Вы тут

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі


Выплачваючы зарплату без адлюстравання ва ўліку, наймальнік прычыняе шкоду не толькі дзяржаве, але і работнікам. Зарплата «ў канвертах» не гарантуе атрымання абумоўленага заробку, цягне за сабой несправядлівы памер будучай пенсіі. Безумоўна, у выплаце і атрыманні такога заробку ўдзельнічаюць як наймальнік, так і працоўнік. Тым не менш самым неабароненым ў дадзенай сітуацыі з’яўляецца апошні. Згаджаючыся на атрыманне такой зарплаты, работнік часам не задумваецца аб наступствах. Нярэдка людзей ставяць перад выбарам: атрымліваць частку грашовых сродкаў неафіцыйна або страціць работу. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся аб непрыемных наступствах такога заробку.



 

Адказнасць двух бакоў

«Пры правядзенні праверачных мерапрыемстваў органы Камітэта дзяржаўнага кантролю надаюць пільную ўвагу дадзеным незаконным выплатам і арыентаваны на іх выяўленне, — распавёў намеснік начальніка аддзела прававога забеспячэння, інфармацыі і работы са зваротамі грамадзян Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Юрый Кардымон. — Гэты кірунак для нас не новы, але асабліва гэтай тэмай Камітэт дзяржаўнага кантролю зацікавіўся з 2020 года. У нас выпрацаваны алгарытм правядзення кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па супрацьдзеянні дадзеным фактам, які ўключае узаемадзеянне з падатковымі органамі і Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва».

Паводле яго слоў, работа па скарачэнні выпадкаў выплаты «шэрай» зарплаты і мінімізацыі наступстваў такіх выплат вядзецца па некалькіх кірунках. Першы — гэта выяўленне злачынстваў і іншых правапарушэнняў, звязаных з выплатай зарпллаты «ў канвертах». У 2023 годзе органамі Камітэта дзяржаўнага кантролю праведзена 62 праверкі і выяўлены 103 злачынствы. Сума дадаткова прад’яўленага падаходнага падатку і страхавыя ўзносы склала звыш 24 мільёнаў рублёў. Рост выяўленых злачынстваў — гэта вынік асаблівай увагі да дадзенай тэматыцы кантралявальных і праваахоўных органаў і актывізацыя іх працы ў гэтым кірунку, павышэнне ўзроўню іх узаемадзеяння.

«У 2022 годзе намі спынена незаконная дзейнасць дзвюх брэсцкіх будаўнічых кампаній, звязаная з выплатай работнікам зарплаты «ў канвертах» і ўхіленнем ад выплаты як страхавых узносаў у ФСАН, так і падаходнага падатку. У ходзе расследавання крымінальных спраў устаноўлена, што на працягу больш за пяць гадоў звыш 1300 работнікаў атрымлівалі зарплату ў выглядзе камандзіровачных расходаў. Агульная сума такіх выплат склала звыш 31 мільёна рублёў, а сума нявыплачанага падаходнага падатку і страхавых узносаў перавысіла 4 і 10 мільёнаў адпаведна. Па выніках расследавання крымінальнай справы, суд вынес пакаранне ў дачыненні да галоўных бухгалтараў прадпрыемстваў у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў са штрафам і забаронай на працягу пяці гадоў займацца адпаведнай дзейнасцю», — расказаў Юрый Кардымон.

У сакавіку 2022 года было падпісана пагадненне аб парадку ўзаемадзеяння органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў, органаў унутраных спраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў мэтах выяўлення і спынення выплат зарплаты «ў канвертах».

Асноўная мэтавызначэнне выразнага і эфектыўнага механізму ўзаемадзеяння, выключэнне дублявання функцый дзяржорганаў і вызначэнне кожнаму з пералічаных сваёй нішы ў сістэме выяўлення і спынення выдачы «шэрых» зарплат. Акрамя таго, сёння актыўна дзейнічае міжведамасная рабочая група, якая выконвае ролю каардынацыйнага цэнтра.

Важным кірункам па выяўленні «шэрых» зарплат з'яўляецца кантроль за адпаведнасцю даходаў і выдаткаў фізічнай асобы — удзельніка схемы. У схеме заўсёды задзейнічаныя двое: наймальнік, які выплачвае заробак «у канверце», і работнік, які згаджаецца на гэта.

Юрый Кардымон паведаміў, што сёння вядзецца праверка інфармацыі, якая паступае на анлайн-панэль зваротнай сувязі «Скажы «не» зарплаце «ў канверце», якая размешчана на сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю. «Гэтая інтэрнэт-панэль была створана ў маі 2021 года. З яе дапамогай грамадзяне могуць ананімна паведаміць пра факты парушэнняў. Уся інфармацыя сістэматызуецца, аналізуецца і выкарыстоўваецца пры планаванні праверачных мерапрыемстваў. У 2023 годзе паступіла 269 паведамленняў ад грамадзян. Пераважная большасць — каля 70 працэнтаў зваротаў — датычыцца суб’ектаў сталіцы і Мінскай вобласці. У шэрагу выпадкаў інфармацыя была пацверджана і выкарыстана пры правядзенні праверачных мерапрыемстваў», — падкрэсліў ён.

На думку Юрыя Кардымона, у выніку сістэматычнай і планамернай работы ўсіх дзяржаўных органаў наймальнікі сталі больш адказна ставіцца да захавання заканадаўства. Колькасць арганізацый, у якіх выдаюць заробак «у канвертах», значна скарацілася.
Даходы і выдаткі

«Праваахоўнікі, кантралявальныя органы ў першую чаргу арыентаваны на выяўленне суб’ектаў гаспадарання, якія выплачваюць зарплату «ў канвертах», хаваюць выручку», — дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Андрэй Кавалеўскі. — Але мы выдатна разумеем, што канчатковая мэта вываду сродкаў у ценявы абарот — спажыванне, гэта значыць, груба кажучы, пакласці ў кішэню службовай асобе альбо наёмнаму работніку, які спрабуе мінімізаваць падатковыя абавязацельствы перад дзяржавай і такім чынам максімізаваць свой прыбытак».

Важным кірункам па выяўленні «шэрых» зарплат з’яўляецца кантроль за адпаведнасцю даходаў і выдаткаў фізічнай асобы — удзельніка схемы. У схеме заўсёды задзейнічаныя двое: наймальнік, які выплачвае заробак «у канверце», і работнік, які згаджаецца на гэта. «Штогод падатковымі органамі аналізуецца каля 200 тысяч грамадзян нашай краіны. Вывучаюцца даходы, зарплаты, набыццё рознай маёмасці, перасоўванне праз мяжу транспартных сродкаў, валюты. Гэты масіў інфармацыі апрацоўваецца спецыяльнай камп’ютарнай сістэмай, што дазваляе выяўляць асоб, у якіх выдаткі значна перавышаюць даходы», — адзначыў Андрэй Кавалеўскі.

Такі кантроль ажыццяўляецца ў дачыненні да фізічнай асобы за 10 гадоў. У дачыненні да асоб, у якіх выдаткі значна перавышаюць даходы, праводзіцца падатковая праверка. Прапануецца прадставіць тлумачэнні аб крыніцах даходаў, за кошт якіх набыта маёмасць і панесены іншыя выдаткі. «Статыстыка сведчыць, што ў большасці выпадкаў тыя асобы, якія былі адабраны для правядзення праверак, не могуць патлумачыць легальнае паходжанне сваіх крыніц даходаў. Выніковасць праверак паводле статыстыкі за мінулы год складае 70 працэнтаў. Тым, хто не змог пацвердзіць паходжанне даходаў, налічаць падатак па павышанай стаўцы 26% (гэта двухразовы памер стандартнай стаўкі падаходнага падатку 13%)», — патлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб.

Паводле яго слоў, летась больш за 2,5 тысячы грамадзян не змаглі пацвердзіць паходжанне даходаў. Агульная сума перавышэння расходаў над даходамі, якую не змаглі пацвердзіць, склала 102 мільёны рублёў. Грамадзянам прад’яўлена ў выплаце падаткаў на суму практычна ў 29 мільёнаў рублёў. Гэта велічэзны аб’ём, які сведчыць пра тое, як за апошнія 10 гадоў людзі спрабавалі выводзіць з легальнага абароту свае даходы.

Схемы ўхілення ад выплаты

«Дзяржаўны кантроль, што ажыццяўляецца падатковай службай, сканцэнтраваны на плацельшчыках, якія наўмысна парушаюць дзеючае заканадаўства і выкарыстоўваюць схемы для ўхілення ад падаткаабкладанняў, — патлумачыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі кантрольнай дзейнасці Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Галіна Кавалёва. — Калі ў суб’ектаў гаспадарання маецца магчымасць выплачваць заработную плату «ў канвертах», значыць, маюцца няўлічаныя грашовыя сродкі, якія служаць крыніцай такіх выплат».

Выяўляюцца падатковымі органамі парушэнні, якія звязаны з утойваннем выручкі, асабліва калі дзейнасць суб’екта гаспадарання звязана з прыёмам наяўных грашовых сродкаў, нізкім узроўнем безнаяўных разлікаў, з выкарыстаннем схем ухілення ад выплаты падаткаў. Гэта з’яўляецца дадатковым сігналам таго, што незаконна сэканомленыя суб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці грашовыя сродкі ідуць на неафіцыйныя выплаты заработнай платы. Часта афіцыйна заяўленыя заработныя платы ледзь дасягаюць мінімальнага памеру.

«Напрыклад, у ходзе кантрольных мерапрыемстваў устаноўлена, што ў васьмі кафэ прыём наяўных грашовых сродкаў ажыццяўляўся з парушэннем устаноўленага парадку. Частка грашовых сродкаў хавалася ад падаткаабкладання і перадавалася ўладальнікам бізнесу, якія знаходзіліся за межамі Беларусі, а таксама выкарыстоўвалася на выплату зарплат «у канвертах» работнікам, у тым ліку тым, з якімі не былі аформлены працоўныя стасункі. Пры правядзенні праверкі былі канфіскаваны чарнавыя запісы, якія ўтрымліваюць звесткі аб схаванай выручцы на суму 2 мільёны 200 тысяч рублёў, а таксама звесткі аб выплаце работнікам зарплат «у канвертах». 300 службовых асоб прадпрыемства пацвердзілі факты ўтойвання выручкі і атрымання зарплаты «ў канверце», — расказала Галіна Кавалёва.

Па яе словах, у 2023 годзе на адрас суб’ектаў гаспадарання накіравана 70 тысяч паведамленняў і апавяшчэнняў у рамках генеральнага кантролю. Сума, якая падлягае даплаце, складае 52 мільёны рублёў. Па выніках 226 маніторынгаў, у тым жа годзе ў адрас плацельшчыкаў накіравана рэкамендацыя аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў. У 2023 годзе праведзена каля 1181 праверкі, па выніках якіх прад’яўлена падаходнага падатку на суму 92 мільёны рублёў, накладзена адміністрацыйнае спагнанне на 10 мільёнаў рублёў.
ФСАН палічыў страты работнікаў

— У склад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўваходзіць кантралявальны орган — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і орган нагляду — Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы, якія ў сукупнасці ажыццяўляюць кантроль і нагляд за гэтай тэматыкай, — расказала першы намеснік кіраўніка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Трухан. — У нашай краіне права грамадзян на атрыманне пенсій па ўзросце напрамую звязана з наяўнасцю да дня дасягнення пенсіённага ўзросту (для мужчын — 63 гады, для жанчын — 58 гадоў) пэўнага перыяду выплаты абавязковых страхавых узносаў і агульнага стажу (для жанчын — 20 гадоў, для мужчын — 25 гадоў). Пры выкананні гэтых умоў грамадзяніну даецца права на годную працоўную пенсію па ўзросце«.

Як адзначыла Вікторыя Трухан, своечасовая і поўная выплата ўзносаў у бюджэт ФСАН служыць асновай для забеспячэння 47 артыкула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім грамадзяне маюць права на сацыяльнае забеспячэнне, атрыманне сацыяльных выплат. Такім чынам, бюджэт ФСАН з’яўляецца асноўнай і адзінай крыніцай выплат у рамках забеспячэння дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. З бюджэту фонду штомесяц фінансуюцца выплаты пенсій, выплаты парадку 10 мільёнаў дапамог.

У выніку сістэматычнай і планамернай работы ўсіх дзяржаўных органаў наймальнікі сталі больш адказна ставіцца да захавання заканадаўства. Колькасць арганізацый, у якіх выдаюць заробак «у канвертах», значна скарацілася.

Пачынаючы з чэрвеня 2021 года да першага квартала 2024 года, праверкі выявілі недаплату сацыяльных узносаў у фонд на суму 51 мільён рублёў. Недаплата выяўлена амаль у дзвюх тысячах суб’ектаў гаспадарання і ахоплівае 13,4 тысячы работнікаў.
Былі падлічаны страты работнікаў, якія атрымліваюць мінімальную заработную плату або ніжэй. «Напрыклад, у работніка быў бальнічны ліст з 1 да 7 лютага 2024 года. Калі ён працаваў пры афіцыйным акладзе 626 рублёў, то за перыяд часовай непрацаздольнасці з такім акладам і астатняй часткай зарплаты ў канверце ён атрымае кампенсацыю ў 120 рублёў 90 капеек. Калі ж ён мае афіцыйны аклад, сярэдні для работнікаў краіны, і атрымаў за студзень 1991 рубель 20 капеек, сума па часовай непрацаздольнасці складзе 384 рублі 50 капеек», — падлічыла Вікторыя Трухан.

Таксама была падлічана выплата для жанчын, якія сыходзяць у адпачынак па доглядзе дзіцяці. Яна залежыць ад узроўню заработнай платы. «Калі жанчына працуе на ўмовах няпоўнай занятасці на 0,25 стаўкі, а гэта 200 рублёў, то яна дапамогу па цяжарнасці і родах атрымае ўсяго 858 рублёў 42 капейкі. Калі гэта мінімальная заработная плата, то атрымае 2501 рубель 10 капеек. Калі мае сярэднюю заработную плату па краіне, то атрымае 8728,9 рубля», — падагульніла першы намеснік кіраўніка ФСАН.

У 2022 годзе ФСАН запусціў мабільны дадатак з вялікімі магчымасцямі. Пры дапамозе яго любы грамадзянін можа адсачыць, у якім памеры выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы яго работадаўцам.

Няшчасныя выпадкі, камандзіроўкі і працоўныя адпачынкі

«Згаджаючыся атрымліваць заработную плату «ў канвертах», вы губляеце права на дзяржаўную абарону ў поўным аб’ёме ў выпадку ўзнікнення нестандартнай сітуацыі, — расказала намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Грышукевіч. — Калі з работнікам адбудзецца няшчасны выпадак на вытворчасці, яго сваякі змогуць атрымаць страхавыя выплаты зыходзячы толькі з афіцыйна налічанай заработнай платы. З’язджаючы ў працоўны адпачынак, камандзіроўку, работнік, які пагадзіўся на «шэрую» зарплату, прэтэндуе толькі на тую частку заработнай платы, што афіцыйна налічана. Усё астатняе — воля работадаўцы».

«Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы аналізуе інфармацыю за першы квартал бягучага года ў дачыненні да тых наймальнікаў, у якіх зарплата не вышэйшая за мінімальную, з улікам відаў дзейнасці арганізацый, умоў працы (няпоўны працоўны час або водпуск без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы). У месяц адпрацоўваецца каля 130 такіх арганізацый. У выпадках, калі ўзнікаюць сумневы з нагоды добрасумленнага налічэння заработнай платы, інфармацыя накіроўваецца ў Міністэрства па падатках і зборах, каб яны мелі магчымасць вызначыць выпадкі выплаты зарплаты «ў канвертах», — падагульніла Марына Грышукевіч.

Падпісваючы працоўны дагавор, неабходна ўважліва вывучыць пункты, якія датычацца заработнай платы, і настойваць на тым, каб заработная плата была адлюстравана ў поўным аб’ёме, параілі прадстаўнікі міністэрства і галоўнага кантралявальнага органа дзяржавы.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».