Вы тут

Фестываль «Вытокі» пройдзе 6-8 чэрвеня ў Пружанах


Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі» пройдзе з 6 па 8 чэрвеня ў Пружанах, паведамілі БелТА ў прэс-службе НАК.


Фота БелТА

Свята з моманту заснавання ў 2021 годзе адбудзецца 20-ы раз. У гэтым годзе яно пройдзе толькі ў адным горадзе — у новым пашыраным фармаце і стане яшчэ больш яркім, насычаным і цікавым. «У гасцей фестывалю будзе больш часу для знаёмства з гістарычнай і культурнай спадчынай горада з 590-гадовай гісторыяй, народнымі промысламі, роднымі брэндамі і вядомымі людзьмі гэтага цікавага кутка Беларусі», — расказалі арганізатары.

Стартуе свята з рэспубліканскай турыстычнай акцыі «Вандруй! Адчуй! Натхняйся!»: па папярэдняй рэгістрацыі (на сайтах www.vytoki.by, www.belarustourism.by, па e-mail belbrandaudit@gmail.com або спасылцы) 6 і 7 чэрвеня прадугледжана бясплатнае наведванне аб’ектаў, якія раскрыюць турыстычны патэнцыял Пружанскага раёна.

Пройдзе прэзентацыя маршруту «Жамчужына Пружанскага краю». Ролю гісторыка-культурнай спадчыны ў развіцці турызму, уключаючы традыцыі беларускай кухні, плануецца абмеркаваць на панэльнай дыскусіі і ў рамках прэзентацыі кнігі па гастратурызме.

Сваю выстаўку-прэзентацыю арганізуе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Яна будзе працаваць на працягу трох дзён з 12.00 да 19.00 у гарадскім парку. Удзельнікі фестывалю азнаёмяцца з вядучымі распрацоўкамі беларускіх вучоных у розных сферах народнай гаспадаркі.

У чацвер 6 чэрвеня адбудзецца мастацкі інтэрактыў ад галерэі «АртХаос», які стаў асабліва папулярным у мінулыя сезоны. У гэтым годзе ён будзе называцца «стАРТ». Пачатак запланаваны на 18.00 на стадыёне «Мухавец». Усе жадаючыя сумесна з камандай беларускіх мастакоў закончаць афармленне пляцоўкі і горак для катання новага шматпрофільнага скейт-ролер парку.

Завершыцца першы дзень у 20.00 кінапаказам спартыўнага фільма на стадыёне «Мухавец».

У другі дзень фестывалю 7 чэрвеня будзе арганізаваны спартыўна-гістарычны квест па аб’ектах горада. Ён стартуе ў 15.00 (месца збору — стадыён «Мухавец»). Гэта ўнікальная магчымасць даведацца больш пра цікавыя і значныя мясціны ў Пружанах.

У 19.00 адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця і адна са знакавых падзей фестывалю — прэзентацыя шматпрофільнага скейт-ролер парку. Завершыцца праграма інтэрактыўнай тэатральнай пастаноўкай «Выдно пана по чоботах» (20.00, стадыён «Мухавец», галоўная сцэна), з уключэннем элементаў беларускіх абрадаў, прэзентацыяй калекцый адзення ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў.

Цэнтральнай пляцоўкай фестывалю «Вытокі» 8 чэрвеня стане стадыён «Мухавец». З 11.00 да 13.00 пройдзе інтэлектуальны турнір «Вытокi квіз». Турнір вызначыць лепшых у ведах па гісторыі алімпійскага руху і беларускага спорту сярод каманд устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці і ўсіх жадаючых.

Юнакі і дзяўчаты да 14 гадоў атрымаюць магчымасць прыняць удзел у алімпійскім квесце (з 13.00 да 17.00). На 26 спартыўных пляцоўках у ядры стадыёна «Мухавец» для ўсіх дзяцей падрыхтаваны цікавыя заданні па кожным відзе спорту. Удзельнікі змогуць паказаць свае сілы на вяслярных трэнажорах, з дапамогай віртуальнай рэальнасці пракаціцца на велатрэку, выканаць прыёмы ў каратэ, дзюдо, барацьбе, прадэманстраваць валоданне гімнастычнымі прадметамі і іншыя спартыўныя здольнасці.

Дапамагаць юным атлетам праходзіць квест будуць вопытныя трэнеры, вядомыя спартсмены, прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы. Арганізатары прадугледзелі падарункі для ўдзельнікаў. У час квеста неабходна сабраць 18 пячатак залатога, сярэбранага або бронзавага колераў. Найбольшая колькасць пячатак аднаго колеру адпавядае пэўнаму прызу: смарт-гадзіннік (золата), музычная Bluetooth-калонка (серабро), паўэрбанк (бронза). Для тых, хто выканае ўсе заданні, будзе разыграны галоўны прыз — тур выхаднога дня ў санаторый «Буг» для ўсёй сям’і ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Займальнай і пазнавальнай стане пляцоўка «Гульні нашага двара». Тут можна вызначыць лепшых у «Рызіначцы», «Класіках», стральбе з рагаткі.

Прадоўжыцца фестываль «Бітвай кавераў» (17.00-19.00; стадыён «Мухавец», галоўная сцэна). У праграме конкурсу — хіты розных гадоў.

Вячэрні гала-канцэрт (20.00, стадыён «Мухавец», галоўная сцэна) з удзелам зорак беларускай эстрады дасць магчымасць пачуць лепшыя хіты нашых выканаўцаў.

На заканчэнне свята ўсіх чакае маляўнічае святло-піратэхнічнае шоу і дыскатэка. Пачатак у 23.00.

У Пружанах у час фестывалю будуць працаваць фуд-корты і выстаўка-продаж «Беларускія брэнды».

Арганізатарамі фестывалю «Вытокі» ў 2024 годзе з’яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Федэрацыя прафсаюзаў, Брэсцкі аблвыканкам, ТАА «АртХаос», і ТАА «БелБрэндАўдыт» .

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.