Вы тут

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах


Наша гераіня — маладая дзяўчына, па чыёй жыццёвай гісторыі можна было б зняць фільм. Яна майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіёнка Еўропы, шматразовы прызёр міжнародных спаборніцтваў, адна з лідараў у сваім відзе спорту. А па спецыяльнасці Натасся інжынер-эканаміст. Шмат працуе, у вольны час сустракаецца з сяброўкамі, лепшым адпачынкам для сябе называе падарожжы. А яшчэ дзяўчына любіць фотасесіі, удзельнічае ў модных паказах, дае інтэрв’ю. Каго гэтым сёння здзівіш? Але з 2005 года Настасся перасоўваецца толькі на інваліднай калясцы — у 14 гадоў няўдала ўпала з дрэва і зламала пазваночнік. Гэта не зламала яе характар і любоў да жыцця. І якая розніца, што яна не можа хадзіць, калі ўсё роўна Настасся Касцючкова заўсёды ідзе наперад? А як ёй гэта ўдаецца, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца, яна распавяла «ЧЗ. Чырвонай змене».


«Фехтаванне — гэта шахматы ў руху»

«Да траўмы я актыўна займалася дзюдо. Не самы жаноцкі від спорту, але мне вельмі падабалася. Падчас аднаўлення мне вельмі не хапала спорту, бо прывыкла да актыўнага ладу жыцця. І тады адкрыўся паралімпійскі спорт. Спачатку займалася лыжнымі гонкамі, але фехтаванне захапіла больш. Не ведаю, ці выбрала я б гэты від спорту, калі б не траўма. Але ў лёсу на ўсё свае планы. Першы час у фехтаванні было складана зразумець, што да чаго. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё проста, але насамрэч трэба ўлічваць безліч момантаў. Паціху ўнікала. Я займаюся фехтаваннем ужо 10 гадоў, шмат што ўмею, але мне здаецца, што яшчэ не ўсё ведаю. Фехтаванне часта называюць шахматамі ў руху. Там рашэнні часам даводзіцца прымаць літаральна за лічаныя секунды. Гэты навык трэба доўга і ўпарта трэніраваць. І дапамагае ён не толькі ў спорце, але і ў жыцці. Цяпер такі час, што ўменне хутка аналізаваць сітуацыю і прымаць рашэнні, на мой погляд, вельмі важнае», — дзеліцца Настасся.

Фехтаваць Настасся Касцючкова ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. Можна толькі ўявіць, колькі гэта патрабуе намаганняў і якім узроўнем майстэрства трэба валодаць. Сведчанне — медалі. Так, у сакавіку бягучага года Настасся заняла трэцяе месца ў фехтаванні на шпагах на чэмпіянаце Еўропы. Гэта быў першы чэмпіянат Еўропы за два гады. Таму поспех двайны. 

«Пасля чэмпіянату Еўропы засталося шмат уражанняў. Мы доўга нікуды не выязджалі і былі шчаслівыя проста выступіць на міжнародным турніры. Якім бы дасведчаным і загартаваным ты ні быў, калі доўга не ўдзельнічаў у спаборніцтвах, выступаць вельмі хвалююча. Часам нават узнікала адчуванне, што я на спаборніцтвах першы раз. Але досвед даў сваё, і ўсё атрымалася выдатна», — адзначае Настасся.

Рашэннем выканкама Міжнароднага паралімпійскага камітэта беларускія спартсмены дапушчаны да ўдзелу ў Паралімпійскіх гульнях у Парыжы. Цяпер ідзе актыўны адбор на галоўныя старты чатырохгоддзя. Але, на жаль, Настасся Касцючкова выступіць на іх не зможа. Прычына крыўдная да жудасці: беларусаў занадта позна дапусцілі да міжнародных стартаў і нашы фехтавальшчыкі папросту не паспелі набраць патрэбную для адбору на Паралімпіяду колькасць ачкоў. Паралімпійскія гульні ў жыцці Настассі Касцючковай ужо былі. У 2016 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра яна заняла пятае месца. І да гэтага часу называе той старт самым яркім у сваёй кар’еры. У Токіа адабрацца не атрымалася з-за новых правілаў адбору. Вельмі хочацца верыць, што Паралімпійскія гульні, як і медаль з іх, у дзяўчыны яшчэ наперадзе. Таму што прынцып «аддавацца па максімуме сваёй справе», якім кіруецца Настасся, заўсёды прыносіць плён.

Праўда, як зазначае спартсменка, не ўсе гэта разумеюць. Бо часцей за ўсё ў спорце вабіць прыгожая карцінка медалёў, гімна, сцяга, паездак у розныя краіны. «Наша нацыянальная зборная па фехтаванні невялікая. Від спорту няпросты, і не ўсе вытрымліваюць такі рытм. Ахвотных паспрабаваць фехтаванне калісьці было шмат. Але ёсць тыя, хто прыходзіць у гэты спорт, разумее, што давядзецца не проста працаваць, а вельмі шмат, і адсейваюцца», — разважае Настасся.

«Пазіраваць — не самы складаны занятак. Паверце, трэніравацца складаней»

Спорт — гэта прыгожа, жаночы спорт — двайная прыгажосць. І няхай на спаборніцтвах Настассі даводзіцца хаваць агніста рудыя валасы пад фехтавальнай маскай, на фотасесіях і модных мерапрыемствах у яе — поўная свабода. Дзяўчына прызнаецца, што пад прыцэлам камеры адчувае сябе ўпэўнена, хоць і не заўсёды: «Мне падабаюцца фотасесіі, на іх я спакойна раскрываюся. Пазіраваць — не самы складаны занятак. Паверце, трэніравацца складаней. Калі мне давядзецца выбіраць паміж насычанай трэніроўкай і невялікім інтэрв’ю на камеру, то выберу трэніроўку, але разумею, што, як спартсмен, я павінна расказваць пра наш від спорту, паказваць сябе, у тым ліку і на тэлебачанні. Аднак мне рэальна складана гаварыць на камеру. Помню, пасля чэмпіянату Еўропы мяне папрасілі запісаць невялікі каментарый. Прыйшлося рабіць, мусіць, дубляў 50, таму ёсць над чым працаваць». Аднак пад прыцэлам камер Настассі даводзіцца бываць усё часцей. У красавіку яна паспрабавала сябе ў ролі мадэлі. Новы досвед даў праект «Грацыя душы», калі ў адным са сталічных гандлёвых цэнтраў прайшоў модны паказ, які аб’яднаў дзяўчат на інвалідных калясках і прафесійных мадэляў з Нацыянальнай школы прыгажосці. Яны прадставілі публіцы ўнікальныя вобразы ад беларускіх дызайнераў. 

«Чакала на вуліцы сяброўку, а мне давалі дробныя грошы»

Развіццё паралімпійскага спорту, удзел дзяўчат на інвалідных калясках у модных паказах — гісторыя не толькі пра спорт і пра моду. Гэта, у першую чаргу, сацыяльнае пытанне з мноствам падпунктаў. Найбольш відавочны з іх — безбар’ернае асяроддзе. Элементарны паход у краму асаблівых намаганняў не патрабуе (хіба што выйсці з дому ў дрэннае надвор’е). А вось чалавеку на інвалідным вазку для гэтага трэба прадугледзець шмат нюансаў. «У маім родным гомельскім двары ў 2005 годзе безбар’ернага асяроддзя не было ўвогуле. Прыйшлося пісаць шмат лістоў, прасіць зрабіць пандус, зручны заезд. На мае звароты адгукаліся і ўсё рабілі. У цэлым назіраю, што сітуацыя з безбар’ерным асяроддзем з году ў год паляпшаецца, аднак назваць яе ідэальнай складана. Так, у Мінску, у вялікіх гарадах зроблена вельмі шмат, але ж калясачнікі жывуць і ў раённых цэнтрах, і там у іх існуюць праблемы з перамяшчэннем. У нашай краіне шмат зроблена для безбар’ернага асяроддзя, але наперадзе яшчэ нямала працы, каб калясачнікі маглі самастойна і без праблем перамяшчацца па горадзе», — разважае Настасся. І яна лічыць, што на гэта трэба звярнуць увагу нават тым, ад каго не залежыць стварэнне безбар’ернага асяроддзя. «Я сама езджу на машыне, але не ўсюды магу прыпаркавацца, бо нашы людзі вельмі любяць пакідаць свае аўто на месцах для інвалідаў. Бліжэй да ўвахода, зручна ж. Некаторыя з іх не разумеюць, што такія месцы выдзелены не проста так. Мне не патрэбна парковачнае месца блізка каля ўвахода, мне трэба дастаткова месца, каб выйсці з машыны», — прыводзіць прыклад Настасся.

...За такім насычаным і цікавым жыццём нашай гераіні сёння стаіць вялізная праца, найперш над сабой. «Першы час пасля траўмы было адчуванне безнадзейнасці, поўнае непрыманне сітуацыі. Я не разумела, як жыць далей, нават падумаць не магла, што, седзячы ў інваліднай калясцы, змагу весці актыўны лад жыцця. Да таго ж у 2005 годзе з безбар’ерным асяроддзем сітуацыя была зусім дрэннай. Нават просты паход у краму станавіўся выпрабаваннем. Мне дапамагло тое, што рэабілітацыю я праходзіла ў крымскім горадзе Сакі, дзе створаны ўсе ўмовы для рэабілітацыі калясачнікаў, і людзі жывуць насычаным жыццём», — успамінае Настасся. Шмат для гэтага робіць Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў, шмат інфармацыі ёсць у інтэрнэце. Сацыяльныя сеткі таксама дапамагаюць. І, напэўна, самае галоўнае — тое, што грамадства змяніла свае адносіны да людзей на інвалідных калясках: «Мне здаецца, людзі нарэшце зразумелі, што калясачнікі могуць весці нармальнае, паўнацэннае жыццё. Мне падабаецца, што пра гэта сталі больш казаць. Дзяўчаты на інвалідных калясках здымаюцца ў рэкламе, удзельнічаюць у модных паказах... Можа, у нашай краіне гэта яшчэ не так распаўсюджана, але пачатак пакладзены. У 2006 годзе ў горадзе мінакі абарочваліся мне ўслед, некаторыя нават пальцам на мяне паказвалі. Неяк я на вуліцы чакала сяброўку, а мне дробныя грошы давалі. Вельмі было непрыемна. Сёння такога ўжо і блізка няма. І вельмі важна, каб грамадства разумела, што чалавек на калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах. Людзі павінны ўсведамляць, што мы можам і жадаем весці нармальны лад жыцця. І, мяркую, у гэтым плане наша грамадства рэабілітуецца».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».