Вы тут

Палегчыць боль, вырашыць сацыяльныя і побытавыя пытанні — задача службы міласэрнасці


Людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, шчыра дзякуюць медсёстрам, малодшым сёстрам міласэрнасці, валанцёрам Беларускага Чырвонага Крыжа. Актывістаў служэння ўшанавалі ў Гомелі. Урачыстае мерапрыемства ў гонар шасцідзесяцігадовага юбілею медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» прайшло ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.


Сёння ў камандзе «Дапамогі» на Гомельшчыне — 41 сястра міласэрнасці. Яны забяспечваюць медыка-сацыяльнае суправаджэнне 122 жыхароў вобласці.

За кожнай лічбай — лёс чалавека і неацэнная работа. Так, людзі, якім патрабуецца асаблівы догляд, своечасова яго атрымліваюць. Гэта вельмі складаная дзейнасць. Каласальную працу выконваюць медсёстры па доглядзе цяжкіх хворых у стадыі ВІЧ/СНІД. Мы будзем і надалей развіваць сваю дзейнасць і аказваць дапамогу менавіта там, дзе яна асабліва патрэбна, — на цырымоніі ўшанавання адзначыла намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Алеся Касцюк.

Словы ўдзячнасці за служэнне супрацоўнікам медыка-сацыяльнай службы «Дапамога» выказаў і старшыня камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі.

— Службу «Дапамога» можна лічыць брэндам Беларускага Чырвонага Крыжа. Пра гэты рух, яго гісторыю і развіццё неабходна больш расказваць. Гэта тыя прыклады міласэрнасці, на якіх неабходна выхоўваць моладзь. У Беларускага Чырвонага Крыжа самая шчырая, чыстая і высакародная філасофія, блізкая нашаму народу, — падкрэсліў Дзяніс Язерскі.

У Гомельскай абласной арганізацыі БЧК з 2018 года рэалізоўваецца праект у рамках выканання дзяржаўнай сацыяльнай замовы Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама ў галіне прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. Сёстры міласэрнасці аказваюць паліятыўную надомную дапамогу ляжачым хворым з ВІЧ. Дзякуючы такой падтрымцы не толькі забяспечваецца медыцынскі догляд, але і вырашаецца шмат сацыяльных пытанняў, з якімі доўгі час хворыя, асабліва адзінокія людзі, не могуць разабрацца самастойна. На Гомельшчыне ў Светлагорску з 2010 года працуе ўнікальная для краіны мультыдысцыплінарная каманда па аказанні паліятыўнай дапамогі ў хатніх умовах ВІЧ-інфіцыраваным. Падапечныя ў райцэнтры атрымліваюць комплексную дапамогу ад псіхолагаў, медыцынскіх сясцёр, малодшых сясцёр міласэрнасці, валанцёраў.

Акрамя таго, у вобласці медыка-сацыяльная і паліятыўная надомная дапамога асобам з ВІЧ аказваецца ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. Адна з тых, хто даглядае хворых, якія знаходзяцца на позніх стадыях ВІЧ-інфекцыі, — медыцынская сястра Чыгуначнай раённай арганізацыі БЧК Гомеля Лілія Хаджыева. Лілія Уладзіміраўна ў службе «Дапамога» — шосты год. Па дзяржсацзаказе забяспечвае догляд чатырох падапечных з чацвёртай клінічнай стадыяй ВІЧ-інфекцыі. Акрамя таго, па другім дзяржзаказе аказвае дапамогу таксама чатыром падапечным з першай групай інваліднасці.

— Вядома, гэта цяжкая работа, яе трэба любіць, бо калі не спачуваеш людзям, то вытрымаць немагчыма, — падзялілася Лілія Хаджыева. — Мы імкнёмся палегчыць фізічны стан чалавека, аказваем медыцынскія і індывідуальныя сацыяльныя паслугі. Часцей за ўсё нашы падапечныя — людзі, якія страцілі цалкам або часткова здольнасць самастойна клапаціцца пра сябе, маюць патрэбу па стане здароўя ў старонняй дапамозе. Калі казаць пра догляд падапечных з ВІЧ-інфіцыяй, то для іх атрымліваем тэрапію, абавязкова кантралюем яе прыём. Недапушчальны пропуск у лячэнні нават на адзін дзень, бо ўрачу давядзецца цалкам мяняць схему. Вельмі важна, што абавязкова наладжана супрацоўніцтва з інфекцыяністамі, тэрапеўтамі. Для ўсіх падапечных абавязкова забяспечваецца належны догляд у плане гігіены, для ляжачых хворых — прафілактыка пролежняў.

Сярод падапечных Ліліі Уладзіміраўны — як тыя, хто ўвогуле адзінокі, так і тыя, у каго ёсць блізкія.

— Вельмі важна ўсталяваць кантакт і з роднымі, быць чулым псіхолагам, — дадае медсястра. — У служэнні такім важна і разуменне з боку ўласнай сям’і. У мяне двое дарослых сыноў, дзве ўнучкі. Яны мяне падтрымліваюць у імкненні дапамагаць людзям.

Сярод супрацоўнікаў медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога», ушанаваных на Гомельшчыне, — медыцынская сястра, чалавек з вялізным сэрцам і адкрытай душой Таццяна Змушко. Таццяна Уладзіміраўна амаль год у камандзе Цэнтральнай раённай арганізацыі БЧК Гомеля.

— Усё жыццё прапрацавала медыцынскай сястрой у бальніцы ў асноўным з сутачнымі дзяжурствамі. Ужо па ўзросце стала шукаць работу з дзённым графікам.

Вырашыла звярнуцца ў нашу раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа, і вельмі рада, што мая кваліфікацыя спатрэбілася, — падзялілася сваёй гісторыяй служэння ў «Дапамозе» Чырвонага Крыжа Таццяна Змушко. — Па дзярсацзаказе цяпер аказваю дапамогу і догляд чатыром людзям. Мае падапечныя — пажылыя людзі з першай групай інваліднасці, якім неабходны догляд побытавы і медыцынскі. Прызнацца, мае бабулі проста казачныя. Самай старэйшай — 97 гадоў. Усе, нягледзячы на цяжкі стан здароўя, яшчэ і мяне зараджаюць жыццёвай энергіяй. Не чакала, што такое служэнне цалкам зменіць маё жыццё. І гэта дзякуючы не толькі падапечным, але і вельмі добрым калегам, валанцёрам, якія працуюць з намі. Натхняе адчуванне, што ты патрэбы людзям.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай абласной арганізацыі БЧК

Загаловак у газеце: Спяшаюцца на дапамогу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.