Вы тут

У раку Нарачанку выпусцілі асобін чырванакніжнай фарэлі


На мінулым тыдні на беразе ракі Нарачанка сустрэліся вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Вілейскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, упраўлення па сельскай гаспадарцы Вілейскага райвыканкама, Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У матэрыяле карэспандэнта «Звязды» асвятляем, якую важную справу для экасістэмы вадацёкаў раёна яны зрабілі.


Кумжа, або прахадная (марская) фарэль, занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэты від рыбы заўсёды вадзіўся ў тутэйшых месцах, але з-за браканьерства і будаўніцтва плацін яе колькасць ўпала. 

Каб выбраць падыходнае месца для зарыблення, супрацоўнікі НАН Беларусі спачатку аб’язджалі ўзбярэжжа ракі Нарачанка. Асноўнымі крытэрамі з’яўляліся рэльеф дна, забяспечанасць вады кіслародам, а таксама яе тэмпература. Гэтыя параметры вызначаюцца з дапамогай спецыяльнага прыбора-тэрмаоксіметра. 

«Асобін вытворцаў гэтага віду мы вылавілі восенню ў Астравецкім раёне, затым апладнялі ікру, якая была закладзена ў спецыяльныя гнёзды, — распавёў навуковы супрацоўнік лабараторыі іхтыялогіі Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання „НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах“ Аляксей Палятаеў. — Частку з іх мы паставілі ў рацэ, дзе яна натуральным чынам праінкубавалась, і вясной лічынка сышла з гнёздаў у раку. А другую частку мы адвезлі ў рыбагадавальнік „Скок“, які знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Там была праведзена велізарная праца па яе падрошчванню». 

Ён распавёў, што пасля выпуску малькі фарэлі растуць да трох гадоў у рацэ, а затым па рацэ Віліі рыба сыходзіць у Балтыйскае мора і праз некалькі гадоў вяртаецца зноў у Беларусь на нераст. Рыба вяртаецца ў той вадацёк, дзе яна выйшла з ікры. Гэта значыць, што пасля падарожжа ў Балтыйскае мора частка асобін вернецца менавіта ў раку Нарачанку. Да канца яшчэ не вядома, як рыба запамінае хімічны склад вады, але гэта праўда.

«Я лічу гэта мерапрыемства нашым поспехам, — адзначыў дырэктар рыбагадавальніка „Скок“ Аляксандр Дзенісевіч. — Каб вырасціць з ікрынак малькоў рыбы мы робім вельмі шмат маніпуляцый. Сёння ў раку выпушчана каля 100 асобін. Зарыбленне мае прыродаахоўную значнасць, бо мы павялічваем колькасць рыбы ў рэках Беларусі».

Па словах навуковага супрацоўніка інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі лабараторыі генетыкі жывёл Ніны Балашэнкі, унікальнасць гэтай падзеі ў тым, што ўпершыню была адаптавана да ўмоў цэха рыбагадавальніка тэхналогія атрымання малька. «Мы можам не толькі закладваць ікру ў раку, каб яна натуральным чынам развівалася, але і прывезці яе ў цэх, атрымаць лічынку для падрошчвання і затым выпусціць у прыроднае асяроддзе. Як паказваюць даследаванні, у натуральных умовах працэнт апладнення рыбінай ікры ніжэй. Усе дзеянні па штучным апладненні павышаюць працэнт выхаду лічынкі. Мы дапамагаем павялічыць колькасць папуляцыі рэдкай фарэлі хутчэй, чым яна можа аднавіцца самастойна. Гэта важная цаглінка ў нашай экасістэме і яе нельга прыбіраць». 

Супрацоўнікі Акадэміі навук распавялі, што Вілія — адзіная з усіх рэк у Беларусі, па якой магчымы заход прахадных рыб з мора, паколькі яна не перакрытая плацінай, як іншыя нашы рэкі. У далёкай перспектыве пры дасягненні пэўнай колькасці асобін дадзеная рыба можа быць выключана з Чырвонай кнігі.

Беларуская папуляцыя кумжы ўнікальная, бо ў яе генетычную структуру ніхто не ўмешваўся. Задача вучоных — прымножыць колькасць, не сапсаваўшы генетыку, таму для аднаўлення колькасці кумжы выкарыстоўваецца толькі рыба, злоўленая ў рэках Беларусі.

Па заканчэнні ўсёй працэдуры факт зарыблення афіцыйна засведчылі падпісаннем акта. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з тэлеграм-канала Вілейка | Навіны

Мінская вобласць

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.