Вы тут

Ці магчыма адпавядаць усім трэндам?


Трапіць у індустрыю моды нялёгка, яшчэ складаней там затрымацца, а вось адпавядаць усім трэндам проста немагчыма. Аб тым як пераадолець перашкоды і прыйсці ў прафесію дызайну, распавяла мадэльер Нацыянальнай школы прыгажосці Святлана Мачкадан.


— Першапачаткова ў мяне ўзнікла цікавасць да малюнка і да малявання ў цэлым. Таму паступаць вырашыла ў Беларускі дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій, там была спецыяльнасць «Дызайн», якая мяне зацікавіла. Выбар стаяў паміж камунікатыўным дызайнам і дызайнам прадметна-прасторавага асяроддзя. Калі казаць аб першым кірунку, то гэта адносіцца больш да рэкламы, чым да дызайну, а прадметна-прасторавае асяроддзе складаецца якраз з арту, экспазіцыйнага кірунку і дызайну інтэр’ера, таму я выбрала менавіта гэты кірунак. Пасля заканчэння першага курса даведалася аб кафедры дызайну моды і вырашыла перапаступіць туды.

— Што важна для станаўлення стыліста?

— Найперш, бездакорнае разуменне кампазіцыі ў розных яе варыяцыях. Напрыклад, ты глядзіш на вобраз і разумееш, што там неабходна нешта дадаць, зрабіць акцэнт ці штосьці ўпрыгожыць, і ўсё для таго, каб у выніку атрымаць ідэальную карцінку. Таксама ў станаўленні стыліста значэнне маюць адсутнасць боязі зносін з людзьмі і ўменне камунікаваць з імі.

— Наколькі важная адукацыя для дызайнера?

— Лічу, яна вельмі важная, бо ўніверсітэцкая падрыхтоўка дае вялікі пласт ведаў у галіне гісторыі мастацтваў, без якой немагчыма зрабіць добрую калекцыю. Пры стварэнні сваіх калекцый знакамітыя модныя дамы заўсёды робяць адсылку да пэўнай эпохі. Чалавек без належнай дасведчанасці ніколі не зможа прачытаць, што закладваецца ў іх стваральнікамі, і адпаведна не паўторыць гэтага ў сваіх работах. І патрэбна менавіта дызайнерская адукацыя, паколькі ёсць тэхнічныя спецыяльнасці, якія закранаюць выключна бакі канцэптуальнасці. А прафесія дызайнера ўключае ў сябе адразу некалькі фаз, што дазваляе не толькі сканструяваць рэч, але і прыдумаць, і адшыць яе.

— Ці дастаткова сёння падтрымліваюць маладых дызайнераў на этапе прыходу ў прафесію?

— Усё ў большай ступені залежыць ад таго, які ты чалавек і ў які калектыў трапляеш. З уласнага вопыту адзначу, што мне з калектывам вельмі пашанцавала. У Нацыянальнай школе прыгажосці працуюць цудоўныя людзі, якія заўсёды гатовы дапамагчы і падтрымаць. Мой першы паказ адбыўся літаральна праз паўтара тыдня пасля прыходу на працу. Тады мяне пад сваё крыло ўзяла старэйшая калега, мастак-стыліст Надзея Лунёва. Мяне адразу навучылі, як лепш адпарваць і развешваць рэчы, як знаходзіць падыход і камунікаваць з мадэлямі.

— А колькі часу неабходна для стварэння калекцыі?

— Усё залежыць ад яе памеру і, вядома ж, ад абсталявання. Першая мая калекцыя была маленькая — сем адзінак, але шыла я яе на працягу двух месяцаў, абцяжарвала працэс старая машынка. Ведаю знаёмых, якія складаную калекцыю на 20 адзінак адшывалі за месяц, але яны на тым зарабляюць і жывуць. Для мяне ж гэта быў навучальны працэс, і калекцыю я пачала рабіць загадзя, бо вельмі не люблю ўсё пакідаць на дэдлайны.

— Чым ці кім натхняецеся ў рабоце над новымі вобразамі?

— Дыпломную калекцыю рабіла па тэме гатычнай архітэктуры і каталіцкай сімволікі, але асноўную частку чэрпала з калекцый мадэльера Цьера Мюглера, уласна ён і з’яўляецца маім натхняльнікам.

— Чым адметны ваш фірменны стыль?

— Вельмі люблю працаваць з графікай і пераважна ў чорна-белым стылі. З адметных дэталяў адзначу цялеснасць. Мне падабаецца падкрэсліваць прыгажосць чалавечага цела, раскрываць яго моцныя бакі і карэкціраваць іх. Гэтак жа маім вырабам уласціва поўная адсутнасць рукавоў ці наяўнасць рукава «кімано».

— У пытанні: стыль ці мода — што перавешвае асабіста для вас?

— Адзначу, што ў свеце на дадзены перыяд часу ідзе моцнае паскарэнне модных цыклаў. Рэчы, якія толькі выйшлі з фабрыкі, практычна адразу становяцца неактуальнымі. Таму раю не арыентавацца на моду і, галоўнае, не імкнуцца яе дагнаць, бо гэта немагчыма. Вы ўсё роўна не будзеце на самым яе піку, паколькі на вяршыні знаходзяцца толькі тыя, хто яе стварае. Мода жыве момантам, а мы, як яе спажыўцы, ужо адстаём. Найлепшае рашэнне — выпрацоўка ўласнага стылю.

— На што варта арыентавацца ў пошуку свайго стылю?

— У першую чаргу неабходна адштурхоўвацца ад таго, кім вы хочаце адчуваць сябе сёння. Паколькі выбраны вамі «даспех», несумненна, паўплывае на ваша самаадчуванне і настрой. Магчыма, вы заўважалі, што, апранаючы лёгкую сукенку, становіцеся рамантычнымі і лёгкімі, а замяняеце яе скуранкай і грубым абуткам, настрой адразу ж змяняецца. Таму трэба ведаць, што ты хочаш сам для сябе і што ты жадаеш трансліраваць іншым.

Вераніка КУХАРЧЫК

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Мода жыве момантам

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».