць. Па яго словах, па-іншаму нельга растлумачыць выпадкі, калі Прэзідэнту трэба асабіста ўмешвацца, каб навесці парадак, як з тым жа цэнаўтварэннем.

«Намаганні правяраючых часта накіраваны менавіта на пошук недахопаў і прымяненне штрафных санкцый. А трэба было б — на паляпшэнне вынікаў дзейнасці прадпрыемстваў. Нам не штрафы патрэбны і пакаранні ці нейкія санкцыі, а паляпшэнне работы прадпрыемстваў», — канстатаваў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў пра сваё даручэнне кардынальна разабрацца ў сітуацыі, змяніць стыль і метады працы. У мэтах выканання гэтага даручэння ўрадам падрыхтаваны праект указа па ўдасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці. Яго распрацоўка вялася больш за два гады. Адміністрацыя Прэзідэнта і Савет Міністраў падключылі ўсе зацікаўленыя ведамствы. У выніку праект змяшчае шэраг навацый. Ад зрушэння акцэнтаў у рабоце кантралюючых органаў у бок прафілактыкі да вывядзення пракуратуры з-пад сферы дзеяння Указа № 510. «З прычыны значнасці гэтага прававога акта для краіны канчатковае рашэнне будзе прынята мной толькі пасля ўсебаковага абмеркавання. Праўда, хацелася б, каб пасля абмеркавання два гады не праходзіла, так як вы рыхтавалі гэты праект», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паставіў перад прысутнымі на нарадзе шэраг пытанняў. Па-першае, ці змогуць нашы прадпрыемствы пасля падпісання гэтага дакумента працаваць больш эфектыўна? Ці атрымаюць доўгачаканае зніжэнне праверачнай нагрузкі?

Па-другое, ці не будзе аслаблены кантроль? «Я зараз кажу пра тыя сферы, дзе існуе рэальная рызыка прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

«Па-трэцяе, ці ўсе праблемныя пытанні мы вырашаем? Ці, як заўсёды, па прынцыпе «пагаварылі, у таго праблемы, у супрацльлеглага боку праблемы, давайце кампраміс знойдзем. І што думае на гэты конт Міжведамасны савет па кантрольна-нагляднай дзейнасці?» — спытаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ніякага ціску на прадпрыемствы, арганізацыі, суб’екты гаспадарання, людзей быць не павінна. «Мы не павінны людзям перашкаджаць працаваць, — заявіў Прэзідэнт. — Але калі нехта заслугоўвае таго, каб яго праверылі, яго трэба правяраць столькі, колькі патрэбна. І плачы, і стогны тут абсалютна недарэчныя. Вы, кантрольныя, праваахоўныя органы, павінны ставіцца да нашых прадпрыемстваў як да сваіх дзяцей. Яны нас кормяць. Таму нельга ім перашкаджаць працаваць. Сістэма павінна быць выбудавана і павінна працаваць».

Панізіць умяшанне кантралёраў, але не аслабіць кантроль

У сваім дакладзе першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў адзначыў, што ў сувязі з даручэннем Прэзідэнта аб змяненнях у стылі і метадах работы кантрольна-наглядальных органаў урадам ва ўзаемадзеянні з Камітэтам дзяржаўнага кантролю і Адміністрацыяй Прэзідэнта падрыхтаваны праект указа, накіраванага на вырашэнне азначаных пытанняў і праблем. Па словах віцэ-прэм’ера, указам прадугледжаны два асноўныя кірункі. Першы — мінімальнае ўмяшанне дзяржавы ў дзейнасць суб’ектаў гаспадарання. Скарачаюцца праверачныя мерапрыемствы і, самае галоўнае, дублявальныя функцыі правяраючых. «У гэтых мэтах праектам указа прапаноўваецца ўсталяваць перыядычнасць правядзення маніторынгаў (не часцей за адзін раз на тры месяцы), увесці забарону на правядзенне маніторынгаў на працягу года пасля правядзення праверкі (за выключэннем выпадкаў, калі ёсць звесткі аб парушэнні заканадаўства), увесці абавязак правяраючых рэгістраваць кнігі ўліку маніторынгаў», — удакладніў Мікалай Снапкоў.

Пералік мерапрыемстваў тэхнічнага, тэхналагічнага і праверачнага характару і парадак іх правядзення закладзены ў праект указа. Раней ён вызначаўся Саветам Міністраў. «Дадзеныя мерапрыемствы не звязаны з праверкай гаспадарчай дзейнасці. Асноўнай мэтай гэтых мерапрыемстваў з’яўляецца папярэджанне ўзнікнення аварый, іншых надзвычайных сітуацый, масавых захворванняў праз правядзенне пастаяннага прэвентыўнага кантролю. Напрыклад, МУС — нагляд за знішчэннем і выкарыстаннем ампул з-пад наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчаў», — растлумачыў Мікалай Снапкоў. Таксама ўстаноўлены абмежаванні па правядзенні дадзеных мерапрыемстваў, каля паловы з іх будзе праводзіцца ў два разы радзей, чым цяпер. «Дадзеныя меры дазволяць істотна скараціць колькасць кантрольных мерапрыемстваў і засяродзіцца суб’ектам гаспадарання на асноўных вытворчых працэсах», — удакладніў першы віцэ-прэм’ер.

Адначасова праект указа прадугледжвае шэраг мер, накіраваных на зрушэнне акцэнтаў ад карнага ўхілу ў бок прафілактыкі. Прадугледжваецца абавязак для правяраючых вызначаць тэрмін ліквідацыі выяўленых парушэнняў, зыходзячы з іх спецыфікі і аб’ектыўнай магчымасці іх ліквідацыі ва ўстаноўленыя тэрміны. Прадугледжваецца забарона на прыцягненне да адказнасці кіраўнікоў і супрацоўнікаў арганізацыі на працягу года за парушэнні, якія былі дапушчаны да прызначэння іх на пасаду. Пашыраецца пералік грубых парушэнняў, здзяйсненне якіх службовай асобай кантралявальнага органа можа прывесці да прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці ці нават да вызвалення ад пасады. Да такіх парушэнняў прапаноўваецца аднесці правядзенне маніторынгу ў месцах, якія не з’яўляецца агульнадаступнымі, без атрымання пісьмовай згоды суб’екта і іншыя. Уводзіцца сістэма ацэнкі эфектыўнасці работы кантрольна-наглядных органаў.

Другі кірунак, прадугледжаны праектам указа, — умацаванне кантролю для абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, жыцця і здароўя грамадзян. «У гэтых мэтах устанаўліваецца магчымасць правядзення аператыўных праверак па пытаннях выканання заканадаўства па цэнаўтварэнні, а таксама патрабавнняў пажарнай бяспекі ў месцах знаходжання звыш 300 чалавек. Пашыраецца пералік падстаў для накіравання матэрыялаў праверкі ў праваахоўныя органы. Напрыклад, пры няўплаце падаткаў на суму звыш дзвюх тысяч базавых велічынь. Пашыраецца пералік падстаў, калі могуць быць прызначаны пазапланавыя праверкі суб’ектаў на працягу двух гадоў пасля іх рэгістрацыі. Напрыклад, да такіх падстаў адносіцца наяўнасць інфармацыі аб парушэнні заканадаўства. У гэтым выпадку праверка можа быць прызначана старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю», — расказаў Мікалай Снапкоў.

Па словах віцэ-прэм’ера, у цэлым прыняцце ўказа дазволіць істотна панізіць умяшальніцтва кантралёраў у бягучую дзейнасць прадпрыемстваў, не паслабіўшы пры гэтым кантроль у жыццёва важных сферах, своечасова выяўляць сістэмныя парушэнні заканадаўства, негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы.

У тэму

Гэта не рэвалюцыйны, а эвалюцыйны дакумент

Па выніках нарады старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў расказаў журналістам, што кіраўнік дзяржавы даручыў ураду сумесна з губернатарамі дапрацаваць праект указа. «Гэта будзе праект не аб унясенні змен, а палажэнне ў новай рэдакцыі, каб яна была зразумелая і зручная для выкарыстання. Пасля гэтага праект будзе аддадзены на заключэнне Камітэту дзяржкантролю, пасля чаго будзе разгледжаны кіраўніком дзяржавы. Пастаўлены тэрмін да жніўня», — удакладніў ён.

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў адзначыў, што дакумент у цэлым узгоднены дзяржаўнымі органамі і збалансаваны. Па яго словах, праект указа вырашае пастаўленую базавую задачу — змяненне стылю і метадаў работы кантралявальных органаў. «Але Прэзідэнт вельмі глыбока і тонка адчувае пытанне. І дапрацоўка дакумента — гэта рэакцыя на пазіцыю старшынь аблвыканкамаў. Сутнасць яе ў тым, каб змяніць стылі і метады мэтапакладання праверак. Пытанне вельмі актуальнае: мэтай праверкі з’яўляецца знаходжанне парушэння або мэтай праверкі з’яўляецца знаходжанне нестыковак у заканадаўстве, неадпаведнасці нарматыўна-прававых актаў (часта супярэчаць адзін аднаму), што прыводзіць да парушэнняў. Калі мэтай праверкі будзе з’яўляцца менавіта такі фармат, то гэта ў канчатковым выніку будзе забяспечваць другое патрабаванне Прэзідэнта — каб праверка завяршалася не пакараннем, а павышэннем эфектыўнасці работы прадпрыемстваў і галін. Таму дакумент адпраўлены на дапрацоўку менавіта ў такім кантэксце», — растлумачыў першы віцэ-прэм’ер.

У цэлым, уся сутнасць гэтага дакумента зводзіцца да адной мэты — дапамагчы прадпрыемствам не дапускаць надалей выяўленых парушэнняў і павысіць эфектыўнасць іх дзейнасці. Прэзідэнт арыентаваў усіх адказных на тое, што дапрацаваны праект Указа ў выніку павінен быць выгадны для прадпрыемстваў, грамадства і перш за ўсё эканомікі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.