Вы тут

«Паміж Верай і Цімошкам прашмыгнула ўранні кошка...»


Што было, — было і, напэўна ж, вясной?! Па вуліцы ўслед за маладзічкай мужчына ішоў, прычым досыць доўга: яна і раз азірнулася, і другі... Ён не адстае. Сама прыпынілася, спытала:

— Вам штосьці трэба?

— Так!.. Не! — разгубіўся мужчына. — Я проста ўбачыў вас і тут жа пакахаў — з першага погляду! Вы такая прыгожая!

— Але ж вунь там, наперадзе, крочыць мая сястра. Яна — і маладзейшая, і прыгажэйшая!

— Ды не можа быць! — здзівіўся мужчына, пабег, дагнаў тую дзяўчыну, паглядзеў у твар і — пакрыўджаны — вярнуўся.

— Ваша сястра зусім непрывабная, — сказаў маладзіцы. — Вы падманулі мяне.

— Значыць, мы квіты, — усміхнулася тая, — бо вы ж мне таксама салгалі.

— Як гэта? — не зразумеў мужчына. — Калі?

— Ды толькі што! Казалі, што пакахалі?

— Казаў! І чыстую праўду!

— Не і яшчэ раз не! Бо калі напраўду кахаюць, не бегаюць глядзець на іншых.


Фота Лізаветы ГОЛАД

Згадзіцеся, мудрая выснова! Але ж, мусіць, старая, нямодная, бо цяпер, як выглядае, амаль усе — мужчыны, жанчыны, сямейныя і не, маладыя і, мякка кажучы, не вельмі — бегаюць... глядзець на іншых. Сведчаннем таму — грамадзянскія шлюбы, разводы, пабочныя дзеці, фільмы, службовыя, курортныя раманы і — на гэты раз — частка конкурснай пошты, што зразумела: здымак. Можна яшчэ раз глянуць на яго (верхні) і…

Чытайма, што людзі пішуць, бо ўсё, падобна, з веданнем справы:

Да азёраў, да вады

Цягне страшна!

І заўжды…

Найчацей — рыбалка,

Але ж і... русалка!

Такое, трэба разумець, здараецца. І спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка нават ведае, чаму, з якой такой прычыны:

Вечар выдаўся харошы!

Янка — вольны, 

мае грошы…

Аж кіпіць у жылах кроў —

Чорт штурхае да грахоў.

Але ж, мяркуючы па здымку, мусіць, не моцна, бо гэтыя двое (радкі ўсё з тога ж канверта) паводдаль трымаюцца. Значыць, «дах» у Янкі на месцы, не знесла пакуль, хоць і магло, бо (загінайце пальцы!):

Ёсць пагода, вечар, згода,

Рэчка, бераг, прахалода...

Сёння ўсё, як мае быць!

Толькі...

з жонкай

што рабіць?

(З дыялогаў на бяседзе: «Зычым табе, юбілярка, дзяцей — паслухмяных, бацькоў — здаровых, сужэнца — закаханага...» — «Дзякуй! — перапыняе жанчына. — А тых, што маю, куды?..»

Пытанне, як той казаў!

Яшчэ адно (не лягчэйшае) у спадара Мікалая Камароўскага з Оршы:

Па сходнях прама —

да вады.

Узяць правей?

А што тады?!

Магчыма — карысны досвед (ну вось як там у паэта? «Не изменяй!» — // Ты говоришь, любя. // «О, не волнуйся. // Я не изменяю. // Но, дорогая... // Как же я узнаю, // Что в мире нет // Прекраснее тебя?»). А магчыма — на думку спадара Янкава з Мінска, — і нічога такога, у прыватнасці крыўднага, для сужэнцаў (калі на здымку — людзі сямейныя), бо яно ж было, з многімі:

Нейк у доме адпачынку

Запрыкмеціў 

Ясь жанчынку:

Яна — Галя, яна — краля,

Уся ў марах, у каралях:

На аблокі пазірае,

Да сябе не падпускае...

Тады побач паляжу:

Хоць на ножкі пагляджу.

Даўно заўважана: жанчыны пазіраюць на мужчын зверху ўніз, мужчыны — знізу ўверх і таму, часцяком, «вядуцца» на прыгожыя ножкі... А ў іх жа праўды няма (з каханнем — як з грыбамі: калі зразумеў, што памыліўся, ужо позна).

У чым яна, тая праўда, ёсць?

Здалёку (добры анекдот старым не бывае): адна маладзіца абвестку ў газету давала: маўляў, для стварэння сям’і шукаю маладога, прыгожага, разумнага, вясёлага, добрага, багатага, майстравога, без шкодных звычак... Далей, як належыць, свой нумар тэлефона…

Тыдзень чакала, месяц, год — ніводнага званка! Яна яшчэ раз такую ж аб’яву. (З тым самым поспехам... І яшчэ. Яшчэ.) А ўрэшце — тэкст такі паправіла: пасля «маладога, прыгожага, разумнага, вясёлага і г. д.» дапісала: «Хоць паглядзець!»

Ці не тое ж, на думку спадарыні Раісы Ісакавай з в. Сласцёны Чавускага раёна, можа чакаць і «кралю» са здымка: «пачакае-пачакае прынца на белым кані, а прыедзе паштальён на матацыкле — пенсію прывязе».

Адкуль — парада (і, здаецца, слушная?):

Чым жураўля 

з нябёс чакаць,

Сініцу лепш упаляваць!

З гэтым пагодзяцца, мусіць, многія — са сталых людзей, з маладых — наўрад. Ім, паводле спадара Юрыя Вінаградава з Докшыцкага раёна, больш уласціва іншае:

Галаву задрала дзеўка:

На аблокі ўсё глядзіць:

Мо з нябёсаў неспадзеўкі

Хтось «круцейшы» 

прыляціць?

Спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў нават ведае, каму — канкрэтна — аддадуць перавагу:

«Дзе ж ты, прынц? —

чакае Тома, —

Ці банкір...

З палацам-домам

З мерседэсам, без заган

І каб грошай чамадан,

Каб разумны, 

каб прыгожы...»

Сохне побачкі Сярожа:

Тому ён здаўна кахае

Ды... не прынц,

Хоць трактар — мае.

Па сённяшнім часе гэта шмат, гэта — не менш чым дзесяць коней (можа, нават белых?). І ўсе яны вельмі патрэбныя, а ўжо ў вёсцы, цяпер... Спадарыня Леакадзія Козел з Валожыншчыны ведае гэта, як, можа, ніхто! Адкуль:

Вясна...

Спрадвечныя турботы

Вяскоўцам

часу не стае,

Прыселі вось

пасля работы,

А думкі ў кожнага свае:

Яна — лунае ў аблоках...

Хлапец, 

падсеўшы не здаля

Пра... гной ды бульбу

мае клопат:

Даўно прагрэлася зямля.

Як ёсць, так ёсць: беларусы не крыўдзяцца, калі іх завуць бульбашамі... Але ж наракаюць: ну чаму гэта Беларусь і найперш — бульба? Хай бы лепей БелАЗ! А што: вялікая машына, магутны рухавік, колы такія, што любое бездарожжа змогуць... А галоўнае — кузаў, кузаў які! Усю бульбу з гарода можна за раз перавезці!

Але ж гэта — калі пасадзіць.

Шматзначнае слова! Бо можна ж не толькі бульбу і ў зямлю: можна — у печ, некага ў крэсла, у галёш, сабе на шыю ці на галаву, на мель, на дыету, на ланцуг…

А бывае і проста — без розных там «у» і «на»: пасадзіў дзед бабку.

Такое — не вам казаць — у нашай гісторыі было і дзесьці мо засталося: асобны жарт можа пакінуць пасля сябе не толькі прыемны ўспамін, але і сіняк пад вокам.

Яго, дарэчы, таксама садзяць. За што? Ды было б жаданне... Яна яму: «Гэтай вясной ты абяцаў са мной ажаніцца...» Ён ёй: «Слухай, давай па-часнаку: хіба гэта вясна?»

Ну сапраўды (заўвага ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:

...Вясна,

а на сэрцы восень:

Дзе б ад дажджу схавацца?

Учора — плюс 28,

Сёння — усяго 12).

Былі перапады. Яшчэ і ў настроі, у адносінах дваіх. Размову вось гэтых, са здымка, падслухаў спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:

— Ты дастанеш 

з неба зорку?

— Можа... сем?

Схаджу, куплю.

— Звозіш летам

на Мальёрку?

— Я Браславы

больш люблю.

— Пачытаеш,

можа, вершы?

— Кніг з сабою не нашу.

— Ну скажы:

«Не бачыў лепшых!»

— Не трындзі! 

Дабром прашу!

Ці не пра тое ж спадарыня Чыгрынава з Мінска:

У сацсетках кавалер

Выклікаў такі давер...

Ганна млела ад жадання,

Каб хутчэй было 

спатканне!

А прыбегла — 

з вуснаў маты

Нібы чэргі з аўтамата,

Хоць ты вушы затыкай!..

Адпачні і... уцякай.

Апячыся, купіцца на прыгожыя словы можа, як мяркуе спадар Сабалеўскі, не толькі дзяўчына:

У рэкламе прачыталі:

Найшыкоўнейшы 

курорт —

Пляжы абмываюць хвалі,

Нумар — люкс, 

вакол — камфорт...

А прыехалі, зірнулі —

Зусім іншы тут сюжэт.

«Зноў у лапці нас абулі!

Адключаем інтэрнэт!»

Яно і насамрэч: дураць нашага брата! Ці не таму адзін мужчынка ў паліклініцы талон прасіў да доктара «вуха-вока». Яму ў адказ: «Няма ў нас такога спецыяліста: ёсць акуліст, ёсць ЛОР...» — «Мне „вуха-вока“ трэба». — «А навошта?» — «Ды чую адно, бачу — другое»…

І так — не толькі з курортам, не толькі з канкрэтным кавалерам. Бывае: сустрэнеш чалавека і тут жа, ці не з першага позірку, разумееш: БЕЗ ЯГО ты хочаш пражыць усё сваё жыццё.

Думкі ў тэму ад спадара Аляксандра Матошкі з Расоншчыны:

Да кахання тут далёка:

Кожны

ў роздуме сваім.

Нават голуб адзінокі

Спачувае сёння ім.

А вакол такія краскі,

Так духмяніцца трава!..

Можа, хоць ад гэтай ласкі

Пойдзе кругам галава?

А потым (мары кавалера падслухала спадарыня Раіса Ісакава):

...потым —

лодка прыплыве

Будзе пераправа:

Побач сядзеш ля мяне

Злева альбо справа.

Плынь ракі нас панясе,

Закалышуць хвалі...

І растане ў сэрцы лёд

У вось гэткай кралі!

Дай, божа, каб усё было гожа! Спадзявацца на тое можна, — разлічваць, — не. Вось і ў гэтых дваіх, на думку спадара Івана Клімковіча з Мінска, атрымаўся нейкі разлад:

Паміж Верай і Цімошкам

Прашмыгнула 

ўранні кошка, —

Дзень 

у крыўдзе праляцеў...

А пад вечар голуб сеў.

Сімвал міру — такога патрэбнага ўсім і такога чаканага. Як там у песні: «Раскажите, птицы времечко пришло, // Что планета наша — хрупкое стекло, // Чистые березы, реки и поля. // Сверху все это нежнее хрусталя...» Разбіць яго — прасцей простага, а вось склеіць...

Пра наступствы асобных дзеянняў спадары Мікалай Старых з Гомеля і Віктар Сабалеўскі:

Ад вялікае вады

За Ўралам шмат бяды:

Ад сяголетняй паводкі,

Быў адзін ратунак — лодкі.

Ну а тут наадварот:

Вось ужо каторы год

Вада некуды знікала

Нібы з возера Арала.

***

...Быў калісьці сенакос,

Рыбакі сядзелі,

Буслы ў лузе паміж лоз

Жабянят глядзелі.

Ні кароў цяпер, ні жаб —

Горад наступае.

Каля рэчачкі хаця б

Пасядзець у маі...

А калі ў добрай кампаніі, то і ў чэрвені, ліпені, жніўні...

З тога ж канверта:

Санаторый...

Побач — зона

З вузкай 

сцежкай-тратуарам...

Ззаду — тупае варона

Іншы раз бываюць пары...

Але ж хутка пацяплее,

Траўка зменіць

свой фартух,

Сонейка ваду прагрэе —

Вось тады пачнецца рух!

А значыць, усім — прыемнага адпачынку! Дзе? Найлепшае месца, як вядома, там, дзе «ўсё ўключана», гэта значыць, дома, у мамы. Альбо проста дома: Янка, прыкінуўшы расходы на водпуск, вырашыў, што ён зусім стаміўся... Чаго і хацелася б пажадаць усім чытачам газеты, удзельнікам звяздоўскіх конкурсаў — і пагатоў!

Што да пераможцаў, то найлепшыя радкі да мінулага конкурснага здымка (гл. нумар «Звязды» за 20 сакавіка), паводле вялікага чытацкага журы, даслалі спадары Аляксандр Матошка з Расоншчыны, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Дзяніс Андросік з Узды, Мікалай Старых з Гомеля, спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска і Валянціна Гудачкова.

З гэтым вось, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года накіроўваецца ў Жыткавічы.

Хочаце, каб найстарэйшая і адзіная (са штодзённых) беларускамоўная газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас, тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску (на месяц, квартал, паўгоддзе), другі — уважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак (унізе), прыдумаць подпіс (можна некалькі, але дасціпных, памерам не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж. Што-нішто (прычым вартае ўвагі!) «не ўпісалася» ў кантэкст гэтага агляду. Такім чынам — рэшта:

Ні хмурынкі на небе, 

ні ценю...

Дзеўка — у марах,

яна ў захапленні!

Ясь — «іпэшнік» вясковы:

У галаве — 

хіба дровы,

Падаткі, 

саляра, ураджай...

Значыць, блізкасці 

тут не чакай.

Л. Чыгрынава, Мінск.

Нашы бАцькі ды бабулі,

Да знямогі працавалі,

Забываючы на гулі.

Доўга нешта будавалі.

А «цудоўнае далёка»

Не становіцца бліжэй...

Хто лунае ў аблоках,

Да зямлі таму даўжэй.

В. Сабалеўскі, Узда.

Пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся і думаў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.