Вы тут

Якія варыянты прапаноўваюць моладзі для часовага працаўладкавання?


У 2024 годзе ў Беларусі плануецца ахапіць рознымі формамі занятасці каля 120 тысяч маладых людзей. Больш за 50 тысяч чалавек стануць байцамі студэнцкіх атрадаў, лагеры працы і адпачынку абралі 12 тысяч прэтэндэнтаў, і каля 40 тысяч будуць працаваць на ніве часовай працоўнай занятасці. Па стане на 20 мая заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах падалі 23,5 тысячы ахвотных. І гэтая статыстыка сведчыць аб тым, што студатрадаўскі рух па-ранейшаму папулярны. Наша моладзь, якую часта сёння называюць занадта прагматычнай, зусім не пазбаўлена рамантыкі. Яна, як і дзесяцігоддзі таму, прагне падарожжаў і адкрыццяў, новых сустрэч, знаёмстваў, і, вядома ж, пад зорным небам, ля вогнішча песень пад гітару.


— Па выніках 2023 года БРСМ працаўладкаваў у студэнцкіх атрадах больш за 50 тысяч чалавек, а гэта звыш трох тысяч атрадаў. Сёлета таксама плануем трымаць лічбу на дастойным узроўні і прапануем моладзі самыя цікавыя віды работ з добрымі ўмовамі працы. У нас фарміруецца пералік атрадаў, якія прапануюць свае месцы для працаўладкавання. Цяпер у ім амаль 1,8 тысячы аб’ектаў на 47 тысяч працоўных месцаў. Каля 680 дагавораў ужо заключана — юнакі і дзяўчаты працуюць, нягледзячы на тое, што трэці семестр пачынаецца ў другой палове чэрвеня пасля летняй сесіі, — расказаў сакратар ЦК ГА «БРСМ», старшыня Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» Павел Алекса.

Яшчэ ён расказаў аб рэалізацыі ва ўстановах адукацыі Беларусі праекта «Выбіраем студатрад», калі адзін дзень на тыдзень студэнты або школьнікі могуць атрымаць інфармацыю аб студэнцкіх атрадах і запісацца ў той, які спадабаўся. Тады ж можна азнаёміцца і з абавязковымі фармальнымі нюансамі: даведацца, якія дакументы патрэбны для афармлення, дзе і як прайсці адпаведныя інструктажы.

Павел Алекса канстатаваў, што студэнцкія атрады працуюць і за межамі Беларусі:

— У большай ступені гэта характэрна для педагагічных атрадаў, калі маладыя людзі выязджаюць у якасці выхавацеляў у аздараўленчыя лагеры альбо ў дамы адпачынку Расіі. Як правіла, гэта Краснадарскі край — там, дзе мора, цеплыня. Таму ў іх ёсць магчымасць не толькі папрацаваць, але яшчэ і адпачыць. Працаваць там могуць і байцы сэрвісных атрадаў — прыбіральшчыкамі, пакаёўкамі, садоўнікамі, кухоннымі рабочымі. Спектр дастаткова вялікі, для кожнага знойдзецца магчымасць правесці лета з карысцю.

Але не толькі нашы студатрадаўцы выедуць правесці трэці семестр за межы Беларусі. У ліпені—жніўні таксама чакаецца прыезд да нас дэсанту байцоў з Татарстана. Яны ўжо раней працавалі ў нашай краіне — на МТЗ, «Атланце», маладзёжнай будоўлі ў Брэсце. І вось вырашылі вярнуцца сёлета.

Аднак у фокусе ўвагі ведамстваў і арганізацый, якія адказваюць за часовае працаўладкаванне моладзі, не толькі студэнцкія атрады. Як сказала кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Клімовіч, у полі зроку, акрамя студэнтаў ВНУ, пастаянна знаходзяцца навучэнцы школ і каледжаў. Паводле яе слоў, з пачатку 2024 года працаўладкавана каля 7 тысяч чалавек. Назвала кансультант Мінпрацы і рэйтынг асноўных відаў работ для падлеткаў і моладзі: добраўпарадкаванне, прыборка тэрыторый, азеляненне вуліц і паркаў, рамонтна-будаўнічыя і сельскагаспадарчыя работы. Дзеці задзейнічаны ва ўборцы ўраджаю, праполцы, пасадцы расады і іншых відах работ.

— Сёння запатрабавана і работа ў гандлёвых аб’ектах і пунктах грамадскага харчавання. Моладзь выкладвае тавары на паліцы, сервіруе сталы, прыбірае посуд, — расказала Наталля Клімовіч.

Спецыяліст дадала, што ўжо сёння 1,4 тысячы арганізацый заявілі аб магчымасці працаўладкаваць у сябе 14 тысяч чалавек. Прычым для непаўналетніх у іх ёсць 8 тысяч вакансій:

— Уся неабходная інфармацыя аб вакансіях размяшчаецца на сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, камітэтаў па працы, Міністэрства працы, а таксама ўстаноў адукацыі. Атрымаць кансультацыю аб вакансіях, рэжыме работ і іх відах навучэнцы могуць, патэлефанаваўшы на гарачую лінію службы занятасці па месцы жыхарства.

Кансультант упраўлення па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віялета Краўцова адзначыла, што сістэма адукацыі на пастаяннай аснове вырашае задачу працоўнага выхавання вучнёўскай моладзі як у рамках навучальных заняткаў, так і ў пазаўрочны час.

— Акцэнт робіцца на ўключэнне маладых людзей у сістэму працоўных адносін, фарміраванне ў навучэнцаў высокага ўзроўню кампетэнтнасці, стварэнне ўмоў для іх прафесійнага самавызначэння і кар’ернага росту. Занятасць непаўналетніх, а таксама студэнцкай моладзі ў вольны ад вучобы час з’яўляецца прафілактычнай мерай, садзейнічае атрыманню першых працоўных навыкаў, дае магчымасць зрабіць больш усвядомлены выбар будучай прафесіі, а таксама стварае ўмовы для фінансавай падтрымкі сем’яў і самой моладзі, — падкрэсліла прадстаўнік Мінадукацыі.

Любая праца спалучана з пэўнымі рызыкамі. Асабліва, калі гэта — вытворчасць, будоўля, сельская гаспадарка. І ўвогуле выкананне правіл тэхнікі бяспекі — адна з асноў працоўнай дзейнасці чалавека. Дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч упэўнены, што першы працоўны вопыт моладзі павінен быць станоўчы.

— Для гэтага мы некалькі гадоў запар сумесна з прафсаюзамі да пачатку летняга працоўнага семестра праводзім абследаванне ўсіх арганізацый, у якіх будзе працаваць моладзь, каб пераканацца, што яны гатовы стварыць бяспечныя ўмовы працы, — сказаў ён.

А таксама даў некалькі карысных парад: «Не трэба брацца нават па сваёй ініцыятыве за працу, бяспечнае выкананне якой вам не вядома. Яшчэ варта памятаць, што прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, будоўлі з’яўляюцца аб’ектамі павышанай небяспекі і там не дапускаюцца свавольствы, якія могуць прывесці да трагічных наступстваў».

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Трэці семестр: работа ў інтэр’еры рамантыкі

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.