Вы тут

Андрэй Кароль: Жыць дзеля задавальнення — шлях да знікнення


У сваіх новых кнігах «Дарогі vs сэнсы» і «Адукацыя для чалавека» (напісана ў суаўтарстве з Кацярынай Бушманавай) пісьменнік, вучоны Андрэй Кароль запрашае чытача да адкрытага дыялогу па шэрагу важных тэм. І, назіраючы за разважаннямі аўтара пра адукацыю, масавасць, камунікацыі, вечныя каштоўнасці, ты нібы знаходзіш указальнікі, як застацца самім сабой у сённяшнім імклівым свеце. У рэшце рэшт проста спыняешся на нейкі час, каб вандраваць на прасторах кніжнага слова, а не інтэрнэту ці ўласнай мітуслівай рэчаіснасці. Пасля яшчэ доўга разважаеш над прачытаным з жаданнем працягнуць размову. Таму мы сустрэліся з Андрэем Дзмітрыевічам, каб распытаць яго пра даследаванне сучаснага чалавека, пра памылковае трактаванне поспеху і магчымасці захаваць уласную ўнікальнасць.


— Дзве вашы нядаўнія кнігі — гэта спроба даследаваць чалавека ХХІ стагоддзя ў розных кантэкстах. А калі паспрабаваць скласці яго зборны вобраз, то, на ваш погляд, які ён?

— Чалавек ХХІ стагоддзя з’явіўся не цяпер, а значна раней. Проста павольнымі крокамі ён ішоў да свайго сучаснага стану. І, ведаеце, калі гаварыць пра ХХІ стагоддзе і не ступаць на глебу навуковага дыскурсу, то я адзначыў бы, што ў наш час усё мае вельмі моцную ступень палярызацыі. І калі гаварыць пра чалавека, то ён таксама палярызаваны. Ён мае як глыбока схаваную сутнасць (са сваімі сэнсамі, прызначэннем і місіяй), так і больш актыўны, больш камунікатыўны знешні воблік. Прычынай такой палярызацыі выступаюць хуткасці, якія ёсць сёння ў нашым жыцці. Толькі ўзніклі яны таксама яшчэ з незапамятных часоў, калі нябесная гісторыя аддзялілася ад зямной. Чалавек пачаў самастойнае жыццё, і тут і з’явіліся хуткасці, рознага кшталту ілюзіі, пустоты, сімулякры, маўчанне як няздольнасць сказаць нешта сваё. А шуму вакол вельмі шмат — алгарытмаў, машын, якія з’яўляюцца спараджэннем чалавека. І шалёныя хуткасці пазбаўляюць нашага сучасніка здольнасці бачыць самога сябе, робяць яго аднолькавым, масавым, які фарміруецца пад уплывам аднолькавых навінавых білбордаў, нейкіх знешніх стымулаў, ён страціў сацыяльную чуйнасць (на ўзроўні псіхаэмацыянальным, эмпатыйным) іншага чалавека і самога сябе. Ідзе страта самасці. І людзям здаецца, быццам усё добра, аднак з’яўляецца невымерная прага новага. Прага пакупак, вандровак, сэлфі і спроба сваё рэальнае жыццё з катэгорыі «быць» канверсаваць у катэгорыю «мець». Так адбываецца, таму што нам даюць усё гатовае. Плюс вялізныя аб’ёмы інфармацыі, якія нас захлістваюць, а побач і бязмерныя аб’ёмы задавальненняў. А што можа спыніць гэты працэс? Наяўнасць межаў, нейкія цяжкасці на шляху да чагосьці жаданага, калі чалавек перш за ўсё зможа пераадолець самога сябе і дастукацца да свайго ўнутранага чалавека. Наяўнасць межаў, лічу, — гэта галоўны маркер, які адрознівае ўнікальнага і масавага чалавека. А ў ХХІ стагоддзі межы непамерна рассунутыя.

— І як наступства — страта чалавекам сябе…

— Так. Ва ўласных пашыраных патрэбах праяўляецца чалавек знешні. Спрыяюць гэтаму сістэма штучнага інтэлекту, буйныя інтэрнэт-платформы. Яны вывучаюць нас, пашыраюць нашы патрэбы, за якія мы плацім. Тут працуе чыстая эканоміка. Адкуль такое імкненне глабалізаваць свет? Гэта крыніца самага вялікага прыбытку. Вада, нафта і гэтак далей — вычарпальныя. А вось жаданні чалавека можна пашырыць у масавай наяўнасці і самім жа іх задаволіць. Рост аб’ёму задавальненняў спрыяе аддаленню людзей адно ад аднаго, яны дрэнна чуюць сябе і сваё асяроддзе. І, як вынік, чалавецтва губляе свае сапраўдныя каштоўнасці і сэнсы, бо ступае на дарогу з аднабаковым рухам, які з’яўляецца ўвасабленнем толькі аднаго правільнага меркавання. Іншага проста не трэба. І галоўнае, каб яно было гучней за іншыя выказана і пададзена як сапраўдная ісціна. Свет такі можна назваць перакуленым, таму што працуе толькі адна сістэма каардынат. Вось што па-сапраўднаму страшна: задавальненне, ілюзіі, агрэсія ўзаемазвязаны і маюць адзіны корань — адсутнасць іншасці.

— Тут важная роля адводзіцца элітарнай адукацыі. Аднак чаму складваецца сітуацыя, калі адукацыя становіцца даступнай, а яе ўзровень і каштоўнасць зніжаюцца? Ці магчыма гэтаму супрацьстаяць?

— Калі мы кажам пра элітарную адукацыю, то тут трэба разглядаць прынцыпова іншыя падыходы. Мера элітарнай адукацыі — гэта хутчэй ступень цяжкасці, глыбіні, якія неабходна прайсці чалавеку, каб стаць адукаваным. Пераадолець сапраўдныя горы ўнутры сябе. Такі працэс значна цяжэйшы, чым пашырацца ў стане ціхамірнага спакою і дафамінавага задавальнення. Там ніякіх высілкаў не трэба. Пра гэта яшчэ Олдас Хакслі пісаў у «Новым дзіўным свеце». Сэнс пашырэння сучаснага масавага чалавека — не мець цяжкасцяў. І такі выбар дае сыход ад сябе, павялічваючы дыстанцыю паміж унутраным і знешнім чалавекам. З’яўляецца палярызацыя, аб якой я ўжо казаў, у ёй вельмі шмат усяго, у тым ліку і радыкалізму. Апошні выкарыстоўваецца заходнімі паліттэхнолагамі для рэалізацыі сваіх мэт. І гэта даведзена ў іх да мастацтва. Праз псіхалогію, сацыялогію, філасофію яны кіруюць людзьмі, праграмуюць іх на пэўныя дзеянні. Таму страшна, што мы жывём у свеце, дзе ўсё — тэхналогіі і ілюзіі. Як гэтаму супрацьстаяць? Калі адукацыя, умоўна, мае ген капіравання ўнутры сябе, то гэта значыць, што яе задача заключаецца ў тым, каб данесці да вучня дасягненні чалавецтва. Але пры гэтым мы часта маем сітуацыю, калі настаўнік усё ведае, а вучні — нічога. Трэба ж яшчэ ўлічваць, што ўсе вучні розныя, а на выхадзе яны павінны трансліраваць адно і тое ж, адукацыя ім даецца аднолькавая. Напрыклад, тэставыя заданні. Вядома, яны дазваляюць праверыць, ці засвоіў чалавек інфармацыю, але там вучань ніяк не праяўляецца. Становіцца нібы прамежкавым пунктам для трансляцыі атрыманых ведаў, але пры гэтым ён не адкрываецца, ні на што не адгукаецца. Бо зрабіць гэта — значыць выкарыстаць у вызначаным тракце сваю ўнікальнасць. А калі ў нас атрымліваецца пару дзясяткаў унікальных людзей, то трэба ўжо штосьці змяняць у самім тракце. І рабіць якраз вучня больш актыўным, каб разам з настаўнікам ён фарміраваў сваю сістэму ведаў, каб пазнаваў свет зыходзячы з таго, што закладзена ўнутры яго, каб вучыўся не проста браць, а ствараў сам. Толькі так з’явіцца ўнікальны прадукт. А дасягненні чалавецтва заўсёды былі і застануцца фундаментальнай асновай. Пытанне толькі ў тым, на якім з этапаў мы даём да іх доступ.

— Адчуванне, быццам за апошнія гады сфарміравалі дзіўнае і новае ўяўленне пра поспех. І цяпер многія, умоўна, проста хочуць быць блогерамі…

— Гэта зноў жа з’яўляецца прадуктам ідэалагемы «жыві ў кайф», псеўдасэнсаў сучаснага жыцця. Але жыць такім чынам — значыць скаціцца адразу ж у катэгорыю «мець», якая ў сваю чаргу нараджае голад на пастаянныя задавальненні. І калі мы прааналізуем, то ў аснове гэтага ляжыць якраз маналагічная адукацыя, я нават не кажу масавая ці элітарная. Яна базіруецца на тым, каб вучань браў аб’ём інфармацыі, засвойваў і далей перадаваў. Але, па-першае, чалавек проста не здольны засвоіць такія аб’ёмы інфармацыі. Па-другое, каб яму адчуваць сябе шчаслівым, быць прафесіяналам, прыносіць карысць сваёй сям’і, краіне, то важна разумець свае моцныя і слабыя бакі, усведамляць, у чым яго місія і прызначэнне. Такое магчыма толькі ў працэсе дыялогу. Таму так важна, каб адукацыя адбывалася праз адкрыццё, прычым не па формуле «пытанне ад выкладчыка і адказ ад навучэнца», а наадварот. Свет мяняецца вельмі хутка, і чалавеку важна таксама мяняцца ў адпаведнасці з гэтымі зменамі, расці над сабой, каб быць эфектыўным. Той жа выпускнік павінен умець адрозніваць праўду і падман, сваё і чужое, а яшчэ патрэбна ўсведамленне, што жыць дзеля задавальнення — шлях да знікнення. Бясконцае задавальненне — наркотык, і заходняя прапаганда нам кажа, быццам гэта добра і трэба да гэтага цягнуцца. Маўляў, навошта рабіць высілкі, калі штучны інтэлект за вас усё можа зрабіць. Але ён, калі глядзець з пазіцыі навукі, робіць усё ідэальна і адначасова дзейнічае па шаблоне. А чалавек хіба ідэальны? Ці заўсёды толькі адно рашэнне правільнае для нас у жыцці? Толькі ў працэсе спазнання ёсць месца адкрыццям, магчымасць адкрываць свет і сябе, а таксама ўсведамляць, што акрамя твайго меркавання існуюць і іншыя.

— Якая роля ў гэтым працэсе адводзіцца аўтарытэту настаўнікаў і бацькоў?

— Настаўнік — адзін з самых каштоўных набыткаў чалавецтва за ўсю гісторыю нашага існавання. Роля яго каласальная, але функцыі павінны мяняцца. Выкладчык не павінен быць проста транслятарам, які дае матэрыял, ён павінен з’яўляцца арганізатарам самастойнай работы навучэнца на любой ступені адукацыі. Важна, каб настаўнік, выкарыстоўваючы розныя метады, ствараў асяродак для творчасці, у якім кожны з яго вучняў створыць штосьці сваё. Мы павінны адысці ад маналагічнай адукацыі, бо яна адмаўляе асобу. А дыялог, наадварот, дае магчымасць вучню спазнаць і змяніць сябе да лепшага.

— Пісьменніцтва — ваш спосаб стваральнай працы?

— Адзін з магчымых спосабаў, таму што ёсць таксама навуковыя артыкулы, манаграфіі і г. д. 

А яшчэ семінары. Я ўвогуле не аддзяляю тэорыю ад практыкі. Мае распрацоўкі ў навучанні і сістэма навучання на аснове дыялогу (эўрыстычнае навучанне) узніклі з практыкі. Сёння ў выкладчыкаў пасля наведвання маіх семінараў ёсць магчымасць паглядзець на навучальны працэс з іншага ракурсу і іншымі заходзіць у класы да сваіх вучняў і студэнтаў. 

Я перакананы, што мяняць якасць нашай адукацыі мы можам толькі праз уласную дзейнасць і стваральную працу.

— У вашых кнігах многае паказваецца на параўнанні Усходу і Захаду. Вы сябе чалавекам якога з полюсаў у большай ступені адчуваеце?

— Складанае пытанне, бо я нарадзіўся тут, у Беларусі, і многае ўвабраў з малаком маці. Наша краіна знаходзіцца на перакрыжаванні Усходу і Захаду, і такія ўмовы спрыяюць нараджэнню новага ў сэнсах, ва ўсведамленні, хто мы, якія ў нас каштоўнасці. 

І мы гэта дэманструем свету. Таму ў пытанні «Усход ці Захад» я — за дыялог, бо ў кожнага з гэтых полюсаў ёсць свае перавагі і дасягненні. І гісторыя мае шмат прыкладаў узаемадзеяння дзвюх гэтых культур. Я чытаў шмат прац філосафаў, і некаторыя Захад параўноўваюць з нахіленай плоскасцю, па якой чалавецтва скочваецца ў агоніі задавальнення. Сёння мы бачым, што вугал гэтай плоскасці вельмі змяніўся, там ужо проста стромая скала, з якой людзі падаюць, не маючы сэнсаў развіцця. Таму цяпер нам вельмі патрэбна, я сказаў бы, гуманітарная перазагрузка: веды і ўменне з самага юнага ўзросту бачыць і паважаць розныя пункты гледжання, а не тыя, што спрабуюць нам навязваць звонку.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.