Вы тут

Міжнародны форум натхняе беларускую і расійскую моладзь на добрыя справы


Міжнародны маладзёжны форум «Што ты зрабіў для Радзімы» праходзіў сёлета трэці раз. Ад Мсціслава да меж з Расіяй рукой падаць, жыхары з таго і гэтага боку заўсёды сябравалі, ездзілі адзін да другога ў госці, жылі, як той казаў, адной сям’ёй. Тры гады таму мсціслаўскія дэпутаты разам з мясцовым Маладзёжным парламентам, раённай выканаўчай уладай, арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і партыяй з аднайменнай назвай вырашылі надаць імпульс гэтым адносінам і больш ажывіць іх.


З беларускага боку ў форуме ўдзельнічалі маладыя людзі з Мсціслаўскага, Крычаўскага і Чавускага раёнаў Магілёўскай вобласці, з расійскага — юнакі і дзяўчаты з Пачынкаўскага і Шумяцкага раёнаў. Усе гэтыя тэрыторыі звязаны паміж сабой межамі і ў іх агульнае мінулае. Форум пачаўся з наведвання воінскага пахавання і ўскладання кветак да брацкай магілы герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Патрыятычная тэма ў моладзі абедзвюх краін дамінуе, гэта было відаць па ініцыятывах. Актывісты з Крычава, напрыклад, ганарацца сваёй перасоўнай выставай «Гераічны летапіс Крычаўшчыны» і Курганам Славы, які стварылі ў памяць аб тых, хто заваяваў для нашчадкаў Перамогу. Наогул, агульных тэм шмат: спорт, культура, традыцыі.

Моладзь Крычава падзялілася інфармацыяй аб стварэнні ў райцэнтры шматпрофільнай пляцоўкі «Спорт Тайм» для катання на скейтах, роліках і роварах. А яшчэ маладыя людзі актыўна раскручваюць мясцовыя брэнды. Палац Пацёмкіна — гістарычны музей Крычава — з’яўляецца культурным цэнтрам раёна, а на яго «Пацёмкінскія балі» прыязджаюць госці з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа.

Багаты на цікавыя мясціны старадаўні Мсціслаў. Малодшы навуковы супрацоўнік Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея Яраслава Асіпцова расказала, як пры падтрымцы райвыканкама і райсавета ўвасобіла ў жыццё сваю ініцыятыву па стварэнні віртуальнай экскурсіі па славутасцях Мсціслаўшчыны з выкарыстаннем VR-акуляраў. Дэпутаты і мясцовая ўлада дапамаглі набыць спецыяльнае 3D-абсталяванне, з дапамогай якога помнікі архітэктуры выглядаюць такімі ж аб’ёмнымі і велічнымі, як у рэальнасці. А на іх Мсціслаўшчына вельмі багатая.

— Сёння вельмі папулярныя праекты, звязаныя з віртуальнай рэальнасцю, і гэты праект прыцягвае ўвагу ў сацсетках, — кажа малады спецыяліст. — З яго дапамогай можна даведацца шмат цікавага пра мясціны, дзе ніколі не бываў, і, магчыма, спланаваць туды сваё падарожжа. Работа над праектам заняла тры месяцы, мне дапамагалі супрацоўнікі музея. Я магіляўчанка і прыехала сюды па размеркаванні. Але работа так мяне захапіла, што вольнага часу амаль не застаецца. Цяпер вось працую над праектам, звязаным з Вялікай Айчыннай вайной. Ён будзе пабудаваны на лістах з фронту.

Яраславе цікава было даведацца, як працуюць у гэтым кірунку яе аднагодкі з Расіі. Яна лічыць, што форум вельмі карысны і патрэбны, бо дае магчымасць пашырыць межы і завесці новыя знаёмствы. І праграма яго заўсёды разнастайная і насычаная. Ёсць магчымасць пазнаёміцца не толькі з тымі ініцыятывамі, якія ўжо рэалізаваны, але і з тымі, што абазначаны ў найбліжэйшых планах.

Моладзь пабывала на выставе-прэзентацыі ў раённым Доме рамёстваў, дзе побач з вырабамі народных майстроў былі прадстаўлены тавары тутэйшых прадпрыемстваў. Іх дэманстравалі маладыя спецыялісты, якія вярнуліся на сваю малую радзіму і ўпісваюць свае старонкі ў сённяшнюю гісторыю Мсціслаўшчыны.

— Заўсёды цікава даведацца і ўзяць на заметку, як у іншых раёнах захоўваюць традыцыі, — адзначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Чавускага райвыканкама Алена Мазакова. — Адчуваецца, што маладыя спецыялісты, якія па размеркаванні прыехалі працаваць у Мсціслаўскі раён, на сваім месцы. 

Што датычыцца спецыялістаў з Расіі, то можна было яшчэ раз пераканацца, наколькі падобныя нашы інтарэсы. Яны таксама захоўваюць гісторыю, ствараюць патрыятычныя праекты, дапамагаюць ветэранам, даглядаюць воінскія пахаванні.

Алена пераканана, што ў моладзі дзвюх краін вялікі творчы патэнцыял. Яны ініцыятыўныя і неабыякавыя. З іх падачы рэалізоўваюцца вельмі важныя і патрэбныя праекты. У Чавускім раёне, напрыклад, адзін з такіх — будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі па прапанове школьнікаў Гарбавіцкай школы. Дэпутаты і мясцовая ўлада дапамаглі рэалізаваць ініцыятыву. Да добрых спраў далучаюцца спонсары, мясцовыя жыхары.

Запамінальнай падзеяй стаў майстар-клас па вырабе валошкі з саломкі. Гэта кветка хоць і лічыцца традыцыйным беларускім сімвалам, такая ж блізкая і родная для расіян. А сімвалы, як вядома, згуртоўваюць.

— Наш форум — гэта месца дыялогу, дзе кожны можа расказаць пра свае ініцыятывы, добрыя і важныя справы, якія дазваляюць рабіць нашы населеныя пункты больш прыгожымі і ўтульнымі, — адзначыла старшыня Мсціслаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Клеянкова. — У нашым раёне і ў краіне ў цэлым робіцца шмат для таго, каб нашы дзяўчаты і юнакі былі патрыётамі Беларусі, захоўвалі памяць пра гераічнае мінулае, ведалі традыцыі свайго народа.

Дарэчы, форум не абмяжоўваецца межамі раёна. Летась ён пабываў на Шклоўшчыне, а налета завітае ў Крычаўскі раён. У памяць аб сустрэчы на гасціннай мсціслаўскай зямлі моладзь высадзіла алею туй.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Мсціслаўскага райсавета

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.