Вы тут

На што Прэзідэнт арыентуе новага начальніка Генеральнага штаба


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў генерал-маёра Паўла Муравейку начальнікам Генеральнага штаба, першым намеснікам міністра абароны. Павел Муравейка праходзіў службу на розных пасадах ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, з 2013 да 2022 года займаў пасаду начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення — намесніка начальніка генеральнага штаба.


Фота БелТА

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што вельмі важна, каб начальнік Генеральнага штаба і міністр абароны спрацаваліся. «У нас міністр абароны ёсць міністр абароны і яму падпарадкаваны ўсе ў Міністэрстве абароны. Але, тым не менш, начальнік Генеральнага штаба мае пэўную самастойнасць, непасрэдна займаецца планаваннем і арганізацыяй тых ці іншых ваенных мерапрыемстваў і ўсім тым, чым жывуць войскі. Вельмі тонкая грань паміж міністрам абароны і начальнікам генштаба», — падкрэсліў ён.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, які прадстаўляў кандыдатуру Паўла Муравейкі, запэўніў, што і ён, і міністр абароны Віктар Хрэнін — дасведчаныя, кампетэнтныя людзі, якія адказваюць за ваенную бяспеку краіны. Па яго словах, абодва кіраўнікі аднолькава разумеюць сітуацыю і нацэлены на вынік. «Гэта дзяржаўныя людзі, і яны разумеюць, на якія пасады прызначаны і якіх мэт яны павінны дасягаць. І начальнік генштаба — самастойная фігура, ён непасрэдна адказвае за пытанні, звязаныя з будаўніцтвам і развіццём Узброеных Сіл, іх перспектывамі. З’яўляецца членам Савета бяспекі і правай рукой Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага ў выпадку абвастрэння абстаноўкі, увядзення ваеннага становішча. Таму, я думаю, гэтыя людзі справяцца», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

«Але ў той жа час і міністр абароны — не левая рука. Таму нам вельмі важна тут, каб вы знайшлі паразуменне. Вы ж і служылі разам, адзін аднаго ведаеце добра», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што звярнуў увагу на гэты аспект не проста так. У сённяшняй няпростай сітуацыі Прэзідэнт назірае не толькі за абстаноўкай у краіне ў цэлым, але і за тым, як складваюцца справы ва Узброеных Сілах у прыватнасці. «Мне неабыякава і немалаважна, якія будуць адносіны ў самім Міністэрстве абароны. Ад вас абодвух залежыць многае», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не церпіць хлусні: «Гэта дарэмна: рана ці позна ўсё ўсплыве. У Беларусі немагчыма падфарбаваць абстаноўку ці яшчэ штосьці». Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння неабходна развіваць Узброеныя Сілы так, як гэта рабілі заўсёды, — вывучаючы ўсё, што адбываецца навокал. Асабліва ён звярнуў увагу на ўрокі, вынесеныя з сітуацыі ва Украіне. «Мы бачым, якая сучасная вайна. Мы ўжо высновы для сябе зрабілі. Мы ўжо зразумелі, што такое міны і мінныя загароды, якія мы хацелі калісьці па ўказцы захаду знішчыць. Дзякуй богу, захавалі. Мы ведаем, што такое контрбатарэйная барацьба. І асабліва разумеем, што ў сучасных умовах без беспілотных лятальных апаратаў ваяваць немагчыма. А таксама без сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якая павінна ўздзейнічаць эфектыўна і на беспілотныя лятальныя апараты, і ўвогуле на іншыя сучасныя ўзбраенні. Мы пра казалі, вам давядзецца грунтоўна гэтым заняцца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У тэму

Сёння ўсе сферы жыццядзейнасці краіны звязаны з бяспекай

Размаўляючы з журналістамі, Павел Муравейка падзяліўся, што для яго новая пасада — важная і даволі цікавая прыступка ў кар’еры: «Пасада вельмі складаная, вельмі адказная, прадугледжвае шырокі дыяпазон абавязкаў і задач. Таму я ўдзячны кіраўніку дзяржавы за тое, што ён падтрымаў маю кандыдатуру пры назначэнні на пасаду начальніка Генеральнага штаба».

Павел Муравейка звярнуў увагу, што сёння ўсе сферы жыццядзейнасці краіны звязаны з ваеннай бяспекай. «Ёсць мір, не падаюць снарады, спакойна на нашых межах — значыць, мы можам вырошчваць хлеб, выхоўваць дзяцей, развіваць культуру і мастацтва, іншыя напрамкі — гэта ўсё звязана з бяспекай. Наш Прэзідэнт, як Галоўнакамандуючы, вельмі тонка адчувае грань, якая забяспечвае спакой і парадак у краіне», — сказаў ён.

Генеральны штаб у сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі, асабліва ваеннай бяспекі, з’яўляецца ключавым органам, які каардынуе войскі і воінскія фарміраванні ў рамках абароны краіны. Павел Муравейка расказаў, якім задачам генштаб будзе ўдзяляць найбольшую ўвагу.

«Сёння планаванне абароны і стратэгічнае планаванне ўвогуле — дастаткова складаны працэс, таму што становішча мяняецца штодзень. Гэта трэба ўлічваць, аналізаваць для таго, каб негатыўных праяў, выклікаў і пагроз нашай дзяржаве было як мага менш. Гэта адна з асноўных задач і функцый генеральнага штаба», — адзначыў ён.

Па словах начальніка генштаба, цяпер органы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і Узброеныя Сілы як асноўны касцяк гэтай сістэмы знаходзяцца на піку сваёй актыўнасці і піку сваёй гатоўнасці. «Сёння прыняты ўсе лёсавызначальныя рашэнні, якія забяспечваюць функцыянаванне ваеннай арганізацыі дзяржавы ў гэтых складаных і няпростых умовах. Задача генеральнага штаба — аб’ектыўна ацэньваць абстаноўку і своечасова ўносіць карэктывы. З савецкіх часоў склалася, што вайсковая сістэма кансерватыўная. Задача Генеральнага штаба — зрабіць яе больш гнуткай, больш учэпістай на сучасныя выклікі і больш блізкай да людзей, каб нашы грамадзяне разумелі, што бяспека не бярэцца з паветра, яна куецца хлопцамі, якія служаць у войску, ахоўваюць нашы граніцы, патрулююць гарады ў міліцыі, ліквідуюць надзвычайныя сітуацыі», — распавёў Павел Муравейка. Яшчэ адной задачай, якая стаіць перад генштабам, ён назваў патрыятычнае выхаванне: "Патрыёта можна выхаваць. Але яго неабходна рыхтаваць, яму неабходна расказваць тыя складанасці і негатыўныя моманты, якія ўплываюць на нашу мірную будучыню і наша мірнае існаванне».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.