Вы тут

Што такое АСЛО і як здаваць аналіз?


У цёплае надвор’е хочацца астудзіцца. У ход ідуць кандыцыянеры, марожанае і ледзяныя напоі. А расплатай можа стаць ангіна. Пераахаладжэнне — фактар, які рыхтуе глебу для таго, каб бактэрыі і вірусы лягчэй пракраліся ў арганізм і даўжэй там затрымаліся. Часам дастаткова адзін раз пераахаладзіцца, каб захварэць. У дарослых у большасці выпадкаў (ад 50 да 80%) ангіны выклікаюць вірусы. А ў дзяцей часцей сустракаюцца бактэрыяльныя ангіны. Нярэдка іх прычынай становіцца шкодны мікраарганізм, які называецца «бэта-гемалітычны стрэптакок групы А». 

У выніку пакутуе не толькі горла, але і суставы, сэрца, ныркі і іншыя органы і сістэмы. Што рабіць, каб своечасова выявіць небяспечны стрэптакок і пазбегнуць такіх грозных наступстваў, расказала дзіцячы кардыярэўматолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, урач ультрагукавой дыягностыкі 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Святлана Лапіцкая.


— Святлана Аляксандраўна, як вызначыць, што ў захворванні сэрца ці нырак вінаваты стрэптакок?

— Даследаванне АСЛО — асноўны спосаб дыягностыкі постстрэптакокавых захворванняў, у прыватнасці рэўматызму і гламеруланефрыту. Антыстрэпталізін-О (скарочана АСЛО, або АСЛ-О) уяўляе сабой спецыфічнае антыцела, накіраванае на барацьбу з мікробам — бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А.

Каб разумець, як яно дзейнічае, неабходна ведаць, як працуе імунітэт чалавека. Спрошчана гэта выглядае наступным чынам. Усе жывыя арганізмы — жывёлы, бактэрыі і людзі ў тым ліку — маюць на паверхні сваіх клетак «пазнакі». Гэта апазнавальныя знакі для ідэнтыфікацыі сваіх і чужых клетак. Яны называюцца антыгенамі. У імуннай сістэме, якая працуе на абарону свайго арганізма, існуюць спецыяльныя клеткі і спецыяльныя механізмы для распазнавання чужых антыгенаў.

Пры пранікненні ў арганізм чужароднага агента запускаецца механізм, накіраваны на яго знішчэнне, у выніку чаго выпрацоўваюцца антыцелы. Гэта складаныя бялковыя малекулы, адна частка якіх падыходзіць да антыгена, які неабходна знішчыць, як ключ да замка. Антыцела знаходзіць чужародны антыген, злучаецца з ім, і антыген, а часам разам з ім і ўся чужая клетка, знішчаецца. Так імунная сістэма абараняе нас ад інфекцыйных агентаў (вірусаў і бактэрый), а таксама ад ракавых клетак і шмат чаго іншага. Менавіта на выпрацоўку ахоўных антыцелаў ад інфекцыйных захворванняў накіраваны механізмы вакцынацыі.

Бэта-гемалітычныя стрэптакокі групы А, пракраўшыся ў арганізм, пачынаюць выдзяляць мноства разбуральных ферментаў, у тым ліку стрэпталізін-О, якія пашкоджваюць клеткі і з’яўляюцца таксічнымі для тканак сэрца, суставаў, нырак. Пры гэтым па лімфатычных шляхах гэты мікроб лёгка пранікае ў сэрца і можа выклікаць яго пашкоджанне з фарміраваннем парокаў сэрца або міякардыядыстрафіі. Стрэптакокі маюць уласцівасць пашкоджваць не толькі мяккія тканкі арганізма, але і ныркі, храсткі, апорна-рухальны апарат. Артрыт інфекцыйнага паходжання сустракаецца параўнальна часта, без лячэння прагрэсіруе і прыводзіць да небяспечных, часта інвалідных наступстваў.

У адказ на з’яўленне стрэпталізіну-О арганізм выдзяляе антыцелы — антыстрэпталізін О, — якія ліквідуюць прадукты жыццядзейнасці бактэрый, але не сам мікроб. Для знішчэння стрэптакоку неабходна адэкватнае і своечасовае лячэнне. Для гэтага і патрэбен аналіз крыві на АСЛО. Ён дазваляе распазнаць стрэптакокавую інфекцыю, вызначыць стадыю і актыўнасць паталагічнага працэсу і прызначыць правільнае лячэнне.

— У якіх выпадках прызначаецца гэты аналіз?

— Пры наяўнасці паражэння ЛОР-органаў (глоткі, міндалін, адэноідаў), якія доўга не праходзяць, пры сустаўных болях і зменах суставаў невядомага паходжання, захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы ці нырак з невыразнай прычынай, аўтаімунным гламеруланефрыце, скурных захворваннях (шкарлятыне, рожы, піядэрміі).

Праз год пасля папраўкі зноў неабходна здаць паўторны аналіз на антыстрэпталізін-О для пастаноўкі больш дакладнага дыягназу, а таксама вызначэння магчымасці рэцыдыву.

Але і тут не ўсё так проста. Справа ў тым, што на першым тыдні захворвання антыстрэпталізін-О яшчэ не павялічыўся. Таму яго нармальныя ўзроўні не сведчаць аб адсутнасці інфекцыйнага працэсу. Павышэнне адбываецца на 2–5 тыдні захворвання (у залежнасці ад індывідуальных асаблівасцяў арганізма), дасягаючы максімуму да шостага тыдня захворвання, пасля чаго канцэнтрацыя антыцелаў у крыві паступова змяншаецца. Праз некалькі месяцаў, аж да паўгода з моманту інфіцыравання і развіцця першых сімптомаў, надыходзіць умеранае зніжэнне паказчыка. Бліжэй да заканчэння першага года з моманту пачатку інфекцыйнага захворвання адзначаецца вяртанне паказчыка ў норму. У такой сітуацыі гавораць аб варыянце фізіялагічнай нормы.

— А калі высокія паказчыкі захоўваюцца даўжэй?

— Сапраўды, часам высокія вынікі АСЛО могуць захоўвацца ад шасці месяцаў да года. Калі на працягу шасці месяцаў узровень застаецца высокім, хвораму варта чакаць рэцыдыву захворвання. Калі пры высокай канцэнтрацыі антыстрэпталізіну-О своечасова не было праведзена лячэнне, гэта можа прывесці да ўскладненняў у выглядзе рэўматычнай ліхаманкі, і стабілізацыя паказчыкаў адбудзецца праз 4–8 месяцаў.

Мае значэнне і велічыня паказчыка. Павышэнне канцэнтрацыі ў 4–6 разоў гаворыць аб перанесенай у нядаўнім мінулым вострай інфекцыі. Павышэнне АСЛО ў 1,5-2 разы азначае хранічныя інфекцыйна-запаленчыя працэсы, калі мае месца пастаянны, рэцыдывавальны працяг хваробы ці ж носьбіцтва стрэптакоку. Адсутнасць якой-небудзь дынамікі па канцэнтрацыі антыстрэпталізіну-О на працягу мінімум шасці месяцаў сведчыць аб магчымасці развіцця аўтаімунных другасных паражэнняў — рэўматызму ці артрыту неінфекцыйнага генезу. Часта для дыягностыкі і вызначэнні тактыкі далейшага вядзення пацыента неабходна правесці даследаванне некалькі разоў з інтэрвалам у два тыдні, каб атрымаць вынікі ў дынаміцы і поўную карціну цячэння паталагічнага працэсу.

— Гэтага аналізу дастаткова для пастаноўкі дыягназу?

— Не. Ён дазваляе канстатаваць факт наяўнасці праблемы, часткова ацаніць яе этап, але не больш за тое.

Патрабуюцца дадатковыя абследаванні. Гэта візуальная ацэнка ачагу паражэння, яна праводзіцца падчас першаснага агляду ў адпаведнага спецыяліста. Бяруцца мазкі з носа, зева, запаленчага абсцэсу і іншых ачагоў, што дазваляе дакладна вызначыць наяўнасць патагеннага мікраарганізма і яго адчувальнасць да антыбіётыкаў.

Агульны аналіз крыві выкарыстоўваецца для ўскоснага пацвярджэння наяўнасці паталагічнага працэсу. Біяхімічнае даследаванне крыві прызначаецца для выяўлення парушэнняў функцый унутраных органаў (сэрца, нырак), а таксама для ўдакладнення характару паражэння суставаў.

ЭКГ, УГД сэрца, УГД унутраных органаў, суставаў дапамагаюць выявіць паражэнні адпаведных органаў. 

І ў любым выпадку для ацэнкі рызыкі ўзнікнення вострай рэўматычнай ліхаманкі і неабходнасці яе медыкаментознай прафілактыкі патрэбна кансультацыя кардыярэўматолага.

— Як здаваць гэты аналіз?

— Для атрымання максімальна дакладных вынікаў здача крыві на АСЛО патрабуе падрыхтоўкі. Апошні прыём ежы павінен быць не пазней чым за восем гадзін да аналізу. Пры гэтым пасля праходжання супрацьмікробнай або антыбактэрыяльнай тэрапіі павінна прайсці мінімум тры тыдні.

Напярэдадні здачы крыві трэба абмежаваць прыём лекавых прэпаратаў. За 24 гадзіны да аналізу скараціць салодкае, салёнае, вострае, мучное і мясное ў рацыёне. За сем дзён да даследавання варта адмовіцца ад алкаголю. Для назірання за дынамікай развіцця захворвання здачу крыві на АСЛО праводзяць два разы з перапынкам у сем дзён, гэта значыць раз у тыдзень.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не прапусціць стрэптакок

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.